Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
…Тады Азевіч не думаў, надоўга ці не, але застаўся і пачаў новае жыццё ў Ісакавай стадоле. Першую ноч пераначаваў добра, хоць і скалеў, як чорт, а наступныя дзве ночы быў у паездках па раёне — адну ноч пераначаваў з Зарубам у Кляшчоўцы, а другую зноў у Кандыбічах. Заехаць дамоў усё не выпадала, дык на тыдні да яго завітаў бацька. Прыехаў у выканкомаўскі двор, і яны там сустрэліся на стайні. Бацька быў нейкі заклапочаны, устрывожаны, мусіць, не падабаўся яму той ранні вылет у людзі ягонага сына. Ён гаварыў усё, распытваў, як і што тут, у мястэчку, а сам не мог сагнаць з вусатага твару клопат і ўсё трудна ўздыхаў, вохкаў. Ягор супакойваў яго як мог, ды і чаго было дужа трывожыцца?
Усё ж ён сярод добрых людзей, між начальства, пры важнай справе, можа, не прападзе. А праца? Не горшая, чым на гаспадарцы, кішкі рваць не трэба, не ў лесе на дзялянцы. Галоўнае, глядзець каня, даглядаць у час. Але тое Ягор умеў, тое рупіў з дзяцінства. Бацька перадаў што-нішто з харчоў — сала, пару кілбас, матка прыслала змену чыстай бялізны, запрашалі прыехаць калі, папарыцца ў лазні. Але Ягору было не да лазні — вольнага часу выдаралася дужа мала, ды і той займала вучоба. Тры разы на тыдзень камсамольцы збіралі гурток ленінізму, вывучалі ленінскія працы, тады якраз чыталі «Крок наперад, два крокі назад».
Не сказаць каб Ягору было цікава тое слухаць, але было сорамна не адказаць на пытанне, асабліва як пыталася Паліна. Тая была намеснікам камсамольскага сакратара ды іншым разам кіравала заняткамі. Мабыць, яна была старэйшая за Ягора, хоць і не нашмат, але выглядала зусім маладой дзяўчынай з нейкім востранькім, праніклівым позіркам, які не то дражніў, не то ўвесь час нешта выпрабоўваў у субяседніку. I часта ўсміхалася. Ягор тайком любаваўся ёю, асабліва як яна выступала ці расказвала пра ленінскія запаветы. Працавала яна ў жаночым аддзеле і была намесніцай загадчыцы, старой бальшавічкі Іды Шацман.
Сярод раённага начальства Ягор мала каго ведаў; у райкоме, што размяшчаўся за царквой, дык ні разу і не быў. Яму хапала выканкома ды начальніка. Зарубы, якога ён пільнаваўся болей за ўсіх, і, чым далей рабіў з ім, тым той усё болей яму падабаўся. Заруба быў шчыры працаўнік, большасць дзён матляўся ў паездках па раёне, усё на людзях, на сходах. I пра возчыка свайго клапаціўся, як бацька. Калі дзе частавалі старшыню РВК, дык ён клікаў і возчыка, калі начавалі, дык прасіў уладкаваць і Ягора. Быў негаваркі ў дарозе, часам пытаўся пра што, пра Ягораву гаспадарку ў вёсцы, і тады Ягор скупа апавядаў яму. Той не перапыняючы слухаў, уздыхаў, але, адчувалася, думаў сваё. Мабыць, было пра што думаць старшыні выканкома. Асабліва ў такі час, калі разгортвалася калектывізацыя.
Якраз недзе ў пачатку вялікага посту яны меліся ехаць у Вязнікі — самы дальні сельскі савет за пушчай. Заруба сказаў звечара, што выедуць у восем раніцы. А палове восьмай Ягор ужо запрог вазок і стаяў з канём, чакаючы старшыню выканкома. Але Заруба не паяўляўся. Мінаў час, і Ягор зайшоў у прыёмную, даведацца, калі паедуць. У прыёмнай была сакратарка Рыма і яшчэ тры ці чатыры чалавекі. З кабінета Зарубы чуўся нейчы строгі трывожны голас, але не Зарубы, кагосьці невядомага. Пасля яшчэ нехта гаманіў, нехта быццам спрачаўся. Хто там быў, Ягор не ведаў, але сакратарка і мужчыны ў прыёмнай моўчкі напружана слухалі, хоць зразумець сэнс той спрэчкі было нельга. Ягор ужо хацеў ісці да свайго Белалобіка, як шырока расчыніліся дзверы, з якіх выскачыў невялічкі, нават мізэрны, чалавек у шынялі, на хаду насунуў на голеную галаву суконную будзёнаўку і, перш чым выйсці ў сенцы, спыніўся перад Ягорам. «Ты хто?» — «Азевіч», — сказаў Ягор. «Які Азевіч?» — «Ну, возчык». — «Чый возчык? Старшыні?» — «Ага, старшыні», — сумеўся Ягор пад нейкім прыдзірліва-злым позіркам гэтага вайскоўца, які тут жа і выскачыў з прыёмнай. Ягор таксама хацеў выйсці, але тут з кабінета вываліліся некалькі чалавек і за імі паказаўся Заруба. Ён быў збялелы тварам, з насупленымі бровамі, нешта буркнуў сакратарцы і, убачыўшы Ягора, кінуў: «Распрагай, не паедзем». Ягор цепнуў плячмі і пайшоў распрагаць. Паставіў у стойла каня і, каб дазнацца, што будзе далей, — зайшоў у прыёмную. Там сядзела ўжо адна толькі сакратарка, яна, відаць было, толькі што плакала, і як Ягор трохі спалохана зірнуў на яе, сказала: «Сакратара, таварыша Голубава, арыштавалі. І ветурача Бутэвіча. І Слямзікава з ільнозавода». — «За што?» — вырвалася ў Ягора. «За што? — падняла счырванелыя вочы Рыма. — Не ведаеш, за што? Бо ворагі народа».
Ягор маўчаў — нікога з арыштаваных ён не ведаў Але калі ворагі народа, дык што ж? Тады нават добра, што арыштавалі. Тых ужо арыштоўвалі не першых, увосень узялі аж шэсць чалавек, пра тое пісала раённая газета, ды і мінскія газеты пісалі, як выкрывалі ворагаў народа нават ва ўрадзе рэспублікі. А перад тым раскулачвалі. Нават у іхняй вёсцы дзве сям’і раскулачылі і выслалі кудысьці на Поўнач, Ягор нават памагаў адвозіць Цыпручонкаў на станцыю. Ішла класавая барацьба, і класавы вораг супраціўляўся, Ягор тое ўжо ведаў.
Рэшту таго дня Ягор поркаўся на стайні, прыбраў стойла, адгроб кучу гною ад вербаў, добра вычысціў свайго белалобага стаенніка. Як стала цямнець, хацеў падацца ў сваю стадолу — вечар выдаўся вольны, камсамольскай вучобы не было. Ён развешваў на сцяне збрую і пачуў, што ззаду нехта ўвайшоў. Як ён азірнуўся, той павітаўся, зыркнуў туды-сюды хуткім позіркам. «Што, адзін тут?» — «Адзін», — сказаў Ягор, здзіўлена пазіраючы на маладога чалавека ў жоўтым кажушку і шапцы-кубанцы. «Нікуды не едзеш?» — «Не. А што?» — «Тады праз гадзіну прыйдзі» — «Куды?» — «У райаддзел ГПУ. Да таварыша Мілавана». Ягор хацеў запытацца, дзе тое ГПУ, але не паспеў, як малады чалавек знік у варотах, а Ягор павесіў хамут і спыніўся. Чым займаецца ГПУ, ён ужо ведаў, і цяпер нават затрывожыўся: якая ў таго справа да возчыка выканкома? Ці не натварыў што? Ды, здаецца, нідзе нічога. Інакш бы таварыш Заруба сказаў. Можа, дзе якія размовы былі не дужа добрыя? Дык, здаецца, нідзе ні з кім не гаварыў пра што падазронае.
Надта занепакоены, ён, аднак, выйшаў праз гадзіну ці меней з выканкомаўскага падворка і пайшоў да царквы. Дзе было тое ГПУ, не ведаў, трэба было запытацца, але на вуліцы насустрач ніхто не паказваўся. I ён прамінуў царкву, пратупаў праз райком партыі, у якім сёння арыштавалі першага сакратара. Ва ўсіх вокнах райкома гарэла святло, чуліся галасы, і, як ля ганка паявіўся нейкі чалавек у падпяразаным паліто, Ягор запытаўся, дзе ГПУ. Той спярша стаў, неяк спалохана паўзіраўся ў Ягора, а пасля паказаў на царкву. «Во там, за саборам, у папоўскім доме. З сінімі аканіцамі». I праўда, за царквой пад разложыстым клёнам прытуліўся невялічкі, але ладны дамок з нізенькім ганкам, вокны яго таксама свіціліся, але не надта, бо былі занавешаны знутры. Ягор узышоў на ганак, памацаў клямку, пастукаў. Раз, а затым другі. Яму адчыніў нехта нябачны ў цемры І, не пытаючыся нічога, павёў у наступны пакой. За сталом, пакрытым новым кумачовым абрусам, сядзеў той самы чалавек з паголенай галавой, які яго дапытваў у выканкоме. Тут было, мусіць, холадна, бо на плячах яго быў накінуты шынелак з шырокімі сінімі пятліцамі на каўняры. Той не спяшаўся з размовай, спярша ўважліва агледзеў Ягора, што ніякавата стаяў напалову ў ценю ад абажура вялікае дванаццацілінейнае лямпы, што вісела пад столлю. Затым гаспадар пакоя папытаўся, адкуль ён родам, якая гаспадарка дома, ці даўно возіць старшыню выканкома. Ягор скупа адказваў, адчуваючы, аднак, што, мусіць жа, не затым яго паклікалі сюды, каб дазнацца, колькі часу ён возіць Зарубу. Аказваецца, ён памыляўся. Мілаван трохі памаўчаў, перасмыкнуў худым, у абвялых зморшчынах тварам, паправіў на плячах шынелак. «Куды часцей за ўсё ездзіць Заруба?» — запытаўся ён і ўважліва ўставіўся ў Ягора. Той ніякавата пераступіў на падлозе, адчуўшы, што, здаецца, аднак, пачынаецца самая размова. Мусіць, яго цікавіў менавіта Заруба. Але нашто ён пытаецца ў яго, возчыка, чаму не папытае ў самога Зарубы? Думаючы, як адказаць, Ягор заклапочана пазіраў на канец стала, дзе ляжала мілаванаўская будзёнаўка, зграбная штуковіна з вострай шышачкай наверсе і сіняю зоркай спераду. На той сіняй зорцы блішчэла і яшчэ адна, чырвоная металічная зорачка. Спрытная была будзёнаўка, не тое што ягоная шапка-кучомка, якую ён няўцямна перабіраў у руках. Мілаван, аднак, не заўважаў таго і задаваў новыя пытанні. Наступнае з іх было, ці часта старшыня выканкома наведвае вёску Кандыбічы. Ягор адказваў няпэўна, ён ужо адчуваў, што не павінен нешта выдаваць з жыцця ягонага старшыні, але і як было зусім не выдаць? I ён болей мычэў нешта няпэўнае, аж покуль тое не абурыла гэтага гэпэушніка. «Ты мне не круці, а адказвай прама! Колькі разоў быў з Зарубам у Кандыбічах?» — «Дык не лічыў. Можа, раз ці два». — «Брэшаш, не два. Лепей падумай, успомні!» — «Не памятаю я». — «Што, слабая памяць? Камсамолец, здаецца?» — «Так, камсамолец», — сказаў Ягор і ўпершыню зірнуў Мілавану ў вочы. «Калі камсамолец, дык абавязаны шчыра супрацоўнічаць з органамі! — зласнавата абвясціў гаспадар пакоя. — За ўхіленне, ведаеш, што бывае?»
Дужа ўсё тое не падабалася Ягору галоўным чынам таму, што гэты чалавек таемна дапытваў яго пра Зарубу. Надта не хацеў выканкомаўскі возчык расказваць пра свайго начальніка, штосьці ў ім заўпарцілася ўнутры, і ўжо з’явілася таемная варожасць да гэтага брытагаловага здыхляка. Стоячы ля стала, ён ужо падумаў, як заўтра раскажа Зарубу, што пад яго робіцца гэты паскудны падкоп. Але Мілаван нібыта здагадаўся пра намеры возчыка і, яшчэ з паўгадзіны памэнчыўшы Ягора, урэшце са строгасцю папярэдзіў: «Пра нашу размову — нікому! Паняў? Ніводнай душы. Паняў?» Хвіліну ён выпрабавальна паўзіраўся ў збянтэжаны твар Ягора, а пасля, перахапіўшы ягоны позірк, спытаўся трохі павальнелым голасам: «Што, падабаецца будзёнаўка? Тота! Не ўсім даецца, трэба заслужыць. А цяпер ідзі. Будзе трэба — паклічу».
З вялікай палёгкай Ягор пратупаў цераз сенцы і выйшаў з папоўскай дамоўкі. Адчуваў ён сябе на дзіва змораным, нават нібыта абражаным чымсьці. У будынку райкома свіціліся ўсяго два акны, а ў выканкоме толькі адно, у прыёмнай, — мусіць, прыбіральшчыца Лукерка заканчвала сваю справу. Зарубы там ужо не было. А калі б і быў — раптам падумаў Ягор. Усё роўна цяпер ён не меў права нічога нікому сказаць. Ён ужо адчуваў, што з гэтым гэпэушнікам Мілаванам трэба паводзіць сябе дужа ашчадна, не дай Бог парушыць ягоную забарону. Зноў жа, а што ён скажа там другі раз, калі зноў паклічуць, як абяцаў? «Во прычапіўся, каб цябе паралюш!» — з непрыяззю падумаў Ягор, ідучы ў Ісакаву стадолу. Не хапала яму гэтага клопату…
Клопат, аднак, толькі пачынаўся.
Можа, дні праз два ці тры пасля тае гутаркі з Мілаванам Ягор адвозіў Зарубу на станцыю, каб таму ехаць далей — у Менск на нараду. У вазок сеў яшчэ нейкі невядомы чалавек у новым бобрыкавым палітоне, мабыць, хтось з прыезджых упаўнаважаных — ён таксама меўся ехаць на Менск. Дарога была няблізкая, але ўжо добра ўезджаная санямі, завеі даўно скончыліся, таксама як і адлігі. Нідзе ні заносаў, ні гурбаў, Белалобік за два дні добра адпачыў і рахмана бег трушком між неглыбокіх каляін, абдаючы фурмана снегавой пацярухай. Ззаду сядзелі начальнікі, ціха перагаворваліся між сабой. Ягор уважліва слухаў. Спярша гаварылі пра нейкую пастанову ЦВК, якая значна ўмацоўвала партыйную лінію, пасля гаворка пайшла ўсё пра тое ж — марудныя тэмпы калектывізацыі, затым пра нейкага Барабашова, якога, як зразумеў Ягор, нядаўна выкрыла ГПУ. Незнаемы выказваўся ў тым сэнсе, што Барабашоў даўні замаскіраваны вораг, а Заруба сказаў, што яго падсядзелі зайздроснікі, што зусім ён не вораг. Ягор не меў наконт таго ніякага меркавання, бо зусім не ведаў таго Барабашова. На станцыі ён падвёз седакоў да будынка вакзальчыка і ўлегцы паехаў сабе дамоў. Час яшчэ быў не позні, думаў, прыедзе і, можа, яшчэ забяжыць у Ісакаву стадолу — падчытаць у канспекце. Вечарам меліся быць заняткі, і Паліна магла яго выклікаць. Перад Палінай ён дужа саромеўся выявіць сваё няведанне. Але не паспеў ён на стайні ўпарадкаваць каня, як згледзеў ля рога выканкома ўсё таго ж белабрысага Мілаванавага памочніка, які кінуў яму галавой у бок царквы, што значыла: начальнік кліча.