ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ён вылез з кустоўя недзе непадалёк ад таго месца, дзе надвячоркам увайшоў у яго. Адразу стала відней, над ахутанай змрокам летняй зямлёй ляжала святлявае неба з рэдкімі зоркамі расцярушанай палосай зорнага чумацкага шляху. У лузе верашчалі конікі, і наперадзе шарэла, мабыць, тое самае жыта, у якім ён ледзь не знайшоў свой канец. Недзе тут, паблізу, павінна туліцца і гумно.

На нейкі час ён спыніўся, перастаў дыхаць і ўслухаўся. Але, мусіць, немцы паехалі, зрабіўшы сваю, як заўжды, страшную справу, наўрад ці яны засталіся чакаць яго тут. Усё ж, каб быць гатовым да ўсякай нагоды, ён ціха дастаў з кабуры парабелум і, паклаўшы вялікі палец на засцерагальнік, пайшоў каля ўзлеску.

Ён чакаў убачыць агонь (не магло быць, каб гумно так хутка згарэла датла), але наперадзе быў толькі затуманены палявы паўзмрок, і колькі ён ні ўглядаўся, нічога нідзе згледзець не мог. Тады ён падумаў: няўжо так далёка адбегся ўчора па жыце? А можа, ён цяпер выйшаў не туды і наогул ішоў не ў тым кірунку? Але ж там была дарога, якой ён яшчэ не пераходзіў? Значыць, гумно і вёска ўсё ж недзе наперадзе.

Разважыўшы так, ён пайшоў болей упэўнена, усё ўглядаючыся наперад; знянацку шаснуў у нейкую яміну і ледзьве не ўпаў, а калі выкараскаўся з яе, дык з-за нейкага бухматага куста ўбачыў слабенькае блісканне агню. Здалося, гэта далекавата, бо агеньчык, амаль не свецячы, толькі дробна чырванеў над жытам, і ён прыціх, нават прысеў ля куста. Не, здаецца, нідзе не было нікога, конікі ўсё стракаталі сабе ў траве і ў жыце, ды за лесам бахала і гуло ад страляніны. Але страляніна была далёка і не шмат шкодзіла навакольнай цішыні ночы.

Паціхеньку, кароткімі пераходамі, ён пачаў красціся да пагарэлішча. Крокаў дзесяць — пятнаццаць пройдзе і стоіцца, прысядзе, азірне ўскраек неба: ці не маячыць хто на светлаватым начным небасхіле. Але ўсё, мабыць, тут было ціха, і ён, выткнуўшыся з-за жыта, неяк нечакана апынуўся ля тых самых агнёў.

Ён не адразу пазнаў перад сабой учарашні ток — абгарэлы, без страхі, напалову ніжэйшы, бо верхнія вянцы згарэлі зусім, засталося толькі ніжняе абгарэлае бярвенне, на якім дзе-нідзе смылеў жар, мусіць, дыміла, бо дым і горкі смурод атручвалі паветра наўкол. Калі ён выйшаў з-за хаты, дык убачыў у цемры бліжэйшы канец з асеццю, у якім было болей жару і дыму, а нават дзе-нідзе трапяталі на ветры невялічкія каснічкі полымя, якія трохі асвятлялі жытнюю ніву і чорнае абпаленае лісце яблыні. Але да гумна ён выйшаў з боку алешніку, трэба было зайсці па той бок і зазірнуць праз дзверы, дзе ён учора пакінуў Грыбаеда і адкуль выскачыла Клава.

Ад дарогі ён не пайшоў, ён пабойваўся дарогі, а паціху ўлез у жыта і пайшоў па самым яго краёчку, каб не нарабіць шуму, высока паднімаючы ногі. Тут да тока аказалася далей, чым яму здавалася ўчора, калі ён пазіраў праз шчыліну, і ён прыпыніўся, прысеў, паслухаў. Пасля ўстаў і, стараючыся не дужа шастаць ботамі ў жыце, воддаль абышоў асець. Ён чакаў дзе-небудзь убачыць Клаву; мусіць бы, ён заўважыў яе ў гэтым падсветленым доле, але тут яе не было. Зрэшты, наўрад ці яна і магла быць, падумаў ён, мусіць, яны забралі яе жывую ці мёртвую і павезлі ў мястэчка. Ды і Грыбаеда таксама. Але ён хацеў сваімі вачамі ўпэўніцца, што іх тут няма, і тады ўжо ісці ў Першамайскую.

Ад яблыні стаў відаць увесь той падворак, дзе ён варыў бульбу, нават прыкметна была чорная плямка вогнішча на шэрай траве. Насупраць былі дзверы-вароты ў ток. Адна абгарэлая, густа падзёўбаная кулямі палавіна іх коса вісела на ніжняй завесіне, другая, адарваная, валялася ў доле. I раптам ён згледзеў там штось падобнае на чалавечае цела і не стрымаўся. Стараючыся не грукаць ботамі, ён падбег да дзвярэй, прысеў — ад бярвення і папялішча патыхала смярдзючым жарам, але ўжо можна было трываць, не тое што ўчора. Ляўчук бокам працягнуў левую руку, лапнуў раз, другі і, натрапіўшы на штось мокрае і ліпкае, тузануў руку назад. Адварочваючыся ад гарачыні, ён, аднак, намацаў касмылявы твар Грыбаеда, яго абгарэлую вопратку і ўстаў. Смурод пагарэлішча і чадны дым ад галавешак усё ж забівалі дыханне. Перадыхнуўшы трохі, ён зноў сагнуўся, памацаў паблізу рукой, шукаючы Грыбаедаву вінтоўку, але намацаў толькі ягоную шапку-кучомку.

3 гэтай шапкай у руках ён адступіў на крок у падворак і спыніўся, усё ўзіраючыся ў абгарэлыя рэшткі чалавека, якога ведаў даўно і які цяпер, пасля свае смерці, выклікаў у ім нешта спачувальнае і жаласлівае. Шапка была пашыта з кавалка старой аўчыны, без завязак на вушах. Грыбаед насіў яе ўсё лета — баяўся, каб сонца не напякло галаву, яму гэта было шкодна. Бядак, надта турбаваўся за сваю аднойчы ўжо прастрэленую галаву, баяўся нават перагрэць яе на сонцы. Ляўчук успомніў цяпер пра той жахлівы расстрэл Грыбаеда і пра яго ўваскрасенне на Чарналескіх выжарынах, дзе яны ў тую ноч разам з санітарам Верхаўцом грэліся каля вогнішча. Гаваркі Верхавец расказаў, што днём хлопцы прывезлі з Выселак расстралянага немцамі Грыбаеда, які немаведама як апынуўся ля сваёй апусцелай сядзібы і трапіў у лапы жандараў. Невядома, ці яны пільнавалі яго, ці, можа, засталі выпадкам, але яны спалілі нарэшце Грыбаедаву сядзібу, а яго самога старшы жандар паставіў ля вярбы і з пісталета стрэліў у патыліцу. Ноччу на яго наткнуліся хлопцы з разведкі і, пазнаўшы старога, прывезлі ў атрад. Доктар Пайкін спрабаваў нешта зрабіць, але, мусіць, нічога ўжо зрабіць было нельга. Верхавец выцягнуў яго з будана і паклаў пад хваіну на салому, каб заўтра разам з яшчэ адным забітым пахаваць на грудку. Седзячы ля вогнішча ў тую ноч, яны пабедавалі крыху над жорсткім нават для вайны лёсам старога і перавялі гаворку на іншае. Яны не азірнуліся нават, калі ззаду да іх нехта падышоў і моўчкі пачаў месціцца каля цяпельца, паціраючы рукі і нягучна кажучы кібы між іншым:

«Пагрэюся ў вас. А то скалеў, халера…»

Учуўшы знаёмы голас, Верхавец ледзь не падскочыў ад здзіўлення, павярнуўся і толькі прамовіў:

«Грыбаед, ты што?..»

«Ды скалеў, кажу. Ватоўку нехта забраў…»

Яны абодва ўтрапёна ўставіліся на Грыбаеда, які, безуважны да іх спалоху, спакойна грэў сабе выстаўленыя да вогнішча рукі, ні слова не кажучы пра сваё дзівоснае вяртанне амаль з таго свету, і яны не адважыліся яму нагадаць пра тое. Уранку яго яшчэ раз агледзеў доктар, таксама здзівіўся; пару тыдняў Грыбаед паляжаў у санчасці, а затым застаўся ў ёй пры конях. Рана на галаве загаілася, асаблівага болю ён не адчуваў, толькі амаль зусім перастаў спаць і клапатліва аберагаў ад спёкі прастрэленую галаву.

Ды не ўбярог — мабыць, прастрэлілі і другі раз. Цяпер ужо канчаткова.

Разважыўшы так, Ляўчук падумаў, што, мусіць, трэба выцягнуць яго абгарэлае цела з гэтага тока і пахаваць дзе ў лесе. Бо што ж ён будзе ляжаць так і смылець — мала яму было пакут пры жыцці?

Усё прыслухоўваючыся да сцішанага наваколля, ён сунуў пісталет у кабуру, зашпіліў яе і зноў ступіў да варотаў. Але толькі ён нагнуўся над Грыбаедам, як дзесь зводдаль шалёна забрахаў сабака і з боку ад вёскі пырхнула ўгору ракета. Захоплены знянацку, Ляўчук здрыгануўся, згорбіўся ў дзвярах, асветлены яе зыркім імклівым агнём, а затым адскочыў назад і схаваўся за яблыню. Ракета агняным шнуром у небе шыбанула ледзь не да самага гумна, трохі, аднак, не даляцеўшы да яго, ударылася аб зямлю, падскочыла і дагарала, ярка адбіўшы перад сабой нейкі чорны курганок ці зараснік, цень ад якога накрыў падворак. Як толькі сцямнела, Ляўчук падаўся назад у жыта, апанылы ад думкі, што яго заўважылі, і чакаў стрэлу ці другой ракеты. Аднак стрэлаў больш не было, а другая ракета з’явілася ў небе зусім з другога боку, ад дарогі і лесу — яна ярка заззяла ў вышыні над пагарэлым гумном і жытам, бязлітасна зырка асвяціўшы іх сваім ненатуральна яркім міготкім святлом. Але ён ужо быў да яе гатовы і жвава прысеў у жыце, тут яго не так проста было заўважыць. Ракет ён не баяўся — баяўся стрэлаў і яшчэ болей сабак. Той басавіты брэх у спаленай вёсцы быў яму дужа знаёмы і болей за ўсё іншае скрабянуў па яго пачуццях.

Калі і гэтая ракета згарэла, ён шыбануў праз жыта да алешнічку, ды раптам спыніўся, прысеў. Здалося, пачуўся голас, нават нібыта далёкі дзіцячы плач, і ён аціх, затрымаў дыханне, услухаўся. Ці не здані завяліся ў гэтым жыце, дзівячыся, падумаў ён, як зноў зусім выразна данёсся аднекуль ціхі, поўны жальбы плач зусім яшчэ малой істоты, і ён, жахнуўшыся, кінуўся далей у жыта.

Ён, мусіць, і ўцёк бы ў лес, калі б у той час амаль перад ягоным тварам не разанула цемру трасірная чарга. Блізкія разрывы куль у алешніку, нібы рэха, з абсалютнай дакладнасцю паўтарылі яе далёкі імклівы трэск, і ён зноў распластаўся на мулкіх грудах жытняе нівы. Цяпер ён ужо ведаў пэўна, што яго заўважылі і што стралялі па ім з дарогі і ад вёскі; значыць, ратавацца трэба ўсё тым жа ўчарашнім шляхам у лес. Калі чарга сціхла, ён тут жа ўскочыў, але, перш чым пабегчы, завярнуў па жыце ўбок, трохі нават назад, прыпыніўся, услухаўся і ўбачыў непадалёк белую плямку ля самай зямлі. 3 нечаканай надзеяй ён кінуўся да гэтае плямкі, ужо пэўна ведаючы, што гэта, падхапіў цёплы жывы камячок на рукі і, прытуліўшы да грудзей, аббег трохі шырэйшае кола па жыце. Гэта было і дзіўна, і зусім недарэчна: ён думаў, што дзесь тут павінна ляжаць і Клава, забітая ці жывая. Але Клавы не было. Адчуваючы тлумнае замяшанне ў галаве, Ляўчук пабег упоперак нівы да алешніку. — Ух, гады! Ух, гады! — роспачна казаў ён сабе, слухаючы, як недзе паблізу гаўкалі, скавыталі сабакі. Але ўжо побач быў лес, і ён разам з малым на руках неўзабаве ўбег у алешнік. У той самы момант ззаду стрэлілі новай ракетай, і па алешніку прайшла доўгая чарга. Яркае святло, перамешанае з дзівоснай блытанінай ценяў, рынулася на яго ззаду, некалькі трас блізка прашылі начны хмызняк, абдаўшы яго трэскам разрыўных куль і абабітым галлём. Ён упаў на адно калена, жахнуўшыся, што так не ўцячэ, што бегчы па лесе з малым немагчыма. Але па полі ён не ўцячэ тым болей, там яго дастануць першай чаргой. I ён пабрыў у цемры навобмацак, левым плячом рассоўваючы голле, захінуўшы крысом пінжака малога, які трохі неяк аціх і толькі перабіраў ножкамі ў мокрай пялёнцы.

15

Першы нясмелы ранак напаткаў яго ўскрай балота, у рэдкім куп’істым алешніку.

Пачынала віднець, далёкім нетутэйшым святлом займаўся шырокі ўскраек неба, навокал сталі відаць кусты і травяністы дол пад нагамі. Ляўчук зусім не ведаў, куды вёў яго лесавы шлях, але ўсё бег, ішоў, брыў па нейкіх альховых зарасніках і расцяробах; перайшоў мокры травяністы лужок і зноў зашыўся ў лісцвяны гушчар. У малады шчыльны ельнік ён не палез, а абышоў яго збоку і ўсё слухаў, хоць і без таго было чутна — яго даганялі. Усю ноч ззаду то цішэй, то мацней пагрозліва брахалі сабакі. Мусіць, у цемры яны адсталі ад яго, але ягоны след яны не гублялі. Значыць, як мае быць возьмуцца даганяць уранку.

3 нязвыклай асцярогай ён нёс за пазухай маленькае цёплае цельца і думаў: хоць бы дзе напаткаць вёску, хутар, жанчын ці наогул людзей і аддаць ім малога. Сам ён, як бы ні стараўся, не мог уратаваць гэта жыццё. Да таго ж ён адчуваў, што немцы ад яго не адвяжуцца. Учора іх было сем, з вінтоўкамі, уночы з’явіўся кулямёт, а таксама ракеты і сабакі — значыць, у гэтым кірунку яны задумваюць нешта сур’ёзнае і маюць для таго сілу. А ён, дурань, наважыўся тут прабівацца ў Першамайскую, знайшоў месца…

Поделиться с друзьями: