ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

А. А.: Засталася пад Польшчай?

В. Б.: Засталася пад Польшчай. Там праз паўтара кіламетра ад мяжы яе родная вёска Завулак…

А. А.: Маму тваю як звалі?

В. Б.: Ганна Рыгораўна. За мяжой застаўся яе брат, той, што лавіў рыбу, яна ўвесь час па ім гаравала, як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і без хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасцігнутая ў надта раннім узросце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000 г.).

Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж наадварот — дужа мяккая і жаллівая, я ніколі не чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасцю. І я лічу, што гэта кепска.

А. А.: Чаму?

В. Б.: Ну, ведаеш, жыццё ўсё ж бязлітасная штука, і да яго патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта мяккага, што мне пасля і перашкаджала — на вайне і пасля вайны. Асабліва ў арміі, дзе найперш цэніцца звераватасць характару. Мабыць, трэба яшчэ зазначыць, што вёска наша была за якіх-небудзь два кіламетры ад мяжы з Польшчай. Канешне, гэтая абставіна накладвала свой адбітак на шмат што — побыт, палітыку, самаадчуванне людзей.

А. А.: Вы лавілі шпіёнаў і вас лавілі як шпіёнаў?

В. Б.: Так. Абсалютна правільна. Вельмі часта, дарэчы. І ў мяне шмат рамантычнага па маладосці, а таксама драматычнага звязана з мяжой. У Кублічах побач са школай была пагранічная камендатура. А каля нашага школьнага двара — канюшня і цір ці стрэльбішча, дзе пагранічнае начальства страляла з рэвальвераў. Апроч таго… Круціцца?

А. А.: Гавары, гавары…

В. Б.: Апроч таго, па дарозе ў школу і са школы можна было бачыць памежнікаў, якія ўсё кудысь ехалі — конна, групамі па два, з вінтоўкамі і шашкамі, у прыгожых скрыпучых сёдлах. Камандзіры жылі ў мястэчку.

А. А.: З сем’ямі ці?..

В. Б.: З сем’ямі, канешне. Далей, памежнікі часам паказвалі кіно — у мястэчку і ў вёсках, ну як бы шэфы. На нейкае свята на местачковай плошчы наладжвалі, памятаю, джыгітоўку на конях, шашкамі секлі лазу. Усё тое было цікава. А ўлетку купалі коней на Камароўскім возеры, мы памагалі. Не абыходзілася, канешне, без сумных падзей. Часам, памятаю, неяк узімку прымчалася пагранічнае начальства і ўсіх мужыкоў выгналі ў засады — пільнаваць парушальнікаў мяжы.

А. А.: А ўзбройвалі мужыкоў ці не?

В. Б.: Не, проста яны сядзелі ў кустоўі і падавалі сігнал, калі заўважаць каго. У канцы 20–х — пачатку 30-х з Польшчы па гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзь. Як цяпер разумею, пасля разгрому кампартыі і камсамола, хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі — як жа, яны вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы свет.

А. А.: У новы свет?

В. Б.: Так ім здавалася. Мы бачылі, як іх вядуць ранкам з застаў у камендатуру, і яны пасміхаліся. А пасля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везлі далей, і рукі іх былі закладзены назад ці, можа, звязаныя, яны не пасміхаліся. Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічніка, і яго хавалі ўсім раёнам на кірмашовай плошчы ў Кублічах. (Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма пасля разгрому кампартыі і камсамола свае ў мэтах прафілактыкі, як гэта яны здаўна рабілі ў нас.) Усё тое афарбоўвала маё дзяцінства ў часам ненатуральныя, звыродлівыя колеры. Асабліва, калі мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеі… Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце.

Хата тая і дасюль стаіць, пасля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць…

А. А.: Падшыванцаў?

В. Б.: Ну, якія падшыванцы, драбната. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка з вёскі Дарошкавічы. (Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым.) Я ўжо казаў, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсць год. Сяджу адзін дома. А ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў там з ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, якога я ўжо згадваў, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро…

А. А.: Зрабіў ручку.

В. Б.: Так. І пачаў я вучыцца. Відаць, да гэтага часу, а можа, трошкі раней і адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай.

А. А.: Пачакай, ты згадваеш Валодзю Галавача, але ты пра яго не гаварыў да гэтага.

В. Б.: Ён мяне на возера вадзіў.

А. А.: А, гэта той хлопец…

В. Б.: Той самы. Дарэчы, цяпер ён жыве ў суседніх Селішчах. (Памёр у 1999 г.) Пачаў я тады вучыцца. Яшчэ чытаць не умеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова — і плакала Рыва… А ў школе… Прынёс неяк настаўнік некалькі кніжак дзіцячых, пачаў раздаваць для чытання — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда — не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка, абдзяліў лёс на першым этапе. У другі клас пайшоў ужо ў другую вёску — у Двор Слабодку, гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з верандай, кафельнымі грубкамі і вялікімі вокнамі. Вучыў нас, малых, малады настаўнік Сцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пенсіі, доўга працаваў у Браславе. Быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі. Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасля прыйшоў другі — Сяргей Сцяпанавіч Новікаў, паходжаннем з нашае вёскі. Гэта ўжо быў супрацьлегласць ранейшаму, даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага іх разгрому, названага пасля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучання, вельмі ён напіраў не на мову ці арыфметыку, а на грамадазнаўства, ну, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было два класы — два рады партаў. Калі ў адным класе вусны ўрок, дык у іншым пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшым класе. Неяк так сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто не можа адказаць на нейкае пытанне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сцяпанавіч мяне выклікае, а пасля сарамаціць старэйшых за тое, што яны не ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго там табе сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацвёрты клас…

А. А.: А хіба так можна было рабіць без райана?

В. Б.: Мабыць, можна, калі ён так зрабіў. Хаця тое мне не пайшло на карысць. Бо скончыў я чатыры класы ў дзесяць год, што далей? Сярэдняя школа ў Кублічах, за тры кіламетры, дык бацька і кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзіць? Хадзі ў Слабодку».

А. А.: Ты малога росту быў?

В. Б.: Малога, канешне. Зноў жа — абутак, адзенне… І пайшоў я зноў у чацвёрты клас, абы вучыцца. Значыць, у трэці клас я хадзіў паўгода, а ў чацвёрты два гады. Пасля пайшоў у Кублічы, дзе была сярэдняя школа і куды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі. У Кублічах, як у кожным беларускім мястэчку, тады было шмат яўрэйскіх дзяцей, з якімі мы разам і вучыліся, і сябравалі. У нашым класе палова вучняў былі яўрэйскія рабяты. Я сябраваў з братамі Свярдловымі — Мэерам і Лейбам. Мэер быў старэйшы, ішоў на два класы наперадзе, а з Лейбам мы хадзілі ў адзін клас. Загінуў мой Лейба-Лёва ў 41 годзе, расстраляны разам з усімі кубліцкімі яўрэямі ў Вушачы, а Мэер жыве ў Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, і мы разам ездзілі ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося і следу ад хаты Свярдловых. Ды і наогул мала што засталося ад Кубліч — усё пабамбілі, папалілі, панішчылі ў вайну… А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах з XVI стагоддзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысцілі і дзе я пазнаў першае прычасце. Была таксама сінагога, школа і нават пажарная побач з царквой, аптэка, кузня. Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Спярша ён проста прымыкаў да плошчы, а пасля яго абнеслі высокім дашчатым заборам з колам на рагу — у выглядзе турэлі, на якой мясціўся ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалі новую, неблагую школу, але садралі крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенціры для «міравой буржуазіі», якая толькі і марыць, каб разбурыць Кублічы. Але бурыць іх пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянеры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. І мы, піянеры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пергаментаў ветраных змеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбецейкі, у якіх шмат год хадзілі ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены, цяпер гэта захудалая вёска з некалькімі сілікатнымі будынінамі.

А за лесам (параснікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка Селішчы, то ўжо быў каталіцкі цэнтр рэгіёна з вялікім касцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белай бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там былі каталіцкія могілкі з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. А ў сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура ангела-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, не ведаю чаму. Цяпер Селішчы — таксама захудалая вёска з пабураным касцёлам і бязладнымі могілкамі.

Поделиться с друзьями: