ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ой, няўжо вы не баіцеся? — роўным голасам пытаецца яна ў Задарожнага.

— А чаго? І не падумаў.

— Смелы! Зайздрошчу смелым, — кажа яна і ўздыхае. — А я ўсё не прывыкну. Колькі нацярпелася, і ўсё боязна. Трусіха такая…

І тады я бачу Крывёнка. Нікім не заўважаны, ён зацята і маўкліва сядзіць на ранейшым месцы ля бруствера. Трошкі апанураны ад свае нястрыманасці перад дзяўчынай, я бяру з палаткі акраец. Крупніку ўжо няма: перакулены наш кацялок валяецца на зямлі.

Задарожны тым часам са смакам даядае, устае на ўвесь свой немалы рост, пацягваецца, адчуваючы застаялую сілу ў маладым дужым целе, і зноў гаворыць да Люсі:

— Смялей, дзяўчынка! З намі не прападзеш! Хадзем, правяду цябе да другога разліку.

— Не, дзякуй — я сама, — адказвае Люся і выходзіць з агнявой. — Дзе гэта мая сумка? Не памятаю, дзе і кінула.

— Ось тут. У мяне, — нейкім прыдушаным голасам упершыню адзываецца Крывёнак. Лёшка выхоплівае ў яго сумку і аддае Люсі. Яна надзявае яе цераз плячо і абыходзіць агнявую, каб выйсці на сцяжынку ў другі батальён. Поруч ідзе Задарожны.

— Дзякуй за вячэру, хлопчыкі. Да пабачэння.

— Аўфідэрзэй! — па-блазнерску кідае нам Задарожны.

— Прыходзь калі, — кажа Жаўтых Люсі. — Не забывай нас.

— Дзівакі! Як жа вас забыць? Вы ж мае родненькія, — даносіцца зводдаль ласкавы голас, і ў мяне сціскаецца сэрца. Крывёнак пераварочваецца на жывот, і з грудзей яго вырываецца цяжкі, як стогн, уздых.

5

Мабыць, апоўначы ўсходзіць месяц. Ён неяк неўпрыцям выпаўзае з-за небасхілу і, залазячы ўсё вышэй, пачынае свой нетаропкі рух па ўскрайку святлявага чэрвеньскага неба. Неба ўжо так і не цямнее да ранку, яно скрозь свеціцца нейкім невыразным унутраным святлом, прыглушаным да мутнай сінявы на ўсходзе і з зеленаватым адценнем на захадзе. Цёплы паўднёвы ветрык нясе з сабою невыразныя шолахі, таемныя, нібы чалавечыя, уздыхі, рэшткі далёкага гулу — недзе не то грукацяць танкі, не то тужацца на пад’ёме машыны. Далёка, напэўна, па той бок Прута, узлятаюць угору тоненькія зеленаватыя пункцірыкі трасіруючай чаргі. Дасягнуўшы нейкага месца ў небе, яны адзін за адным гаснуць, нібы хаваюцца за якую нябачную хмарку.

Прыслухоўваючыся да наваколля, мы сядзім укупе ля запарушанай пяском палаткі, на якой ужо не засталося і крошкі ежы. Жаўтых, адкінуўшыся на бок, курыць са жмені, побач сядзіць Папоў; Лук’янаў непадалёк мые рэшткаю чаю нашы запэцканыя кацялкі (сёння яго чарга); Лёшка, вярнуўшыся з недалёкіх праводзін, соладка качаецца ў доле, сапе і стогне ад лішкаў маладое сілы і нейкага душэўнага задавальнення. Адзін толькі Крывёнак не падыходзіць да ўсіх і моўчкі сядзіць наводшыбе.

— Любата на вайне, га? — пытаецца Жаўтых з сытай задаволенасцю ў голасе. — Любата! Цяпер у нас, на Кубані, ой як горача! Ад зары да зары, бывала, у стэпе. Праца да сёмага поту, а тут ляжы… Спі… Паеў і — на бакавую. Так і ад вайны адвыкнеш. Праўда, Лазняк? Ты колькі ў шпіталі праваляўся? — Дзевяць месяцаў без трох дзён.

— Добра, відаць, цябе цюкнула? У нагу?

— У бядро, — кажу я.

— Та-а-ак, — няпэўна выдыхае Жаўтых і, разважыўшы, дадае: — А наогул прападзі яна пропадам, гэта вайна. У японскую ў мяне дзеда забіла. У тую германскую — бацьку. Японцы над тым Халкіным голам…

— Правільна: Халхін-Голам, — тут жа папраўляе Лёшка.

— Ну, пад Халхін-Голам… Дык гэта брата Сцёпку пакалечылі. Прыйшоў без рукі, з адным вокам. Цяпер — я. Праўда, тут ужо нічога не скажаш. Тут трэба. Але ўсё думаецца: няўжо і маім дзецям без бацькі расці?

Пэўна, штось цікавае ўдумаўшы, ускоквае з долу Лёшка.

— Слухай! Вось ты кажаш: вайна, вайна. А ты падумай, хто ты да вайны быў? Ну хто? Радавы калгаснік! Быкам хвасты закручваў! Кізякі голымі нагамі мясіў! Законна?

— Ну і што? — насцярожваецца Жаўтых.

— А то. Быў ты нікудыка. А цяпер? Паглядзі, кім цябе вайна зрабіла? Старшы сяржант. Камандзір гарматы. Кавалер ордэна Айчыннай вайны, трох медалёў «За адвагу». Член партыі…

— От сказаў! — з’едліва здзіўляецца Жаўтых. — Кавалер! Ці ведаеш ты, што ў майго бацькі крыжоў болей было, чым у мяне медалёў. І што? Думаеш, што змянілася? А то кавалер! — кажа Жаўтых і злосна ёрзае ў доле.

— Ерунда! — аб’яўляе Лёшка, зноў разлёгшыся на траве. — Мая праўда!

— Праўда! Я б усе медалі аддаў, толькі б дзяцей зберагчы. Вунь — не скончыцца вайна да новага года — старшы мой, Дзмітрый, пойдзе. Дапрызыўнік. Васемнаццаць год хлопцу. Возьмуць, трапіць у пяхоту, і што, думаеш? Маладое, дурное — у першым-другім баі і пакладзе галаву. Не жыўшы, не ведаўшы. А то медалі! Добра табе, халасцяку, ні кала, ні двара, сам сабе галава. А тут — чацвёра ў доме, і малыя!

Лёшка маўчыць, камандзір уздыхае, лагодны яго настрой псуецца.

— Толькі тое і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна — ужо апошняя. Даваюем, і баста. Ужо другой такой не будзе. Не павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося.

— А што, хай паваююць, — не то ўсур’ёз, не то жартам — яго не зразумееш — пярэчыць Задарожны. — Разумнейшыя будуць. Вайна — таксама быццам акадэмія.

— Акадэмія! Эх ты! Сам вось скончы гэтую акадэмію, а пасля кажы.

— Ерунда! Ваююць жа хлопцы. І дзеўкі нават. Вунь Люська, напрыклад. Чым яна горшая?

— Ну і што ж? Думаеш, правільна гэта? Ці лёгка ёй, дзяўчыне, сярод гэткіх вот, як ты… бугаёў?

— А што?

— А нічога! Праўда, Люся — дзяўчына харошая, — кажа Жаўтых. — Даваяваць, ды даў бы ёй бог шчасця. Яна варта…

Мы ўсе маўкліва згаджаемся (хто ж з нас скажа што супраць Люсі), Жаўтых зацягваецца — ружовым агеньчыкам узгараецца і гасне заціснутая ў яго кулаку папяроса.

— На добрай зямлі вырасла. У добры час. Што вы думаеце: ад зямлі ўсё. І чалавек. Якая зямля — такі чалавек. Нямеччына — паганая зямля. На ёй, пэўна, адны мухаморы ды порхаўкі розныя растуць. І фашысты яшчэ. Зямля, зноў жа жыццё. Калі жыццё ў маленстве ператрэ добра — будзе чалавек. Залашчыць — прапаў чалавек.

— Ну, гэта ты загінаеш, — кажа з долу Лёшка. — Ерунда гэта! Пры чым тут зямля, мухаморы… Гэта яна табе дагаджае, Люська, дык ты ўжо так за яе.

— Дагаджае! — злуецца Жаўтых. — Эх ты, галава яловая. Дагаджае! Не ведаеш ты яе. А я ведаю. Адкуль у яе гэта возьмецца? У яе гэтага і ў крыві не было. Бацька яе вунь які герой быў! Арол! Рэвалюцыю ў нас, на Кубані, рабіў. Васемнаццаць ран меў. Рана памёр. А яна ў чужых людзей гадавалася. Думаеш, соладка было? Думаеш, так гэта — ветрам надула. Таму і такая… справядлівая.

Але Задарожны ўсё не згаджаецца.

— Цябе тады перад генералам апраўдала, дык ужо і справядлівая.

— А што ж — і апраўдала. Уратавала. Калі б не яна — расстралялі б занішто. Дурная справа — не хітрая. Шпокнулі б, і ўсё. Хіба няма дурняў і сярод генералаў? А так вось жыву.

Я ведаю — хлопцы расказвалі ўжо пра гэты не дужа даўні выпадак.

На пераправе цераз Буг атрымалася няўстойка. Немцы атакавалі, наша пяхота і артылерыя, што не паспела яшчэ закапацца на плацдарме, рынулася назад. І тут адкуль ні вазьміся — нейкі крыклівы генерал. Ён спыніў на беразе наш разлік і загадаў Жаўтыху развярнуць гармату і біць па ўсіх — па сваіх і немцах, што беглі на гэты бераг. Хлопцы развярнулі гармату, але Жаўтых скамандаваць «агонь» не наважыўся, ды і ў астатніх не падняліся рукі гармату зарадзіць для такой справы. Стаяць яны, а пераправа аж гудзе ад народу. Затор утварыўся. Тады на «вілісе» зноў падлятае той генерал, здзірае са старшага сяржанта пагоны, аўтаматчыкі хапаюць яго і валакуць пад абрыў.

Поделиться с друзьями: