Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Праз дзень, аднак, тое пачуцьцё мінулася. Ён атрымаў пад’ёмныя — аж дзевяць мільёнаў «зайцоў» і перад строем — пагоны з дзьвюма зоркамі — стаў лейтэнантам. Палкоўнік, начальнік штаба, аб’явіў яму падзяку за «ўзорныя дзеяньні па адбіцьці нападу экстрэмістаў» і сказаў, што лейтэнант Ступак будзе камандваць узводам. Што ж, узвод — справа няхітрая, ён у Афгане ўжо камандаваў узводам, хоць тады быў яшчэ старшы сяржант. Пачуваючы, як ва ўнутраных кішэнях муляла па дзьве тугія пачкі купюраў, зласьліва падумаў пра жонку, якая наўрад ці дачакалася такога набытку ад свайго гендырэктара. А ён во, займеў! Тады ж падумаў, што, мабыць, дарма прадаў гараж, які вельмі нават можа спатрэбіцца. Хоць зусім не прадаў, а задатак як-небудзь верне. Калі да таго часу Валынец ня сядзе ў турму. Ці яго не падстрэляць у пад’езьдзе. Шкада, але што ж, значыцца, такі яго лёс. У кожнага свой лёс. Пра свой прывязьлівы страхавіты намер ён успамінаў усё радзей, таго вымагалі штодзённыя клопаты. Зноў жа зброі ім усё не давалі, выпрабоўвалі ці што?
Ну і чорт з імі, думаў Ступак, што яму зброя? Ці ён не настраляўся ў Афгане? Ён ужо пачаў думаць, каб яе не давалі як мага даўжэй, хоць бы месяцы два, каб ён параскашаваў на міліцэйскіх харчах, адляжаўся на белых прасьцінах. А то яшчэ і прыдбаў кватэру. На вечаровай бяседзе з асабовым складам палкоўнік сказаў, што афіцэрам дадуць кватэры ці палепшаць старыя — будуецца дом у прэстыжным раёне, блізка ад станцыі метро. Нехта спытаў: дык то ж для творчай інтэлігенцыі, як пісалі ў газетах. На тое палкоўнік адказаў: так, для творчай інтэлігенцыі. Дзесяць кватэр пісьменьнікам, а трыццаць пяць нам. Мы ў большай павазе, чым п’янтосы-пісьменьнікі, якія наскрозь бэнээфаўцы. Што ж, займець сваю кватэру бяз гэтай свалаты Людкі было дужа зманліва, думаў Ступак. Каб яшчэ і прыдбаць іншамарку, такую, як у Шпака. А што, ці ён не заслужыў? Хоць у Афгане.
Па вечарах у чырвоным кутку, як у іх называлася вялікая вуглавая зала, працаваў тэлевізар, перад якім, звычайна, сядзелі амапаўцы. Збольшага цікавіліся маскоўскімі шоу, сьпевакамі, сьпявачкамі, менш навінамі спорту. Але ў пэўны час тэлевізар пераключалі на мясцовы канал, і тады ўсе сьціхалі, глядзелі і слухалі самога. Ступак слухаў таксама, і надзіва цяпер і выступ, і жэсты, і аблічча самога не выклікала ў яго ранейшага зласьлівага пачуцьця, хіба адно — абыякавасьць. Пра свой ранейшы намер ён стараўся ня думаць, няпэўна казаў сабе ў думках: пабачым. Пажывем, пабачым, як яно будзе.
Неяк у выходны ён рашыў завітаць на сваю хрушчоўку. Трэба было забраць партбілет (сказалі, што будзе добра, калі ён адновіцца ў кампартыі. У якой з дзьвюх — то яго асабістая справа). А галоўнае, яму трэба быў ордэн, які валяўся дзесь у жончынай шафе. Добра, жонкі не было дома, была толькі дачка, яна паказала шафу, што цяпер стаяла ў прыхожай, а ўся гасьцёўня была цесна застаўленая новымі столікамі і крэсламі ад шыкоўнага нямецкага гарнітуру. Дачка без вялікай радасьці ад спатканьня з бацькам пахвалілася, што маці — ужо дырэктар банку. Ступак ціха пазайздросьціў жонцы, — значыць, ня ўсім кепска, ёсьць людзі, якім і цяпер шанцуе. Доўга не затрымліваючыся ў кватэры, ён знайшоў усё, што трэба было, і, выйшаўшы з пад’езду, павярнуў да гаражоў пад ліпамі. Тут яго першым згледзеў сівагаловы Сазон, дужа зьдзівіўся ягонай уніформе. Пазяхаючы бяззубым ротам, усё аглядаў яго з галавы да ног і захапляўся:
— Вот и я когда-то… Такой молодой, подтянутый…
Вылез з-пад свайго «запарожца» Плешка, стрымана павітаўся.
— Глядзі ты — лейтэнант міліцыі! А нам і не сказаў нічога, усё ў сакрэце. I колькі плоцяць?
Ступак яму не адказаў, сапраўды, хай будзе ў сакрэце. Зноў жа, пра тое ён нядаўна даваў падпіску, — ня мог прыпамятаць, каторую за нядоўгі час. Значыць, трэба было маўчаць.
— А дзе Аляксей? — папытаўся ён, згледзеўшы два замкі на жалезных дзьвярах былога суседа.
— Гэ, Аляксей! Аляксей зьехаў, — сказаў Плешка.
— Куды зьехаў?
— Нам не сказаў. У Нямеччыну ці далей. Можа, у Ізраіль.
— Як у Ізраіль? — зьдзівіўся Ступак, — Ён жа беларус.
— Он-то белорус. А вот жена — довольно сомнительных кровей, — туманна растлумачыў Сазон.
Ступак прамаўчаў. Яму было шкада Аляксея, які колісь яго ўратаваў. Каб на паўхвіліны пазьней — яго б ужо не было тут. Ні тут, ні ў АМАПе, падумаў Ступак. I гэтыя дзядкі не дзівіліся б з яго камуфляжу. Зрэшты, можа і добра Аляксею. Каб у яго, Ступака, жонка была не беларуска, ён бы таксама зьехаў. У Ізраіль ці хоць да д’ябла. А так во трапіў на службу, прадаў д’яблу душу.
Але, можа, так яшчэ і лепей.
Таго ж дня ўвечары, толькі ён вярнуўся з гораду, як дзяжурны сказаў, што яго выклікае падпалкоўнік Шпак. Ступак трохі падзівіўся: чаму падпалкоўнік? Нядаўна яшчэ быў маёр, а цяпер падпалкоўнік, ці не наблытаў дзяжурны? Але не наблытаў. У штабе яго сапраўды чакаў колішні калега, у якога цяпер на пагонах блішчэлі дзьве вялікія зоркі, — Лейтэнант Ступак, загадана забраць рэчы і да штаба. Праз паўгадзіны ад’езд.
— Куды? — вырвалася ў Ступака.
— Да іншага месца службы.
Вось табе і на — ужо і да іншага. Трэба было зьдзівіцца, але Ступак перастаў ужо тут зьдзіўляцца. Афіцэры абступілі Шпака, а ён пайшоў у гасьцініцу, сабраў сваё небагатае майно. Праз паўгадзіны яго ўжо везьлі ў закрытым «Урале» кудысь за горад. У кузаве побач сядзелі яшчэ тры чалавекі — усе з іхняга АМАПу. Але яны былі мала знаёмыя Ступаку, і ён маўчаў. Неўзабаве, аднак, машына спынілася, яны вылезьлі. Вакол у вечаровым прыцемку стаялі высачэзныя хвоі, і пад імі мясьціліся шырокія нізкія будыніны — дачы. То была, як ён здагадаўся, старая ўрадавая рэзідэнцыя, куды іх прывезьлі, каб папоўніць асабістую ахову самога. «Во папаў!» — зноў падзівіўся Ступак, яшчэ ня ведаючы, радавацца з тае нагоды ці засмучацца. Аднак зьнешне ён не выказваў нічога, толькі слухаў і выконваў усё, што загадвалі, ішоў, куды вялі. Зноў былі анкеты, падпіскі, нават подпіс строгай таемнай прысягі. Усё тое ён рабіў, бы машынальна, бы які бязвольны зомбі; свой даўні намер засунуў углыб памяці і нават трохі трывожыўся, каб яго не заўважылі.
Праз дзён колькі, аднак, давялося парадавацца, як іх тут узбройвалі, чаго ён не дачакаўся ў АМАПе. I не якімі хвалёнымі качэргамі АК, што адбівалі плячо пры стральбе і нямала заміналі на маршы, а новенькімі карацелькамі «Узі». Дужа спрытныя выдаліся аўтамацікі, бы самі прасіліся ў рукі і зусім не заміналі — хоць на плячы, хоць на грудзях. Б’юць, казалі, за дваццаць крокаў у вераб’я пры нулявым расьсейваньні. Ступак старанна выцер з варанёнага металу лішак негустой змазкі, рукамі паважыў у сабраным стане. Ён быў задаволены. Можа, спатрэбіцца.
Клопату ў гэтым бары было, аднак, няшмат, некаторыя групамі кудысь езьдзілі, вярталіся і маўчалі.
Палітапрацоўка, як заўважыў Ступак, вялася ў інтэнсіўным тэмпе, рэгулярна, калектыўна і індывідуальна. Удзень і асабліва ўвечары заўжды па адным кудысь выклікалі, штось высьвятлялі, з іншымі доўга гутарылі. Так старанна не апрацоўвалі нават нампаліты ў войску. Ну, але тут было ня войска і нават не АМАП. Бяры вышэй. Яны — эліта бясьпекі, як сказаў новы палкоўнік, самыя з самых. Асабістая ахова. Хаця таго, каго ім належала ахоўваць і абараняць «вплоть до пожертвования собственной жизнью», яны нават ня бачылі. Ні зблізку, ні здаля. Адчувалі, што ён недзе тут побач, у гэтых дамоўках-дачах між хвояў, але дзе канкрэтна — ня ведаў ніхто. I ніхто пра тое ні ў каго не пытаўся, — было забаронена. Наогул гэта было падразьдзяленьне маўчуноў. Яны маўчалі з начальствам, маўчалі ў страі, маўчалі ў сталоўцы і на адпачынку. Тое маўчаньне часам пачынала прыгнятаць, але Ступак думаў: хай! Ужо ён чагось дачакаецца. Кепска, што не было як выпіць. Пры тым, што грошай ужо набралася поўныя кішэні, некалькі пачак «зайцоў» ён пакінуў у тумбачцы, захінуў газетай. I ніхто іх ня ўкраў. Мусіць, грошай у іх хапала. Затое не хапала часу, каб іх рэалізаваць, ізаляцыя была адмысловай. Бы ў турме. Мабыць, то была іхняя плата за сыты дабрабыт і няпыльную працу. Плата воляй. Але што зробіш — на гэтым сьвеце за ўсё трэба плаціць. Заплоціць і ён.
Аднойчы ўранку іх пастроілі ў спортзале, усіх чалавек трыццаць, што складалі цяпер ядро групы «Альфа», як іх ужо назвалі. Казалі, што пакуль трыццаць, але будзе трыста, бо трэба мацаваць шчыт і меч кіраўніка дзяржавы. На тым пастраеньні з самага пачатку былі ці ня ўсе іхнія начальнікі разам з галоўным палкоўнікам — мажным бугаём, што зьверху форменнага кіцеля насіў скураное паліто — дзеля маскіроўкі. Зрэшты, так тут хадзіў не адзін ён, а і яшчэ некаторыя, таксама маскіраваліся ці што? Яны можа, з гадзіну прастаялі ў страі, начальнікі ўсё аглядалі выпраўку і падкаўнерыкі, і чысьціню абутку, і ці ўсе добра паголеныя. Ніхто не казаў нічога, але яны пачалі здагадвацца, ці не зьявіцца да іх сам?