ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Тэлефон? — прамовіў Ступак, адчуўшы пэўную няёмкасьць пры думцы пра тэлефон, да якога ён даўно не падступаўся. Але Шпак ужо расчыніў свой кейс і нарыхтаваўся запісваць у блакноце, і Ступак назваў свой ранейшы тэлефон, якім цяпер карысталася жонка.

— Я табе пазваню.

— Звані, калі хочаш.

Яны разьвіталіся, і Ступак пайшоў сабе далей, разважаючы, што ўсё ж д’ябал ці лёс сапраўды дзеляць няроўна. Нават іх, афганцаў, што выжылі ў той дзесяцігадовай вайне, быццам бы штось заслужылі, ды апынуліся ў надта розным становішчы. Ён, ардэнаносец Ступак, вярнуўся на сваю «паштовую скрынку», як і раней, укалваць станочнікам, а гэты прапаршчык Шпак, што праседзеў два гады ў Кабульскай камендатуры, глядзі куды сігануў! Вышэй чым у КДБ. У ступаковым разуменьні вышэй, чым усемагутны КДБ, не магло быць нічога, ні ў войску, ні ў мірным жыцьці, дзе непадзельна і таемна верхаводзіў КДБ. Усё вайсковае і цывільнае начальства прызначалася толькі ім ці з ягонай згоды, абмінуць у жыцьці «органы» не было дадзена нікому. Значыць, прапаршчык каменданцкае роты Шпак быў ім болей прыдатны, чым прапаршчык дэсантнага батальёну Ступак, і кожны атрымаў паводле заслугаў. Такі вось іхні афганскі лёс. Ну але хай! Хутка стане вядома, хто чаго сапраўды варты, нявесела суцешыў сябе Ступак.

Ягоны клопат, аднак, упарта не адпускаў яго ад пэўных думак пра зброю. Ён яшчэ два разы хадзіў на базар, аднойчы прашвэндаўся там да закрыцьця і пасьля яшчэ пахадзіў па задворках, сярод прыезджых грузавікоў і легкавых машынаў; доўга стаяў ля піўнога ларка, для выгляду смакуючы піва. А сам слухаў, прыглядаўся. У аднаго каўказца нават папытаўся, нібы жартам, ці няма пушкі? Але той адразу ж спалохана шаснуў ад яго — бокам, бокам і далей. Можа, гэты гандляваў наркотай і, магчыма, прыняў яго за пераапранутага міліцыянта. Таксама было небясьпечна, каўказцы маглі і прышыць.

Вяртаўся з базару позна, як летняе сонца спаўзло за невысокія дахі хрушчовак і ўвесь падворак тануў у глухой засені. Ён ціха брыў да свайго гаражу, пазіраючы на колішнія свае вокны на пятым паверсе, дзе цяпер раскашавала ягоная жонка-банкірка. Злосьці на яе ў яго не было, хоць і не зьнікала застарэлая крыўда — яна там з генеральным дырэктарам, на мяккай тахце, з ваннай і халадзільнікам, а ён туліцца ў цесным гаражы, харчуецца абы як, за ўсё лета не памыўся нават пад душам. Ён уласнай крывёй заслужыў тую кватэру, а яна дарма карыстаецца ёю. Дзе справядлівасьць?

Яшчэ здаля згледзеў ля дзьвярэй свайго гаража дзяўчынку, дачку Ленку, якая раз-пораз стукала маленькім кулачком ў жалезныя дзьверы, нібы там хто зачыніўся. Калі ён падышоў, яна нават ня ўзрадавалася ад тае сустрэчы і, мабыць, каб хутчэй разьвітацца, сунула ў ягоныя рукі пакамечаную паперку.

— Дзядзя сказаў, каб пазваніў.

У паперцы былі шэсьць лічбаў тэлефону і ўсё. Ленка пабегла да маці, а ён стаяў, думаў: хто б гэта мог быць? Але тады прыпамятаў нядаўнюю сустрэчу са Шпаком — няйначай то ён. Значыць, штосьці прысьпічыла каменданцкаму прапаршчыку.

Каб пазваніць з аўтамату, патрэбна была магнітная картка, якой Ступак ня меў — не купляў прынцыпова, бо нікому званіць не зьбіраўся. А дадому ў сваю кватэру дачка не запрасіла, мусіць, так распарадзілася жонка. Што ж, пасьля ўсяго, што здарылася, ён туды і ня пойдзе. Ужо на зьмярканьні ля гаражу зьявіўся на сваім «Запарожцы» Аляксей, у якога Ступак пазычыў на дзесяць хвілінаў ягоную картку і выйшаў да аўтаматаў на вуліцу.

Ён прадчуваў правільна, то быў Шпак, які тут жа з уласьцівым для гэткіх людзей напорам абрынуў на яго цэлы паток словаў.

— Слухай, дзе ты прападаеш, ёсьць дзела, нада сустрэцца, я да цябе падскочу, скажы толькі, дзе ты жывеш, у якім раёне?

— А што такое?

— Не тэлефонны разгавор, трэба асабіста, куды пад’ехаць? Я зараз, праз дзесяць хвілінаў на машыне.

Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.

I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру «Пежо-605». З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.

— Прывет! Ідзі, сядзем.

Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі — кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі — тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака — калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?

Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым частаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.

— Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?

— Хто кажа?

— Людзі кажуць.

Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра што-кольвечы здагадвацца. Найперш — з кім мае справу.

Пачалася доўгая напорыстая размова — і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.

Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры «Мальбара», якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.

— Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што — афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…

Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны — паслужыць? Каму? Але каму — можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.

— Дык гэта… Ладна.

— Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.

Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.

Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак — ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.

Ён ужо не хацеў, каб перадумвалі, ён пагадзіўся, наважыўся, бо зразумеў, што тое — найлепшы для яго варыянт. Можна сказаць, яму здорава пашэнціла, абы толькі ўдалося. Каб толькі не разьнюхалі пра ягоны ўдзел у шэсьці, у той летняй дэмакратычнай акцыі, ці як яна там у іх называецца. Але пакуль што пра тое не было ніякага знаку, і ён думаў: можа, і абыдзецца. Горш, што зусім канчаліся грошы, якія Ступак неяк міжволі перастаў эканоміць і пачаў выдаткоўваць тым болей, чым менш іх заставалася. Ён купіў ладную качалку каўбасы, памідораў, нават пластыкавую пляшку алею і еў спадцішка з табурэткі ў гаражы. Думаў, купляць аўтамат, можа, не спатрэбіцца — дадуць казённы, і то будзе для яго эканомія, можна на харчы не скупіцца. Пад’есьці сёньня і заўтра. А далей будзе відаць.

Поделиться с друзьями: