Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Азевіч адступіў ад акна.
— Ну здароў,— ціха сказаў Яўген, пераступіўшы парог.
— Здароў, братка, — азваўся Азевіч.
Яны стрымана, аднак, павіталіся, павіталася Зоська, якая адразу падалася кудысь у змрочнае запечча.
— Як і адкуль? Якімі судзьбамі? — папытаўся Яўген, відаць па ўсім, трохі здзіўлены гэтай нечаканай сустрэчай.
— Ды во завітаў. Па дарозе…
— Па дарозе? Ну што ж… То добра, калі па дарозе. А я з мястэчка. Як паехаў уранку, дык на ўвесь дзень. Ячмень вазіў.
— На здачу?
— На здачу. За тры гаспадаркі — шэсць пудоў. Немцы наклалі такі падатак. Што зробіш? Трэба здаваць.
— Калі ёсць чым.
— А во знайшлося. Усё ж калгасны ячмень самі пажалі. Ды падзялілі. Набралася трохі. Запасліся. Не тое што ў калгасныя гады.
Яўген апусціўся на ўслон, пасунуў Азевічу зэдлік.
— Сядай. Можа, не спяшаешся?
— Ды як табе сказаць, — сумеўся Азевіч. — Пабуду трохі.
— Дык павячэраем хоць. Усё ж сябрамі былі. Колькі не бачыліся… Гады чатыры.
— Чатыры, ага.
— Ну. Я ж у гэтай во школе тры зімы адрабіў. Значыць, чатыры, як з райкома…
Як з райкома — чатыры, падлічыў у думках Азевіч. Ды месяцаў восем прабыў пад арыштам, пакуль не выпусцілі. Пакуль яго не выпусцілі, Азевіч усё дрыжэў, каб не ўзялі самога — за сувязь. Добра, тады неяк абышлося.
— Ну дык а як жывецца? Пад новай уладай? — трохі асвойтаўшыся ў чужой хаце, папытаўся Азевіч.
Яўген не адказаў, устаў, ціха гукнуў у запечча да сястры, якая там поркалася:
— Нам туды, у бакоўку, чаго павячэраць…
— Туды? Ну добра…
Сястра запаліла пад столлю лямпу з закапцелым шклом, укруціла кнот, каб меней гарэла газы, пачала збіраць вячэру. Яўген павесіў на цвік паддзёўку, памыў рукі над цэбрам, прапанаваў Азевічу. Той, аднак, рук мыць не стаў, не стаў і распранацца. Ён толькі пачаў грэцца ў шынелку пасля нядаўняе сцюжы і не хацеў растраціць набытае цяпло. I ўсё пільна сачыў за рухамі, словамі, адценнямі голасу былога сябра, стараючыся вызначыць па іх адносіны да яго, Азевіча, — заўважыць, можа, які цень непрыязі ці пагарды. Мусіць жа, Яўген ведаў ці чуў пра яго ці хоць бы здагадваўся, адкуль паявіўся ў гэты вечар стары знаёмы. Ды нічога падазронага Азевіч заўважыць не мог. Падобна на тое, што Вайцяшонак мала ім цікавіўся. Ці меркаваў, што пра сябе той скажа сам.
Мінула трохі часу, і яны ўжо сядзелі ў цёмнай бакоўцы з канапай пры невялікім століку. Лямпа трохі свяціла сюды на падлогу праз адчыненыя дзверы з хаты. Тут быў засень, але на стале былі відаць дзве міскі, талерка з салам і хлеб. А болей ім і не трэба было святла. Перад тым як сесці, Яўген некуды шаснуў і, рухава кандыбаючы на карацейшую нагу, прынёс бутэльку і дзве шклянкі.
— Вось каб за сустрэчу… А ты, можа б, раздзеўся…
— Не, ведаеш…
— Азяб дужа?
— Азяб. Нешта дрыжака ўсё…
— Ну вядома, калі азяб… Тады зараз пагрэемся.
Ён наліў дзве шклянкі, адну пасунуў Азевічу, і яны моўчкі выпілі, захрумсталі гуркамі.
— Дык, гляджу, няблага і жывеш, — сказаў пачакаўшы Азевіч.
— Ды ўжо ж, — няпэўна мовіў Вайцяшонак. — Лепш не палучаецца.
— Па гэткім часе…
— Па гэткім часе нядоўга і загрымець. На той свет. Вунь у мястэчку Свірыда, з райфо… Ты ж ведаў, пэўна? Дык учора павесілі.
— Свірыда? Ну.
— А браты Фесякі?
— А што Фесякі? Фесякі служаць. У паліцыі. Стараюцца. Самі вешаць будуць.
Азевіч памаўчаў крыху, уражаны смерцю Свірыда. Як выпраўлялі партызанскі атрад, дык гэтага Свірыда не ўзялі — запярэчыў Віткоўскі. Што бухгалтар, беспартыйны і наогул мала разбіраецца ў палітыцы. А во ў чымсь правініўся.
— А я Гарадзілава ўчора пахаваў, — паведаміў ён з сумам у голасе.
— Забілі?
— Памёр. Прастудзіўся і памёр.
— Раскоша цяпер — памерці. Ведаеш, усё перамяшалася. Свірыда павесілі, а Дашэўскі вярнуўся.
— Ну? Вярнуўся? Ён жа ў войска пайшоў.
— Пайшоў, трапіў у акружэнне і вярнуўся. I ўжо кіраўнік раённай управы. Не глядзі, што быў першы сакратар райкома. Даверылі.
— Дзіўна. Як жа так?
— А во так. Тады ж, як мяне пасадзілі, ён сам першы даў водгук. Што я вораг, агент і так далей. Тапіў аберуч. Глядзі, і цяпер тапіць будзе.
— А цябе немцы… Не чапаюць? — асцярожна папытаўся Азевіч.
— А за што мяне чапаць? Я з лесам не звязаны, сабатажам не займаюся. Зноў жа, я пастрадаў ад бальшавікоў… Гэта цяпер улічваецца.
— А да сябе не вярбуюць?
Яўген памарудзіў трохі, наліў яшчэ ў шклянкі.
— Было. Во і сёння, у мястэчку. Клікалі ва ўправу.
— Ну?
— Не, я інвалід. I не маю здароўя. Я трохі пажыць хачу. Для сябе.
— Каб жа гэта можна было — для сябе, — уздыхнуў Азевіч.
— Мне яшчэ можна. Во табе нельга. Пра цябе ў раёне вядома, што ты ў лесе. Што ты ў Віткоўскага. Табе, канешне, цяпер адзін шлях.
Азевіч ніякавата паморшчыўся, насцярожана прыслухаўся да стуку дзвярэй у сенцах. Але гэта прыйшоў стары, забразгаў вёдрамі. Яўген павярнуў галаву:
— Тата, ты гэта — чакай паіць. Хай пастаіць яшчэ.
— Хай пастаіць. Я не цяпер.
— Ага. А то… Хутка ехалі, спацеў. Ну дык возьмем патроху.
Яны і яшчэ выпілі — ахвотна Вайцяшонак і быццам праз сілу Азевіч. Ён даўно ўжо не піў гарэлкі, і цяпер тая дужа ўдарыла ў галаву, стала непрыемна тлумна і адначасна трывожна — можа, не трэба было заходзіць яму да гэтага Вайцяшонка. Але і куды заходзіць? Не, усё ж той не гэткі, як можа здацца. Ужо ён не выдасць. Каб гэта яго можна было падахвоціць да барацьбы?
Бакоўка была акенцам у агарод. За рамай відаць было блізкае сучча вішанніку, якое дужа гойдалася на ветры, і Азевіча, як той зірнуў туды, аж скаланула дрыжака. «Халера, як бы не захварэць, — падумаў ён першы раз, — нешта ўсё не мог сагрэцца. Але не дзіва — намерзся ў хвойніку ды і наогул накалеўся за восень у лесе. Можа, таму так доўга не мог выгнаць з сябе сцюжы».
— Калгас разбегся? — запытаўся ён, каб не чапаць дужа асабістае.
— З першага ж дня, як нашы адышлі. Падзялілі зямлю, жывёлу. Ураджай збіралі аднаасобна. Малацілі кожны сабе. Праўда, не было дзе — гумнаў жа мала асталося. Мы дык у трысцене неяк памалацілі.