ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Тым часам на беразе іх стала ўжо трое. Пярэдні перабег далей, затое два іншых разам прыклаліся да аўтаматаў, і струмень куляў са свістам пранёсся каля ягонай алешыны. Аднекуль зверху плюхнулася ў ваду збітае кулямі маленькае травяное гняздзечка; у паветры паплыў белы пух, і некалькі пер’яў асела на яго купіну. Ляўчук затуліў малога рукой, уціскаючы яго як мага ніжэй у мох, другой накіраваў пісталет на бераг. Ён збіраўся стрэліць у таго, што, змяніўшы магазін, прымерваўся для трэцяй чаргі. Праўда, для пісталетнага стрэлу было далекавата, ад напружання і дрыготкі яму было цяжка зладзіць з рукой. Усё ж ён прыцэліўся. Але нечакана новая думка з’явілася ў яго галаве, калі ён адчуў, што б’юць яны чамусь па-над купінай, быццам паверсе; іхнія чэргі ідуць па-над яго галавой і далей. Ён асцярожна азірнуўся і ўбачыў, як густа ляцела ў паветра лістота з лазовага куста, у які ён нядаўна яшчэ хацеў улезці. I тады ён сцяміў, што яны, пэўна, бачаць там найбольш падазронае месца і таму так старанна абстрэльваюць яго.

Тады ў Леўчука зноў загарэлася надзея, ён шчыльней захінуў малога, сам аглушаны трэскатам і рэхам, што бушавалі з краю ў край над балотам, не чуючы яго плачу; ён толькі чуў, як малы тузаўся пад яго рукамі. Хоць бы не задыхнуўся, думаў Ляўчук, да болю сціскаючы пашчэнкі — было так холадна, што ён ледзьве трываў у гэтай ідыёцкай сваёй нерухомасці.

Страляніна, аднак, пасунулася ў левы бок, мусіць, тут ужо ўсё было як мае быць імі абстраляна. Наўкола ў асацэ валялася свежае альховае голле, у вадзе густа плавала лісце. Непадалёк, трымаючыся на валакенцы, вісела над вадой збітая куляй верхавіна бярозкі.

На гэтым краі балота стала цішэй, здаецца, яны сышлі далей, і ён наважыўся. Ён падхапіў скрутак з малым на плячо, прыціснуў яго левай рукой і з пісталетам у правай ціхенька, каб не дужа плюхаць у вадзе, пусціўся за той, расстраляны многімі чэргамі куст лазы. Мабыць, ужо другі раз расстрэльваць яго не будуць.

За лазняком было даволі ўсё ж схоўна, у вадзе скрозь было нацярушана лісця, плавала выбітае кулямі карэнне водарасцяў; водарасці і ашмоцце твані віселі на пасечаным голлі куста. I ён падумаў, што, мабыць, яшчэ не зусім адцуралася ад яго ўдача, калі ён да часу не паспеў дабрацца сюды. Тут бы ён, пэўна, і ляжаў цяпер, сцякаючы крывёй у багне…?

— Ціха, ціха, браток. Памаўчы трошкі, — сказаў ён малому, нядоўга адпачыў, агледзеўся і бокам-бокам, вязнучы па пояс у твані, дзе прыгінаючыся, а дзе ледзь не плывучы, падаўся далей у балота, думаючы, што калі яно не ўтопіць, дык, мусіць, уратуе яго.

16

Неўзабаве дрэвы і хмызняк скончыліся, з імі скончыліся праваліны вокны, стала больш травяністых зараснікаў, моху. Хоць месцамі было глыбока і ўсё зыбалася і плыло пад нагамі, але ўжо пагрозы ўтапіцца, мусіць, не было. Стрэлы памалу аддаліліся ўправа, стрункае дзіганне куль гойсала там, над балотам, і напалоханае балотнае птаства разляталася ва ўсе бакі. Нават прывязлівыя да чалавека сарокі цяпер ляцелі над самым балотам прэч ад гэтага небяспечнага грукату.

Адной рукой прыхінуўшы да сябе малога, Ляўчук бег, скакаў, зыбаўся па замшэлай дрыгве, дзе спраўляўся перабегчы раней, чым імшарына ўтоне ў вадзе, а дзе і не паспяваў. I тады ён зноў каторы ўжо раз плёхаў па пояс у тарфяністай твані, кідаўся ў адзін бок, у другі, стараючыся выбрацца на цвярдзейшае. Мокрае яго адзенне агідна абліпала цела, пры кожным кроку плёхала з халяваў ботаў, але затое ад руху ён перастаў дрыжаць, нават сагрэўся. Ён толькі асцерагаўся, каб не ўтапіць у багне свой скрутак з маленькім у ім чалавечкам, а сябе ўжо аберагаць перастаў. Але балота ўсё ж канчалася, наперадзе на грудку шчыльненька зелянеў хвойнік — значыць, там пачынаўся бераг. Толькі хто і што чакае яго на тым хваёвым грудку?

Нарэшце ён адолеў балота і па мокрым, але ўжо не дрыгвяністым тарфяніку выбег на зарослы сіўцом і верасам пясчаны пагорак. Боты, цвіркаючы і чвякаючы, затупалі па сухім. Выгляд яго, мусіць, быў страшны — мала што мокры з галавы да пят, дык яшчэ ўвесь аблеплены тванню; на плечы і рукавы паначаплялася нейкай валакністай водарасці, раска і іншая зялёная драбяза напрыліпала да вопраткі. Але малога ў пінжаку ён, здаецца, намачыў не вельмі, і калі той усё неспакойна валтузіўся і плакаў, дык, мусіць, болей з голаду. Гэты яго плач і падганяў Леўчука. Стрэлаў, якія ўсё яшчэ патрэсквалі здаля, ён не надта баяўся, ён ужо вырваўся з-пад іх пагрозы, і цяпер яго гнаў новы клопат.

Ён бег. Хоць і нязручна было ў такім яго стане (мусіць, трэба б хоць выкруціць вопратку і пераабуцца), але ён ускарабкаўся на грудок, прадраўся праз хваёвы гушчар і раптам апынуўся на вузенькай, хоць і добра ўезджанай лясной дарожцы. Калі ёсць дарожка, дык павінна быць недзе і вёска, з палёгкай падумаў Ляўчук. Абы толькі не напаткаць немцаў.

Ён не надта жвава пабег па ёй, усё чвякаючы левым ботам, і, мусіць, ад гэтага яго бегу малы патрохі прыціх, а пасля і зусім змоўк — заснуў ці проста загушкаўся на ягоных руках. Тады Ляўчук пайшоў цішэй, ён ужо сагрэўся і пачаў прыглядацца да лесу, каб дзе на хвіліну прысесці ды выціснуць вопратку. Мусіць, немцаў тут не было, а ісці давядзецца яшчэ немаведама колькі, так ён парэжа ногі ў мокрых, са збітымі анучамі ботах.

Толькі ён падумаў пра гэта, прыглядаючыся да зарасніку папараці, што высока буяла ля самай дарогі, як пачуў блізкія галасы і конскі тупат. Ён хуценька шаснуў з дарогі, але, мабыць, было позна, і тыя, што ехалі на конях, паспелі згледзець яго. Згорбіўшыся за кустом ядлоўцу, ён напружана чакаў, спадзеючыся, што, можа, яны праедуць, але яны не праехалі. Тупат на дарозе раптам сціх, і ледзь не над яго галавой пачулася пагрозлівае:

— Эй, ану вылазь!

Ляўчук злосна ў думках вылаяўся — на якіх гэта ён д’яблаў налез? Па голасе нібыта нашыя, але хто ведае — можа, і немцы або паліцаі. Не выпускаючы з рук малога, ён асцярожна выцягнуў з кабуры парабелум, ціха нахіліўся за кустом, каб выглянуць на дарогу, і нечакана ўбачыў іх зусім побач. Яны, мусіць, таксама ўбачылі яго — гэтыя трое конных, апранутых, праўда, па-партызанску, хто ў што, якія глядзелі цяпер у папараць, скіраваўшы сюды аўтаматы — нашы, савецкія ППШ.

— Рукі ўгору!

Па ўсім відаць, што гэта былі партызаны, хоць поўнай упэўненасці ў тым у Леўчука не было. Ён нетаропка падняўся з зарасніку, пакінуўшы ў доле малога і хаваючы за сабой парабелум. Але гэтая яго нерашучасць відавочна не задаволіла коннікаў. Адзін з іх, што быў у старой гімнасцёрцы і ссунутай на патыліцу чорнай кубанцы, рашуча павярнуў каня ў папараць.

— Кідай пістоль! Ну! I рукі ўгору!

— Ды ладна, — прымірэнча сказаў Ляўчук. — Свой! Чаго там…

— Гледзячы каму свой!

— Не, — сказаў Ляўчук. — Я павінен сам. Тут такая гісторыя… Сам я павінен. Гэта далёка?

— Гледзячы як. Дарогай — далекавата. А цераз ручай — дзесяць хвілін.

Яны выйшлі з папараці на дарожку. Коні нецярпліва круціліся пад седакамі, якім, відаць, карцела некуды ехаць, але і гэтага балотнага сустрэчнага, што аказаўся знаёмы іхняму таварышу, таксама нялоўка было пакідаць аднаго без дапамогі.

— Ну ладна! — урэшце рашыў той, у кубанцы, мабыць, ён быў старшы. — Кулеш, пакажы дарогу і даганяй. Ля борці мы пачакаем.

Вусаты Кулеш завярнуў каня, і Ляўчук таропка падаўся за ім па дарозе. Ён ішоў шпаркім крокам, згадваючы, у якую гэта брыгаду ён трапіў, хаця, напэўна, не ў Першамайскую. 3 Першамайскай гэты Кулеш зімой не мог быць на раз’ездзе — Першамайская тады дзейнічала недзе пад Мінскам і толькі вясной паявілася ў гэтым краі. Кулеш таксама акінуў Леўчука цікаўным выпрабавальным позіркам.

— Гэта не па табе немцы пулялі? У балоце?

— Па мне, ага. Ледзьве ўцёк.

— Глядзі ты. Там жа дрыгва о-ёй!

Поделиться с друзьями: