Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для пярэваратня

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Мы зрабілі ў сене норы, зарыліся з галавою, затаіўшыся. Калі б цяпер мыш залезла пад маю кашулю, то цярпеў бы, маўчаў. Лепей выцерпець, чым лезці праз трубу ў прафілакторый.

Рыпнулі дзверы. Хтосьці прамовіў:

— І тут няма.

— А ты наверх залезь, правер, — пачуўся голас Сіняга Носа.

Няўжо правераць? Што, калі заўважаць? Тады трэба кулём ім на галаву. Пакуль ачомаюцца, будзем далёка. Каб толькі ўсім разам скаціцца, па камандзе.

— Лезь. Чаго топчашся?

— Няма іх там.

— Лезь, пакуль у прафілакторый не адправіў. Мяне сам пан Бадзей паважае. Не ве-э-даеш?

Сена зашалясцела. Лезе стражнік, баіцца Сіняга Носа. Сіні Нос нядаўна ў турме сядзеў, а цяпер камандуе.

— Няма. Казаў вам.

Вось табе і маеш! На «вы» Сіняга Носа называе. Хутка перад ім будуць шапкі знімаць.

— Злажу-у…

Пранесла. Не ўмееце шукаць. З носам засталіся. Што ж, папабегайце. Вам карысна. Прывыклі сіднем сядзець.

— Каля гумна пабудзьце, — загадаў Сіні Нос. — Далёка не адыходзьцеся. Яны недзе тут. Людзі бачылі, што ў гэты бок пабеглі. Я сабаку прывяду. Па слядах знойдзе.

Стражнікі, гамонячы, выйшлі з гумна. Ды што з гэтага? Праз паўгадзіны знойдуць нас. Сабака пачуе, дзе сядзім.

Я высунуўся з нары.

— Ігнат, — паклікаў Пятрусь.

Ужо на сене мой сябар сядзіць, у шчыліну пазірае.

— Ігнат, стражнікі карты дастаюць. Будуць гуляць. А Сіні Нос ужо на агародзе.

— Спускайцеся за мною, — прашаптаў Саўка і, ступіўшы на край сена, слізгануў на жываце.

Мы з Петрусём перапаўзлі на край і таксама з'ехалі з сена.

— Да лесу бяжыце, — сказаў Саўка. — Там схаваецеся.

— А ты? — запытаў я.

— Я як-небудзь…

— Чаму?

Саўка, не адказаўшы, выбег з гумна і што ёсць сілы прыпусціўся па лузе. Туды, да агародаў.

Што ж ён робіць? Думае ў горадзе схавацца? Вось-вось убачаць яго стражнікі. Чаму нас пакінуў?

Саўка адбегся і гукнуў:

— Ого-го-о!.. Стражнікі ў крык:

— Уцякае!

— Лаві!

Выскачылі з-за гумна і стрымгалоў за Саўкам. А ён пабег, кульгаючы.

— Хоча нас выратаваць, за сабою стражнікаў павёў,— сказаў Пятрусь.

— Давай за ім, — праз слёзы прагаварыў я.

— Стражнікі і нас скруцяць.

Канешне, скруцяць. Але ж зараз на Саўку наваляцца…

— Пятрусь…

Пятрусь не даў мне скончыць.

— Ігнат, трэба ўцякаць. Ілбом сцяну не праб'еш. Мы яшчэ вернемся. Мы яго выратуем.

— Выратуем? Абяцаеш?

— Слова даю. Трэба ў лесе схавацца. Няхай супакояцца.

Мы рванулі да лесу. Калі падбягалі да ўскрайку, я азірнуўся і ўбачыў, што стражнікі вядуць Саўку ў горад.

Зноў з ведзьмаком

Мы дабеглі да лесу і пайшлі па лясной дарозе. Я зусім не цяміў, дзе мы, куды ідзём.

— Ці знойдзем зноў гэты горад? — кажу Петрусю.

— Абавязкова знойдзем. Вызвалім Саўку.

Проста сказаць. Мабыць, у прафілакторыі Саўка сядзіць. Як туды прабрацца, каб не заўважылі? А калі нават і ўдасца вызваліць, то што далей? Да ведзьмака Саўку весці? Папрасіць, каб і яго, і нас свайму вядзьмарству навучыў? Добры Саўка будзе ведзьмаком, будзе людзей страшыць…

Я зірнуў на Петруся. Твар хмурны. Напэўна, кошкі скрабуць на душы. Ці не таму, што Саўку пакінулі, не ратавалі?

Я, каб перапыніць благія думкі, сказаў:

— А пан Бадзей за локаць сябе ўкусіць.

— Дасць Іванка прачуханца, — азваўся Пятрусь.

— Паэт Карней пра гэта верш напіша, — дадаў я.

— Пра каго напіша? — пачулася, як з грому. З-за кашлатай яліны выйшлі… Казімір Міронавіч і Палын. У мяне і рукі апусціліся.

— Дык пра каго напіша? — усміхнуўся Казімір Міронавіч.

Мы з Петрусём маўчалі. Пра што з ім гаварыць? У яго, як вядома, адно ў галаве: нас вядзьмарству навучыць.

— Не чакалі вы гэткай сустрэчы, — прамовіў вядзьмак.

— Яны ў тым горадзе свой гонар страцілі,— хіхікнуў Палын.

— Не, не страцілі. Але ж страху там набраліся. Ну, што? І цяпер шкадуеце людзей?

— Не прыставайце да нас, — сказаў Пятрусь.

— Вы цвёрдыя арэшкі. Ды ўсё роўна раскушу. Зараз у свой палац завяду. Буду трымаць датуль, пакуль не паразумнееце.

— А калі не пойдзем? — з выклікам прамовіў я.

— Пойдзеце. Жывучы, усяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш. — Казімір Міронавіч, не спускаючы з нас вачэй, нешта хутка-хутка зашаптаў.

У мяне заплюшчыліся вочы. Я анічога не адчуваў. Толькі пачуў, як паціху сказаў вядзьмак: «Ідзіце за мною».

Мне здалося, што іду па балоце. Пад нагамі хлюпае гразь, ногі правальваюцца. Я ледзь выцягваю іх і іду, пакідаючы чорныя адбіткі-сляды. Нарэшце балота скончылася. Перада мною — вялізны парк, а ў парку дзівосны палац. Дах зіхаціць золатам. У вокнах рознакаляровае шкло: чырвонае, жоўтае, сіняе…

— Што? Вочы разбегліся? Гэта мой палац. Прачніцеся! — пачуўся ведзьмакоў голас.

Я расплюшчыў вочы і ўбачыў яго, Палына, Петруся.

— Ужо прыйшлі. Вы мае госцейкі,— прамовіў вядзьмак.

Прывёў. Пусціў тлумачы ў вочы. Прымусіў. Выходзіць, гэты дзівосны палац, у якім рознакаляровае шкло, ягоны.

— Даспадобы вам мая хатка?

Хаткай палац называе. Мусіць, не адзін год нявольнікі яго будавалі. І ім пусціў тлумачы ў вочы. Цягнулі жылы, лілі пот. А што, калі і нас прымусіць будаваць? Будзем. Да скону. Няўжо не ўбачу свайго возера, татаў голас не пачую, маму не абніму? Не, не, не… Вырвемся з кіпцюроў. І беднага Саўку выратуем. Ён чакае нас. І мама чакае. І тата чакае. І возера…

— Вось дзе жыву. Ёсць дзе прытуліцца. Было б чаго хваліцца. Жыве, як адзінокі воўк у лесе. Толькі гэты прыпылены Палын за ім, што хвост, цягаецца. Мусіць, грызе нуда ў адзіноце. Ці не таму такі незычлівец?

— І мы будзем тут жыць? — запытаў Пятрусь.

— Будзеце. І вам месца хопіць. А зараз павячэраеце.

Лепей не ўспамінаў бы вядзьмак пра вячэру. У мяне, як пачуў, аж слінкі пацяклі. Ведаў я, што ён на стол не паставіць баланду, у якой хвост ад селядца.

— І па парку дазволіце пагуляць? — усё дапытваўся Пятрусь.

Поделиться с друзьями: