Пасмяротная гісторыя аднага цецерука
Шрифт:
У хаце Катарына сказала мужу:
— Ты Цесляку скажы, каб ён ішоў да д'ябла. Непатрэбныя нам яго грошы. Хай з кізяку сабе хату лепіць, зладзюга такі.
Гаўрыла прыпомніў чамусьці цецерука і, хоць збіраўся — упершыню ў жыцці — паклапатаць у лясніцтве, каб прадалі бярвенняў сынаваму сябру, сказаў:
— Ды я і то адпушчу яму лесу хіба на труну толькі. А грошай здабудзем неяк.
Пасля снедання ён запрог служэбнага каня, апрануў вышываную кашулю, чорныя, старанна зацыраваныя порткі, на ногі нацягнуў замест ануч парцяныя шкарпэткі. Старанна выгаліў твар, паглядаючы на Катарыну, якая здавалася вельмі маладой у белай, вольнай ля плячэй, сарочцы і шырокай, у чатыры палы, клятчастай спадніцы.
Пасля глядзеў, як яна дастала свой залаты, сэрцайкам, вясельны яшчэ медальён з трыма блакітнымі каменьчыкамі і як адразу папрыгажэла яе амаль маладая, вельмі загарэлая шыя.
Яны паехалі ў мястэчка і там, на базе, прадалі набітых цецерукоў. Даклаўшы трохі грошай, Войтаў купіў шрот, порах і капсулі, пахадзіў з жонкаю па рынку і пасля, падумаўшы, купіў у краме чацвярцінку гарэлкі. Рукі яго былі чырвоныя, з пухлымі суглобамі, і бутэлька схавалася ў далоні адразу, быццам і не было.
Яны выпілі яе на возе пад хатняе сала. Катарына падпіла, астачай асенняй прыгажосці заззяў яе паружавелы твар. Конь борздзенька тупаў дахаты, плылі паабапал дарогі дрэвы, таксама трошкі на падпітку. I жонка раптам, — даўно гэтага не было, — прыхілілася да пляча Гаўрылы і завяла нечакана прыгожым голасам тую песню, якую спявала на першае іхняе Купалле, калі Гаўрыла спаймаў яе:
Купалінка, купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
А дзе ж твая дочка?
I Гаўрыла з гонарам, як заўсёды, падумаў: "Во яна ў мяне якая".
ІІ
Гаўрусёў Паўлюк, або, як ён цяпер зваўся, Павел Гаўрылавіч Войтаў, накіроўваючыся ў Маскву, сустрэў на вакзале старога сябра па інстытуце, зараз таксама выкладчыка, толькі ў абласным інстытуце, Івана Каліберава.
Сябры не бачыліся два гады і таму, даўшы насільшчыкам магчымасць цягнуць рэчы ў купэ, пачалі проста на платформе ціскаць і абдымаць адзін аднаго.
— Братка ты мой, колькі вады сплыло!.. Ну дай жа я гляну на цябе. Пасталеў, раздаўся.
— Ды і ў цябе, дарагі, кандыдацкія грудзі выраслі.
— Янка ты, Янка, макітра ты чарапяная… Куды едзеш?
— У Маскву.
— Бацюхны, і я таксама… I вагон адзін… Во, братка ты мой, свет цесны.
Павел Гаўрылавіч надта ўзрадаваўся сустрэчы. Яны вельмі сябравалі калісь, ведалі адзін аднаго, і таму ім не было прычыны саромецца сябра. Можна было шчыра паразмаўляць.
Кожны чалавек часам хоча гэтага, як ён ні звыкай да вечнай стрыманасці і асцярожнасці ў словах і ўчынках. А Войтаў ужо два гады не адводзіў душу з блізкім чалавекам.
Таму ягоны валявы, трохі азызлы твар выяўляў самае жывое замілаванне. А Калібераў таксама смяяўся жывымі вочкамі і вохкаў, як квахтуха.
Ён проста быў добразычлівы да людзей.
Войтаў памятаў яго яшчэ ў тыя часы, калі імя сябра было, мякка выражаючыся, дзіўным: Мардары. З такога імя кпілі, але Калібераў не звяртаў увагі і толькі пасмейваўся. Таму хутка кпіць пакінулі, а там і імя ў пашпарце змянілася на нейтральнае — Іван. Другі скандал атрымаўся з прозвішчам. Калі драматург Макаёнак напісаў сваю вядомую камедыю — з Івана зноў пачалі смяяцца. I тут ужо даць рады было нельга. Іван збіраўся быў напісаць на драматурга ананімны ліст, але потым раздумаў і суцешыўся тым, што не ўсе ж Каліберавы на свеце свінні і мярзотнікі. Ёсць сярод іх і прыстойныя людзі.
Яны так захапіліся сустрэчай, што прывёў іх да прытомнасці толькі голас правадніка:
— Грамадзяне, сядайце. Цягнік зараз рушыць.
Таму яны перанеслі далейшыя паляпванні па плячы ў тамбур купэйнага мяккага. Тут Войтаў даў правадніку пятнаццаць рублёў, і хутка сябры апынуліся ўдвух у купэ.
Ужо былі закінуты ў багажнік чамаданы, ужо чалавек у форме ўключыў вентыляцыю і атрымаў загад наконт бялізны, ужо цягнік імчаў з бліскавічнай хуткасцю сціплымі палямі і пералескамі, якія пачалі ўбірацца ў малады зялёны вэлюм, а сябры ўсё яшчэ сядзелі поруч і трымаліся за рукі, як закаханыя.
Пукатае шкло ліхтара адбівала часам праменні сонца, варушыліся на вокнах бязважкія фіранкі, цела мякка адпачывала ў прытульнасці канапак. Было бесклапотна і лёгка на душы, як заўсёды ў дарозе.
— Ну як ты, Іван, маешся?
— Ды нічога, братка. Ты ж ведаеш, напэўна, што я кандыдацкую абараніў. Дзякуй Богу, тады яшчэ друкаваць раздзелаў з яе не трэба было… Хату сваю дабудаваў.
— Ты там, братка, наваяваў нешта ў інстытуце.
Калібераў пасуравеў, ля вочак сабраліся дробненькія зморшчынкі.
— А што з імі было рабіць, з салапякамі. Шчанюкі такія, ледзь у навуку залезлі, а ўжо ніякіх аўтарытэтаў для іх няма. Ты ведаеш, я добразычлівы чалавек, але тут не мог. За навуку сэрца баліць, за навуку… Ну вось і дабіўся, выкінулі іх…
Прасцецкі, грубаваты яго твар скрывіўся, ён махнуў рукою і агледзеў сябра.
Павел сядзеў перад ім, цвёрда сціскаючы нязмяты, сухі муштук папяросы. Шэры пушысты гарнітур сядзеў на ім з няўлоўным "кашэ", змятай зручнасцю, якой дасягнуць цяжэй, чым адпрасаванасці і дубаватай элегантнасці. Цвёрды каўнер белай кашулі шчыльна аблягаў вельмі тоўстую мускулістую шыю і падкрэсліваў свой нечапаны колер шэравата-блакітным гальштукам. Вышэй быў цвёрды рот, прамы, трошкі задзёрты нос і халодныя блакітныя вочы. У рысах карэктная выхаваная стрыманасць. Агульнае ўражанне інтэлігентнасці псаваў трошкі нізкаваты лоб і нездаровая азызласць белых шчок.
— Ну а ў цябе што новага, Павел?
— Жыву, брат, нядрэнна. Доктарскую пішу. Прызначылі нядаўна дэканам факультэта, цякучка заядае. Працаваць амаль некалі, але ўсё ж з прафесарам Гаровічам адхапілі прэмію за працу па эстэтыцы.
Іван рагатнуў:
— Тая навука, пра якую самі эстэты не ведаюць, што яна такое. Што ж, я заўсёды ведаў, што ты — галава. Кнігі рэдкія з экслібрысамі ўсё яшчэ збіраеш?
— Жонка не адстае, — уздыхнуў Войтаў, — я і кінуў бы іх, бо, шчыра кажучы, ні храна я ў гэтых экслібрысах не разумею. Але яна мяркуе, што ў кожнай велічыні павінен быць нейкі, як яна кажа, "бзік". Ну вось і "бзікую", бегаю за гэтымі рэдкасцямі, як гізнуты бык.
— Добрая ў цябе жонка, — сказаў Калібераў, — сапраўдны друг-паплечнік. Не тое што мая… Хадора.
— Жонка-карова, — кінуў раптам Войтаў. — Танюткая калісь была, а зараз што твой мех з гарбузамі. Раскапусціцца каля трумо і сядзіць. Ну вось, у мяне ж чудовая мова, а дачку вучыць чорт ведае чаму: мова гладкая, ані каструбацінкі, сумная, кастрыраваная.
— Не ведае, што мова ёсць зброя ў жыццёвай барацьбе, — падтакнуў Іван, — а, між іншым, каб не веданне намі мовы, той, што ад бацькоў, ні шыша мы з табою не вартыя былі б. Бо, шчыра кажучы, не такія ўжо мы з табою Арыстоцелі, каб у кандыдатах хадзіць.
— Але ўсё ж лепшыя за многіх іншых, — з грымаскай сказаў Павел.
— Гэта таму, што ў нас корань здаровы, мужыцкі, — падняў Іван тоўсты палец.
— А ці не час нам гэты корань падкарміць? — спытаў Войтаў, пераводзячы на другое размову, якая пачала ставаць непрыемнай.
— Н-да, час адміральскі, — сказаў Калібераў і, узяўшы пад локцік сябра, прыўзняў яго і працытаваў: — I сталі мір і згода, і дружна, рука да рукі, яны патэпалі ў бліжэйшую карчму.
"Бліжэйшая карчма" была ў суседнім вагоне. Кілімавай дарожкай сябры перайшлі ў вагон-рэстаран і занялі ў ім кутні столік. Іван адразу спаймаў за локцік бялявенькую круцёлку ў гафрыраваным вяночку. Твар ягоны зрабіўся салодкім, усмешачка села ў кутках рота.