ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Раптам здорава грымнула ў баку саўгаса, залпам ударыла артылерыя, зямля пад спіной здрыганулася, пасыпаўся пясок у куце бліндажа. Валошын зірнуў на гадзіннік, было роўна дзесяць, мабыць, пачалі артпадрыхтоўку першы і другі батальёны. Вось-вось павінны былі ўстаць ягоныя роты. Што на гэты раз чакае іх за балотам?

Артылерыйская кананада тым часам ператварылася ў суцэльны аддалены грукат, у якім гучна трэснулі знаёмыя разрывы брызантных. Напэўна, тая нямецкая батарэя, што ўсю раніцу нішчыла яго батальён, зманеўравала траекторыямі і перанесла агонь на другі фланг палка. Цяпер там не салодка, але для ягонага батальёна ў гэтым можа быць паратунак, падумаў Валошын. Калі, не марудзячы, выкарыстаць гэты перанос, падняць людзей і — рыўком цераз балота, на вышыню? Але чаму так марудзіць Маркін?

Маркін, аднак, не марудзіў, проста Валошын не пачуў сігнальнага стрэлу з ракетніцы, да яго данеслася толькі некалькі прыглушаных каманд у ланцугу восьмай роты, якіх, зрэшты, было даволі, каб зразумець, што батальён падняўся. На гэты раз без артпадрыхтоўкі, нават без кароткага агнявога налёту. Група ўпраўлення камбата выбегла з траншэі адначасна з ротамі, Іваноў з тэлефаністам таропка сабралі сваё начынне і таксама пабеглі следам за ўсімі. У бліндажы і паблізу зрабілася ціха, і Валошын зацяў дыханне.

Яму не было патрэбы сачыць за перабежкамі рот да знаёмай ужо вышыні, ён з заплюшчанымі вачмі мог сабе ўявіць усё, што адбывалася на яе схілах і ў балоце. Напружана слухаючы аддалены раскацісты грукат, ён чакаў першых стрэлаў па батальёну, больш за ўсё баючыся брызантных. Зрэшты, цяпер тут, напэўна, будзе штось іншае.

Хвілін пяць немцы маўчалі, можа, не прыкмячаючы рыўка батальёна, а можа, наўмысна рашылі падпусціць яго бліжэй для кароткага кінжальнага ўдару ў лоб, і гэтыя хвіліны, як заўжды, былі самыя напружана пакутныя. Стомлены чаканнем, Валошын трохі адышоў ад тужлівых асабістых перажыванняў, імкнучыся ў думках туды, следам за ротамі. Ён ведаў, чакаць засталося нядоўга, восьмая ўжо, напэўна, адолела балота і выйшла да ўзмежка, значыць, вось-вось павінна было адтуль грымнуць. Павінна пачацца самае важнае, ад чаго будзе залежыць усё астатняе.

Як ён ні чакаў гэтых першых стрэлаў адтуль, грымнулі яны знянацку, і ён аж здрыгануўся, пачуўшы ў суцэльным аддаленым грукаце выразны здвоены залп. Мінныя выбухі раскаціліся дзесь паблізу, земляная падлога бліндажа хіснулася, вялікі мерзлы камяк з бруствера ўпаў на дно і разбіўся.

У той час раскаціста заліліся кулямёты.

Не скрануўшыся з месца, ён знерухомеў на ўтаптанай саломе, імкнучыся па гуках вызначыць хаду бою. Але кулямёты страчылі на ўсёй вышыні, яшчэ колькі разоў раскаціста грымнула, напэўна, у балоце. Агонь мацнеў, стралкам станавілася ўсё горш, і цяпер павінна была сказаць сваё слова артылерыя: варожую батарэю трэба было як мага хутчэй засеч і падавіць. Але чым было падавіць? Тым дзесяткам снарадаў, якія збярог Іваноў?

Нямецкія мінамётчыкі з цягам часу перайшлі на беглы агонь, і цяжкія міны з працяглым жудасным віскам абрынуліся з-за вышыні. Ірваліся яны трохі далей ад зыходнага рубяжа батальёна, напэўна, па той бок балота, значыць, роты паспелі ўжо пераадолець хмызняк. Але на схілах ім будзе горш. Усё будзе рашацца на схілах.

Сцяўшыся ў бліндажы, ён пільна ўслухоўваўся ў ашалелае грымоцце бою і думаў, што неўзабаве павінен наступіць пералом у той або іншы бок. Так доўга працягвацца не можа. Кулямёты ДШК, якія нядаўна адкрылі агонь, чамусьці ўсе разам замоўклі, і ў гэтым быў першы нядобры знак; батарэя Іванова, здаецца, наогул ні разу не стрэліла. I раптам у кароценькай паўзе паміж выбухамі ён пачуў крыкі. Ён ужо ведаў, што так можа крычаць камандзір, калі, апроч голасу, у яго няма іншых сродкаў уздзейнічаць на падначаленых. I ён зразумеў, што там сталася ліха. Не ў стане далей стрываць трывогу, ён выскачыў з бліндажа.

На левым флангу батальёна, дзе наступала сёмая, яўна парушыўся баявы парадак, і частка байцоў, бязладна бегучы па схіле, кіравала назад, у балота. Некаторыя з іх ужо дабеглі да краю кустоўя і знікалі ў ім, накіроўваючыся да выратавальных сваіх акопчыкаў, а на шляху іхняга адыходу ў балоце магутна грохалі чорныя фантаны выбухаў. Восьмая, здаецца, ужо ўся перайшла цераз балота і залегла пад знаёмым узмежкам, дзевятая справа, пасоўваючыся ў рэдкім кустоўі, быццам бы спрабавала яшчэ наступаць. Валошын не ведаў, дзе знаходзіцца Маркін, але, зразумеўшы, што батальёну кепска, краем балота кінуўся насустрач сёмай.

Ён не думаў тады, што права на ўмяшанне ў ход бою ў яго ўжо не было, што наогул усё, што тут адбывалася, яго не датычыла, але ён адчуў востра, што калі батальён зблытае баявы парадак, дык гэта абернецца для яго разгромам. I ён, трошкі ўгінаючыся, бег праз хмызняк пад раскацістыя выбухі мін, раз за разам слізгаючы па разбітым, спрэс у варонках лёдзе. Аднойчы яго збіла з ног недалёкім выбухам, і, падаючы, ён балюча выцяўся каленам аб лёд. Пасля ён ускочыў, ледзьве не сутыкнуўшыся з байцом, які ў перакошанай на галаве новенькай касцы імчаўся насустрач, і Валошына непрыемна ўразіў выгляд байца, ніжняя сківіца якога адвісла, акругліўшы рот, смуглявы твар памярцвеў у сваёй ненатуральнай адзеравянеласці. Валошыну спярша здалося, што баец паранены, але, згледзеўшы, як той спрытна матлянуўся ў хмызняк пад новы віск мін, капітан зразумеў, што гэта ад страху. Тады ён спыніўся і нягучна, але ўладарна скамандаваў:

— Ану, стой! Стой!

Побач грымнуў чарговы выбух, абодвух абдало хлюпкай балотнай граззю, Валошын упаў, распластаўся за кустом і баец. Але не паспела апасці ўзнятая ў паветры дробная крошанка лёду, як баец падхапіўся і з зайздросным спрытам кінуўся прэч. Капітан выхапіў пісталет.

— Стой! Назад!

Ён стрэліў запар два разы над яго галавой, баец прысеў, жаласна, з нявыказанай тугой у вачах азірнуўся.

— Назад! — крыкнуў Валошын і махнуў у бок вышыні пісталетам. — Назад! — I зноў стрэліў паверх галавы байца.

Не адразу, з відавочным намаганнем адольваючы свой спалох, прыгнуўшыся на тонкіх у абмотках нагах, баец падбег да капітана і ўпаў на лёд.

— Як прозвішча? — крыкнуў Валошын. — Прозвішча як?

— Гайнатулін.

— Гайнатулін, упярод! — кіўнуў галавой капітан. — Упярод марш!

Ахоплены дробнай дрыжыкай, баец падняўся, і яны хутка пабеглі ў пашкуматаным хмызняку, па залітым граззю, пакарэжаным выбухамі лёдзе. Кулямёты з вышыні сыпалі кулямі па ўсім балоце, часам іх блізкія чэргі, б’ючы аб лёд, балюча сцябалі па твары ледзяной драбязой і пранізліва рыкашэцілі ў неба. У паднябессі рознагалоса вішчала і раўло, даносіліся незразумелыя крыкі, кожны раз заглушаныя магутнымі выбухамі мін. Падаючы і ўскокваючы, Валошын ужо выбягаў з хмызняку, калі спаткаў яшчэ трох байцоў, якія перабягалі паміж разрывамі ў тыл, і таксама завярнуў іх назад. Каля вялізнай, разварочанай у лёдзе і дрыгве варонкі на краі кустоўя тузаўся, спрабуючы ўстаць, адзін паранены, з яго расшкуматанага буйным асколкам нутра па шынялі і каленях лілася ручаямі цёмна-бурая кроў. Баец то ўскокваў на калені, заціскаючы рукамі жывот, то падаў, нешта намагаючыся сказаць.

— Двум узяць! Хутка! Здаць на медпункт і назад!

Байцы з яўным страхам на тварах падступіліся да параненага, а капітан з астатнімі двума выбег з кустоўя.

Тут пачынаўся адкрыты ўчастак поля з прамерзлай травой балотца, далей не крута паднімаўся адхон, і агняна-трасірныя чэргі з вышыні густа мільгалі вакол, здавалася, ва ўсіх кірунках. Ужо не ўхіляючыся ад іх, Валошын прабег крокаў дзесяць і ўпаў, па жорсткай траве нядоўга прапоўз наперад, шукаючы позіркам каго-небудзь з камандзіраў сёмай. Але людзей тут было не шмат, напэўна, сёмая ўжо паспела схавацца ў кустоўі, некалькі чалавек, падобна, забітых, у ненатуральных паставах ляжалі на закіданай камякамі зямлі, палеглым іржышчы. Перачакаўшы серыю мінных разрываў, калі, здавалася, усё на свеце вось-вось абрынецца ў правалле, ён зноў узняў галаву і ўбачыў байца, які то заміраў ля самай зямлі, напэўна, чакаючы, калі скончацца блізкія выбухі, то, зноў ліхаманкава перабіраючы рукамі, поўз у яго бок.

— Таварыш камбат!..

Валошын угледзеўся ў спрэс шэры, прысыпаны пылам ягоны твар, на шапцы байца затрымалася некалькі камячкоў зямлі. Вочы яго. аднак. цвёрда і заклапочана зірнулі на капітана, і той разам пазнаў у ім кулямётчыка сёмай Дзянішчыка.

— Таварыш капітан, бяда…

— Што такое, Дзянішчык? Дзе кулямёт?

— Ды во кулямёт разбіла.

— Ты цэлы?

— Пакуль што… А напарніка… I гэтага, камандзіра роты забіла, — цяжка дыхаючы, паведаміў Дзянішчык.

Валошын з намаганнем пераадолеў раптоўную спазму ў горле і запытаў:

Поделиться с друзьями: