Пастка для пярэваратня
Шрифт:
А ліліпут, што паплавок, то з вады, то пад ваду, усплёскваючы рукамі.
— Саломінку! Падайце саломінку! — загарлапаніў пан Бадзей.
Адзін са стражнікаў падаў пану Бадзею доўгую, не меней як на два метры, саломінку (невядома, дзе ўзяў такую, можа, склейвалі?). Пан Бадзей працягнуў яе ліліпуту.
— На! На!
Нездарма кажуць: калі топішся, то і за саломінку ўхопішся. Ліліпут схапіў саломінку рукою. Яна адразу ж пераламалася.
Мяне быццам невядомая сіла штурхнула. Я выбег на бераг, ступіў у ваду, намачыўшыся да пояса, і працягнуў кій, які ўсё сціскаў у руках. Ліліпут ухапіўся за яго абедзвюма рукамі, і я пацягнуў чалавека на бераг.
Не памятаю, калі падляцеў да мяне Пятрусь, калі стаў дапамагаць. Але мне навек запомніўся ліліпутаў твар: сіні, перакошаны страхам.
У прафілакторыі
Ліліпут ляжаў на беразе і гучна ікаў. Я хацеў падняць яго, але пан Бадзей схапіў мяне за плячо.
— Куды рукі цягнеш? Куды?
— Туды! Туды! — вырываючыся, агрызнуўся я. Пан Бадзей скрывіўся, быццам па твары крапівою яму паласнулі.
— У прафілакторый іх.
— Толькі хлопчыкаў? — выцягнуўся перад ім стражнік.
Пан Бадзей піхнуў нагою ліліпута.
— І гэтага таксама.
Стражнікі схапілі ліліпута пад рукі, паднялі. Ён стаяў, а яго біла, калаціла ліхаманкаю.
— Пан Бадзей, чаму з чалавека здзекуецеся? — не стрываў Пятрусь.
— З чалавека? Ён не чалавек. Ён утапіўся. Яго няма.
— Я… — пачаў ліліпут.
— Цябе няма! Утапіўся ты! — вызверыўся пан Бадзей.
Нас павялі па вуліцы. Я думаў, што вось-вось убачу той таямнічы прафілакторый. Але паабапал стаяць толькі дамы, а з партрэтаў усміхаецца нам народны цар Іванка.
З завулка выпаўзла калона людзей. Уперадзе і па баках ідуць стражнікі. Мерна — туп-туп, туп-туп — тупацяць людзі па бруку. Здалося, што не людзі рухаюцца, тупацяць, а нейкая машына, якую добра адрэгулявалі, завялі.
— Куды іх вядуць? — вырвалася ў мяне.
— У п'афілактоый, — прашаптаў ліліпут.
І іх у прафілакторый. Выходзіць, у нас адна дарога. Хутка і мы будзем мерна тупацець, станем, як машына, якую добра адрэгулявалі, завялі.
Калі калона параўнялася з намі, нас піхнулі, і мы апынуліся сярод гэтых людзей. Ва ўсіх твары худыя, змардаваныя. Ні іскрынкі ў вачах.
— Як вас зваць? — запытаў я ў мужчыны, які ішоў побач.
А ён ніжэй апусціў галаву, прыкусіў губу і, здалося мне, мацней затупацеў, адбіваючы крок.
— Як вас зваць? — паўтарыў я.
— Не пытайся. Не скажуць, — прагаварыў ліліпут.
— Чаму?
— Баяцца.
Няўжо баяцца азвацца, слова вымавіць? Няўжо ходзяць, прыкусіўшы губу?
— А як вас зваць? — запытаў у ліліпута Пятрусь.
— Саўка.
— Дзядзька Саўка?
— Не. Завіце п'оста Саўка. Мяне так усе ў гоадзе звалі.
Кажа, што звалі. Пагадзіўся з панам Бадзеем. Думае, што не жыве на гэтым белым свеце.
— Саўка, за што гэтых людзей забралі? — запытаў Пятрусь.
— Нізашто.
Выходзіць, невінаватых забралі. Выходзіць, проста для прафілактыкі. Каб выціснуць сокі і іншых настрашыць.
Я ўжо здагадаўся, што прафілакторый нечым нагадвае турму. Праўда, які ён, не ўяўляў.
«Туп-туп», — тупацяць па бруку дзесяткі ног. Людзі, якія ідуць насустрач, ціснуцца бліжэй да плота, адварочваюцца, некаторыя нават закрываюць рукамі твар. Ці не ад таго, што брыдка?
Краечкам вока заўважаю: з вядром у руках з падворка выйшла жанчына. Пэўна, па ваду да суседзяў ідзе. Памкнулася, каб перабегчы вуліцу, і — назад, быццам у грудзі штурхнулі. Стаіць, боль у вачах.
Чаму ж не перабегла? Паспела б. А-а, шкадуе нас, дабра зычыць. Ёсць жа прыкмета: калі пяройдзеш вуліцу з пустым вядром, то не пашанцуе, будзе кепска. Хоча, каб пашанцавала. Можа, яе сына таксама нядаўна вось гэтак гналі? Ці не яна шапнула, што пан Бадзей сочыць за намі?
— Саўка, людзі баяцца азвацца, а ты не баішся, — прагаварыў Пятрусь.
— Ды я… я… — Саўка шмаргануў носам, не даказаў.
Я гляджу на яго, сцятага ў кулачок, і становіцца пуста на душы.
Саўка!.. Саўка!.. Мроіцца табе, што ты не тут, што на дне возера. Мроіцца, што тут цень твой. «Туп-туп», — паслухмяна тупае.
Прафілакторый, пра які я так доўга думаў, вырас нечакана, нібы прывід. Доўгая высокая сцяна, абцягнутая калючым дротам. Пасярэдзіне — жалезныя вароты, над імі — партрэт народнага цара Іванкі. У ягоных руках доўгі скрутак, на якім напісана: «Гэй! Гэй! Гэй! Сюды паўзі хутчэй».
«Гэй! Гэй! Гэй!» На смех падобна. Ці нават на дзікі рогат. Мусіць, паэт Карней пастараўся. прыдумаў. Вось каб па-іншаму напісаць: «Гэй! Гэй! Гэй! Сюды паўзі, Карней». Затросся б, калі б прачытаў.
Я думаў, што пойдзем праз вароты. Ды не. Людзі, якія перада мною, чамусьці кленчаць і кудысьці паўзуць.
Вось і Саўка ўкленчыў, папоўз. І Пятрусь укленчыў. Знік з вачэй. Куды ж яны? Няўжо пад зямлю?
— Пятру-усь! — крыкнуў я, разгубіўшыся.
— На калені. Лезь! — раўнуў стражнік.
— Што-о? — не дайшло да мяне.
— На калені! — стражнік спрытна даў падножку, і я ўпаў на зямлю.
Перада мною — жалезная труба. З трубы тырчаць чыесьці ногі. Калашыны ў гразі, абцасы крывыя, стаптаныя. На вачах схавалася адна нага, другая… Няўжо людзі лезуць у трубу?
— Ле-езь! — крык над самай галавой.
Я палез, абапіраючыся на локці. Баліць у плячы. Напэўна, выцяўся, падаючы. А ззаду пхаюць. Хутчэй, хутчэй… Наперадзе выбліснула святло. Хутчэй, хутчэй…
Я вываліўся з трубы, усхапіўся на ногі. Перада мною — вялізны шчыт. «Чарвяком прыпоўз сюды, дык пабудзеш без вады» — напісана на шчыце. І праўда, поўз чарвяком. Нездарма нашы згубіцелі так прыдумалі. Хочуць, каб мы былі чарвякамі. Не чалавек, а чарвяк. Чарвяком… А чаму ж без вады? Хіба чарвяк ваду не п'е? Дзіўна. Пра гэта зусім не ведаю… Чарвяком… Без вады… Паэт Карней склаў. Ягоны стыль адчуваецца. Сюды — без вады… Наплёў, каб у рыфму.
— Ігна-ат, — данёсся Петрусёў голас. Стаіць, рукою махае. І Саўка з ім. Саўка з таго свету.
Я падбег да іх.
Нас пастроілі ў калону і павялі да шэрых дашчаных баракаў, якія стаялі непадалёку. Ні душы вакол. Няўжо толькі мы ў гэтым прафілакторыі?
Калона павярнула да аднаго з баракаў, і ён стаў уцягваць яе ў сябе, як змяя ўцягвае ў пашчу сваю здабычу.
Я пераступіў праз парог. Пад нагамі — цэментаваная падлога, як здалося, халодная-халодная.
Паўз сцены — драўляныя нары. Людзі валяцца на іх што снапы.