ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Штосьці нядобрае ўстрывожвае мяне.

— Што, здорава паранены?

— Ат, драпіна, — махае рукой Люся і прыкусвае губу.

— А нашто вам трэ было бегчы? — ваўкавата пытаюся я ў дзяўчыны.

— Дазвол вам прынесла, — кажа яна. — Сказаў камбат расстраляць снарады і прабівацца. Там дужа цяжка. Танкі сорак чацвёрты полк акружылі. Гаўбічнікі ўсе загінулі. Цяпер самаходчыкі б’юцца.

Я не слухаю ўжо апошніх яе слоў — сэнс новага загаду панылаю млоснасцю распаўзаецца ў целе. Куды ж тут праб’ешся цяпер, каб хоць гадзіну раней! Папоў, расшырыўшы свае вузкія, з прыпухлымі павекамі вочы, нейкі час няўцямна пазірае на Люсю, а затым злосна плюе ў пясок.

— Позна! Нашто бегла? Дарма бегла! Там Гітлер, там Гітлер, там Гітлер, — тыцкае ён у бакі. Затым, змаркатнелы, адварочваецца, прыціскае да грудзей перавязаную руку, і грымаса пакуты з’яўляецца на яго твары.

— Ладна, Папоў, не злуйцеся, — уздыхае Люся. — Вы ж мае родныя хлопчыкі. Давайце вашу руку, пагляджу, што там.

Папоў адмахваецца ад яе, адводзіць руку, ёрзае на каленях. У вачах яго — клопат, але рука напэўна ўсё ж баліць, і неўзабаве ён працягвае ёй сваю «ляльку». Люся расшпільвае сумку, хуткімі трапяткімі пальцамі нешта перабірае там і дастае бінт з ёдам.

У той час з-за пляцоўкі, з акопа, доўгай чаргой грукае кулямёт Крывёнка. Папоў вырывае ў Люсі так і не разбінтаваную руку і, прыгнуўшыся, грабецца да гарматы. Я бяру аўтамат і лезу за ім.

Ну, вядома ж, на нас ужо ідуць немцы. Са сланечніку іх высыпае ў поле чалавек з дваццаць, яны на хаду, не цэлячыся, пачынаюць лупіць з аўтаматаў. Кулі сцябаюць бруствер, цокаюць па метале гарматы, джагаюць у паветры над агнявой. З другога боку — з пехацінскай траншэі, таксама выскокваюць і бягуць сюды.

Вось яно, здаецца, пачынаецца самае горшае. І Люся!.. Трэба ж было ёй улезці ў гэтую пастку, бегчы сюды — дурное дзяўчо! Якога д’ябла сунулася сюды па сваёй ахвоце? Цяпер вось прападзе нізашто…

Крывёнак дробна калоціцца за кулямётам, і той шалёна пырскае наўкола гарачымі гільзамі. Папоў цэліцца ў тых, што бягуць ад траншэі. Я з гільзаю ў руках курчуся між станін і, напяўшыся ўсім целам, чакаю першага стрэлу. Але Папоў марудзіць, і я ведаю: ён падпускае бліжэй, — блізка ўжо ім паратунку не будзе. Добра, што Крывёнак прывалок яшчэ скрынку, бо карцечы ў нас засталося толькі сем гільз — восьмая ў мяне ў руках, адна ў ствале, адну мы ўжо выпусцілі… «Трымайся, Лазняк, трымайся! Трывай! Час твой настаў, проба твае годнасці прадаўжаецца. Помні, помні каляіны!»

— Гах! — рвецца назад гармата, і ўсё тоне ў дзікай калатнечы грому, бліскавіц, пылу і гарачых, задышлівых думак…

16

Неяк усё ж здараецца, што атаку мы адбіваем, ніхто з нас не гіне, і ў Крывёнкавай скрынцы яшчэ ляжаць тры снарады. Не шанцуе толькі нашай гармаце. Ствол яе застаецца на адкаце, наперад не ідзе — недзе прабіла супрацьадкатны механізм, і з-пад казённіка цячэ па зямлі зеленаваты ручаёк верацёнкі. Папоў сядзіць між станін, раскінуўшы ногі, я на жываце ляжу ля сашніка, мы выплёўваем з рота пясок і аддыхваемся. Побач са сховішча вытыркаецца раскудлачаная ветрам галава Люсі — яе вялікія сур’ёзныя вочы ўглядаюцца ў нас, у іх клопат, трывога і боль. Недзе ў акопе варушыцца, тупае, бразгае металічнаю стужкаю Крывёнак.

Немцы перад намі кудысь пазнікалі, пэўна, да часу пахаваліся ў сланечніку і ў траншэі; у траве, вакол агнявой, горбіцца некалькі трупаў. Але і мы знемаглі. Сіл мала засталося ў целе, пот раз’ядае твар, слепіць вочы, дапякае смага. Нейкі час мы курчымся так за гарматай. Папоў ці то ад стомы, ці ад якой душэўнай скрухі апанурваецца, цяжка дыхае і доўга не размаўляе. Пасля, пэўна, трохі адышоўшы ад стомы, ён пазірае на мяне і кажа:

— Лазняк, помні трэба. Жаўтых пагібай — помні! Лук’ян пагібай — помні! Салдат пагібай — помні! Глядзі — усё помні! Трэба век помні.

Ён адварочваецца, выцірае твар рукавом і дадае сцішана:

— Гармата памірал. Аўтамат бяры, гранат бяры. Нож бяры.

Так, дайшла чарга да аўтаматаў, нажоў і гранат — я гэта адчуваю. Гарматка паслужыла нам, і нямала, але ўсё ж скончылася і яе служба.

Я спаўзаю з пляцоўкі ў сховішча, там выпростваюся. Люся нешта нахіляецца над Лук’янавым, збоч ляжыць яе аўтамат, — я бяруся за кожух — гарачы. Не, гэта не ад сонца — гэта яна страляла, а мы ў грукаце і громе нават і не заўважылі таго. Я вымаю дыск, патроны ў ім яшчэ ёсць, але няшмат, — дыск лёгкі. Аўтамат гэты Жаўтыха, я пазнаю яго па ладнай скураной почапцы ад нямецкага карабіна. Затым я пачынаю збіраць патроны — з магазінаў, з падсумкаў, з кішэняў забітых набіраецца на якія дыскі два — не болей. Гэта небагата. Праўда, у нішы ў акопе павінна быць яшчэ, там жа мы некалі хавалі гранаты. Тым і будзем біцца.

Я сонна накладваю ў магазін аўтаматныя патроны, іх трэба настаўляць там роўненька, але пальцы не слухаюць, і патроны рассыпаюцца ў пазах. Гэта нервуе, ды і стома настойліва робіць сваю справу. У час бою неяк лягчэй было ўтрымліваць сябе ў напружанні, цяпер жа воля расслаблена, слабеюць мускулы. З нейкаю тупою злосцю ў думках я лаю патроны, канструктараў гэтага няспрытнага для снараджэння магазіна і нават камбатаў дазвол, які не прынёс нам паратунку. Затым паглядаю на адкінутую Жаўтухову руку, — гадзіннічак усё цікае, чырвоная стрэлачка рупна бяжыць па чорным цыферблаце — хутка пяць. Толькі яшчэ пяць гадзін, а здаецца, зранку перажыта цэлая вечнасць, цэлая эпоха, за якую вось пагінулі людзі, а жывыя напакутаваліся, перадумалі, перажылі столькі, што іншым хапіла б на ўвесь век.

Але ўсё ж сама па сабе жыве ва мне і ціхая радасць, і я ведаю — гэта Люся. Я адчуваю яе тут, калі і не бачу, чую яе дыханне, кожны яе рух, яе прысутнасць неяк надае сэнс усёй гэтай нашай безнадзейнай і, можа, не дужа патрэбнай бойцы. Толькі я баюся, ці ўберажом мы яе да канца? Люся ўсё корпаецца над Лук’янавым, адшпільвае ад пояса біклагу і падносіць да ягоных вуснаў. Вада ліецца па запыленай шыі, сцякае на дол, але вось Лук’янаў ціхенька грэбае рукой па зямлі і, абапёршыся на локаць, спрабуе ўстаць. Засмяглыя вусны яго шэпчуць:

— Я зараз… Зараз…

— Не трэба. Ляжы. Яшчэ на вады, — кажа да яго Люся і нахіляе біклагу. Лук’янаў яшчэ п’е, кадык на яго худой шыі сутаргава скача ўгору-ўніз, і салдат падымае ссінелыя павекі.

— Дзякуй, — ціха кажа ён ужо апрытомнелым голасам. Затым занепакоена азірае бруствер, неба і аслабела пытаецца: — Дзе немцы?

— Ляжы, ляжы, — лагодна супакойвае яго Люся. — Усё добра, ляжы. Не трэба пра немцаў.

Відаць, гэта насцярожвае Лук’янава, вочы яго засяроджваюцца ў сабе, робяцца пільнымі, і ён пераводзіць позірк на сцяну сховішча.

— Мы не ў санчасці? Не?

— Маўчыце. Будзеце размаўляць — горш будзе, — бы малому, растлумачвае Люся. Лук’янаў неяк супакоена апускае павекі, закусвае вусны і з насцярожанай развагай пытаецца:

— Здаецца, я памру? Так?

— Ну што вы? — здзіўляецца Люся. — Навошта так думаць! Вось адаб’ёмся, і возьмуць вас у шпіталь, і ўсё добра будзе.

— Адаб’ёмся! — шэпча Лук’янаў, кусае вусны і зноў спрабуе ўстаць.

Люся далікатна, але настойліва кладзе яго на лапаткі. Раптам нейкім чужым натужаным голасам ён патрабуе:

Поделиться с друзьями: