Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Валынца Ступак збольшага ведаў, той жыў у суседнім доме, нядаўна скончыў еўрарамонт кватэры, пад якую адкупіў ледзьве ня ўвесь паверх замызганай хрушчоўкі. Цяпер любавацца на яго люстраныя, з мядовым адлівам вокны ў дзюралевых рамах зьбіраўся ўвесь падворак. Унізе ля пад’езду часьцяком стаялі «Вольвы», «БМВ» ды «Мерседэсы» нярэдка з замежнымі нумарамі. Гэта быў тыповы «новы беларус», і Мінкевіч меў рацыю. Гараж варта было прапанаваць Валынцу.
Але злавіць гэтага бізнэсмэна было няпроста. Ягонага «БМВ» ля пад’езду не было відаць, у кватэру ж Ступак не пайшоў, казалі, там заўсёды ахова. Тады ён прысеў на лаўку насупроць дзюралевых вакон багацея, трохі счакаў. Рука ўсё балела, хоць і ня так як учора. Рухаць ёй Ступак усё асьцерагаўся і, сагнуўшы, далікатна трымаў пад крысом накінутага на плечы пінжака. Як на падворку зачасьцілі ранішнія прахожыя, неахвотна падняўся і падыбаў да сваіх гаражоў. Тут, як заўжды ўраньні, ужо паявіўся Плешка, узяўся ладзіць капрызьлівы «Запарожац».
— Што гэта ў цябе, — кіўнуў ён на руку, павітаўшыся.
— Ды так. Упаў.
— Выпіўшы?
На тое Ступак не адказаў, ён не хацеў нікому расказваць пра учарашняе, асьцерагаўся, як бы сёньня ня здарыўся працяг таго ўчора. Раз запазіраў на падворак, каб адразу заўважыць, калі там зьявіцца міліцэйскі «Уаз». Але міліцыі пакуль не было, а Плешка, сагнуўшыся над задам «запарожца» калупаўся ў рухавіку.
— Што — помпа? — паспачуваў Ступак.
— Помпа, хай яна згарыць. Каторы раз ужо, — сказаў Плешка і, азірнуўшыся, цішай заўважыў: — Чуў, што ўчора на прасьпекце было?
— А што? — прастадушна папытаўся Ступак.
— Кажуць, лядовае пабоішча. Менчукоў з псамі-рыцарамі.
— Вось як?
— Што ж думаеш: паўтары тысячы АМАПу. Ды міліцыя. Ды ўнутраныя войскі. Сіла!
— Сіла! — пагадзіўся Ступак.
Гэты Плешка заўжды пачынаў так — быццам быў на баку ўлады, мог нават мацюкнуць дэмакратаў, але свае сапраўдныя адносіны запасіў на канец. Прыхінуўшыся да крыла аўтамабіля, азірнуўся і нягучна паведаміў:
— Кажуць, сам лупіў. Палкай. Пад каскай амапаўца. Во драпежнік!
— Драпежнік, — міжволі пагадзіўся Ступак. Уласных адносінаў да таго ён раскрываць не хацеў.
Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай паліцэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы — як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага — з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.
Пакінуўшы Плешку ля ягонага «Запарожца», Ступак пайшоў па падворку да суседняга дома і яшчэ здалёк убачыў там чорную «БМВ» ля другога пад’езду. Ён прысьпешыў крок, сапраўды, то была машына Валынца, а ля яе і сам гаспадар, які толькі што выйшаў з дзьвярэй. То быў маладжавы яшчэ чалавек у дарагім двухбортным гарнітуры, пры даўжэзным гальштуку; ён паклаў на задняе сядзеньне кейс і расчыніў пярэднюю дзьверцу. За рулём чакаў малады шафёр з бычынай шыяй і выстрыжанай патыліцай.
— Можна вас на хвілінку, — гукнуў Ступак.
Валынец з незадаволеным выразам твару прытрымаў дзьверцу, Ступак падышоў бліжай і стрымана павітаўся.
— Прадаю гараж. Ну той, металічны. Купіце?
Напружаньне на холеным твары Валынца разам зьмякчэла, здаецца, той зразумеў і дзелавіта кінуў:
— Колькі?
— Ну гэта… Тысячу.
— Даю пяцьсот. З вывазам.
Пяцьсот, канешне, ня тысяча, але тут ня гандаль, тут продаж, падумаў Ступак, адчуваючы, што ягоны пакупнік дужа сьпяшаецца і вось-вось сядзе ў машыну. Другі раз наўрад ці яго засьпееш.
— Ладна, што ж…
Валынец з унутранай кішэні пінжака дастаў кашалёк і спрытна вылузнуў з яго тры стодаляравыя купюры.
— У якасьці задатку.
— Толькі вызвалю ў канцы месяца, — вінавата зазначыў Ступак.
— Тады атрымаеш астатнія. Усяго добрага.
Валынец схаваўся ў сваю чорную «БМВ», якая імкліва рванула з месца, а Ступак пастаяў яшчэ, ня ведаючы, радавацца ці ня надта. У руцэ ён трымаў трыста баксаў, тое было для яго багацьце. Але ж ён траціў апошні прытулак. Дзе прыткнуцца, калі ягоны куратнік пяройдзе гэтаму бізнэсоўцу?
А зрэшты, можа, тады ў прытулку і ня будзе патрэбы. Пра прытулак паклапоцяцца іншыя.
Тым жа ранкам ён разьмяняў у вулічным абменным пункце першыя сто даляраў, накупіў у гастраноме харчу: два белых батоны, кавалак каўбасы і нават гронку жоўтых бананаў, якія прадаваліся на кожным рагу. Сьпярша добра пад’еў у гаражы на адзіноце, — Плешка ўжо некуды зьехаў, і ля гаражоў не было нікога. Пасьля сухога сьняданку зьявілася смага, але ён падумаў, што вып’е піва пасьля, як будзе ісьці на базар. Напружана думаючы пра зброю, ён усё ж вырашыў наведаць базар, дзе ня быў з самай вясны. Не было патрэбы ды й грошай. Цяпер жа зьявілася тое і гэта, і ён ня стаў губляць час.
Ашчаджаючы балючую руку, можа, з гадзіну ён швэндаўся між тлумных гандлёвых радоў, заваленых розным таварам — харчам, гароднінай, а таксама адзеньнем, рознай драбязой і начыньнем. Усё, што прадавалася, было раскладзена на прылаўках, століках, а таксама ля ног на асфальце, на газецінах ці проста выглядвала з расхінутых гаспадарчых сумак. Тавару было безьліч, здавалася, тут можна знайсьці ўсё. Але тавары яго цікавілі мала, ягоны інтарэс палягаў у іншым,і ён разумеў, што тое іншае на прылаўках ня згледзіш. Ён болей прыглядваўся да твараў — прадаўцоў і пакупнікоў, што ў цеснаце і штурханіне мітусіліся побач, выбіраў сярод іх пэўны тып — маладога, засяроджанага ў сабе чалавека, можа «афганца» або «чачэнца».
У гэтых якраз і можна было нешта здабыць. Зброю ці наркоту. Неяк яшчэ зімой ён прыходзіў сюды з жонкай па бульбу і ў аднаго чарнявага, з выгляду каўказца, прыцаніўся да яго жоўтых гранатаў. Калі той назваў цану, пажартаваў: «Ого, бы лімонкі». «То фрукты, а не лімонкі — крыўдліва паправіў гаспадар. — Лімонкі таньней будуць». — «А што, ёсьць і лімонкі?» — жартам пацікавіўся Ступак. «Знойдзем, калі трэба», — хітравата падміргнуў каўказец. Тады Ступаку лімонкі не былі патрэбныя, але во цяпер…
Аднак жа, чаго трэба, менавіта таго і не бывае ў гандлі. Нават і на базары.
Дарма і доўга ён швэндаўся ў гаманкім базарным натоўпе, так і ня ўбачыўшы нічога здатнага. Пытацца ж у каго не наважыўся, адчуваў, нямала тут шылася і таптуноў, пераапранутых міліцыянтаў, кадэбэшнікаў, людзей са службы бясьпекі, якімі цяпер кішэлі вуліцы, вакзалы ды і базары таксама. Мабыць, тыя парадаваліся б, калі б спазналі, што побач шляецца кілер, шукае зброю. Хаця і без таго можна было проста і здорава ўліпнуць, калі б яго апазналі як удзельніка нядаўняй стычкі. Але во пакуль не пазналі, мабыць, там, на прасьпекце, не было знаёмых. Ля піўнога ларка ён нядоўга пастаяў у чарзе, выпіў цеплаватага піва, ледзьве ўтрымаўшы цяжкі куфаль у хваравітай руцэ, якая ўсё балела, асабліва ў плячы. Выпівох тут было нямала, але ўсе звычайныя півасёрбы, якія прагнулі адно — захмялець. Такіх жа, у каго можна было нешта здабыць, здаецца, не траплялася. I ён думаў, што, мусіць, ня так гэта проста прыдбаць зброю. Пісталет ці лепей славуты АК. Увесь сьвет завалены гэтымі Калашнікавымі, з ім ваююць цэлыя арміі, робяцца ўрадавыя перавароты, скідваюць і ўсаджваюць дыктатараў. А тут во, на ягонай радзіме, калі спатрэбілася, нават за баксы ня знойдзеш. Да чаго адсталая краіна, зласьліва думаў самадзейны кілер.