Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Хлопцы ўсе знямелі, не ведалі, што і думаць. Камбат Перабежчыкаў збялеў і схаваўся недзе за перакулены аўтамабіль. Начальнік артылерыі падвярнуўся паблізу, але калі згледзеў генеральскую папаху, адразу падаўся кудысь далей ад гэтага ліха. Здавалася, Жаўтыхова жыццё ўжо скончана самым паганым чынам.
І тады да разлютаванага генерала кінулася Люся. Яна дагнала ягоны «віліс», спыніла яго на пераправе — хлопцам з гэтага берага не чутно было, што адно аднаму крычалі яны, толькі раптам з «віліса» выскоквае ад’ютант, бяжыць да абрыву, Люся — за ім, і там яны з-пад самых аўтаматаў вывалакваюць Жаўтыха.
— От! Не памог ні камбат, ні якія геройскія хлопцы. А дзяўчына ўратавала. Ось што значыць зямлячка, — з гонарам кажа Жаўтых.
Месяц паціхеньку сунецца ў небе; на ўтаптаным доле варушацца нашы кароткія цені; пахне травой, раскапанай зямлёй, роснаю свежасцю дыхае сонны абшар.
— Такое не забудзецца, такое доўга помніцца будзе. Да магілы, — разважна прадаўжае Жаўтых. — Ну, але і мы аднойчы яе выручылі. Тут, мабыць, не ўсе ведаюць. Каторыя маладзейшыя — не былі. Не чулі. Хто ўжо адтуль застаўся? — азіраючы нас, пытаецца камандзір. — Папоў, раз, ну, Крывёнак. Астатнія навічкі.
Неяк надвячоркам на фланг нас перакінулі, — зацягнуўшыся, кажа Жаўтых і затоптвае абцасам цыгарку. — Сталі ў вішанніку, я якраз пераабувацца сеў. Хлопцы акоп капаюць. Гразь — на кожным боце паўпуда. Аж прыбягае салдацік — так і так. У хутары немцы раненых акружылі. Дваццаць чалавек там і адна дзеўка. Адбіваюцца, памажыце. А хутар — вунь ён: кіламетр з гакам. Чуем, страляніна ідзе. Але дзе яна не ідзе — скрозь грыміць. Не дакапалі мы акоп, кінулі лапаткі, я з салдатамі — аўтаматы ў рукі і туды. А Папоў зарадзіў і давай паліць. Адзін, а ладна так, браце, паліў — беглі і радаваліся.
— Снарад туды страляй, снарад сюды страляй. Хата не чапай, — задаволена ўсміхаецца ў змроку Папоў.
— Ага, ладна прылаўчыўся. З гадзіну мы караскаліся на той бугор, а Папоў не пускаў немцаў. Са сцен той мазанкі ўсю гліну пазбіваў, але сваіх не зачапіў. Падбеглі, ударылі збоку, немцаў турнулі і — у хату. А там пехацінцы, сапёры і, глядзім, — Люся, параненая ў нагу. Павыцягвалі ўсіх, пасля як хто з-пад агню выбіраліся. Люсю Крывёнак выносіў. Абшчапіла яна яго за шыю, так ён і валок дзеўку цераз усё поле. А з мінамёта немец лупіў — думаў я, прападуць абое. Але абышлося. Толькі я з тыдзень баяўся — а ну, думаю, камбат снарады праверыць. Засталося з дзесятак. Папоў і бранябойныя расстраляў. Добра, што танкі тады нас мілавалі… Было!..
— Было, законна! — пацвярджае Лёшка і бесцырымонна ўрываецца ў наш сцішаны, па-начному раздумны настрой. — Вось у мяне такое было! У шпіталі. Як родная стала. Нават больш. От гісторыя…
І ён у жывапісных выразах пачынае нам маляваць «гісторыю», што здарылася з ім у Палтаве, дзе стрэлася яму такая «ягадка-сястрычка», і як даставала яна абмундзіроўку, і як ён, пераапрануўшыся, выходзіў да яе за агароджу, і пра ўсё, што было далей. Мы моўчкі слухаем. Яно і цікава, гэтыя Лёшкавы прыгоды, і трохі аддае ад іх нейкаю агідай, калі хочацца не паверыць, перабіць, сказаць: «Няпраўда! Хлусіш!» Але ніхто нічога не кажа яму, усе з прытоенай цікавасцю слухаюць да канца.
Калі ён змаўкае, Жаўтых прыўстае на каленях і ўглядаецца ў чорныя пагоркі.
— Вы не заўважаеце: штось дужа ціха ў фрыцаў? — кажа ён. — І ракет не кідаюць. Можа, мяняюцца, ці што?..
Але хто ведае, што там робіцца ў немцаў? Толькі, сапраўды, тое, што яны сёння не свецяць ракетамі, трошкі трывожыць нас сваёй незразумеласцю і загадкавасцю. Праўда, пакуль усё ціха, і не хочацца думаць пра што благое.
Зводдаль ад пехацінскай траншэі, здаецца, нехта ідзе. У начным месячным змроку відаць, што гэта чалавек, але хто — разгледзець яшчэ нельга. Толькі падходзіць ён усё бліжэй і кіруе да нас. Здаецца, там двое, і ідуць яны не па сцежцы, дзе ходзяць усе, а наўпрасткі па прасцягу. Яшчэ праз нейкі час мы бачым дваіх у касках і чуем знаёмы голас, ад якога адразу змаўкае Лёшка і ўсе губляюць цікавасць да яго баек.
— Ну што, артылерысты? — гучыць з цемры надломлены барытон нашага камандзіра батальёна, капітана Троцкага. — Дружна спіце?
— Ніяк не, таварыш капітан, — кажа Жаўтых і спаважна ўзнімаецца насустрач. Мы сядзім, дзе сядзелі, толькі паварочваемся да камбата і насцярожваемся, бо ведаем, што так сабе капітан не прыходзіць. І сапраўды, Троцкі набліжаецца да пляцоўкі агнявой і строга, з затоенай да часу пагрозаю пытаецца ў Жаўтыха:
— Чаму вартавога няма?
— Дык мы ж усе тут. Ніхто не спіць, таварыш капітан, — тлумачыць наш камандзір. Але яго тлумачэнне і асабліва зварот «таварыш капітан» гучыць як апраўданне.
— Ага, усе тут! А хто назірае за праціўнікам?
— Дык вось усе назіраем…
— Гм!..
Ён ідзе далей уздоўж акопа, моўчкі мінае нас; з ім побач тупае прыціхлы Жаўтых і ззаду валачэцца сувязны з аўтаматам упоперак грудзей. Ля гарматы Троцкі спыняецца, нешта думае і пытаецца ў Жаўтыха:
— Колькі вы тут сядзіце, на гэтай агнявой?
Жаўтых пераступае з нагі на нагу і разважна ўдакладняе:
— На гэтай агнявой? На гэтай мы, таварыш капітан, так з дзесятага ці дванаццатага — чатыры дні, значыць…
— І за чатыры дні, старшы сяржант, вы не маглі выкапаць укрыцце для гарматы?
— Дык загаду не было. Думалі, можа, яшчэ куды пераставяць. Увесь час жа перастаўляюць, перасоўваюць.
— Перасоўваюць! — з’едліва кажа капітан. — Яны думалі! Вы што, першы дзень на вайне?
Жаўтых маўчыць, а Троцкі ва ўпор падступае да яго.
— Вы мне менш думайце. Вы салдаты. Хай генералы думаюць, — са стрыманай злосцю кідае Троцкі. — Вы мне заўтра знішчыце кулямёт, вунь той буйнакаліберны, — тыцкае ён пальцам у цемру. — Дзесяць снарадаў вам на тое і дзесяць хвілін часу.
— Адсюль? — пытаецца Жаўтых.
— Адсюль. Адкуль жа яшчэ?
— Адсюль нельга, таварыш капітан, — пярэчыць камандзір гарматы. — Тут нас накрыюць.
— Магчыма, — згаджаецца капітан, і ад таго, якім тонам сказана гэта, агідны халадок западае ў нашыя грудзі. Адзін за адным мы ўстаём і падступаем да камбата. — Калі вы не акапаецеся як мае быць, могуць і накрыць.
— Як тут акапаешся, калі для бліндажа ніводнае палкі! — злуецца і Жаўтых. — Усё на соплях.
— Гэта вашая справа, — абыякава адказвае капітан. — Шукайце.
— Не, так няможна, — кажа Жаўтых, падумаўшы. — І разлік і гармата прападуць. А што, з закрытай пазіцыі нельга? Вунь гаўбічнікі, дармаеды, ні разу за цэлы тыдзень не стрэлілі… Ось ім і задаць бы гэтую задачу…
Мы ўсе маўчым, бо разумеем, што ад нас патрабуецца, уяўляем сабе, што можа быць заўтра, і ўнутры само па сабе вырастае жаданне, каб Жаўтых як аднекаўся, пераклаў гэтую задачу на каго іншага. Але Троцкі не такі, відаць, камандзір, каб даць угаварыць сябе, адмовіцца ад уласнага намеру, мы ўжо ведаем яго, гэтага прыдзіру, самага строгага з усіх трох у палку камбатаў.