ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ад усяго перажытага Ляўчук перастаў адчуваць сябе і без усякага страху, адчайна шыбануў на зграю. Ён бачыў перад сабой толькі бліжэйшага ваўка, які падцяў пруткі хвост і ўзіраўся ў яго, мусіць, не чакаючы такой смеласці ад знямоглага чалавека. Але Ляўчук кіраваў прама на яго, зараджаную на ўсякі выпадак вінтоўку трымаў у руках нібы палку, гатовы выцяць ёю ваўка, калі той не саступіць з ягонай дарогі. I воўк саступіў. Ашчэрыўся, прысеў на пярэднія лапы, нібы перад скачком, але, зразумеўшы, пэўна, рашучасць чалавека, не скочыў і не пабег, а незадаволена адышоўся ўбок, да суседа. Ляўчук, не збаўляючы кроку і нават не азірнуўшыся, толькі косячы вокам, прашыбаваў яшчэ дзесяць крокаў і выйшаў з іх кола.

Яны за ім не пагналіся і нават не збіраліся рабіць гэта — яны таропка замкнулі за ім сваё кола і падаліся да сярэдзіны. Ляўчук, які кінуўся быў подбегам, на секунду спыніўся — адсюль яму ўжо кепска быў відаць Колабаў у яго маскіровачным убранні, затое ён добра бачыў ваўкоў. Яны патрохі сціскалі кола, і з ім сціскалася Леўчукова сэрца. Страціўшы над сабою ўладу, ён праз хвіліну кінуўся назад да Колабава, затым, зразумеўшы, што так не паможа яму, з усёй сілы пабег па возеры.

Ён бег, баючыся азірнуцца; паслізнуўшыся на абмерзлых валёнках, упаў, балюча выцягнуўся сцягном, ускочыў, тады азірнуўся — некалькі невыразных плямак ледзьве шарэлі ў працьмелай далечы. Ні крыку, ні стрэлаў яшчэ не было, і ён кінуўся яшчэ хутчэй. Бегучы, аднак, пачаў адчуваць, што не паспее, што ваўкі, мабыць, управяцца з Колабавым хутчэй, чым ён дабяжыць да вёскі, якая была чорт ведае дзе.

Усё ж ён бег, зноў абліваючыся потам, да гарачай задухі ў грудзях, штораз азіраўся і слухаў. Ён чакаў стрэлаў, можа, ваўчынага выцця і напружана глядзеў наперад — калі ж тая вёска? Ногі на бягу адубелі — ці сагрэліся, ці, можа, ужо змерзлі, ён перастаў адчуваць іх і думаў, што трэба як найхутчэй расцерці іх снегам і пераабуцца, інакш прападуць ногі. А без ног прападзе і сам.

Калі начную цішу ззаду разарвала грымотная чарга, ён стаў, нібы ўкопаны, і перастаў дыхаць. Здалося: гэта не вытрымаў Колабаў. Але праз хвілю ўдарыла яшчэ і яшчэ — над возерам далёка пакацілася чулае начное рэха. Нешта дужа ўжо гучна, падумаў Ляўчук, мусіць, аўтамат так гучна страляць не можа. Нібы пацвярджаючы яго здагадку, зараз жа забахалі вінтоўкі, пачуліся крыкі, і ён зусім разгубіўся.

Ён адчуваў, што сталася горш, чым калі б на Колабава напалі ваўкі; мабыць, ваўкі ўжо тут ні пры чым, гэта немцы. Але адкуль яны? Ці, можа, на слых паляць па возеры, ці ўжо згледзелі Колабава? Адчуваючы, аднак, што той гіне, Ляўчук сарваўся з месца і што было сілы пабег назад.

Пакуль ён знямогла трухаў у сваіх абмерзлых валёнках, на возеры яшчэ стралялі, чуліся крыкі, і ён не ведаў, што зробіць, калі прыбяжыць туды. Але ўсё роўна ён бег. У яго была спраўная вінтоўка і сотня патронаў у сумцы, было дзве «лімонкі» ў кішэнях, абы толькі Колабаў быў жывы. Толькі б застаць жывога! Праўда, неяк падазрона не было чуваць яго аўтамата: страляў кулямёт, вінтоўкі, аўтамат жа ўпарта маўчаў. Гэта кепскім прадчуваннем душыла Леўчука, і ўсё роўна ён бег, мусіць, насустрач сваёй пагібелі, бо шанцы адбіць Колабава былі ў яго мізэрныя.

А можа, ён паспее да яго раней, чым прыбягуць немцы?

Гэтая думка прымусіла яго бегчы шпарчэй і надала трохі сілы, тым болей што страляніна сціхла, разы два ён пачуў крыкі дзесьці ля вёскі і падумаў, што, можа, гэта немцы спускаюцца з гары да возера, калі б яны толькі яшчэ спускаліся, дык ён, мусіць, паспеў бы…

Ляўчук, аднак, памыліўся — яны не спускаліся, яны ўжо падымаліся ад возера, дзе заместа ваўкоў учынілі ваўчыную расправу.

Ён зразумеў гэта, калі ўбачыў непадалёк той самы трыснёг, ля якога праваліўся ў ваду і ля якога пакінуў Колабава. Пазнаў і тое месца на снезе. Яно было цяпер вытаптана мноствам людскіх і ваўчыных слядоў, сярод якіх цямнелі плямы крыві. Ваўкоў нідзе не было, Колабава таксама. Вецер памалу здзьмуваў са снегу клочча цёмнай поўсці — мусіць, перапала і ваўкам. На секунду Леўчуку стала шкода гэтых спаважных, нерашучых і, мусіць, згаладнелых істот, якіх ён нядаўна яшчэ ненавідзеў. Шырокі след-баразна ў снезе, прарэзаны целам Колабава, вёў у той бок, дзе была вёска і адкуль яшчэ даляталі прыглушаныя далечынёй галасы, смех, злосная лаянка.

Ледзьве стрымліваючыся, каб не заплакаць, Ляўчук пастаяў яшчэ, патаптаўся на снезе і подбегам пусціўся па возеры.

Трэба было ратаваць ногі.

14

Праз некалькі хвілін ён ачнуўся, нібы і не спаў, сеў — ява яго працягвалася і найперш дайшла да ягонай свядомасці грукатам стрэлаў дзесьці далёка, можа, на той самай грэблі. Абапіраючыся рукой на імшарнік, ён пасядзеў, паслухаў, не адразу расплюшчыўшы вочы, а калі і расплюшчыў, дык усё роўна нічога не ўбачыў — была ноч.

Галава яго была цяжкая і тупая, нібы з пахмелля, дужа хацелася зноў упасці на дол і ляжаць. Але ён прыслухаўся да страляніны і вызначыў, што яна грымела трохі ў баку ад таго месца, дзе была іх грэбля, падобна, у Крукоўскім урочышчы. Значыць, дайшла чарга ўступаць у бой і першамайцам, дабраліся і да іх карнікі.

Тое, што здарылася за дзень, гарачым тлумам плыло ў яго памяці, але, мабыць, трэба быў час, каб прыгадаць усе перажытыя ім падрабязнасці і разабрацца ў іх. Найперш для яго было пэўна, што ён уратаваўся — не згарэў і вывернуўся ад кулі, уцёк у лес і цяпер мог пайсці куды хочаш. Толькі радасці ад таго ён не адчуваў ніякай, у свядомасці яго жыло, заглушаючы сабой усе іншыя пачуцці, адчуванне вялікай бяды, ад якой не было паратунку. Як ведала-адчувала ягонае сэрца, калі мінулаю ноччу ён не хацеў ісці на гэта заданне, што не будзе тут яму ўдачы. Але тады яго непакоіла іншае, а таго, што здарылася, ён не мог прадбачыць. Сапраўды, ён жа выпраўляўся ў ціхую і бяспечную зону Першамайскай брыгады, а не на прарыў, не ў самае пекла блакады. Але, мусіць, вялікая бяда менавіта там і падпільноўвае чалавека, дзе ён яе меней за ўсё чакае.

Ляўчук сеў раўней і прыслухаўся. Паблізу было ціха, як можа быць ціха толькі пагоднаю ноччу ў бязлюдным лесе. Праўда, да чуйнага яго слыху з усіх бакоў даляталі ўсякія невыразныя гукі і шолахі, але за шмат месяцаў партызанскай вайны ён добра ўжо звыкся з лесам і ведаў, што ноччу слых ловіць залішне многа, а большая частка лесавых гукаў толькі здаецца. Калі дзе ёсць сапраўды падазронае, дык услухоўвацца ў яго не трэба, — яно адразу заявіць само пра сябе. Свежыя пошумы ветру ў вяршаллі, падзенне перасохлай галінкі, соннае лапаценне крылаў птушынай драбноты ў галлі — другіх гукаў паблізу не чулася. I ён, ачухаўшыся спакваля ад свае санлявай дурноты, хвіліну паслухаў далёкую страляніну і рашыў, што трэба прабірацца ў Першамайскую. Мусіць, толькі ноччу і можна туды дабрацца, удзень ён зноў налезе на карнікаў.

Хіснуўшыся, ён падняўся на ногі, пасунуў з жывата на бок парабелум. Навярэджанае ў сне плячо балела куды больш, чым учора: можа, трэба было паправіць павязку, але ён рашыў, што зробіць гэта заўтра, калі развіднее. У лесе было зусім цёмна, каб не налезці на што, ён выцягнуў наперад руку і ўгнуў галаву. Праўда, лес тут быў рэдкі і голы, хвоі стаялі амаль без падлеску. Ён трохі памятаў дарогу, па якой бег сюды гадзіну ці дзве назад, — трэба было зноў выйсці да балацявіны, павярнуць ля ўзлесся. Далей ён не дужа ведаў, якая будзе мясцовасць, але спадзяваўся, што, арыентуючыся на стрэлы і зоркі, не дужа заблудзіць. Абы толькі не наскочыць на немцаў.

Ён доўга брыў у лясной цемры, нібы сляпы, выцягнуўшы руку і навобмацак мінаючы дрэвы, чуйна мацаючы нагамі дол з безліччу пнёў, патарчакаў, зараснікаў, жорсткіх, нібы драцяных, сцяблоў папараці. Найперш яму трэба было выйсці з лесу, думалася, што край яго недзе тут, блізка, потым ён пайшоў бы і шпарчэй. Часам ён прыслухоўваўся да страляніны, якая то большала, то чамусь глухла, а болей быў заняты хадой, і з галавы яго не выходзіў ток. Ён нічога не ведаў — ні пра тое, што сталася з Клавай, ні пра лёс Грыбаеда. Зрэшты, Грыбаед хутчэй за ўсё там і застаўся, бо ці ён мог выскачыць у тыя дзверы? А куды падзелася Клава? Як выпаўзла з тока, дык нібы праз зямлю правалілася — нідзе ён яе так і не згледзеў.

Неяк схамянуўшыся, ён заўважыў, што ідзе не на гукі стрэлаў, а па сваім учарашнім шляху, што страляніна даўно ўжо засталася для яго злева. Але ён не стаў паварочваць, — ён толькі цяпер зразумеў, што яму трэба менавіта туды, да гумна. Ён не мог адсюль нікуды болей пайсці, не завітаўшы на гумно.

Выразна зразумеўшы гэта, ён адчуў у сабе нецярплівасць, аж нешта затрымцела ўнутры, няўрымсліва і жаласна, і ён перастаў зважаць на кусты і патарчакі ў доле, а пашыбаваў, як толькі мог, каб не ўпасці, туды, дзе, на яго думку, павінен быў быць страшны іх ток. Ён аж калаціўся ўвесь ад узрушэння, нанова востра перажываючы ўчарашняе. Тое, што яшчэ гадзіну назад было для яго ўдачай, цяпер здалося бядой, ён ужо думаў, што не павінен быў пакідаць Грыбаеда і Клаву, мусіць, трэба было зрабіць неяк інакш. Праўда, ні тады, ні цяпер ён не ведаў як; здавалася, ён ратаваў яе, Грыбаеда, сябе таксама. Спазнелае адчуванне памылкі мацнела ў ім; пэўна, ён зрабіў нешта не так, бо наўрад ці каму ўдалося выскачыць з таго пекла, у якім ён сам ледзьве не лёг касцьмі. Менавіта таму яму зноў трэба было на гумно, нібыта ўсё тое можна было яшчэ перайначыць, зрабіць лепш. Ён разумеў, вядома, што цяпер ужо нічога не зробіш, усё, што можна было зрабіць, напэўна, зрабілі немцы. Але ўсё роўна яго цягнула туды, як злачынцу цягне на месца злачынства.

Поделиться с друзьями: