Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А. А.: Ты ў якасці пяхотнага лейтэнанта, так?
В. Б.: Так, у якасці камандзіра стралковага ўзвода. Пачалася зіма, сцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс. Танкам таксама хапала, гарэлі, бы свечкі.
А. А.: А колькі пад тваім камандаваннем змянілася пехацінцаў-салдацікаў, пакуль ты камандаваў?
В. Б.: Цяжка сказаць. Але мы кожны тыдзень атрымлівалі папаўненні.
А. А.: Гэта значыць колькі чалавек?
В. Б.: Можа, чалавек 60. Ведаеш, сістэма была такая.
Скажам, удзень мы вядзем бой за сяло, а сёлы ж ва Украіне вялікія. Пад вечар выбілі, немцы пайшлі. А мы прыйшлі…
А. А.: І пабралі мужычкоў?
В. Б.: Так. Але ж мы ў сяле не спынімся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хіба забяжыш, схопіш дзе кавалак хлеба, калі ён ёсць, якая цётка дасць цёплага бурака, і — зноў у поле. Зноў бой і агонь — выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. І крыкі начальства, мат-перамат асабіста і па тэлефоне. Аж пакуль немцы не спыняцца ў суседнім сяле. Тады і мы спыняемся ў полі. А ў гэты час ззаду, у занятым сяле дзейнічаюць тылавыя службы, штабы і палявыя ваенкаматы. Гэтыя збіраюць усіх, хто тут сядзеў з 41-га года. Аказваецца, такіх нават зашмат, партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш збяруць у стэпе вінтоўкі, што засталіся каля забітыхпараненых. Забітых яшчэ не пахавалі, а іхнімі вінтоўкамі ўжо ўзбройваюць прызыўнікоў. Абмундзіроўкі няма, і яны так, у хатнім, з сідарамі за спіной ідуць ужо ў ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзіць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.
З камандзірамі тое ж самае, кадравых мала. Памятаю, у нас у роце былі толькі два афіцэры — я і камандзір роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар паспее перапісаць прозвішчы, а то ідуць безыменнымі. І гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такі быў улік. Не было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасць мелі. А за людзей адказваў Гасподзь Бог…
Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога не скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў з іхніх састарэлых «драгунак», якімі мы дужа ганарыліся, рабіць 6–8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў, колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Іхнія мінамётчыкі ўмудраліся навешваць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Праз дзень-другі або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш. Славутыя «кацюшы» ўжывалі рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапаса патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя — саракапяткі ды 76-міліметровыя гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.
Аднойчы, пад новы год, я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла — за сціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі — некалькі скрынак. Як страляць з такога роду гармат, нас у вучылішчы трохі вучылі. І я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце у недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сцірты.
Пасля невялікага перадыху пачалася Кіраваградская аперацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць». На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі паспяховая аперацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча — салдата з заснежанага поля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў, на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк, загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёна капітан Смірноў, камандзір палка маёр Казар’ян, дзясяткі салдат ды іншых афіцэраў. Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Наступалі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калонай — у стэп, лезлі як мага ўглыб, дзе можна пралезці. Дзе пускаюць немцы. Спаць няма ніякай магчымасці, нельга ніводнай гадзіны. Гэта таксама феномен, вынаходства савецкай ваеннай навукі — прымусіць салдатаў абыходзіцца без сну, думаецца, ні ў адной арміі так не ўмеюць. І вось ідзём сонныя па стэпе, заснежанай дарогай, шмат хто спіць на хаду, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы, памятаю, я ледзьве не зайшоў да немцаў.
А. А.: Сонны?
В. Б.: Ішлі, ішлі, і я выключыўся.
А. А.: Я ведаю. Хадзіў таксама.
В. Б.: Дарога замеценая, але снег не глыбокі. І вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. А наперадзе сцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. І раптам чую: Куды прэш? Лажысь! Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны ўжо пачалі джгаць трасіруючымі ў наш бок. А я…
А. А.: А ты ідзеш і не чуеш?
В. Б.: Я выйшаў з калоны і іду сабе па дарозе. Калі б не гэтыя разведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў.
А. А.: А колькі ты, сонны, адышоў ад сваіх?
В. Б.: Ну, адышоў недалёка. Можа, метраў дзвесце.
А. А.: І так тупаў гэтыя дзвесце метраў?
В. Б.: Звычайна наперадзе камандзіры і разведчыкі. Гэтым разам яны, відаць, згледзелі небяспеку і пачалі разгортванне.
А. А.: А ты па дарозе шпарыш?
В. Б.: А я пайшоў, як ішоў — па дарозе.
Потым зноў ішлі паначы, помню — шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штаба палка завёў нас не туды, спыніліся Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціра, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генерал, не ведаю, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на снезе. Пасля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася то Вялікая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хат нейкія ямы, з якіх, відаць улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як развіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага горада Кіраваграда. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы.
Нам весці агонь было далёка, а немцы з цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле.
У нас страт не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палка. Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёна капітан Смірноў загадаў выстройвацца ў паходную калону, павёў яе кудысьці ў стэп.
Пасля агнявога напружання трохі адпусціла, стала на душы спакайней. І вось мы ідзём, у стэпе даволі светла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наезджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту.
Ён старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў і таму яго паслалі ў пяхоту — на перавыхаванне. Наперадзе ідуць камандзір батальёна, далей разведка, а мы ў сярэдзіне калоны.
Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, а тут быццам ціха. Раптам гляджу — побач у зарасніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не паспеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі — трасіруючымі па ўсёй калоне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўраганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца злева ад дарогі, іншыя справа.
А. А.: І тут давялося ісці насустрач стральбе?
В. Б.: Насустрач не насустрач, а з дарогі давялося збегчы.
Можа, крокаў дзесяць прабег і ўпаў на снег. У мяне быў аўтамат, але пры ім толькі адзін магазін. Раскажу, чаму адзін. Перад наступленнем кінулі нам невялікае папаўненне з тылавых падраздзяленняў. У нашу роту далі адзін ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўтамат, але без патронаў…