ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Дзе мой аўтамат! Дайце аўтамат!

— Ну ляжыце ж! Што вы такі неспакойны! — угаворвае Люся.

Я снараджаю патронамі тры аўтаматныя дыскі, трэба яшчэ споўзаць па той бок пляцоўкі ў акоп, каб пашукаць якія запасы. Наверсе, здаецца, пацішэла, грукоча і бахае далёка за вёскай, а тут толькі там-сям кахаюць і рэхам раскочваюцца ў небе вінтовачныя стрэлы. Папоў з-за кола назірае за полем.

Я перапаўзаю пляцоўку і звальваюся ў акоп, у якім адзінока сядзіць Крывёнак. Ён кідае на мяне не дужа прыязны позірк і падкурчвае пад сябе ногі.

— Лук’янаў апрытомнеў, — кажу я. — Жывы. А ты ўсё злуешся?

Крывёнак сцінаецца, туліцца і нічым не рэагуе на маё пытанне. Гэта ўрэшце злуе і мяне — знайшоў яшчэ час паказваць характар, калі тут усё наша жыццё ледзьве ліпее на адным валаску.

— Ну і дарма, чорт бы цябе ўзяў, — кажу я. — Што ты зацяўся! Ты ведаеш, што нам загадана?

— Чуў! — буркае хлопец.

— Ну?

Але Крывёнак маўчыць, ад яго ўжо не даб’ешся ніводнага слова. Я разграбаю ў нішы зямлю, што навалілася з бруствера, выкопваю тры нашы гранаты, выцягваю з-пад пяску важкі засмолены пачак з патронамі. Здаецца, болей тут нічога няма.

— А ў цябе колькі? — пытаюся я ў Крывёнка. Ён неахвотна ківае на кулямёт, з прыёмніка якога звісае напалову набітая патронамі стужка.

— Гэта ўсё?

Я пакідаю хлопцу лімонку і з астатнім перапаўзаю пляцоўку. Люся сядзіць як сядзела над Лук’янавым, абапершыся на адстаўленую назад руку, а ён стогне і з частымі прыпынкамі аслабела гаворыць:

— Ну, навошта ж ашукваць?.. Навошта?.. Хіба гэтым паможаш!.. Чалавеку праўда патрэбна…

Люся маўчыць, а ён, трошкі перадыхнуўшы і неяк паспакайнеўшы, задышліва аб’яўляе:

— Ведаю, памру… У грудзях душыць… Ногі адняло… Так… Праўда ж?.. Ну, скажыце!.. Шчыра, — сіпіць Лук’янаў, і ў грудзях яго нешта ціхенька булькае. Люся маўчыць.

— Ну, што ж!.. Толькі не думаў… Так, не думаў… Жахліва і недарэчна… Тры гады вайны і — упустую… — пакутна гукае ён. — Эх! А яны ўсё збэсцілі.

Нешта надарванае чуецца мне ў голасе гэтага нечакана ажыўшага чалавека, і я, перастаўшы пхаць у дыскі патроны, насцярожваюся ў сабе. Збялелы твар Лук’янава пакрываецца буйной расою поту.

— Канец! — кажа Лук’янаў і сціхае, быццам удумваючыся ў сэнс гэтага слова. — Што мне цяпер таіць! Навошта? Хто я? Трус пархаты! — ціха, але з нейкім незвычайным напружаннем кажа ён. — Усё жыццё баяўся. Усіх! Усяго! І дарма… Нахлусіў я тады пра палон…

Адчуваю, гэтыя словы скіраваны мне, узнімаю на яго позірк і сустракаюся з яго вачмі. Але ён зараз жа адводзіць позірк убок.

— Так, Лазняк, нахлусіў я. У палон сам здаўся. У акружэнні. Са страху. Узняў рукі і пайшоў. Затым пачаў разумнець. Ды позна… І вось усё… Канец! Нішто не памагло… Эх! Навошта было?.. Навошта? — хрыпіць ён.

Гэтае прызнанне на хвіліну бянтэжыць мяне. Значыць, зусім ён не той, за каго выдаваў сябе, мала што ён гэткі разумны — ён баязлівец. Баязлівец — агідны на вайне чалавек, але можна зразумець яго і дараваць яму, калі ён шчыра імкнецца перамагчы страх у сабе. Здаецца, нялёгка далася гэтаму чалавеку перамога над самім сабой, але хоць і дарагой цаной, пэўна ж, ён перамог, і сёння мы не можам ні ў чым дакараць яго. І ўсё ж тое, што ён ашукваў нас, плёў пра свае няўдачы і рабіў выгляд несправядліва пакрыўджанага, нішчыць ва мне ўсякае спачуванне. Праўда, цяпер ужо не трэба яму ні спагады, ні спачування, відаць, не страшна яму і асуджэнне — перад канцом, — адчуваю я — адзіна важнаю ў яго рэштках жыцця засталася неспатольная патрэба ў праўдзе.

— Ну ладна, ладна. Маўчыце, — супакойвае яго Люся. Яна таксама, здаецца, бянтэжыцца, абое мы не ведаем, як рэагаваць цяпер на гэтыя словы, але злосці ў мяне да яго няма, хоць няма і спагады.

Лук’янаў стогне, сутаргава варушыцца, матляе на доле галавой. Люся стрымлівае яго:

— Вы ўсё ж паляжыце ціха: так лягчэй. Не трэба нервавацца.

— Не, ужо ўсё. Хутчэй бы! Пячэ ў грудзях… Бог мой! Як неразумна! І мой бацька! Што ён думае?.. Але што ж! Храбрасць — талент, стараннем яго не асвоіш. Я бесталанны. А каму патрэбны такі? Чалавек-трава. Як гэта агідна!..

Ён плача. З вачэй на скронях скочваецца некалькі мутных слязін. Люся, наморшчыўшы пераноссе, з унутраным болем моўчкі глядзіць на яго. Не часта даводзіцца нам чуць такое, і абаім нам трохі ніякавата слухаць яго. Але мы адчуваем, што яму вельмі нялёгка, і гэта разам з непадробнаю шчырасцю, што імкне з ягонай душы, утрымлівае нас ад пагарды да гэтага няладнага чалавека.

— Эх ты, Лук’янаў! Трэ было раней думаць, — кажу я.

— Каб жа раней!.. Цяпер я быў бы другі… А то так позна! Ось не баюся ж… Ні праўды, ні немцаў. Дзе яны? Дайце гранату! Ну дайце ж гранату!

— Навошта вам граната? — кажа Люся. — Вы ж не кінеце яе.

Лук’янаў напружваецца, прыўстае на локцях, упірае ў мяне свой дрыготкі перадсмяротны позірк.

— Лазняк, дай!.. Можа, я напаследак…

— Каб жа яна была, — хлушу я.

Ён зноў падае спінай на дол, і некалькі слязін самі сабой сплываюць з яго вачэй.

17

— Лазняк! — устрывожана кліча Папоў. — Скора-скора сюды!

Я хуценька выпаўзаю са сховішча на пляцоўку. Папоў напружана горбіцца за прыцэлам, і, наблізіўшыся да яго, я бачу тое, дзеля чаго ён паклікаў мяне.

У пехацінскай траншэі немцы. Сям-там бачна, як высунецца і схаваецца ствол вінтоўкі, часам блісне на сонцы каска. Відаць, яны там ідуць некуды, мабыць, акружаюць нас. Але гэта не ўсё. Удалечыні, на аб’ездзе міннага поля, зноў паказваюцца аўтамабілі, пярэднія, валюхаючы бартамі, ужо з’язджаюць цераз канаву з дарогі. Папоў пільна пазірае на іх і, паволі пакручваючы махавічкі, вядзе ствалом гарматы за пярэдняй машынай.

Але ствол споўз назад між станін, затвор не зачыняецца, так стрэліць нельга. Нічога іншага не прыдумаўшы, я ашчаперваю казённік, з усяе сілы ўпіраюся ботамі ў зямлю і нечалавечым напружаннем ссоўваю ствол наперад. Затым піхаю ў яго снарад. Клін, лязгнуўшы, зачыняецца. Здаецца, абышлося — цяпер стрэліць.

У той час па шчыце нешта гучна ляскае — асколкамі ці металічнай акалінай, нібы жарствой, сцябае мяне па шчацэ. Я хапаю новы снарад, а Папоў, перастаўшы круціць махавікі, паволі нахіляецца, напэўна, каб выглянуць з-за шчыта.

— Гатова! — крычу я, але Папоў чамусьці не кратаецца. Я скаланаюся ад нядобрага прадчування, а наводчык неяк абвяла навальваецца на механізмы наводкі і дзёўбаецца лбом у край шчыта.

— Ты што? Папоў!

Я кідаю снарад, хапаю наводчыка за плечы — ён увачавідкі бялее, затуманеным позіркам слізгае па мне і праз цяжкі апошні стогн шэпча:

Поделиться с друзьями: