Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
— Вы зразумелі задачу? — холадна пытаецца ён у Жаўтыха.
Але і наш камандзір таксама з характарам і, калі яго раззлаваць, можа паказаць сваю ўпартасць хоць каму хочаш.
— Што задача? — пераходзіць ён у наступ на камбата. — Трэ было раней яе ставіць, ён вунь тры дні лупіць адтуль. А гэтак і кулямёт не разаб’еш, і гармату загубіш. Тут жа пад самым носам. Трэба падрыхтавацца.
— Рыхтуйцеся!
— Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш…
— Вось што! — абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам. — Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.
Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.
— Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей — у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш…
— Галоўная небяспека — мінамёты, — уздыхае Лук’янаў. — На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.
Жаўтых нейкі час маўчыць, услухоўваецца ў цемру, напружана стараецца нешта зразумець і ні на кога не зважае, быццам не чуе, што кажуць хлопцы. Пасля, вылаяўшыся, лезе ў акоп, паўхвіліны поркаецца ў цемры і вылазіць з палявою сумкай на баку і аўтаматам на грудзях.
— Я хутка, — кажа Жаўтых. — Папоў, застаешся за мяне. Крывёнак, шагам марш!
Салдат, падумаўшы, нетаропка ўстае, вешае аўтамат і ідзе за камандзірам.
— Да начарта пайшоў, — кажа Лёшка. — Можа, абыдзецца.
Начальнік артылерыі — даўні Жаўтыхоў знаёмы, ён паважае гэтага камандзіра гарматы і зважае на яго прэтэнзіі. Але хто ведае, ці ўдасца цяпер Жаўтыху перайначыць загад камбата?
Хлопцы, здаецца, таксама занепакоіліся, прыціхлі і сядаюць на брустверы бліжэй адзін да аднаго — як заўжды перад няпэўнасцю або небяспекай. Цяпер неяк і Лёшка Задарожны пачынае здавацца мне звычайным, някепскім хлопцам, ураз адступае ў даўнюю далеч усё дрэннае ад яго, што паўгадзіны назад атручвала маё жыццё. Падсвядома мы адчуваем, што галоўнае ў нашым лёсе — тое нашае заўтра, сілы для якога мы можам узяць толькі ў сабе і спадзявацца толькі адзін на аднаго.
— Яму-то што! — рэзка кажа Задарожны. — Яму абы загадаць. А мы тут свае галовы паложым. Па-дурному!..
— Нашто так гаворыш — па-дурному?! — адгукаецца з цемры Папоў. Ён калі пры Жаўтыху не скажа за дзень і аднаго слова, а застаўшыся за камандзіра, вельмі ўжо чулы да кожнага слова і да кожнага ўчынку. — Мы прыдадзены пяхоце… Мы далжон страляць!
— Ерунда! Прыдадзены не прыдадзены, а будзеш выконваць усё, што ім уздумаецца, — дык і тыдня галавы не праносіш. А да Берліна яшчэ вунь колькі! — Чаму не праносіш? У галаве розум ёсць — праносіш. Няма розум — не праносіш! — пераконана зазначае Папоў. Лук’янаў хутаецца ў шынель і раз-пораз уздыхае. Цяпер, без камандзіра, ён крыху жывее і далікатна, стараючыся нікога не перабіць, кажа:
— Звычайны канфлікт: камандзір пасылае — баец баіцца, здаецца, што загад несправядлівы. Псіхалагічная непадрыхтаванасць да ахвяравання. Адсюль і ўсе непаразуменні.
Задарожнага, аднак, не пераконваюць ніякія довады, ён крыху маўчыць, ловячы не зусім выразны ход думак Лук’янава, і затым са злосцю пярэчыць:
— Ну ўжо ерунда! Калі загад правільны, дык я нутром яго разумею. А калі не, дык ты мне нічым не дакажаш. Як ні круці.
— Навошта даказваць? — паціскае плячыма Лук’янаў. — Загады не даказваюцца. Тут важна не чыё алібі, а патрэбен вынік.
— Ох, які ты разумны! — прадаўжае злаваць Задарожны. — Вынік! Ты б сказаў гэта Троцкаму. Мо ён цябе камандзірам паставіў бы.
Лук’янаў змоўчвае крыху, пэўна, прыкідваючы, ці варта адказваць на грубасць, а затым спакойна заўважае:
— Што з вамі спрачацца не па сутнасці!
— Падумаеш, знайшоўся мне «па сутнасці». Разумнік такі! Думаеш, я дурней за цябе? Так думаеш? Ось дудкі! Я, брат, хоць інстытутаў не канчаў, але і ў палон не здаваўся. Немцам рукі не паднімаў, не тое, што ты!
Мы ўсе прыціхаем, з прыкрасцю адчуўшы, што спрэчка пераступіла мяжу добразычлівасці і што будзе сварка. Але Лук’янаў сядзіць як сядзеў — у нерухомасці, уражаны грубасцю Лёшкі, які, мяркуючы, што яго перамога, змаўкае да часу. Такое абыякава стрываць нельга.
— Сволач ты, Задарожны, — коратка і як мага спакайней кажу я.
Лёшка зараз жа паварочваецца да мяне.
— Чаго гэта я сволач? Што я няправільна сказаў? Што? Самі вы сволачы!
І тады на яго, як заўжды запальчыва і з акцэнтам, накідваецца Папоў.
— Нашто так гавары? Нядобра гаворы, Лошка (ён заўжды так называе Задарожнага, не вымаўляючы як трэба яго імя), — Лук’янаў правылна казаў, ты нядобра казаў. Ты нядобры таварыш.
Задарожны сапе і лаецца:
— Пайшлі вы ўсе да д’ябла: нядобра, нядобра! Што я, ізвіняцца павінен? Ось паглядзім, што заўтра будзе — добра ці нядобра.
— Дурны Лошка! Нядобры Лошка! Эх ты! — ківае галавой Папоў. Задарожны ўскоквае з бруствера, адыходзіць убок і раззлавана сядае зводдаль — панылы і злосны. Мы маўчым, тоячы прыкрасць на яго, — не хапала аднаго клопату, дык вось яшчэ гэтая сварка. І ў часе гэтай маўклівасці з-за варожых пагоркаў даносіцца глухі, быццам падземны, грукат, нібы дзе далёка заводзяць танк, — ён прагрукоча і сціхае, потым, пасля нядоўгага часу, пачынае зноў. Хлопцы міжвольна ўслухоўваюцца, стараючыся разгадаць сэнс гэтага загадкавага гулу.
— Лазняк! — гукае мне Папоў. — Вартавым трэба. Трэба слухай. Добра слухай. Сёння не харошы Гітлер.
6
Уздзеўшы на плячо аўтамат, я хаджу па агнявой і ўглядаюся ў святлявае паўзмрочнае наваколле. Месяц лезе ўсё вышэй, ён някепска свеціць сваім трошкі прыплюснутым з аднаго боку вокам; дробненька трымцяць угары так і не пагусцелыя зоркі. Невялікі клопат, калі побач не спяць, хадзіць вартавым і слухаць, дзе што робіцца, ды яшчэ ў такую месячную ноч, калі навокал відаць на добрых сто метраў. Але неўзабаве цяжар новага абавязку пачынае сціскаць мае пачуцці, і мне вельмі карціць прысесці цяпер разам з усімі на яшчэ цёплы звечара бруствер і маўчаць. Толькі страціўшы гэтае права, я пачынаю адчуваць, якое жаданае яно, як гэта добра — вольна ляжаць на траве і глядзець у неба, на зоркі, і, адагнаўшы прэч благія прадчуванні, думаць пра іншае, былое жыццё, пра маю далёкую радзіму, на якую гэтак жа мільготка пазіраюць з начное бездані тыя ж самыя зоркі…
Цяпер ужо пэўна, што заўтра чакае нас нялёгкая справа. Хлопцы трошкі аблянелі за гэты ціхі спакойны тыдзень, адвыклі ад франтавых нягод і цяпер устрывожыліся. Трошкі боязна і мне, трошкі трывожна, яно і зразумела — так добра, калі ціха наўкола, не трэба ўвесь час напружвацца і пакутна чакаць самае горшае з усяго, што можа напаткаць на вайне. Толькі мне прагнуць спакою нельга.
З даўніх часоў жыве ва мне несціханы трывожны боль, ён перасільвае маю звычайную чалавечую палахлівасць, жалобай і лютасцю пячэ маё сэрца. Я не ведаю, што гэта — злосць ці нянавісць або няздзейсненая прага помсты, толькі адчуваю, што ў жыцці мне спакою не будзе, пакуль не сціхне той гарачы боль у грудзях. І я ўжо не маю ахвоты шукаць дзе лягчэйшага — мушу ісці насустрач труднаму і трываць усё да канца.