ЖАНРЫ

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Лоп-лоп-лоп, — і на сярэдзіну паляны зляцеў галоўны такавік, цар такавішча. Забалбатаў, стаў хадзіць кругамі па зямлі. Гаўрыла да болю сціснуў стрэльбу. Кожны раз яму даводзілася перамагаць жаданне стрэліць у такога прыгажуна. Але ён ведаў, што смерць такавіка — смерць такавішча, што з загібеллю гэтага князя разлятаецца па другіх мясцінах бітваў яго народ і паляна на доўгія гады застаецца пустой.

Чорны, з сінім адлівам, вясёлкава-зеленаваты ля галавы, з белымі люстэркамі-перавязкамі на крылах, касач хадзіў, распускаючы лірападобны хвост, як быццам збіраўся граць на ягоных тугіх пер'ях.

З'явіліся каля яго чатыры цяцеркі, шэра-паласатыя, іржавыя ля шыі. З няшчырай сціпласцю яны захадзілі па махавіне акуратненькімі, падборыстымі лапкамі.

— Ко-ко-ко, — з ліслівай абыякавасцю завяла адна.

— Ведаем мы вас, мужчын, — здавалася, казаў яе галасок, — зараз вы ўсе ходзіце пеўнем, а яйкі потым нам адным наседжваць.

— Ур-гур-гур, — з гарлавой пяшчотай адказаў такавік.

— Ко-ко-ко, — зацягнула яна зноў — не быў бы ты такім малайцом, толькі б ты мяне і бачыў. Нахабы вы, мужыкі, але ўсё ж падыходзь, я пабачу, што з табою рабіць.

Гэта было вышэй сіл душэўных. З бярозы сарваўся яшчэ адзін цецярук і са стукам сеў перад такавіком. Той не спяшаў: паглядзеў на самачку, якая, адбяжаўшы ўбок, чакала ад яго маладзецкай адвагі. Прайшоўся перад ёю — шыя выгнута над зямлёй, хвост веерам, крылы да зямлі.

I толькі потым павярнуўся да суперніка, зусім паклаў галаву на мох, натапырыў дыбарам усе пер'і. Зачуфыкаў.

Другі зухавата адказаў яму:

— Чуф-фы! Чуф-фы! Чуф-фы!

I адразу з дрэў пачалі зрывацца яшчэ цецерукі, яшчэ, яшчэ. Знаходзілі ворага і ставалі ў пазіцыю. Хутка не менш як восем дзесяткаў глотак заводзілі ваяўнічую песню, вызаў на смяротны бой.

Гаўрыла, прыцягнуты з'яўленнем такавіка, як заўсёды, не змог заўважыць, адкуль яны браліся. Але цяцеркі ўжо ачысцілі месца пабоішча і рассеяліся на бярозках вакол паляны: глядзець спектакль.

У жылах байцоў закіпала гарачая, адураная вясною кроў, кідалася ў вочы, ярчэй налівала палымняныя бровы.

— Жыццё! Жыццё! Жыццё! Пір бітвы! Каханне! Вайна!

Старажытныя, цьмяныя, усеўладныя сілы апанавалі іх. I яны, як рыцары, выходзілі на арэну, каб перамагчы або загінуць.

I вось галоўны паладын дзюба ў дзюбу сышоўся з ворагам.

— Чуш-шшы, — як праколатая веласіпедная шына, зашыпеў ён, і гэта быў крык крайняй ярасці і запалу.

— Абар-рву пер'і, кр-рутыя пер-р'і. Ур-гур-гур. Чуф-фы! Чуф-фы!

— Чуш-шы!

I вось усе сышліся ў бітве. Хапалі адзін аднаго дзюбай, цяжка вазілі па зямлі. Чорнае пер'е хмарай узлятала над арэнай.

Яны счапляліся ў стычцы, разыходзіліся, зноў сыходзіліся, і кроў гарачымі чырвонымі журавінамі пырскала на мхі.

Дзесяць разоў стрэліў Гаўрыла, чатырнаццаць трапяткіх байцоў засталіся на зямлі, лопаючы слабеючымі крыламі. Але вораг не заўважыў нічога ў запале бітвы, такавішча перарывалася толькі на хвіліну. Ніхто не чуў грымотаў, для ўсіх самым галоўным быў праціўнік, п'яны бой, каханне і стук гарачай крыві ў жылах.

I вораг кідаўся на зваленага шротам ворага, думаючы, што гэта ён, толькі ён, перамог яго.

Дзікая мелодыя, якую чулі апошнія ледавікі на гэтай зямлі, агалошвала халоднае, празрыстае і бязлітаснае паветра.

I цяцеркі глядзелі з дрэў на сваіх рыцараў, гатовыя ўвянчаць іх. Такавік біўся ўжо з чацвёртым. Ён перамагаў сумленна, бо Гаўрыла не страляў у ягоны бок. Чырвоная броў касача была рассечана, некаторыя пер'і зламаныя, але ён, грозны, як дух лясоў, ізноў наступаў і наступаў.

— Вайна! Пір жыцця! Каханне! Жыццё! Жыццё!

Слабейшыя і пераможаныя даўно ўцяклі з поля бітвы. Цяцерак хапала на ўсіх, але бой ішоў. Ваяўнічы, дзікі напеў гучэў над імхамі, над таючым ільдом лужын.

I раптам ласкавае, амаль нягрэючае сонца ўзышло над месцам трагедыі і азарыла паляну цёплым святлом, быццам сказала:

— Дзеці мае, любыя мае. Што ж гэта вы робіце?

I, пасаромленае гэтымі ціхімі словамі, такавішча пачало сціхаць. Першы паляцеў такавік, а за ім іншыя, і арэна стала пустой.

Гаўрыла, сам не ведаючы чаму, сядзеў у схованцы, размінаючы ногі, па якіх паўзлі мурашкі. Паляна купалася ў белавата-ружовым сяйве, і проста ў гэтае сяйва з ляснога гушчару раптам упала цяцерка, а за ёю сіне-чорны, малады яшчэ касач. Напэўна, ён не ведаў, што такавішчам забаронена карыстацца з такой заганнай мэтай, але ён пачаў кругамі хадзіць вакол любай, пяшчотна балбатаць, набліжаючыся ўсё бліжэй і бліжэй.

Спрадвечная гульня чынілася на паляне.

Потым ён патаптаў яе, і калі яна прынікла да зямлі, ён стаў нагамі ёй на спіну і горда забалбатаў, заспяваў, выцягнуўшы шыю ў неба:

— Вось які я малайчына. Глядзіце ўсе. Гэта я! Я!

I пад гэтую лікуючую, ганарлівую песню Гаўрыла асцярожна павёў руляй стрэльбы і, нечакана для сябе, націснуў спуск.

Шрот з блізкай адлегласці кучна ўвайшоў у касача. Гаўрыла быў добры стралок і ведаў, што не зачэпіць цяцерку. Яна сапраўды ўляцела, а касач зваліўся на зямлю, бяссільна заламіўшы крыло.

I твар Гаўрылы раптам наліўся барвянай чырванню. Упершыню за ўсё жыццё ён саромеўся свайго стрэлу.

Адвечная прыгажосць спявала на весняй паляне, ганарылася перамогай. Нашто ж яе? Дзеля чаго?

"Ты ж зараз усё адно не патрэбен ёй", — з горыччу падумаў Гаўрыла, падбіраючы цецерука.

Ён быў прыўкрасны. Гладкае, зусім яшчэ не жылаватае цела, зялёны адліў каля шыі, які паступова знікае ў мёртвай птушкі, бяссільна звіслая галава з чырвонымі строгімі бровамі.

Гаўрыла падабраў астатніх і хуткімі крокамі рушыў з паляны. Ён ведаў, што заўтра не прыйдзе на такавішча.

Прайшоўшы палову дарогі, ён сеў у котлішчы, дзе было цяплей і таму высыпаў россып ранніх смарчкоў, падобных на сушаныя грушы з узвару, і з'еў лусту хлеба з мяккім салёным агурком. Жаваў ён цяжка, як замораны конь: жаўлакі рухаліся па няголеных шчоках.

Думкі былі невясёлымі:

"Адспяваў ты сваю песню, братка. За што прыгажосць такую?.. I ты спяваў, і ты ганарыста чуфыкаў. А зараз…"

Але думаць пра гэта было непрыемна, і ён пакінуў.

…Дзве хаткі ў лесе ён пабачыў, калі ўжо добра абадняла. Задворкамі ён падышоў да густых бэзаў і пачуў голас жонкі, што перакідвалася праз плот словамі з адзіным суседам, аб'ездчыкам Сідарам Ворчыкам, былым зухам-кучаравічам і згубай дзявочых сардэц, а зараз бацькам вялікай сям'і. Размаўлялі пра Цесляка, што прыходзіў учора і, хоць ведаў, што Гаўрыла Войтаў ніколі не крадзе лес, прапаноўваў пэўныя грошы за бярвенні на хату.

— Балабайка ён, — прыгожым тэнарам казаў Ворчык, — толькі што струнаў няма. Калі з яго віно выціснуць — застанецца не чалавек, а непрыемна пахнучы маляс. А ў нас з вамі, суседка, "сонца на закаце і ўрэмя на ўтраце". Таму нам трэба рупіць пра спакойства душэўнае.

— А ўжо ж вядома, не такі ён, як наш Паўлюк, — з уздыхам сказала жонка, і Гаўрыла зморшчыўся, бо не любіў размоў пра сына, — наш чалавек сумленны, хоць і сябра Цесляку ў дзяцінстве. Ён у нас вялікі чалавек, кандыдатам завецца. Самы таленавіты знаўца кніжак. Усе яго любяць, — ён і да міністраў, напэўна, заходзіць. Вось хоць бы… грошай мы ў яго і не прасілі, а ён часам дашле якую сотню. Піша, даслаў бы і больш, але ў яго "расходы на прадставіцельства". Во! Нам, вядома, не так і патрэбныя тыя грошы, не ў горадзе жывем. У нас на мой дзень, на Катарыну, п'юць простую гарэлку, а тое, грэшным чынам, і самагонкі для сябе наварым у такі дзень. Я і напісала, каб пра нас вельмі і не думаў: пражывем. Ён паслухаўся, пачцівы ён. Толькі рэдка прыязджае. Цябе яшчэ не было тут, як ён з жонкай прыязджаў. Такая распрыгажунечка, акуратненькая, толькі худаватая, быццам есці няма чаго. I сціплая, не мянтуха языком. Каб гэта каго-кольвек абгаворваць, дык не. Паўлючок казаў, што вельмі яна яму на жыццёвай дарозе дапамагае. Ды, відаць, не спадабалася ёй тут. Нетры, а яна жанчына маладая, вясёлая.

Поделиться с друзьями: