Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
На гэты раз Ягор ішоў раздражнёны, амаль злосны — чаго прычапіўся? Што ён — падрадзіўся яму за шпіёна? Хай сам пра што трэба і дазнаецца, Ягор за старшынёй выканкома шпіёніць не будзе. Але ягоны злосны імпэт адразу астыў, як ён пераступіў парог папоўскай дамоўкі. Мілаван быў трохі болей лагодны, чым першы раз, і цікавіла яго, пра што гаварылі ў дарозе Заруба з седаком у бобрыкавым палітоне. Прозвішча таго было Каламіец, як цяпер дазнаўся Ягор. Ягор пачаў бажыцца, што нічога не чуў, сядзеў спераду і вецер забіваў іхнія словы, здаецца, нічога такога яны і не гаварылі. Болей пра тое, што хутка вясна, а пасяўная кампанія вымагае клопату. Зноў жа насенне… «Ах, насенне! — зазлаваў Мілаван. — А пра Барабашова не гаварылі? Што пра яго казаў Заруба?» — «Ды не, я не чуў… Каб чуў, што б я не сказаў», — шчыра здзівіўся Ягор, і Мілаван доўга маўчаў, з’ядаючы яго злым позіркам. Дый на гэты раз Ягор, не міргнуўшы, вытрымаў той позірк. Сяму-таму ён ужо патроху вучыўся.
Мабыць, Ягор зноў не спраўдзіў надзей Мілавана, выйграў сваю маўчанку, хоць настрой быў сапсаваны дашчэнту. У Ісакаву дамоўку ён ужо не пайшоў, ленінскага канспекта не пачытаў ні разу, а на занятках, куды ён ледзьве паспеў, Паліна яго выклікала першым. Быў вялікі канфуз, Ягор спрабаваў адказаць, але заблытаўся, Паліна задала просценькае пытанне наконт парадку дня з’езда пераможцаў, якое яго заблытала канчаткова. Спатнелы і няўклюдны, ён бездапаможна стаяў перад гэтай маладой адукаванай жанчынай і чырванеў. Штосьці зласнаватае мільганула ў яе жвавых вачах, але затым яна неяк міла ўсміхнулася і сказала: «Ну нічога, Азевіч, у чацвер адкажаш. Надвучыўшы…» I ўжо зусім па-сяброўску заўсміхалася яму, ласкава і лагодна, ад чаго стала куды лягчэй на душы. Усё ж ён быў ёй удзячны, слаўная яна была жанчынка. Прыгожая і разумная. Дужа прывабная. Ведама, яна падабалася бадай ці не ўсім хлопцам, але ці мала тут было куды спрытнейшых за Азевіча — бойкіх і разумных. Вунь хоць бы Байдура, рослы чарнявы гаварун, можа, байчэйшы за ўсіх, які, калі паяўлялася Паліна, не адліпаў ад яе. Ды і не дзіва — той рабіў на льнозаводзе, у рабочым асяродку, не тое што Ягор, конюх па сутнасці. Хоць і ў райвыканкоме. Азевіч ужо пазнаў розніцу паміж сялянамі і рабочымі, носьбітамі пралетарскай свядомасці. Гэтыя апошнія былі куды вышэй коштам, іх хвалілі, вылучалі ў авангард, пра іх колькі вунь пісаў Ленін. Зноў жа — дыктатура пралетарыяту. А што сялянства? Дробнаўласніцкая ідэалогія…
Заруба пабыў у Менску нямнога — дні два. Ягор з’ездзіў на станцыю да цягніка і прывёз яго ў мястэчка. Старшыня выканкома, як заўжды, амаль не размаўляў у дарозе, толькі запытаў цяпер: «Ну што там у нас?» — «Ды так, навінаў няма», — адказаў Ягор. Заруба, памаўчаўшы, дужа трудна ўздыхнуў і мовіў: «Навіны будуць, Азевіч. Кепскія, браце, навіны». Тыя словы затрывожылі возчыка, ён чакаў, што Заруба нешта патлумачыць, ды той нічога больш не сказаў, і Ягор зважліва не пытаўся. Калі сам не кажа, дык, мусіць, нягожа пытацца. Усё яму карцела сказаць старшыні пра свае выклікі ў папоўскі дамок, ды Ягор ніяк не мог асіліць сябе — было няёмка і страхавіта. А раптам Заруба зазлуе? Ці не паверыць? Ці скажа пра тое Мілавану? I ён усё маўчаў. Трудна пра штось думаючы, усю дарогу маўчаў Заруба.
На другі дзень яны павінны былі ехаць у Забалаць, ды якраз на местачковай вуліцы Ягор убачыў, што закульгаў конь. Ён спыніўся каля мастка цераз рачулку, злез з вазка. Аказалася, раскаваўся, на левай пярэдняй зламалася падкова. Ягор спрабаваў зусім ададраць яе, ды не хапіла сілы. Было ўжо позна, каб ехаць у кузню, вырашыў тое зрабіць заўтра, зранку, каб затым паехаць у Забалаць. Старшыня да неспадзяванкі аднёсся амаль абыякава. «Затым дык затым», — толькі і сказаў ён, пачуўшы Ягорава меркаванне. Назаўтра ранічкай з Белалобікам на павадзе Ягор тупаў местачковай вуліцай да рэчкі, дзе была кузня. Менавіта тады яму нечакана сустрэлася Паліна — некуды бегла ў сваім сінім пальтэчку з пацёртым партфелікам у руках. Пабачыўшы яго з канём, весела заўсміхалася, ён павітаўся, яна ўсё азірала то яго, то каня, і Ягор вытлумачыў: «Во ў кузню вяду. Падкова паламалася, дык перакаваць трэба». Тады яна павярнулася да яго і неяк не ў лад зазначыла: «Ну і шапка ў цябе, Азевіч!» — «А што?» — не зразумеў Ягор, сашморгнуўшы з галавы сваю аблавушку. «Бы ў падкулачніка!» — усмешыста, аднак, кінула Паліна і пабегла сабе па вуліцы. А ён, дарэшты ўражаны тым, мала што навакол заўважаючы, патупаў з канём уніз да рэчкі. Шапка? Ужо якая ёсць, іншай дзе возьмеш. У краме шапкі не прадаюцца, пашыць няма з чаго. Гэтая, праўда, нехуцавая з выгляду, пакамячаная, але цёплая, з аўчыны. Шыў яшчэ дзед, насіў колькі год бацька, і ён яе носіць трэці год. Зносу на яе няма. Добрая шапка.
Так сябе суцяшаў Ягор, але неяк няўзнак тая яго звыклая аблавушка пакрысе рабілася яму апрыклай. I ён ужо думаў: хутчэй бы лета, цяпло, дома ў яго вісела на цвіку неблагая кепка з увогуле цэлым, трохі толькі пагнутым казырком; ён надзене кепку і будзе, як усе хлопцы ў мястэчку. І Паліна тады яго не папракне за шапку.
Ды цяпло не наступала, наадварот, пад вясну сталі даймаць маразы. Аднойчы пад ранак ноччу Ягор аж прачнуўся ў сваей сцюдзёнай стадоле, пачуўшы, як страляе мароз па вуглах — нібы са стрэльбы — бух ды бух. А тут якраз трэба было ехаць па раёне, Заруба сказаў: дні на тры. Ехаў старшыня выканкома не адзін, а з цэлай брыгадай упаўнаважаных — на трох вазках. Ягор ранічкай прыбег да стайні, каб у час падрыхтавацца, але там ужо быў стары Волкаў, ужо ахаджваў свайго стаенніка. Ён жа і сказаў Ягору, што паедуць Фірштэйн з райкома, Бугаенчанка і Саладуха з выканкома. I яшчэ Пташкіна з жанаддзела. Як ён назваў Пташкіну, сэрца ў грудзях у Ягора ажно здрыганулася ад незразумелай радасці, але затым і заныла — з кім яна едзе? Ну, але ці не ўсё роўна з кім, ведама, не з Зарубам жа. З Зарубам, калі на тое пайшло, сядзе Фірштэйн — начальнік з начальнікам. Пасля таго як пасадзілі першага сакратара, Фірштэйн як бы заступіў на яго месца, хоць яго яшчэ і не выбралі.
На выканкомаўскім падворку яны пачалі запрагаць свае санкі-вазкі. У Ягора быў, мабыць, самы лепшы, лёгкі, пафарбаваны ў сіні колер вазок, які дужа падабаўся возчыку, і той ужо прыкідваў, як бы ў ім сядзела Паліна. Побач з Зарубам. Але наўрад ці сядзе. З гэткімі думкамі Ягор толькі завёў у аглоблі каня, як нехта ззаду схапіў з галавы яго шапку і на самыя вочы насунуў штосьці сцюдзёнае. Ягор спалохана крутануўся на нагах — ззаду, смеючыся, з ягонай кучомкай у руках стаяла Паліна. «Во, будзеш прыгажун! Гэта табе ад жанаддзела», — смеючыся, казала яна, схаваўшы ззаду свае рукі з кучомкай — каб не адабраў. Ягор няўцямна пазіраў на яе, пасля на тое, што трымаў у руцэ — то была самая сапраўдная, трохі паношаная будзёнаўка. Ладна пашытая, суконная, з зашпіленымі навушнікамі і нават разлапістай чорнаю зоркай, нашытай на лбе. Але чаму гэта яму і завошта? «Надзявай, надзявай, няма чаго разглядваць! Хай дзеўкі разглядваюцца».
Але ён усё разглядваў, не адчуваючы марозу, — і маленькія гузічкі з зорачкамі і востры ладны пупок наверсе. I гэта — ад Паліны. Дарма кажа, што ад жанаддзела, — якія ў яго адносіны да жанаддзела, дзе ён нікога не ведаў? Ён проста быў надта ўзрушаны і здзіўлены, каб нешта пытацца ці нават падзякаваць. Але трэба было запрагаць каня, і ён аберуч ашчадна надзеў на галаву будзёнаўку, — аж горача стала ад няёмкасці. Тая аказалася трохі цеснаватая на галаве, але нічога. Прыносіцца Цяпер ён сапраўды, мусіць, падобны на чырвонаармейца ці якога начальніка, цяпер ён не проста возчык, выканкомаўскі фурман. Зачаткі ганарлівага пачуцця варухнуліся ў ім і прапалі. Паліна ж не вельмі любавалася ім — крутанулася і пабегла ў выканком, а ён тады азірнуўся. Побач заварочваў свой вазок Волкаў. «Падаруначак атрымаў? — неяк з намёкам прагудзеў стары фурман. — Ну, ну…»
Яны трохі пастаялі на выездзе з падворка, чакалі. Мусіць, усе паязджане ўжо сабраліся, ды нешта не спяшаліся на мароз з выканкома, з паўгадзіны раіліся там у кабінеце старшыні. А як там скончылася іх нарада, першай выбегла на ганак Паліна і, нікога не пытаючыся, ускочыла ў вазок да Ягора. «Во са старшынёй паеду», — толькі кінула яму і схавала тварык у настаўленым каўняры палітончыка. У Ягора скаланулася сэрца — ад цьмянай радасці абяцання чагосьці невядомага. Але ён тут жа і засмуткаваў — усё ж легкавата яна была апранута для паездкі, хоць бы не прастудзілася. Ды ён, бы змярцвелы, стаяў побач з лейцамі ў руках, пазіраючы, як выходзілі з выканкома начальнікі, рассаджваліся па фурманках. Заруба трохі затрымаўся з Фірштэйнам, той патупаў, патупаў каля сіняга вазка, мусіць, хацеў уладкавацца з Зарубам, ды пайшоў да другога. Заруба цяжка ўмасціўся побач з Палінай.
Выехалі ўсе разам, але за Выганкамі раз’язджаліся ў двух кірунках. Заруба з Палінай кіравалі ў лясны бок раёна, а два іншыя вазкі паварочвалі на Аб’ездзе. Паліна ў дарозе амаль не размаўляла, як заўжды, маўчаў і Заруба. Ягор, дужа няёмка адчуваючы сябе перад імі ў неспадзяванай будзёнаўцы, таксама маўчаў. Ён думаў, Заруба папытае, дзе ён узяў такую шыкоўную шапку, ды той быццам і не заўважыў яе. Затое заўважалі сустрэчныя. Трое саней з дзядзькамі і кабетамі спаткаліся ім на шляху, і, як згледзеў Ягор, усе кіравалі свае позіркі найперш на яго, возчыка ў будзёнаўцы. Пасля ўжо на Паліну і Зарубу. Гонару ў Ягору ад таго прыбаўлялася, і ён рашуча кіраваў канём, размінаючыся на вузкай дарозе.
Першы сход праводзілі ў Аб’ездзе ў школе. Якраз была нядзеля, дзяцей не вучылі, сабралася нямала народу — ці не з усяго сельсавета. Ягор валэндаўся з канём, на сход толькі заскочыў. Зірнуў адным вокам цераз людскія галовы — на сцэне за чырвоным сталом пад кумачовымі лозунгамі сядзелі з паўтузіна мужчын і сярод іх — Паліна, маленькая, счырванелая з твару ад нядаўняй сцюдзёнай дарогі і прывабная. Выступаў Заруба. Гаварыў якраз пра класавую барацьбу на вёсцы, пра супраціўленне кулака, якога трэба было сцерці бязлітаснай рукой пралетарскай дыктатуры. У гэтай справе Заруба быў бязлітасны. Ягор ужо ведаў, што той паходзіў з віцебскіх рабочых і бацька яго быў рабочы. А тут скрозь сяляне — беднякі і сераднякі… Добра яму, быўшы рабочым, заклікаць да калгаснага ладу. Не разумеюць яго сяляне. Чаму — Ягор не мог зразумець таго. Колькі іх ні заклікалі да будаўніцтва лепшага, заможнага калгаснага жыцця — не ішлі да яго, упарціліся, калгасы арганізоўвалі з вялікаю неахвотай, пад націскам партыйцаў. Нават і ў ягонай Ліпаўцы ўсё не маглі сарганізаваць калгас, і Ягору ад таго было нават ніякавата перад старшынёй выканкома за сваіх землякоў. Мусіць, трэба б неяк з’ездзіць туды, даўно не быў. Але ўсё не выпадала. Дарогі кіравалі ў іншы бок — раён быў вялікі, раскіданы ледзь не на паўсотню вёрст ад мястэчка.
У другой палове дня правялі і яшчэ адзін невялікі сходзік у прыдарожнай вёсцы, дзе адразу запісалася ў калгас якраз палавіна насельнікаў. Але Заруба казаў, што тое — ненадзейна. Яны ўжо не першы раз запісваюцца, а як начальства паедзе, тыя спісы дзесь прападаюць. Крадзе нехта. I зноў збіраюць сход і зноў агітуюць нанова.
Вечаровы сход было вырашана правесці ў вялікай залеснай вёсцы Трыкунах, каб там жа і заначаваць. Тут не было школы, мужыкоў сабралі ў нечай вялікай хаце, пасастаўлялі лаўкі. У застоллі было чацвёра: Заруба з Палінай і двое мясцовых — старшыня сельсавета і, мусіць, настаўнік — малады хлапец з нейкім нядобрым, худым, бы сухотным, тварам. Ён выступаў другім, пасля старшыні сельсавета, і такога нагнаў на сялян страху, што тыя прыціхлі, бы ў царкве, ніхто і не кашлянуў; А той палохаў ГПУ, пасля Сібір’ю, пасля пралетарскай дыктатурай. Ягор стаяў у парозе, не знімаючы сваёй будзёнаўкі, на яго некаторыя азіраліся, асабліва дзеўкі, але ён трымаў сябе незалежна і адно таемна любаваўся Палінай. Тая была ўсё ў сваім палітончыку, толькі ссунула хустку з беленькіх, высока падстрыжаных валасоў і, вядома, была тут прыгажэйшая за ўсіх дзевак. Часам яна пазірала ў парог і тады неўпрыкмет аднымі вачмі ўсміхалася яму. Ягор быў шчаслівы, толькі ў глыбіні душы штосьці трывожна ныла, быццам балела нават. I ён здагадваўся, чаму балела, як толькі ўяўляў перад сабой наіўную далікатную Настачку. Але хіба можна было параўнаць Настачку з Палінай? Варта было паслухаць, як гэтая выступае перад сялянамі, нават лепш за Зарубу. Той нібы граў на гармоніку — басавіта і патрабавальна, а Паліна — нібы на скрыпачцы — сардэчна, дужа пераканаўча, нават пранізліва, асабліва як звярталася да жанчын і абяцала ім шчаслівую долю. Тады здавалася, Паліна ўжо бачыць тую долю і вось-вось раздасць яе ўсім жанчынам і дзеўкам, што сабраліся ў той хаце. Толькі трэба было ўступіць у калгас, іншай дарогі для савецкіх жанчын няма. Па заканчэнні яе прамовы вясковыя дзеўкі дружна білі ў ладкі. Мужчыны, аднак, сядзелі не крануўшыся. У мужчын быў свой клопат.