ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ззаду, няспрытна валюхаючы, да камбата падпоўз ветэрынар і, папраўляючы на галаве шапку, прасіпеў сарваным голасам:

— Што здарылася, камбат? Чаму не паднімаюцца ў атаку?

Камбат паглядзеў на яго абыякавым позіркам — у грымоцці і трэскаце бою ён выразна пачуў кулямётныя чэргі па той бок балота, якія білі па флангу Кізевіча, і з непрыяззю падумаў пра ягоных разведчыкаў. А заадно і пра палкавых, на якіх ноччу з такой упэўненасцю спасылаўся маёр Гунько. Панаразведвалі, называецца. На яго галаву.

— Чаму не паднімаеце роты ў атаку? — настойліва сіпеў ля вуха маёр, усё не выпускаючы з рук невядома для якой патрэбы выняты з кабуры наган, ствол якога быў шчыльна забіты зямлёй.

— Прачысціце зброю, — холадна сказаў Валошын. — А то разарве ствол.

Ветэрынар, спахапіўшыся, пачаў выбіваць са ствала зямлю, а Валошын з яшчэ большай, чым раней, злосцю падумаў, што такія вось уедлівыя правяральшчыкі — куды большае зло, чым тыя, хто, слаба разумеючы ў справе, не вельмі і рвуцца ў яе, трымаючыся бліжэй да зямлянкі, дзе трохі бяспечней, чымся ў гэтым пекле.

Ён чакаў лейтэнанта Самохіна, якога ўсё не было, і ён пачаў сумнявацца, ці перададзены яму яго выклік, ці не застаўся дзе на дарозе пасыльны. Сувязі таксама не было. Гутман трымаў ля вуха тэлефонную трубку і ўсё дзьмуў у яе, але лінія, відаць, маўчала.

Калі з хмызняку ззаду з’явіўся лейтэнант Круглоў са споўзшай набок спражкай дзягі і без ценю звычайнага дабрадушша на ўзрушаным твары, камбат зразумеў, што становішча дзевятай на самай справе крытычнае. Камсорг размашыста рухнуў злева ад яго, выцер рукавом потны ў пыле і гары твар.

— Камбат, ратуйце дзевятую! Праз паўгадзіны ўсю выб’е.

— Кізевіч жывы?

— Жывы пакуль што. Але страты вялікія. Галоўнае — гэта шрапнель. Ды і кулямёты справа. Спярша трэба браць тую вышыню, за балотам. Інакш дрэнь справа, задарма пакладзеце людзей, — нервова загаварыў камсорг.

Камбат, падумаўшы, азірнуўся на Гутмана.

— Як сувязь?

Гутман замест адказу развёў рукамі.

— Ракетніцу! — патрабаваў камбат.

Ён выхапіў з рук ардынарца ракетніцу, лежачы, паварушыў у кішэні, выняў белы з чырвонай галоўкай патрон.

— Што ж, будзем лічыць, фокус не ўдаўся. Фокуснічкі!..

I, падняўшы руку, паслаў у дымнае ад выбухаў неба імклівы агеньчык чырвонай ракеты.

Роты па-пластунску і перабежкамі пачалі адыход за балота.

16

Ён разумеў, на што ішоў, і ведаў, як гэты яго адыход будзе ўспрыняты камандзірам палка. Але ён іначай не мог. Ён не мог паднімаць батальён пад такім агнём з вышыні — гэта было б свядомым яго знішчэннем. Роты, зрэзаныя кулямётным шквалам, назаўжды б засталіся на яе мёрзлых схілах, з кім бы тады ён вярнуўся на свой КП? Вярнуцца аднаму са жменькай упраўлення ён бы не здолеў, значыць, і ён павінен быў бы застацца на гэтай праклятай вышыні. Але гінуць ён яшчэ не збіраўся, ён хацеў ваяваць, каб паквітацца з немцамі.

Лежачы за ўзмежкам, ён прасачыў, як апошнія байцы восьмай роты зніклі ў кустоўі, і сам падняўся на ногі. Напэўна, усё ж край кустоўя не быў відаць з вышыні, кулі адтуль усе ішлі верхам. Падбегшы да цела Муратава, ён азірнуўся: ззаду нікога не заставалася, Гутман, павесіўшы на плячо аўтамат, узяўся намотваць кабель. Але тут насустрач ардынарцу з кустоў выбег запараны Чарнаручанка, і камбат крыкнуў Гутману:

— Забярыце Муратава!

Усё па тым жа стаптаным падэшвамі лёдзе ён перабег балота. Следам, цюкаючы аб лёд і зразаючы вецце, хлёстка праносіліся кулі, адна сцебанула яго па пале шыняля, зрабіўшы ў ёй дзве новыя дзіркі. Камбату, аднак, было не да шыняля, недалёка ўжо бялеў бруствер выратавальнай траншэйкі сёмай, адтуль занепакоена высоўвалася знаёмая галава Іванова.

Некалькі байцоў наперадзе паспешна скочылі ў свае нядаўна пакінутыя і зноў радасна знойдзеныя акопчыкі. Ззаду і трохі ўбаку спазнела, але з ранейшым аглушальным трэскам бабахнулі разрывы брызантных. Камбат, не спяшаючыся, хісткім крокам кіраваў па адкрытай мясціне да сваёй траншэі. Яго цяпер надта проста маглі зрэзаць кулямётнай чаргою ззаду, маглі накрыць разрывам брызантнага, але ён ужо не дбаў аб сваім жыцці пасля таго, як столькі чалавечых жыццяў засталося па той бок балота. Не зірнуўшы нават на змрочна паніклага за брустверам Іванова, ён скочыў у траншэю, апынуўшыся побач з апярэдзіўшым яго ветэрынарам. Камандзіры сустрэлі камбата моўчкі, і ён маўчаў, хвіліну пазіраючы, як з кустоўя, выблытваючы ў голлі провад, таропка выбіраўся Чарнаручанка. Тэрмінова патрэбна было звязацца з камандзірам палка.

— Да, глупства атрымліваецца, — адчуваючы настрой Валошына, паныла сказаў Іваноў.

— Чаму так кепска працавала артылерыя? — горача загаварыў у траншэі ветэрынар. — Чаму раптам замоўклі гарматы?

— Каб артылерыя добра працавала, патрэбны боепрыпасы, — сказаў Іваноў.— А боепрыпасаў якраз кот наплакаў.

— Гэта чаму? Хто вінаваты?

— А вы пра гэта ў штабе дывізіі запытайцеся, — стоячы да маёра бокам, сказаў камбат. — Падвоз і снабжэнне ў арміі ажыццяўляюцца зверху ўніз.

Маёр шумна і гаротна ўздыхнуў, напэўна, пачынаючы разумець нешта, і Іваноў сказаў:

— Восем снарадаў засталося. Як было апошнія выпусціць?

Ён быццам апраўдваўся перад маёрам ці перад камандзірам батальёна, але камбат не вінаваціў яго і нават не крыўдаваў, разумеючы, што без снарадаў камандзір батарэі яму не памочнік.

У невясёла-раздумнай маўклівасці Валошын стаяў, прысланіўшыся да тыльнай сцяны траншэі. Тым часам Гутман з двума байцамі вынеслі з балота цела Муратава. Зышоўшы са слізкага лёду, яны, можа, ад стомы ці не ведаючы, куды скіраваць далей, нерашуча паклалі яго на траву, але Гутман тут жа пачаў падганяць іх, і байцы зноў узяліся за рагі палаткі. 3 натугай узлезшы на ўзмежак, яны паклалі забітага каля ўвахода ў траншэю, і ў камбата на хвіліну перацяла ў горле, калі ён прыпамятаў іх начную размову аб гадзінніку. Вось яна, забабоннасць! Зрэшты, хіба ён адзін? У тых многіх, што асталіся пад вышынёй, наўрад ці былі хоць якія-небудзь гадзіннікі. Ды і асаблівыя прадчуванні таксама.

— Накрыйце лейтэнанта! — крыкнуў ён Гутману. — Палаткай накрыйце.

Побач роспачна вылаяўся Іваноў, які наогул ніколі не лаяўся.

Бой, аднак, памалу сціхаў, нямецкая батарэя збавіла тэмп, падобна было, збіралася зусім спыніць агонь, па адным змаўкалі і кулямёты. Валошын працягваў паныла маўчаць, уяўляючы сабе, як нямецкія кулямётчыкі на вышыні разраджаюць цяпер перагрэтыя свае «машынан-гевэры», мяняюць гарачыя ствалы, закурваюць і выхваляюцца адзін перад адным, як яны спрытна адбілі атаку рускіх. Што ж, яны перамаглі, і хоць камбат не адчуваў сябе пераможаным, настрой яго быў болей чым кепскі. Чакаючы, пакуль Чарнаручанка наладзіць сувязь, ён пазіраў на вышыню і хмызняк, з якога ўсё яшчэ валакліся адставакі і параненыя. Апошнімі выйшлі два байцы, адзін аслабела абапіраўся на плячо другога. Яны брылі быццам сляпыя, абыякава глухія да стрэлаў ззаду, аб чымсьці скупа перагаворваліся між сабой. Пасля той, што быў паранены, адчапіўся ад пляча таварыша і знямогла апусціўся на дол, другі пачаў тузаць яго, прымушаючы падняцца, і, павярнуўшы твар, тонкім голасам пракрычаў да ўзмежка:

— Таварыш камроты! Санітара!

Валошын зірнуў у кірунку ягонага позірку і ўбачыў лейтэнанта Самохіна, які рашуча крочыў уздоўж акопчыкаў сваёй роты.

— Ану, памагні ім! — крыкнуў ён там камусьці і грузна ўваліўся ў траншэю, ледзьве не збіўшы з ног Чарнаручанку.

— Што ж гэта атрымліваецца, таварыш капітан?

Валошын пахмурна зірнуў у поўныя злоснага адчаю вочы ротнага. Галава таго пад коса насунутай вушанкай была свежазабінтавана, і скрозь марлю бінта праступіла і распаўзлася свежая пляма крыві. Лейтэнант хваравіта дакрануўся да павязкі бруднай рукой, і твар ягоны скрывіўся ў пакутнай грымасе.

Поделиться с друзьями: