ЖАНРЫ

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— У-у, прыгажуня наша. Як велікодная курачка… нават галоўка гафрыраваная. Нагадуй ты нас, ясачка мая, іначай два прыгожых і халодных трупы будуць на вашым сумленні.

"Бач, стараецца, — падумаў Войтаў і ўсміхнуўся, — пабачылі б цябе студэнты, мышынага жарэбчыка".

Круцёлка прыемна ўсміхнулася, перавяла позірк з саладжавага прасцяка на другога, што глядзеў на яе паўзверх кветак халоднымі, з усмешачкай, прыгожымі вачыма, падумала: "Свае хлопцы" і борздзенька змяніла ім трошкі памяты абрус на свежы, узяла з гнёздаў бутэлькі з півам і вадою і замяніла іх свежымі:

— Яны тут нагрэліся на сонцы, дык я вам халодненькіх, з леднічка. Ну, што будзем естанькі, хлопчыкі?

Іван скроб пальцам шчаку, чытаючы меню. Потым звярнуўся да Войтава:

— Як ты наконт усерасійскага праствейну, каток? Не хочаш? Каньяк? А не памятаеш, як мы з табою цукарную самагоначку глушылі? "Бутэльку каньяка — тры бурака".

— Ды пакінь ты, — незадаволена сказаў Павел.

— Ну-ну, не буду. Дык вось: для мяне трыста грамаў гарэлачкі… Ведаю, ясачка, што не паложана, але па Канстытуцыі законы мяняе народ. А хто такі народ? Гэта ён, я, вы, мядуначка мая. Таму тры чаркі… Не п'яцё на рабоце? Ай-я-яй, якое падзенне маральнасці. Не смейцеся, ясачка, о мой бружмель і гіяцынт. Вас просіць аб гэтым Іван Калібераў, чалавек з расчараваным сэрцам, якое ведала лепшыя дні… Дык вось: гэтаму Апалону трыста грамаў каньячку… Ну, яшчэ бутэлечку мінеральнай і тры — двайнога залатога. Няма? Тады "Сенатар".

— Хлопчыкі, — запратэставала афіцыянтка, — гэта ж сапраўдны "портэр", васемнаццаць градусаў. Ці не зашмат будзе?

— Хто вам сказаў, о дзіця фіёрдаў, што для такога чэрава зашмат дзве вартых жалю бутэлькі. Ды мы і сядзець будзем добра… пад багаты закусон. Мы не пустэльнікі, акрыдамі закусваць не збіраемся.

— Закусачку?

— Наконт закусачкі я — пас. Гэта мой сябра, але пад маім чулым кіраўніцтвам. Ён лесавік, а там людзі рабчыкамі гадуюцца, бо на кірмаш везці далёка.

Павел узняў на афіцыянтку сінія, з лядком, вочы. Іван нават здзівіўся, такі ў яго быў выгляд.

— Ну не дай ладу, лорд Байран! Ай, братка, ай, сукін кот! Гэтыя лесавікі маюць такую паставу, што дай трошкі шліфоўкі і выпускай у дыпламатычны салон… У мяне так не атрымаецца, вось і балбачу.

— Дайце нам, дарагая, ікры кетавай па порцыі.

— I масельца да яе… каб салаты лісцік на ім, халодненькага, — дадаў Іван.

— Не перабівай, Іван. Яна сама ведае.

— Ды я не перабіваю, я толькі кажу, каб закускі разнастайныя былі.

— Трошкі маслін, любая, толькі не сухіх. Салаты сталічнай порцыю.

— I трэпангаў, — рагатаў Іван, — а то я нядужы.

Круцёлка зразумела, усміхнулася.

— Няма іх у нас. Ды яны вам і непатрэбны. Не хлусіце на сябе.

— Іван, перастань балбатаць агіднасці.

— Ды я нічога. Хацеў яшчэ раз пачуць, што я хлопец хоць куды.

— Гэта табе і я магу сказаць.

— Калі яна скажа — гэта прыемней.

— Ну і яшчэ, — працягваў Павел, — дайце нам салянкі зборнай. Я думаю, гэта не будзе многа пад такую выпіўку? Ну так.

Іван зноў перарваў:

— А на другое куранятак-табака… Вось яны, любыя, па васемнаццаць рублікаў.

— Не, — уладна сказаў Войтаў, — куранят есці не будзем. Якія табе кураняты ранняй вясной. Гэта будуць ужо замужнія курыцы. Не хачу. Што ж нам узяць? Так-так-так… Ага! Цецярук смажаны з гарнірам. Адзінаццаць рублёў шэсцьдзесят пяць капеек. Вось гэта добра.

— Цецярук гэты твой у магазіне 28 рублёў кіло. Купі і смаж.

— Вясной трэба есці дзічыну, — адрэзаў Войтаў.

Афіцыянтка пайшла выконваць заказ. Сябры глядзелі адзін на аднаго і ўсміхаліся.

Цягнік прыемна пахітвала, на белым, як снег, крухмальным абрусе ляжалі партабакі. На матавым шкле дзвярэй блішчэлі сілуэты вінаградных лісцяў і гронаў, блішчэлі паліраванае дрэва і начышчаны метал.

I зусім не хацелася глядзець за акно, дзе ляжалі, асветленыя вячэрнім залатым сонцам, палосы маладой збажыны і чорных папараў, узгоркі, укрытыя бярозкамі, і зноў бары, бары, махавыя балаты, шапкі дубоў над лесам.

Гэта была зямля, такая сціплая без летніх убранстваў, з такімі голымі, бяспёрымі дрэвамі.

Іван толькі раз кінуў туды абыякавы позірк, пабачыў хатку стрэлачніка і, па асацыяцыі, спытаў:

— Ну як там твой бацька маецца?

— Ды нічога. Палюе, што яму станецца? Нас перажыве. Месяцаў пяць лістоў ад яго не было.

Выпілі пад чырвоную саланаватую ікру з ледзяным маслам. Павел адчуў цеплыню ў грудзях. Працягнуў размову:

— Месца ў яго хлебнае, лясное. Палюе. Гародчык свой.

— Месца хлебнае, — іранічна сказаў Калібераў, — калі красці.

— Ён не краў, — засупярэчыў Павел, — але з гадамі чалавек усяму навучаецца. Пэўна, якую лясіну і прыбярэ.

— Не з тых людзей, — сказаў Іван, — я ведаю. Ты дапамагай яму.

— Ды ён сам не хоча. Ён, наогул, лепей жыве, ніж я. Ён душою спакойны, а тут інтрыгі, нізкая зайздрасць бяздарнасцей, нервы. Ахнуць не паспееш — інфаркт нажывеш. А ён сыты, апрануты, на службе. Мог бы што-кольвеч і ўнучцы падкінуць: грыбоў там, ягад.

Узяліся за салянку, страву цікавую тым, што кожная лыжка нясе навіну: цёмна-чырвоны скрылёк вяндліны, мяккія, як маміна пяшчота, кавалачкі сасісак, зялёныя пупышкі каперцаў, ад якіх так і нясе Італіяй, саланаватыя цярніны алівак, што прымушаюць язык дрыжаць у смачнай сутарзе.

Абодва былі прыемна напітыя. Лёгкі ружовы туман стаяў у вачах. Калібераў спытаў сябра, добразычліва і мякка:

— Дык што гэта ты там жонку лаяў?

Павел наліў яму гарэлкі з ледзянога запацелага графінчыка:

— Дурубала яна. Дома грошы да капейкі лічыць, а ў дарогу дае звыш меры, каб людзі не асудзілі. Толькі і жыву, што ў дарозе.

— А ты б некаторыя заробкі хаваў.

— Ды яна і то пра дзве маіх халтуры не ведае… Але што зробіш, з усімі яна знаёмая. Паспрабуй мне хто на мазолю стаць — чорт ведае якім чынам даб'ецца апраўдання. Толькі апошні раз не дапамагла. I вось еду ў Маскву, абароны шукаць. Нічога, я іх, крытыкаў, свінячым хвастом закручу.

— Ды ў чым справа?

— Ну ты ведаеш, што я пачаў з таго, што адкрыў некалькі новых, сапраўдных вершаў Багушэвіча. З гэтага і пайшоў да ззяючых вяршыняў… Але пра гэта хутка забылі… Fortuna саеса еst — фартуна сляпая. I вось падсудобіў мне адзін дабрадзей працяг "Энеіды навыварат". Бум быў такі, што сярод калег стогн стаяў. Ды толькі нядоўга яны стагналі. Адшукалі сучасныя звароты ў мове. Потым мяне падвялі вадзяныя знакі — папера зусім новая. I тут накінуліся яны на мяне ўсім хаўрусам, як на мядзведзя.

Поделиться с друзьями: