Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Паслухайце, што вам прабаю. У старажытнай Грэцыі жыў Геліёс — бог Сонца. Меў ён тройку цуда-коней. Штораніцы іх запрагаў і ехаў у дарогу — з аднаго канца свету ў другі. Спярша туды, адкуль сонца ўзыходзіць, пасля туды, куды яно заходзіць.
— Цяжка яму прыходзілася, — пашкадавала Геліёса Алеся.
Гандляр кіўнуў галавою.
— Здаралася, ён свайго сына Фаэтона браў з сабою. Аднаго разу папрасіў Фаэтон: «Бацька, дазволь мне сёння самому кіраваць». Сказаў Геліёс сыну: «Будзь асцярожны. Коні, што агонь, а ты малады». Міма вушэй прапусціў гэтыя словы Фаэтон, свіснуў пугай і паляцеў угару. Засвяцілася сонца, зніклі цені ночы. Фаэтон яшчэ хутчэй. Паганяе цуда-коней, не глядзіць, дзе дарога. Ну і збіўся з яе. Перасталі слухацца коні, панеслі немаведама куды. Упаў на зямлю і загінуў Фаэтон.
Гандляр яшчэ вышэй узняў бурштынавыя каралі, як бы імкнучыся да самага сонца дастаць. Туды, дзе калісьці несліся цуда-коні.
— Што было пасля? — паціху запытала Алеся.
— Гараваў Геліёс, — баяў далей гандляр, — але сваё гора моўчкі трываў. А вось ягоныя дочкі Геліяды плакалі так моцна, што сталі ніцымі вербамі, а іх слёзы — кропелькамі бурштыну. Бурштын — слёзы Сонца. Яго найбольш каля мора знаходзяць, бо там слязьмі Сонца часцей плакалі сёстры Геліяды. І ў нашай старонцы можна бурштын знайсці. Любілі нашу старонку і Геліёс, і Фаэтон, і Геліяды. Не раз і не два тут праляталі.
— Куплю, — азваўся Ясь.
Гандляр працягнуў Ясю пацеркі.
— Сказана — звязана. Бяры. Шчасце прынясе.
— Шчасце прынясе, — паўтарыла Алеся.
Цётка з барадой на Купаллі
Паездка ў Слонім для Янкі, Алесі і Мацея была сапраўдным святам. А неўзабаве прыйшло новае свята — Купалле.
Парачанцы сабраліся на беразе Шчары, запалілі вогнішчы.
Блішчаць вогнішчы на беразе, раскладзеныя ўкола, разрываюць цемру ночы. Ад кожнага дворышча — вогнішча. Жанчыны рассцілаюць на траве белыя ручнікі, ставяць пачастунак: хлеб, бліны, мядовы квас.
Можна і песні пець, калі пад'ясі. «Ух, ела баба пух, а дзед мякіну: еш, баба, еш, я цябе не пакіну…»
Усмешкі на тварах. Шчасце на тварах. Няма злосці, няма крыўды. У агні згарэлі. Падыходзяць людзі адзін да аднаго, частуюцца.
А маладым карціць карагод вадзіць. Дачакаліся, закружыліся вакол вогнішча.
Гэту ночку мне не спаці, Нада жыта ўсяго пільнаваці, Каб змяя заломаў не ламала, У жыце карэнне не капала, У кароў малака не адбірала…Плыве па рацэ песня, адплывае…
Што яшчэ было ў гэтую дзіўную ноч? Купаліся ў рэчцы, дзяўчаты пускалі па рацэ вяночкі. Кожны вяночак — з запаленай свечкай. Плывуць, мігаюць у цемры… Куды ж занясе вяночак, у якую вёску? Не, не занясе. Хіба дазволяць хлопцы? З берага боўць — і ў ваду. Хутчэй, хутчэй за тым вяночкам, з якога вачэй не спускаў. Не проста вяночак плыве — шчасце плыве, адплывае. Дык як не злавіць яго, жаданае?
І Ясю пашчасціла злавіць той вяночак, які Паўлінка пусціла. Сядзіць Ясь каля вогнішча, няспешна расказвае парачанцам:
— У тую ноч прыснілася аднаму чалавеку, што на пустэльні, пад грушай-дзічкай, куфэрак з золатам закапаны.
Ясь устаў, падкінуў галля ў агонь.
— Што было потым? — не церпіцца Алесі.
— Чуе чалавек, што на вуха яму хтосьці шэпча: «Ідзі. Выкапаеш куфэрак — будзеш да канца сваіх дзён шчаслівы». Чалавек аж спруцянеў, баіцца паварушыцца. А голас зноў: «Ідзі. Шчасце праспіш». Расплюшчыў ён вочы. Ціха вакол. «Памроілася», — сам сабе думае. Павярнуўся на другі бок, а на вуха: «Ідзі. Каму кажу? Да канца сваіх дзён будзеш шчаслівы». — «Што будзе, то будзе», — падумаў той чалавек. Асцярожна, каб жонка не пачула, спусціў ногі. «Пад грушай-дзічкай капай. Не забудзься», — напомніў голас. Выйшаў мужчына з хаты, узяў рыдлёўку і пасунуўся, што цень. Ступіць колькі крокаў, прыпыніцца. Сэрца ў грудзях аж разрываецца. Сяк-так прысунуўся да тае грушы і давай капаць. Капае, капае, далоняй пот з ілба выцірае. Выкапаў яму па пояс, бачыць — куфэрак, кольца на накрыўцы. Ухапіўся рукамі, пацягнуў за кольца. Раптам вецер усхадзіўся. Дождж ні стуль ні ссюль ліўнем лінуў. Грымоты над галавою. Пасля як блісне — усё навокал святлом заліло. Глянуў чалавек — з куфэрка чорт шчэрыцца: «Га-га-га… Прыйшоў?»
— Гэта ён клікаў,— прамовіла Паўлінка.
— Ён, — сказаў Ясь. — Што то быў бы за чорт, каб не спакусіў.
— А што з тым чалавекам сталася? — падала голас Алеся.
— Сам не памятае, як дамоў прыбег. За адну ноч пасівеў.
Наўкол пачулася:
— Чужы кажух нікога не нагрэе.
— Знойдзеныя грошы ў руку не йдуць.
— Век будзе памятаць і дзесятаму закажа.
— Не там шчасце шукаў.
— Шчасце пад мазалямі ляжыць. А Паўлінка сказала:
— Вось каб ён у купальскую ноч перад першым спевам пеўня знайшоў вогненную кветку-папараць, то быў бы шчаслівы і багаты да канца дзён.
— Толькі самыя смелыя яе могуць знайсці,— прамовіў Ясь.
Янка падсунуўся бліжэй. Усё-ткі ёсць кветка-папараць, расцвітае, мігціць агеньчыкам. Ён запытаў у Яся:
— Калі знойдзеш кветку-папараць, то ўсё-ўсё збудзецца, што задумаў?
— Усё-ўсё!
— І чытаць навучышся?
— Думаю, што так.
— А хто ж кніжку дасць?
— Шчасце прыходзіць непрыкметна. Янка штурхнуў у бок Мацея.
— Ідзі за мною.
Яны адышліся ад вогнішча, сталі воддаль.
— Чаго клікаў? — запытаў Мацей.
— Мацейка… Братка… Ты хочаш кветку-папараць знайсці? Хадзем. Давай разам…
— Сонца вось-вось паднімецца.
— Паспеем. Яшчэ не хутка першы певень пракрычыць.
— А цётка з барадой?
— Спіць яна. Гэтаю ноччу не высунецца з балота. Людзі з усіх вёсак павыходзілі.
— Страшна.
— Калі я чытаць навучуся? Калі кнігу ўбачу? Няўжо не разумееш?
Мацей уздыхнуў.
— Хадзем. Але ж мне не хочацца.
— Яначка, я табе дапамагу знайсці кветку-папараць.
Янка глянуў і сваім вачам не паверыў: Алеся з-за куста вылазіць.
Хацеў прагнаць яе, ды махнуў рукою. Праганяй не праганяй — усё роўна не адчэпіцца.
— Хадзем, — сказаў.
Агні засталіся ззаду. Лес сцяною перад імі. Цемень…
— Яначка, — прашаптала Алеся, — там нехта стаіць.
— Дзе?
Алеся тыцнула пальцам.
Янка прыгледзеўся. Сапраўды, на самым ускрайку, непадалёку ад іх, прытуліўшыся да хваіны, нехта стаіць, на паляну пазірае.
— Зараз напалохаю, — сказаў Мацей і на ўвесь голас: — Гэ-э-й!
Незнаёмы, што заяц, — на паляну, туды, дзе гарэлі вогнішчы. Мацей за ім.
— Цётка з барадой! — піснула Алеся і апусцілася на зямлю.
Цётка з барадой (цяпер добра бачылі яе на асветленай паляне) кінулася ў адзін бок, у другі.
— Цётка з барадой! Васіліск! Пярэварацень! — на ўсё горла галёкнуў Мацей і пабег.
А цётка з барадой закрычала немым голасам:
— А-а-а!.. Га-га-га!..
Што тут нарабілася! Людзі гарохам урассыпную.
Янка схапіў Алесю за руку, сілком пацягнуў за сабою.
Гарэлі, дагаралі пакінутыя вогнішчы. Часам іскры, нібы вогненныя кроплі, узнімаліся ўгору. Ці не цётка з барадой увіхалася там?