Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Як сонца схавалася за вершаліны хвояў, салдат выкінуў з вады невялічкага акунька — і ўсё. Болей да самага зьмярканьня нічога ў яго не ўзялося. На вадзе ўжо цяжка было ўгледзець нерухомы паплавок, і хлопец зматаў вуду.
— Ну-у… А я думаў! — расчаравана сустрэў яго бамж, лежачы ля цяпельца. — Значыцца, такое тваё шчасьце…
— Не клявала зусім.
— Гэта яна як калі. Неяк за раньне я вывудзіў шэсьць штук. А пасьля два дні ніводнай. Проста злосьць бярэ. Але й жраць хочацца…
— А болей тут — нічога? — папытаўся салдат.
— А што ж тут яшчэ? Грыбоў, ягад няма — яшчэ рана. Зьверына ўся сышла прэч. Людзей адсялілі. Што беглым бамжам застаецца?
Так, мусіць, няшмат застаецца беглым бамжам-дэзэрцірам, згодна падумаў салдат. Але што можна было зрабіць, каб здабыць харчу, ён ня ведаў, як ня ведаў таго й бамж. Зрэшты, той, мабыць, і ня надта клапаціўся пра ежу.
— Тут, знаеш, такое дзела: менш будзеш есьці — даўжэй пражывеш, — не зразумець, жартам ці насур’ёз зазначыў ён. — Менш радыяцыі спажывеш. Так што нам голад карысны.
Не, з тым салдат ня мог пагадзіцца, — ён і так згаладнеў дарэшты, а сілы ад таго не паболела, — паменшала, гэта пэўна. І ён усё думаў, дзе каб што зьесьці. Але цяпер ля рэчкі зьявілася надзея, і ён не хацеў нікуды адсюль ісьці.
Як стала цямнець, бамж падняў з долу вудзільна і адвязаў ад жылкі кручок, які акуратна зачапіў за падклад кухвайкі.
— Трэба берагчы, а то… Спаць хочаш?
— Ня дужа, — адказаў хлопец.
— Дык пільнуй агонь. А я кімарну пару гадзін.
Бамж на кукішках палез у цесны лаз свае зямлянкі ў абрыве, а салдат застаўся ля касьцярка.
Ён патроху падкладваў ў вагонь сухія хваёвыя палкі, санлява сачыў, як паволі, але настойліва між дрэваў тачыліся, большалі, убіраліся ў сілу, каб затым пачаць мізарнець, лянівыя языкі полымя. Тады зноў трэба было падкласьці. Часам на хлопца шугала дымам — ад подыху ветру з рэчкі. Наўкола панавала цемра; чорнай рачной затокі адсюль было ўжо й ня згледзець. Адно няроўна сьвіціўся — то ярчэў, то цямнеў — невысокі пяшчаны абрыў з нарой побач. Бор уначы амаль перастаў шумець, і навакол зрабілася аж занадта ціхмана.
На хлопца зноў абвалілася звыклае адчуваньне адзіноты, і ён пачаў думаць-меркаваць пра сваё незайздроснае становішча. Зрэшты, думаў ён пра яго заўсёды, быццам намагаўся штось вырашыць. Ці што зразумець. Але ні таго, ні гэтага ніколі да канца не ўдавалася, ён ня мог выкараскацца зь нейкага разумовага тупіку, куды яго загнала жыцьцё. Ці, можа, загнаў сябе сам. Шмат было незразумелага ў ягоным недаўгім жыцьці, але адно было пэўна, — яму не пашчасьлівіла нарадзіцца дужым. Нельга сказаць, што слабаком, але й ня дужым, — такім, каб уласнай сілай абараніць сябе. Як гэта рабілі іншыя — у двары. Калі тае сілы бракуе, тады над табой будуць знушчацца іншыя, а табе толькі й спадзявацца на іхную літасьць ці абстрактную справядлівасьць. Сіле ж ня трэба справядлівасьці, яна сама сабе гаспадыня й кіруе сабой як хоча. У дзяцінстве салдата так сталася, што хлопцы з падворка былі старэйшыя за яго і ўжо таму дужэйшыя, якія ня грэбавалі тым, каб пазьдзеквацца зь яго. Калі трэба было куды па што зьбегаць, пасылалі яго, калі ў яго паяўляўся ножык, можна было яго адабраць. Ці папрасіць паглядзець і не аддаць. Ашукаць таксама можна было. Бо, апроч таго, што ён слабейшы за іншых, ён яшчэ скардзіцца не пабяжыць, бо яму не было на каго скардзіцца — ён ня меў бацькі. А пасьля ў яго ня стала й маці.
Дзяцінства для яго выдарылася мала шчасьлівае, нават пакутнае; асабліва, як ён страціў бацькоў і застаўся адзін з старой, нямоглай бабуляй. Пасьля, у інстытуце, што-нішто для яго зьмянілася да лепшага, ён шчыра памкнуўся да ведаў, набыў самастойнасьць і па магчымасьці адасобіўся ад калектыву, які яго ніколі ня вабіў. Але пасьля прызыву ў войска ўсё горшае да яго вярнулася: і гаманкі, мітусьлівы калектыў у казарме, і абсалютная залежнасьць ад нахабных, самазваных салдацкіх лідэраў. Апынуўшыся пасьля «вучэбкі» ў палку, ён думаў, што тут будзе інакш, што тут яны ўсе роўныя, і афіцэры будуць ставіцца да іх справядліва. Афіцэры, можа, і ставіліся да ўсіх справядліва, але афіцэраў было няшмат, і тыя былі занятыя ўласнымі афіцэрскімі справамі. Салдатамі ж верхаводзілі свае, тыя, што вылучыліся з салдацкай масы й кіравалі паводле свайго крымінальнага разуменьня. Самымі аўтарытэтнымі сярод іх былі тыя, што ўжо пасядзелі ў турме, адкуль яны прынесьлі ўласную мараль і турэмныя звычаі. Неяк перад вячэрняй паверкай сяржант Дробышаў упусьціў пад ложак свой футарал ад зубной шчоткі і, як заўжды, па-хамску загадаў салдату: «А ну, паднімі!» Замест таго, каб зараз жа выканаць загад, салдат коратка кінуў: «Сам паднімі» і тут жа паляцеў ад моцнага ўдару ў твар. Ён ня сьцяміў, што сяржант з намерам кінуў пад ложак футарал, і гэта яго няўцямнасьць каштавала салдату прыкметнага сіняка пад вокам. Назаўтра пры разводзе на заняткі камандзір роты пацікавіўся: «Што гэта ў цябе?» У страі ўсе напружана чакалі ягонага адказу, і ён, трохі счакаўшы, сказаў, што ўпаў. «Трэба глядзець пад ногі», — глыбакадумна заўважыў ротны. А непадалёк зь першай шарэнгі злосна шчэрыўся на яго сяржант Дробышаў. Салдат падумаў тады, што, напэўна, адказаў правільна, але ўжо на наступны дзень яму давялося пашкадаваць аб тым. У курылцы, дзе ён толькі прысеў з хлопцамі, паявіўся сяржант Дробышаў і моўчкі з усяе сілы выцяў яго кулаком пад дых — пачаму не ўстаеш, калі старэйшы заходзіць? Скорчыўшыся ад болю, салдат павалокся ў казарму, у той час, як іншыя моўчкі і абыякава пазіралі ўсьлед. Ніхто не заступіўся, нібы так і належала ставіцца да шараговых.
Але яшчэ горшае стала на пачатку вясны, як старшыном роты прызначылі прапаршчыка Зяленку. Гэты ўзяў за звычай таемна кучкавацца зь сябрамі пасьля адбою ў капцёрцы, дзе яны выпівалі. Часам каго-небудзь будзілі ў казарме й таксама клікалі ў капцёрку. Аднойчы пасьля поўначы адтуль выйшаў счырванелы з твару, мо нават заплаканы, зямляк Пецюхоў, моўчкі лёг на свой ложак і накрыўся з галавой коўдрай. «Што яны там?» — ціха папытаўся салдат, ды зямляк нават не адказаў і доўга яшчэ ўздрыгваў пад коўдрай ад плачу. Салдат здагадваўся пра тое, што там адбылося, але маўчаў, ужо адчуваючы, што прыйдзе чарга й да яго. Праўда, пакуль не прыходзіла, і хлопец з трывогай і страхам чакаў, калі тое здарыцца. Пару разоў ён прыкмячаў, як пад ранак з капцёркі выбрыдаў яўна п’янаваты Дробышаў, таропка распранаўся і клаўся ў свой рупна разасланы для яго ложак, — праз тры ложкі ад салдатавага. Аднойчы Дробышаў, ужо легшы, устаў і з кішэні штаноў дастаў фінку, якую, азірнуўшыся, сунуў пад матрац. Ужо ці не зьбіраўся ён каго зарэзаць уначы, засынаючы, падумаў салдат. У той момант ён ня ведаў яшчэ, што зарэзаць давядзецца самому, і з тае хвіліны ўсё ягонае жыцьцё пойдзе наперакасяк.
Яны тады стомленыя зьмяніліся з нараду, і толькі салдат заснуў пасьля адбою, як адразу прачнуўся ад моцнага штуршка ў бок, — над ім у праходзе стаяў камлюкаваты радыст Падабед. «Да прапара», — прагугнявіў ён, і салдат зразумеў, што яго клікалі ў капцёрку. Пасьля другога такога ж тумаку ён мусіў устаць, пачаў надзяваць штаны, затым боты. «Босы», — прасіпеў Падабед, і ён, памарудзіўшы, босы паплёўся па праходзе ў капцёрку.
Там яшчэ соннага й стамлёнага, з замутнёнай гідотай сьвядомасьцю яго нахабна згвалтаваў на падлозе ўсё той жа ненавісны яму сяржант Дробышаў; Падабед і Зяленка трымалі. Змучаны і зганьбаваны, як і нядаўна ягоны зямляк Пецюхоў, ён дабрыў да свайго ложка і лёг. Ён не палез хавацца пад коўдру, нават не заплюшчыў вочы і ляжаў, чакаючы свайго часу. Наўкола ў начным прыцемку казармы саплі, варочаліся, мармыталі ў сьне салдаты, і нікому не было справы да таго, што рабілася за сьцяной у капцёрцы. І салдат так меркаваў, што ня будзе справы й да таго, што неўзабаве мела здарыцца.
Усё ж ён дачакаўся таго, чаго хацеў. Праз гадзіну ці болей да свайго ложку ціха, нібы крадком, падышоў нарэшце і Дробышаў, распрануўся і лёг. Яшчэ праз кароткі час пачуўся ягоны нягучны храп, сяржант спаў. Тады салдат падняўся, надзеўся, акуратна навярнуў парцянкі, нацягнуў боты. Усё рабіў нетаропка і грунтоўна, бы цягнуў час. Заставалася надзець бушлат, але бушлат разам зь іншымі вісеў каля тумбачкі днявальнага, які там прымасьціўся кімарнуць у глухі час начы. Салдат падышоў да соннага Дробышава, паціху засунуў руку пад ягоны матрац. Не адразу, але намацаў фінку і без размаху, зь незвычайнай для сябе сілай увагнаў яе па самы тронак у левы бок Дробышава. Той толькі хрыпнуў гучней і, не прачнуўшыся, абвяў на ложку.
Ледзьве трымаючыся на дрыготкіх нагах, салдат зьняў з кручка свой бушлат і, на хадзе надзяваючы яго ў рукавы, выскачыў у калідор.
— Куды? — сонна гукнуў да яго днявальны.
— Жывот! — кінуў ён, зачыняючы дзьверы.
На далекаватую прахадную ён не пабег, за прыбіральняй у агароджы быў вузкі пралом, празь які тыя ж сяржанты хадзілі ў самаволку. Салдат вылез зь яго і па цёмным перавулку скіраваў на гарадзкую ўскраіну.
Бамж кімарнуў, як ён і казаў, ня болей за пару гадзін і недзе за поўнач задам выбраўся са сваёй нары.
Была бязьмесячная ноч, над рэчкай курэла-паўзла белаватая коўдра туману. На беразе пачувалася па-начному зябкавата, і бамж, скалануўшыся, патупаў да касьцярка, дзе, паклаўшы галаву на калені, сядзеў салдат. Бамж затрывожыўся:
— О, о! Патухае! Падкласьці трэба…
Ён падклаў у вогнішча некалькі сухіх палак, ад якіх слабы агонь і зусім захацеў згаснуць, але памалу-пакрысе стаў разгарацца. Пустэльны бераг трошкі асьвяціўся, стаў відзён блізкі абрыў і над ім — суцэльная сьцяна бору.