Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Узбоч, непадалёку, пад разлапістай елкай, гарэла цяпельца, а каля яго сядзела цётка з барадой і ела гусака: прагна, раз-пораз аблізваючы пальцы. Янку нават здалося: косці хрумсцяць на зубах.

Нейкае імгненне яны глядзелі на яе, а яна на іх. Затым ускочыла, заверашчала:

— А-а-а…

Янка сарваўся з месца і кінуўся на злом галавы. Нёсся, не выбіраючы дарогі. Шчасце, што зноў у багну не трапіў.

Стаў толькі каля хаты. Знячэўку хацеў у хату ўскочыць, ды што маланкай працяла: «Малыя дзе?» Азірнуўся — Алеся падбягае. Засаплася, бедная. А дзе ж Мацей?

— Алеся, Мацея не бачыла? Алеся падбегла да яго.

— Я… я… Я нічога не бачыла. Я так уцякала. Уцякала…

Выходзіць, не бачыла. Анічога не бачыла. Як і ён. Пакінуў брата. А ў руках жа басалык — сапраўдная зброя. Ад ваўчыцы не ўцякаў, а тут… Чаму? Апарыўшыся на малацэ — і на ваду студзіш?

— Яначка, Мацей прыбяжыць, — прагаварыла Алеся.

Няўжо Мацей адстаў ад Алесі? Але ж хутчэй за яе бегае… Сапраўдная зброя ў руках… Ад ваўчыцы не ўцякаў…

— Яначка, можа, Мацей у хаце сядзіць?

У хаце… У хаце… Трэба праверыць. Магчыма, сядзіць, іх чакае. Магчыма, апярэдзіў. А цяпер баіцца нос высунуць… Дажыліся. І ў сваёй хаце не вольна.

Янка адчыніў дзверы. Няма Мацея ў хаце. А калі на гарышчы? Са страху і на гарышча можна заляцець.

— Маце-ей!

Не азываецца. Няма і на гарышчы. Недзе там, у лесе. Што з ім? Пакінуў… Малодшага брата… А яшчэ ў Яся зброю прасіў. Думаў перамагчы цётку з барадой.

Ён сеў каля падмурка, апусціў галаву. Басалык пёк далоні. Што, калі Мацей у балота праваліўся? Янка прыгадаў, як падступае да грудзей халодная вада…

— Янка, а мо Мацея цётка з барадой схапіла? — заплакала Алеся.

Янка ўскочыў.

— У лес пайду. Пашукаю.

— А калі Мацей сам у вёску бяжыць?

— Сустрэну.

— Сустрэнем, — пагадзілася Алеся.

Янка сціснуў у руцэ басалык. І тут каля самай хаты пачулася песня:

Ай, зелена, зелена траўка на мяжы. Таму ж яна зелена, бо ідуць дажджы. Ой, молада, молада ў мужа жана, Таму ж яна молада, што доля міла.

— Ясь! — усклікнула Алеся і — з усіх ног да яго.

Ясь, убачыўшы Алесю, узрадаваўся:

— А-а-а, перапёлачка!

Алеся не дабегла да Яся колькі крокаў, стала.

— Мы… Мы гусака забілі.

Ясь аж прысеў.

— Чыйго гусака?

— Янкавага. Мацей басалыком забіў. З першага разу ў галаву пацэліў. А Янка ваўчыцу забіў. Яна нас дамоў не пускала.

— Бач ты! Хто варон ловіць, а хто работу робіць. Моцна стукнуў?

— Ваўчыца аж перакруцілася.

— Як кілбаса на патэльні? — зарагатаў Ясь.

— Не верыш? — пакрыўдзілася Алеся.

— Веру. Свая сіла кожнаму міла. Усё?

— Не. Яшчэ Янка ў багну праваліўся.

— І ты яго выцягнула?

— З Мацеем.

— Усё?

— Не. Мы гусака знайшлі.

Ясь прытупнуў нагою, бы танцуючы.

— Яго ж Мацей забіў. З першага разу ў галаву пацэліў.

— Забіў. Гусака цётка з барадой ела. Засмажыла і ела.

— Усяго з'ела?

— Мы не бачылі. Мы з усіх ног прыпусціліся. Мацей, мабыць, адстаў. Мацея, мабыць, тая цётка з барадой схапіла.

— Хм, — хмыкнуў Ясь.

«І на гэты раз ён не паверыў,— падумаў Янка. — Ніводнаму слову не верыць. Няхай. Некалі паверыць. Цяпер трэба Мацея знайсці».

Ён збочыў на сцяжынку і — хутчэй, хутчэй.

— Куды ты? — крыкнуў Ясь.

Янка не азваўся. Крыўдна. Чаму не верыць? Мацея трэба ратаваць. Цётка з барадой з рук не выпусціць. Хлеб з'ела… Гусака з'ела…

Ясь дагнаў яго каля мастка.

— Пачакай.

І верабей зло мае. Янка не вытрываў, прарвалася крыўдаю.

— Табе Мацея не шкада. Ён не твой брат. Яго цётка з барадой на цяпельца кіне.

Ясь на ўсю моц гукнуў:

— Маце-ей!

— Тут я, — данеслася з-за кустоў.

Янку падумалася: з-пад зямлі, цётка з барадой, пярэварацень, пад зямлю зацягнула.

— Вылазь, калі тут, — усміхнуўшыся, сказаў Ясь.

У кустах затрашчала, і Мацей вылез, як гаворыцца, жывы і здаровы.

Алеся абняла яго за шыю.

— Мацей! Мацейка! І Янка абхапіў.

— Мацей! Мацей!

Як добра, што ён тут! Як добра, што не пад зямлёю! Як добра, што разам! Шчасце якое! Ясь адпіхнуў дружбакоў.

— Адыдзіцеся, збавіцелі. Дайце мне з ім пагаварыць. Ну, — звярнуўся Ясь да Мацея. — Цябе таксама цётка з барадой даганяла?

— Угу. Я спярша адстаў, бо за корч зачапіўся. Пасля падняўся. Бег, бег… У мяне сэрца калацілася, калацілася… Болей не мог. Забег за кусты і зваліўся. Упаў, ляжу, а вочы заплюшчваюцца, зямля плыве… Мяне сон-трава змарыла.

— Заснуў, адным словам, — сказаў Ясь.

— Сон-трава змарыла.

— І ваўчыцу забілі?

— Янка забіў.

— А ты не?

— Я гусака забіў.

— Забілі і ваўчыцу, і гусака… Прызналіся б, што гусака ліса ўкрала, не дагледзелі.

— Я праўду кажу… Ясь павярнуўся да Янкі.

— Дзе ваша ваўчыца ляжыць?

— Вунь там, — тыцнуў рукою Янка. — Дзе тры яліны стаяць, адна сухая. Паказаць?

— Сам знайду. Шкуру зніму. Хм, — хмыкнуў Ясь. — Шкуру…

— А нам куды?

— Цяпер дамоў. А заўтра… Заўтра ў Слонім еду, вас хачу ўзяць. Гойсаеце па лясах…

— І мяне возьмеш? — усклікнула Алеся.

— І цябе. Толькі дома пакуль нічога не кажыце. Сам скажу. Хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае, — прамовіў Ясь і, павярнуўшыся, пачыкільгаў па сцяжынцы.

— Ці пусціць нас татка ў Слонім? — прагаварыў Мацей.

Па дарозе ў Слонім

Усё-ткі пусціў бацька ў Слонім. І што самае дзіўнае? Пра гусака нават не ўспомніў. Праўда, маці крыху пабедавала: «Такога гусака ліса ўкрала!» Бацька на гэта сказаў: «У васілевіцкіх праз дзень прападаюць. Трэба пільнаваць».

— Давай папросім бацьку, каб да Яся пусціў. Відаць, прынёс шкуру. Падзівімся, — сказаў Мацей.

— Не трэба. Заўтра Ясь сам пра ўсё раскажа, — запярэчыў Янка.

Поделиться с друзьями: