ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Люся! Ты куды? Люся!!!

Але яна, не адказваючы, зараз жа выскоквае з варонкі, кідаецца на засыпаную зямлёй траву і хутка-хутка паўзе збоч танка. Вось яна ўжо мінае яго, страсянуўшы галавой, адкідвае з ілба валасы і паўзе, паўзе далей. Я, сцяўшыся, назіраю за ёй і толькі тады разумею — гэта яна да бліжэйшага забітага немца. У дзвюх руках я сціскаю гранаты, акідваю позіркам прасцяг, здаецца, ворагаў не відаць, але хто іх ведае… Сланечнік за дзвесце крокаў ад нас.

Люся падпаўзае да немца і трохі часу поркаецца над ім. Так, здаецца, яна знайшла там тое, чаго шукала, — у руках яе з’яўляецца біклага, і дзяўчына паварочвае назад. Азіраючыся ва ўсе бакі, яна хуценька, спрытна паўзе, зноў знікае на момант у варонцы і зноў паказваецца, і тады са сланечніку б’е першая доўгая чарга.

Кулі няроўным касым шнурам пыльна джагаюць па раскапанай зямлі. Люся ўздрыгвае, прыціхае на момант, азіраецца і яшчэ хутчэй падаецца наперад. Пачуўшы нядобрае, да мяне на бруствер кідаецца Крывёнак, я адчуваю, як ён упіваецца ў зямлю рукамі і замірае. У мяне ў самога халадзее сэрца, але што мы можам зрабіць без патронаў.

Яна ўжо блізка. Нізка схіліўшы голаў, яна ўпарта дабіраецца да нас. У адной яе руцэ абшытая войлакам нямецкая фляжка (напэўна, вада!), у другой нейкая сумка ці кабур. Ну хутчэй жа, хутчэй, дарагая дзяўчынка! Са сланечніку зноў грукоча чарга, і зноў абмірае маё сэрца. Але Люся паўзе. Яна кіруе ў акоп, дзе дагэтуль сядзеў Крывёнак, — туды ёй бліжэй, чым у наша сховішча. Крывёнак падхопліваецца і рынаецца цераз пляцоўку. Я з гранатамі кідаюся следам.

Тут трошкі глыбей і схоўней. Люся ўжо блізка, яна падпаўзае ўжо да першых грудоў бруствера. Пэўна, у нашых вачах вялікі спалох і страх за яе, бо яна, сустрэўшы нашыя позіркі, абнадзеена ўсміхаецца зводдаль. Гэтая яе ўсмешка пераварочвае ўсё ў маім нутры, — я хачу закрычаць і вылаяцца ад напружання і страху за яе — столькі нясцерпнасці абрушыла яна ў маю душу гэтым сваім учынкам! Але яна ўжо ўзнімаецца на ўцалелы тут бруствер. Крывёнак, не зважаючы на нябеспеку, устае на ўвесь рост і выцягвае насустрач ёй рукі. Яна цягне свае да яго, прыўстае на каленях і раптам падае…

21

Лютая чарга разрыўных ашалела шчоўкае па брустверы, па зямлі, па траве; пясок і камякі сцябаюць па маім твары, запарушваюць вочы, знянацку я лыпаю, побач ускрыквае Крывёнак…

Праз слёзы ад пяску я ўсё ж кідаю позірк на Люсю — яна моўчкі і неяк незразумела пакорна кладзецца на бруствер; побач, ухапіўшыся рукамі за скрываўлены твар, апускаецца ў дно Крывёнак.

Вось яно! Вось самае страшнае, самае горшае — яно не мінула нас! А са сланечніку б’е другая, трэцяя чарга, куля збівае з маёй галавы пілотку, і я на момант схіляюся за бруствер…

— Люся! Люся! Люся!!! — ашалела крычыць у акопе Крывёнак, і я, зірнуўшы на яго, яшчэ раз жахаюся. У хлопца на скрываўленым твары — чырвоныя пустыя вачніцы…

— Люся! Дзе Люся?

— Люся тут, тут Люся, — шапчу я, раптам страціўшы голас. Яна ціхенька ляжыць на брустверы, паклаўшы галаву на выцягненую ўперад руку, і на твары — добрая, светлая ўсмешка, якую, напэўна, у апошняе імгненне ўбачыў Крывёнак. У выцягненай руцэ дзяўчыны біклага, а ў другой брызентавы кабур з ракетніцай. Ракетніца тоўстаю сваёй рукаяткай выпірае з яго — усё гэта звісае з бруствера. Апамятаўшыся і зразумеўшы, што сталася, я бяру Люсю за тонкія, яшчэ цёплыя кісці і разам з пяском сцягваю ў акоп. Маленькае гнуткае Люсіна цела лёгка кладзецца на мае рукі…

— Люся! — з нялюдскаю, немай адзічэласцю крычыць Крывёнак, слепа лапае па брустверы крывавымі рукамі, і я нейкі час баюся азвацца, баюся сказаць яму праўду. Тады ён гэткім жа голасам пачынае клікаць мяне.

— Сядзь, — кажу я як мага спакайней, але чужым, прыдушаным голасам. — Сядзь… Сядзі…

— Дзе Люся? Гад Лазняк, дзе Люся?

Я адчуваю, што ён зноў шалее, і болей не таюся ад яго.

— Усё. Няма Люсі…

Крывёнак змаўкае, пасля, неяк страціўшы сілу, спаўзае ў дол, затуляе далонямі свой аслеплены твар і зноў ускоквае з лаянкай:

— Сволачы! Гады!.. Сабакі!.. Падлюгі!..

Ён зноў, як звер у пастцы, кідаецца ў акопе, спатыкаецца аб пакінутую ў дне рыдлёўку і хапае яе.

— Дзе фрыц? Дзе той недабіты фрыц? Дзе ён?

Крывёнак вылазіць з акопа; зачапіўшыся за сашнік, падае, зноў ускоквае. Ён у шаленстве нічога не чуе, а я трымаю на каленях Люсю і не маю сілы спыніць яго, заспакоіць. Пакуль ён лапае ў доле, шукаючы рыдлёўку, са сланечніку зноў б’е чарга, разрыўныя гулка трэскаюць на брустверы і на гармаце.

— Ага! — учуўшы стрэлы, недарэчна ўзрадавана крычыць Крывёнак і лаецца. — Ага! Сволачы, гады!..

Босы, у парванай, расшпіленай гімнасцёрцы, без дзягі, з рыдлёўкай у руках, ён вылазіць з агнявой і, шырока расстаўляючы ногі, слепа сігае туды, дзе ворагі. Не выпускаючы з рук Люсі, я паволі ўзнімаюся ў акопе, а ён шырока і невідушча ідзе і ідзе, высока і пагрозліва ўзняўшы рыдлёўку, і страшна лаецца. Праз пяць крокаў падае ў бомбавую варонку, гэта абнадзейвае мяне, я прачынаюся са сваёй душэўнай знямеласці і крычу:

— Крывёнак, стой! Стой! Не вылазь!

Але ён нядоўга ляжыць там, зараз жа вылазіць і зноў сігае туды, насустрач ворагу. Я ведаю, што ўсё прапала, што толькі некалькі імгненняў аддзяляюць чалавека ад пагібелі. І калі са сланечніку грыміць чарга, я заплюшчваю вочы. Расплюшчваю, але Крывёнка ўжо не бачу.

Я зноў апускаюся на дно абрушанага акопа і ціха, з вялікаю асцярогай кладу на зямлю Люсю.

Цяпер я адзін. Адзін з маёю вялікаю мукай і любай маёю дзяўчынай… Я ўражаны яе пагібеллю, уражаны вайною, мой свяшчэнны пякучы намер, як сухая груда ад кулі, рассыпаўся сёння ўшчэнт. Відаць, я слабы, я маленькая парушынка ў гэтых вялізных жорнах вайны, што страшэннаю сілай перамолваюць людскія жыцці. І мне не хапае ўжо маёй душэўнае сілы, каб супрацьстаяць пагібелі, змагацца, абараняць аднаго толькі сябе.

Я вымаю з тонкіх Люсіных пальцаў раменьчык біклагі, там, здаецца, ёсць нейкі глыток вады. Пасля з другой рукі я бяру ракетніцу — у скураных гнёздах кабуры тырчаць тры каляровыя ракеты. Мне ўжо не хочацца ні піць, ні есці, ні жыць, знікае жаданне і біцца — адстойваць гэтую ўшчэнт разбураную агнявую, — хочацца толькі памерці, ціха — і тут, побач з Люсяй…

Не ведаю, колькі часу я так, у зняменні, сяджу над ёю. Пасля ўспамінаю жывога яшчэ небараку Лук’янава і нашых там, у сховішчы. Не вельмі хаваючыся, з біклагаю ў руках я перапаўзаю пляцоўку. Лук’янаў нерухома ляжыць, дзе ляжаў, але ўжо не кратаецца. Мне вельмі хочацца, каб ён ачнуўся, загаварыў, зірнуў — гінуць аднаму страшна. Я адвінчваю біклагу, паднімаю яго запарушаную зямлёй галаву. На павеку заплюшчанага левага вока грудка зямлі, я скідаю яе. Але зубы Лук’янава сцяты. Не, ужо ўсё ў ім здранцвела — чалавек, напэўна, даўно ўжо памёр…

Няўцямным, абыякавым да ўсяго позіркам я аглядваю астатніх. Нерухомыя, глухія, сляпыя да ўсяго на свеце людзі, змярцвелыя, закіданыя зямлёй твары… А чырвоная доўгая стрэлачка на Жаўтыховым гадзінніку ўсё рупна бяжыць і бяжыць па чорным цыферблаце. Гэтая яе жывучасць бянтэжыць мяне, — з нейкім забабонным страхам я б’ю па ёй біклагай — шкло рассыпаецца, і стрэлка спыняецца на лічбе 11.

Ну, што далей?

Побач нешта пачынае мармытаць абгарэлы немец. Жывучы! Нашы ўсе да аднаго палеглі тут, а ён вось жывы. У мяне ўзгараецца жаданне дабіць яго, задушыць. Але прыпамінаецца: Люся не дала мне зрабіць гэта ў самым пачатку — і я веру ёй. Мусіць, яна сваёй чалавечай жаночай душой адчувала нешта такое, што недаступна нам, аслепленым крывёю, нянавісцю, гарачкаю бойкі. Чорт з ім! Хай памірае сам!

Поделиться с друзьями: