Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
— Ваши повести очень «кинематографичны» — в них есть острый сюжет, ярко вычерчен главный образ, высвечена высокая нравственная проблема, словом, — все, что нужно для фильма. Как, на ваш взгляд, сложилась кинематографическая судьба героев повестей?
— Неважно. Я не могу назвать ни одного фильма, в котором не обнаружил бы невосполнимой растраты самого главного, чем я всегда дорожу, — правды войны. «Альпийская баллада», «Третья ракета» страдают схематичностью, что уже само по себе убивает непосредственность мыслей и поступков героя, превращает его в носителя ходульных истин без малейших допусков плюс-минус. Но я все же верю в силу настоящего искусства. Сейчас на «Мосфильме» режиссер Лариса Шапитько снимает фильм по «Сотникову». Мои встречи с режиссером, беседы, совместная работа над сценарием дают мне право надеяться, что этот фильм может стать вровень с правдой войны.
— Поскольку разговор сам собой зашел о творческих замыслах вообще, уместно, думается, спросить вас, Василий Владимирович, что мы вправе ожидать от вас в ближайшие годы.
— Я не любитель афишировать свои планы. О замыслах я вообще предпочитаю молчать. Это ведь область сокровенного.
Если же сказать в двух словах, то это будет повесть о партизанах. Место действия — Белоруссия. Время — 1943 год. Мне думается, что партизанское движение — это пока еще нетронутый литературой пласт войны, и разработка его сулит нам, писателям, открытия, значение которых в полной мере сегодня просто трудно предопределить. Пружиной повести будет все та же проблема доброты и человечности в условиях самой ожесточенной борьбы. Вот и все, что могу себе позволить сказать о замыслах. Пишется трудно — слишком огромен материал, на котором строится повесть.
Беседу вел А. Воробьев.
[1976]
Гады, аддадзеныя мастацтву
Народнаму артысту БССР Мікалаю Мікалаевічу Яроменку споўнілася 50 гадоў, 28 з якіх аддадзена сцэне.
Сваё творчае жыццё М. Яроменка пачаў яшчэ навучэнцам тэатральнай студыі пры Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. За час работы ў тэатры імя Якуба Коласа акцёр стварыў цэлую галерэю каларытных вобразаў у спектаклях класічнага, зарубежнага і сучаснага рэпертуару. Сіла духу, цэласнасць натуры, упэўненасць у перамозе дабра — вось асноўныя рысы характараў яго герояў. Інсараў у інсцэніроўцы паводле рамана Тургенева «Напярэдадні», Азорыч у драматычнай паэме П. Глебкі «Святло з Усходу», Бахіраў у інсцэніроўцы паводле рамана Г. Нікалаевай «Бітва ў дарозе» і іншыя ролі, створаныя акцёрам, вылучылі М. Яроменку ў шэраг вядучых, цікавых акцёраў тэатра.
Вялікім дасягненнем у яго творчасці стала роля Бахірава. У гэтай рабоце акцёру ўдалося праўдзіва паказаць складанае інтэлектуальнае жыццё сучаснага чалавека, узняць праблемы, якія хвалююць.
У Віцебскім тэатры М. Яроменка вырас да сталага майстра сцэны. Яго працавітасць і патрабавальныя адносіны да сябе прыносілі жаданыя вынікі. Гады, праведзеныя ў гэтым тэатры, былі насычаны цікавымі пошукамі.
У 1959 годзе М. Яроменку запрашаюць у Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Адным з вышэйшых дасягненняў яго на сталічнай сцэне з’явілася стварэнне вобраза Канстанціна Заслонава ў аднайменнай п’есе А. Маўзона. У гэтай рабоце вялікую дапамогу акцёру аказаў народны артыст СССР Б. В. Платонаў, які з любоўю перадаваў М. Яроменку свой вопыт і майстэрства. Акцёр з велізарнай стараннасцю падышоў да работы. На кожную рэпетыцыю ён прыносіў штосьці новае. Тыя складаныя псіхалагічныя працэсы, якія адбываліся ў душы Заслонава, акцёр даносіў з вялікай сілай і дакладнасцю. Ролю Заслонава М. Яроменка праводзіць на кантрастах. Вялікая стрыманасць, як бы прыглушанасць пачуццяў — і раптам моцны выбух пачуццяў. Вобраз, створаны М. Яроменкам, вызначала незвычайная душэўная прыгажосць, грамадзянскі пафас. Гэта роля стала вялікім творчым узлётам акцёра і прынесла яму заслужаны поспех. У 1967 годзе М. Яроменка быў удастоены высокага звання народнага артыста БССР.
М. Яроменка на працягу раду гадоў быў сакратаром партарганізацыі тэатра. Ён заўсёды вядзе вялікую грамадскую работу. Яго, актыўнага члена мастацкага савета тэатра, пастаянна хвалявалі і хвалююць праблемы рэпертуару, рэжысуры, выхавання маладой тэатральнай змены. Ён шчодры на параду, заўсёды гатовы падзяліцца вопытам.
Цяпер М. Яроменка — адзін з папулярнейшых беларускіх кінаакцёраў. Гэту славу стварыла яму перш за ўсё роля Паўлава ў фільме С. Герасімава «Людзі і звяры». Праўдзівы вобраз, створаны М. Яроменкам, усхваляваў сэрцы гледачоў. Акцёр стварае яркія вобразы ў многіх іншых фільмах. Ён іграе Русакова ў фільме «Масква — Генуя», Івана Макаравіча у «Пагоні», Бутрова з «Прарабскага ўчастка», бальшавіка Ваўліна ў «Крушэнні імперыі», бацьку ў «Іване Макаравічу» і рэвалюцыянера ў «Вечным клічы»…
За 28 гадоў работы Мікалай Яроменка сыграў каля 90 роляў у тэатры і больш за 30 — у кіно. Але як на сцэне, так і ў кіно работу артыста заўсёды вызначае самабытнасць, свой уласны почырк. Акцёрскаму таленту М. Яроменкі ўласціва імкненне ствараць цэласныя натуры, чые жыццё падпарадкавана адной мэце, адным пачуццям.
[1976]
Два апавяданні
Віктар Астаф’еў — адзін з самых таленавітых празаікаў Расіі, прадстаўнік пакалення, у юнацтве абпаленага вайной, былы радавы-сувязіст, цяжка паранены на фронце. Перш чым узяцца за літаратуру, Астаф’еў перабраў шэраг прафесій — ад грузчыка да журналіста, спазнаў усю нялёгкую слодыч фізічнай працы. Ужо яго першыя апавяданні вызначаліся глыбінным веданнем жыцця, тонкай назіральнасцю і разуменнем псіхалогіі маладога чалавека, нядаўняга франтавіка. Аповесць пра вайну «Зоркапад» прынесла яму ўсесаюзную вядомасць, неўзабаве падмацаваную новымі аповесцямі «Кража», «Пастух і пастушка», «Апошні паклон».
Амаль ва ўсіх творах В. Астаф’ева жыве непатольная любоў да прыроды Поўначы і роднага пісьменніку Урала. Застаючыся выдатным рэалістам, Астаф’еў у многіх сваіх творах узнімаецца да высокага асэнсавання тэмы мінулай вайны, прыроды, жыцця чалавека.
[1976]
[Адказы на пытанні ўдзельнікаў літаратурнага семінара ў Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах]
— Гадоў дваццаць назад я таксама быў на такім семінары. Толькі, здаецца, нас тады было менш. Самае галоўнае, чым мне запомніўся той семінар, гэта — разгляд твораў. Пачынаючыя пісьменнікі яшчэ не навучыліся хітраваць і праўду кажуць не тоячыся.
Ці хто прывёз з вас і аповесць?.. Адну? Ну і добра, што не многа. Бадай, лепш пачынаць з апавяданняў. Сёй-той з маладых, асабліва калі ён атрымаў адукацыю і мае некаторы жыццёвы вопыт, лічыць, што трэба адразу пісаць раман. Увогуле гэта натуральнае адчуванне, і чалавеку здаецца — каб стварыць раман, трэба паўней расказаць пра сваё жыццё, уклаўшы яго як найменей у тры-чатыры тамы. Я ведаў аднаго такога чалавека, які звёў амаль пятнаццаць гадоў на шматтомны раман — і нічога не атрымалася. I ён ездзіў па Савецкім Саюзе, прасіў дапамогі і не верыў у няўдачу. Праўда, нядаўна ён прыслаў пісьмо, піша, што раман будзе перарабляць у аповесць.
Таму я хачу паўтарыць — лепш пачынайце з апавядання. А тады бярыцеся за аповесць або раман. А можа, хто так і застанецца апавядальнікам. Лічу, што па шэрагу прычын самы ёмісты і чытабельны жанр — аповесць. Некалі і Твардоўскі прызнаваўся, што з празаічных жанраў яму больш да душы невялікая аповесць.
Раман і аповесць стаяць вельмі блізка, розніца паміж імі невялікая. Жанравае адрозненне?.. Канечне, яно не бясспрэчнае. Але, па-мойму, галоўнае ў іншым. Раман абавязвае да больш шырокага паказу праўды часу. Аповесць жа мае права даць нейкую частачку гэтай праўды. Ёсць і іншыя цікавыя жанры, бываюць змешаныя, але тым не менш значныя творы. Узяць тое ж эсэ. Зрэшты, жанравая прыналежнасць, чысціня жанру — не самая важная праблема. Абы твор быў значны па зместу і з цікавасцю ўспрымаўся чытачом.
Адносна цікавасці. Калі глядзіце сумную, незаймальную кінакарціну і вам не цікава, — лічыце, яна няўдалая. У прозе ўсё больш складана. Твор можа быць значны, а чытацца без асаблівай займальнасці. Можа быць наадварот: за знешняй займальнасцю хаваецца банальнасць характараў і сітуацый — я такі твор да канца не чытаю. Але з цікавасцю чытаю твор, у якім ёсць нешта большае, чым займальнасць — унутраная займальнасць, драматызм думкі! Вядома, гэта мае суб’ектыўныя адносіны, у іншых пісьменнікаў і чытачоў успрыманне можа быць іншае.
— З пісьменнікаў на ваенную тэму каго Вы асабліва высока цэніце?
— Літаратура — не спорт, дзе можна паставіць людзей на старт, і секундамер з вычарпальнай катэгарычнасцю вызначыць канкрэтнае месца кожнага на прыступцы п’едэстала. Літаратура ўвесь час у руху. Канечне, ваенная літаратура мне бліжэй за іншыя, і яе выдатны ўзлёт у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў звязаны для мяне перш за ўсё з імёнамі Рыгора Бакланава і Юрыя Бондарава. Праўда, пасля яны адыходзілі ад ваеннай тэмы і пісалі не толькі пра вайну: адзін стварыў «Сяброў», раман пра мірнае жыццё, другі — «Бераг», дзе мірны і ваенны час перапляліся. З твораў апошніх год я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на раман Сяргея Круціліна «Акружэнне», надрукаваны ў «Нашем современнике», дзеянне якога адбываецца на Волхаўскім фронце. Аўтар добра расказаў пра палкі і дывізіі адной нашай арміі, што трапілі ў акружэнне. У беларускай літаратуры я мог бы назваць новы раман Івана Чыгрынава «Апраўданне крыві» — там вельмі шмат каларытных вобразаў дзядзькоў, жанчын, жывапісна ўзноўленых канкрэтных бытавых сцэн. У Паўла Місько з’явіўся цікавы раман «Мора Герадота». Вялікую і заслужаную вядомасць набыла кніга Адамовіча, Брыля, Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» — хоць яна і створана па законах іншага жанру.