ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Вось ён часова і заменіць камроты, — рашыў Міненка.

— Круглоў, прымайце роту. I батальён — упярод! — павысіў голас камандзір палка, суровым позіркам нішчачы Маркіна, які заклапочана стаяў у траншэі.

— Ёсць!

Яўна задаволены сабой і сваёй здольнасцю распарадзіцца, камандзір палка спрытна выскачыў з траншэі, за ім вылезлі астатнія. Па адным яны перабеглі адкрыты ўчастак поля і схаваліся ў грыўцы кустоўя. Штабісты таксама пайшлі, і апошні з некаторай нерашучасцю выбраўся з траншэі маёр ветэрынарнай службы. Ён быў заклапочаны і, ні з кім не развітаўшыся, моўчкі пабрыў па кустоўі.

У траншэі стала вальней. Маркін, чакаючы прыходу Кізевіча і Ярашчука, упарта маўчаў, прыдушаны цяжарам новага свайго абавязку. Іваноў ціха перагаворваўся з агневікамі па тэлефоне, высвятляючы, колькі ў іх засталося «агурчыкаў». Паводле ягоных падлікаў, іх павінна было быць на шэсць штук болей, чым дакладваў старшы на батарэі.

— Маркін, — сказаў Валошын, адкінуўшы ўсякую афіцыйнасць у адносінах да свайго пераемніка. — Вы не надта старайцеся.

Маркін недаўменна паціснуў плячыма.

— Я — што? Загад! Чулі?

— Загад загадам, але не надта старайцеся. Зразумелі?

Маркін не адказаў. Здаецца, ён нічога не зразумеў з ягоных намёкаў, і Валошын нічога тлумачыць не стаў, тым больш што з тылу да іх траншэі бег Ярашчук, неўзабаве павінен быў падысці Кізевіч. Стараючыся зберагчы рэшту спакою і вытрымкі, Валошын праціснуўся за ягонай спіной і ўлез у апусцелы бліндаж.

17

У бліндажы ён сеў на салому і адхінуўся спіной да сцяны. Здрадніцкі франтавы лёс, думаў ён, як прывыкнуць да яго нечаканак? Толькі ўчора яго віншавалі з узнагародай, а сёння ён ужо адхілены ад камандавання. Ён болей не камандзір батальёна, усе яго планы насмарку, цяпер тут будуць камандаваць іншыя. Ніколі ён не адчуваў сябе ганарліўцам і цяпер усімі сіламі стараўся захаваць вытрымку, але гэта кепска ўдавалася. Было крыўдна. Можа, у іншых абставінах ён бы нават уздыхнуў з палёгкай, пазбаўлены гнятлівага пачуцця адказнасці, але цяпер уздыхнуць не мог. Нават калі ён ніколі не вернецца да свайго батальёна і будзе назаўжды аддзелены ад яго лёсу, ён не мог так проста і раптам вырваць са сваёй душы гэтую сотню людзей, з якімі яго зраднілі сумесна перажытыя імі пакуты і пралітая кроў. Што ні кажы, а такое сваяцтва — сіла, з якой не так проста ўправіцца, калі б ён захацеў яе вынішчыць.

Пакутна прыціхшы ў бліндажы, Валошын выразна чуў недалёкія размовы ў траншэйцы і з непрыемнасцю чакаў той хвіліны, калі ягоная адсутнасць будзе нарэшце заўважана. Напэўна, хтось запытаецца пра яго, здзівіцца, і ён з трывогай падумаў, як бы ягонае адхіленне не выклікала непатрэбнага цяпер хвалявання сярод яго падначаленых. Усё ж ён стараўся быць добрым для іх камандзірам і, напэўна, пацярпеў праз гэта. Але прыбег Ярашчук, прывалокся запараны злосны Кізевіч, яшчэ нехта, паклікалі з ланцуга Круглова, і толькі калі Маркін узяўся тлумачыць план паўторнай атакі, з-за бруствера пачуўся голас Кізевіча:

— А камбат дзе? Хіба паранены?

Маркін змоўк, і Круглоў ціха паведаміў камандзіру дзевятай:

— Камандзір палка адхіліў…

— Ды ну? Ідрыт твае лапці…

Кізевіч прамармытаў яшчэ штось амаль абыякавае ў адносінах да яго, так, нібы ягонае адхіленне было чымсьці звычайным, чаго даўно трэба было чакаць. Зрэшты, Валошын разумеў, што камандзірам падраздзяленняў не да яго: роты панеслі страты, адзін з трох, хто ў такія хвіліны заўжды быў разам, ляжаў цяпер пад палаткай на выхадзе з траншэі, задача заставалася нявыкананай, і другая атака таксама не абяцала ўдачы. Хоць ён і не бачыў нікога з тых, хто сабраўся наверсе, але тым не менш выдатна адчуваў іхні настрой. Зрэшты, і ягоны быў далёка не лепшы.

Слухаючы шэраг не надта ўпэўненых распараджэнняў Маркіна, камандзіры паныла маўчалі. Толькі Самохін разы два вылаяўся, выказваючы сваю нязгоду з атакай у ранейшым напрамку, ды Кізевіч сказаў, што пакуль з вышыні «Малой» у фланг яго роце будзе біць кулямёт, рота не зрушыцца з месца, што спярша трэба ўзяць «Малую». Маркін нерашуча згадзіўся і загадаў Кізевічу самастойна атакаваць «Малую» ў той час, як астатнія будуць штурмаваць «Вялікую».

— Камандзіру батарэі — знаходзіцца сумесна са мной, ДШК — у баявых парадках стралковых рот, — заключыў Маркін словамі камандзіра палка. — Сігнал на атаку — зялёная ракета. А ў каго ракетніца?

— У камбата была, — аднекуль зверху азваўся Гутман.

— Прынясіце ракетніцу, — сказаў Маркін.

Валошын выцяг з-пад рэменя партупеі ракетніцу, выняў з кішэні некалькі сігнальных патронаў і ўсё моўчкі сунуў у выстаўленыя рукі ардынарца.

Час быў на зыходзе, Маркін таропка скончыў загад на новую атаку. Камандзіры рот, таксама спяшаючыся, павыскоквалі з траншэі, накіроўваючыся да сваіх рот, і Валошын прыплюшчыў вочы — пачыналася самае цяжкае. Хутка загрукоча зноў, над балотам забушуе агонь, і на мёрзлую зямлю пальецца гарачая кроў яго батальёна, а ён будзе ляжаць тут і пакутаваць ад абсалютнай бяздзейнасці. Але што ж, ён ім не патрэбны. Ён раптам стаў не патрэбны камандзіру палка, батальёнам цяпер камандаваў іншы. Ну і няхай! — хацелася яму суцешыць сябе, тут яму горш не будзе. Як-небудзь ён перапакутуе да канца бою, а там будзе відаць. Яшчэ ён паглядзіць, як яны абыдуцца без яго, наўрад ці гэтая змена камбата паможа атацы, ён амаль быў упэўнены, што не. Камандзіру палка ды і Маркіну яшчэ давядзецца адчуць, што такое гэтая атака. Так ім і трэба. Але — батальён! Як Валошын ні супакойваў сябе, ён не мог прымірыцца з тым, што ў бліжэйшы час чакала яго батальён. Як было яму абыякава глядзець на яго ў руках тых, для каго ён — не болей чым некалькі дзесяткаў людзей, якіх столькі ўжо перабыло ў батальёне і перабудзе яшчэ.

Седзячы на зляжалай саломе ў падземнай цішыні бліндажа, ён не мог ды і не стараўся перамагчы ў сабе накіпелы свой гнеў супраць камандзіра палка. Злавацца на маёра Гунько даводзілася яму не ўпершыню, але ніколі раней ён не быў такі бездапаможны, пазбаўлены ўсякай рэальнай магчымасці, сапраўды ад усяго адхілены, як сёння. Камандзір палка нават не назначыў яго камандзірам роты, а проста выставіў з батальёна, як абсалютную для яго непатрэбнасць. Зжыўшыся за гады службы з турботным пачуццём камандзірскай адказнасці і цяпер раптам пазбаўлены яе, Валошын амаль разгубіўся. Ды і што мог ён зрабіць? Ён не мог нават каму-небудзь паскардзіцца, бо скардзіцца на строгасць начальніка ў арміі забаранялася. Ён мог толькі чакаць, калі батальён возьме вышыню ці ўвесь застанецца на яе мёрзлых схілах. Але ў абодвух выпадках радасці яму будзе не шмат.

Дзесь у глыбі яго падсвядомасці з’явілася ціхенькае, але ўпартае жаданне: хай не выйдзе і ў Маркіна, хай і ў яго атака не ўдасца. На самай справе, не ўдалася яму, чаму яна павінна ўдацца ў яго падначаленага, які ва ўсіх сваіх камандзірскіх якасцях уступаў Валошыну. Хіба што настойлівасці ў выкананні загаду ў начштаба будзе больш, усё ж ён у гэтым батальёне чалавек новы — месяц як прыбыў з франтавога рэзерву. Валошын адчуваў, што Маркін у сваім увогуле зразумелым для яго старанні выканаць задачу надта ашчаджаць батальён не будзе і за некалькі гадзін можа пакласці ўсіх.

Што тады скажа Гунько? Як ён тады аднясецца да гэтага старання?

Але, відаць, гэта ўжо будзе не ягоны клопат, ягоныя адносіны з маёрам Гунько, мабыць, ужо ўсе скончыліся. Што ж, таго і трэба было чакаць, гэта канец лагічны. Цяпер нават цяжка было прыпамятаць, з чаго ўсё пачалося. Напэўна, з нейкіх прыкрых драбніц, а можа, і не з драбніц нават, — проста яны былі надта розныя людзі, каб доўгі час суіснаваць у згодзе. Прывыкшы да пэўнай самастойнасці, якую даваў яму ранейшы камандзір палка, Валошын не мог прымірыцца з прыдзірлівым апякунствам маёра і ў многім працягваў рабіць па-свойму і незалежна, і тады аказалася, што новы камандзір палка не церпіць ніякай незалежнасці. Іншы на яго месцы, магчыма, даў бы некаторую паслабку камандзіру лепшага з сваіх батальёнаў, але Гунько даваць паслабкі не стаў і ўсёй уладай старэйшага начальніка абрушыўся на камбата-тры. Тое, што здарылася сёння, даволі наспела за месяц іх непрыязных адносін.

Аднак прымірыцца з гэтым Валошыну было не лёгка, асабліва калі ён не адчуваў сябе вінаватым і ва ўсім вінаваціў камандзіра палка. Толькі ён не мог не разумець, што ў арміі заўжды застаецца правы старэйшы начальнік. Але чорт з ім, з гэтым начальнікам, падумаў Валошын, хіба ён ваяваў для Гунько? Або быў у яго на службе? Таксама як і камандзір палка, ён служыў Радзіме і, як умеў, стараўся дзеля агульнае справы перамогі. У гэтым сэнсе абодва яны былі роўныя. Несправядлівасць камандзіра палка была не болей за несправядлівасць маёра Гунько. Але, апроч таго, была вялікая армія, Радзіма, быў яго абавязак перад народам, людзьмі, нарэшце, перад яго батальёнам, які ён выхаваў, навучыў і дзякуючы якому стаў тым, кім ён быў дагэтуль. Думаючы так, Валошын адчуваў, што гэта былі простыя і абсалютна правільныя яго думкі, і ён проста ўзрадаваўся ім, калі б толькі яны суцяшалі. На жаль, суцяшэння ад іх было мала — па-ранейшаму грызла пачуццё несправядлівасці і было амаль па-дзіцячы крыўдна.

Поделиться с друзьями: