Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А. А.: Што, корпус цэлы паклалі?
В. Б.: Можа, і корпус, не ведаю. На ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі, наперадзе бураковая ніва, а далей сяло вялікае. Ноччу мы адтуль прыйшлі. А затым ішла кавалерыя, шмат кавалерыі, дагэтуль бачу запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл… Ты ж ведаеш, які ўлетку на Украіне пыл на дарогах. Яны, відаць, ішлі здалёку, удзень вісела нямецкая авіяцыя, увесь час іх бамбіла. Наваколле ўсё гарыць… А яны ўзброеныя так: вінтоўка за спіной, шашка, процівагаз, перакідныя сумкі ля сёдлаў…
А. А.: А пік не было?
В. Б.: Пік не было. Мне запомніліся конскія процівагазы. На сядле такая сумка вялікая і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска — надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе не было. Дык вось на світанні яны кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусцілі іх даволі блізка, пасля… З кулямётаў яны наладзілі ім такое, што Божа мой! Праз якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. І вось бяжыць конь у пене, без седака, а то сядок вісіць уніз галавой у стрэмі. Конь падае, б’ецца, з ягонага бруха вывальваюцца вантробы, ды яшчэ кішка гэтая процівагазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Карацей кажучы, хуценька мы адтуль драпанулі — усе, пешыя і коннікі, — у лясок, атака захліпнулася і болей яе не паўтаралі. Танкі пайшлі далей. Потым яшчэ было нямала такога ж бязладнага і дурнога. Мы будавалі для камандуючага маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве не трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, так, адны рэшткі.
Апынуліся на станцыі Гразі, там усчалася перафарміроўка. І тут аказалася, што па тылавых законах 23 год нараджэння прызываецца, а 24 — яшчэ не. І вось нас усіх, хто быў з 24 года, сабралі разам. А трэба сказаць, што такіх набралася няшмат, бо ўкраінцы не дурні, яны далёка ад дому не адыходзілі, звычайна вярталіся. Ну, а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кіламетраў, не дойдзеш. І я змушаны быў цягнуцца з усімі. Дык, значыць, сфармавалі з маіх аднагодкаў калону, выдалі па тры буханкі хлеба і, як былі, у зашмальцаваных ватоўках, пілотках выправілі ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнікаў — каб не разбегліся. Ішлі ў Саратаўскую вобласць…
А. А.: Пехатой перлі?
В. Б.: Пехатой усю дарогу.
А. А.: Нічога сабе — пехатой! А карміліся самапасам?
В. Б.: Ведама ж. Ну, сяляне часам кармілі, усё ж то быў тыл, і шмат у каго мужчыны былі на фронце, людзі спачувалі ваенным. Тым больш такім жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нічога нам не надаралася, а ў сёлах трохі інакш. Пакуль дайшлі да Саратаўшчыны, абнасіліся і абязножылі. Чаравікі мае сталі такія, што і парцянкі вылезлі. А тут пачаліся халады. Цёплага ж на нас не было нічога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалік і ўсё. Нарэшце дабрылі да станцыі Салтыкоўкі, гэта ў самым канцы 41-га года. Там нас размеркавалі па калгасах. Мы з адным хлопцам Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкім) трапілі ў недалёкі калгас, здаецца, імя Камінтэрна. Там мы праседзелі ў калгаснікаў амаль усю зіму 42 года.
А. А.: А што рабілі? Як калгаснікі працавалі?
В. Б.: У калгасе нічога не рабілі, бо што мы маглі рабіць босыя? Усё ж там маразы, дай Божа!
А. А.: А хто карміў?
В. Б.: Калгас выдзяляў проса па кілаграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы. Атрымаць пшано. У сям’і, дзе я жыў, былі гаспадар-камбайнер, які меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка і бабка. Бабуля гэтая, светлая ёй памяць, і варыла для мяне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна.
А. А.: А ты — адным просам?
В. Б.: Не просам — пшаном. Харчаваўся пшоннаю кашай, што па тым часе зусім няблага. У нас да вайны то быў амаль далікатэс. Памятаю, у Віцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было… Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есці… Малады ж быў. Трудная была тая зіма, сцюдзёная, а галоўнае — даймала адзінота, адарванасць ад звыклых мясцін, ад радзімы, што апынуліся пад акупацыяй. Бывала… Нашаю з Лёшкам задачай было забяспечыць гаспадароў палівам — бадыллём сланечніку, што застаўся пад снегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскіх бурак на двух. І вось часцяком (разы два-тры на тыдні) едзеш з санкамі ў стэп, пералазіш яр і наломваеш там мёрзлага бадылля, вязеш яго ў сяло. З цяжкім возам перабрацца цераз крутыя схілы было няпроста, добра нарвеш кішкі. А як вылезеш мокры ад поту, успомніш свой роў ля роднае вёскі, паглядзіш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзімая старонка, і ўжо не стрымаеш слёз. Тым болей, што вакол расхінуўся марозны стэп, ніхто тут цябе не бачыць, можна не саромецца. Адзінота, закінутасць, адчуванне поўнага сіроцтва — балючыя самотныя пачуцці, якіх да таго перажываць не даводзілася. Першы, але не апошні раз было тое…
А. А.: Так, цікава, цікава…
В. Б.: Не сказаць, што да нас там адносіліся кепска — як і да ўсіх. Але на нейкім часе стала нам нязмогла, і мы з Лёшкам вырашылі рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былі партызаны. Зноў жа фронт, жахі якога памалу сталі забывацца, і захацелася туды. Аднойчы і рванулі. Ды недалёка. Наіўных уцекачоў на захад затрымалі на першым жа чыгуначным мосце, вярнулі ў раённы НКВД у Рцішчаве. Як мы выбавіліся адтуль — асобная гісторыя, можа, раскажу калі-небудзь. Не цяпер…
Дажылі там да вясны, а затым, здаецца ў красавіку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗН. Вядома ж, мясцовым сваіх шкада, прызначылі нас, а нам толькі таго і трэба. І вось мы з Лёшкам зноў апынуліся у ФЗН, на гэты раз недалёка, у Аткарску… Дарэчы, нялішне зазначыць, што шмат каму з перадпрызыўнай моладзі тыя ФЗН далі часовы, але неабходны хлеб і прытулак, сталіся, так бы мовіць, прафесійнай акадэміяй, нярэдка апошняй у жыцці. Бо хутка затым — прызыў, фронт і канец усяму. Толькі і ўспамін з цывільнага жыцця — невялічкая групка равеснікаў, самотных фэзэушнікаў…
А. А.: Ну, дык паехалі далей…
В. Б.: То была чыгуначная школа, вучыўся я там на пуцейца: рамонт пуці, падбіўка шпалаў, разводка… І гэта першую палову лета 42-га года. Надта спякотнага, дарэчы, здаецца ў нас такой гарачыні не бывала. Было трудна, мазалі на далонях ад кувалды і рыдлёўкі. Затое кармілі, тое тады было важна. Ну, а ў жніўні 42-га прызыў хлопцаў 24-га года нараджэння і адразу — у запасны полк пад Тацішчавам. Тое паселішча вядома шмат каму, многія там спасцігалі вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнічаў, відаць, ці не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкія і сяржанцкія — для перамогі. Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасня мяне накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Пачаліся вучэбныя будні. Ужо там дасталося, як не даставалася нідзе і ніколі. Кожны дзень 10 гадзін заняткаў — рэдка ў класах, болей на плацы і ў полі — у спёку, дождж і мароз у нашых класічных шыняльках на «рыбіным мяху». Апроч таго абаронныя работы пад горадам — немцы ж ужо падышлі да Саратава і бамбяць яго кожную ноч. У асноўным цалялі ў камбайнавы завод, які на той час рабіў самалёты, і ў нафтаперагонныя крэкінгі. Нас на ноч кідалі на дзяжурства — ліквідоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыі працягваўся і пад бамбёжкай. Гэта выглядала так: як толькі сцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае САБЫ — асвятляльныя бомбы. На зямлі ад іх, бы ад сонца, а ў небе не відаць нічога. І пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзіць. І вось нам яшчэ трываць можна, мы сядзім у шчылінах, ну, калі загарыцца — тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былі і ў нас ахвяры. Але гэта нішто ў параўнанні з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкінгах з іх вялізнымі ёмкасцямі нафты. Там усё палыхае, не сціхаючы ні ўдзень, ні ўначы. І хлопцы гараць, няма чаго і хаваць. Цэлыя аддзяленні, узводы не вярталіся з гэтага мора агню. І так амаль да зімы. Зімой толькі тое спынілася, як немцаў акружылі пад Сталінградам. Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кінулі пад Сталінград. Пешым маршам мы дайшлі да Камышына, у Камышыне нас ператрэслі, палову з кожнае роты пакінулі, а палову паслалі на падмацаванне Сталінграда. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым ліку і я. А мой таварыш з Беларусі Іваноў пайшоў у Сталінград і, вядома, адразу ж загінуў там. Пасля вайны спрабаваў знайсці ягоных родзічаў. Але ж… Івановых у нас дужа многа. Пасля яшчэ было нямала выпадкаў, калі ноччу па трывозе паднімаюць роту, выстрайваюць і зачытваюць спісы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.
А. А.: А вучылі вас на каго?
В. Б.: На камандзіраў узводаў. Пяхотнае ж вучылішча. Пра камандзіраў я мог бы расказаць — розныя былі. Камандзірам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавіта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылішча, дайшоў да выпуску. Неяк па-зямляцку ён мяне прытрымліваў. Можа, як земляка, якіх там было дужа няшмат, а можа, таму, што вучыўся я і вучылішча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалі, з чырвоным дыпломам. Але тады толькі павесілі маё фота на ганаровую дошку выпускнікоў… Запомніўся інтэлігентны выкладчык тапаграфіі, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамесцвенскі, на той час ужо інвалід вайны. Камандзірам батальёна быў маёр Анціпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалі, скарыстоўвалі ў тыле, але гэта быў ладны камандзір, з традыцыямі старога царскага афіцэра. Чаго не скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава і Цімашэнкі. Ды Бог ім суддзя. Яны пасылалі на пагібель іншых, але трэба зазначыць, пасля і самі гінулі, што трохі іх выбачае…
А. А.: А ты ў якасці выкладчыка не быў там, у вучылішчы?
В. Б.: Ды не. Як жа я мог…
А. А.: Проста вучыўся, так?
В. Б.: Так. Увосень 43-га прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і паслалі на фронт. Даволі доўга ехалі па чыгунцы, у цяплушках і прыбылі на Дняпро, на ўжо адбітыя пад той час плацдармы. Так што фарсіраваць Дняпро мне не давялося. Але і за Дняпром хапала пекла, у якое мы трапілі. Найперш няўдалае наступленне на Крывы Рог, адкуль нас турнулі немцы. Кіламетраў 60 наша пяхота і танкі адступалі на поўнач. Пасля, трохі перадыхнуўшы, завязалі баі за Александрыю і Знаменку…