Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
Назва кінасцэнарыя, мяркуем, невыпадковая: вядома, што назва «Сотнікаў» дадзена аповесці ў рэдакцыі часопіса «Новый мир», аўтарская ж назва — «Ліквідацыя». Былі і іншыя варыянты, якія В. Быкаў пакінуў на апошнім аркушы аўтапераклада аповесці на расийскую мову, у тым ліку — «Две судьбы». Да таго ж, па словах А. Пяткевіча, пісьменнік гаварыў, што адна з папярэдніх назваў была «Двое ўначы»: «Я яшчэ сказаў Быкаву, — распавядаў А. Пяткевіч, — што гэта добрая назва, паколькі тут адзначана, што абодва — і Сотнікаў, і Рыбак — аднолькавыя» (між іншым, быў яшчэ адзін варыянт, па сутнасці, з той жа самай унутранай матывацыяй — «Рыбак і Сотнікаў»). Хоць, безумоўна, такая назва падаецца не зусім арыгінальнай, бо выклікае асацыяцыі з вядомай аповесцю рускага пісьменніка Э. Казакевіча «Двое в степи» (1948).
Экзэмпляр сцэнарыя захаваўся ў Архіве В. Быкава (Гродна) — 67 машынапісных і 2 рукапісныя старонкі са шматлікімі праўкамі, рукапіснымі і машынапіснымі ўклейкамі. На першай, машынапіснай старонцы пазначана імя аўтара, ніжэй назвы «Двое в ночи» — «Киносценарий по повести „Сотников“». На другой, уверсе, двойчы напісана сінімі чарніламі — «Двое в ночи», ніжэй ідуць перакрэсленыя чарнавая і затым чыставая рэдакцыі ўступу: «Это древняя, как мир, история…» і г. д. па тэксце.
Сцэнарый значна папраўлены В. Быкавым, аднак у першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу праўкі, на якія пісьменнік хутчэй за ўсё вымушаны быў пайсці, бо асобныя месцы ў сцэнарыі адзначаны алоўкам (вертыкальнай лініяй побач), і малаверагодна, што гэта зроблена В. Быкавым — магчыма, рэдактарам з кінастудыі, бо наўрад ці аўтар такім чынам самацэнзураваў свой твор; да таго ж практычна ўсе праўкі і ўстаўкі зроблены В. Быкавым сінім чарнілам двух адценняў, аловак жа для гэтай мэты ім практычна не выкарыстоўваўся. Падругое, сустракаюцца праўкі відавочна нелагічныя. Гэта тычыцца раптоўнага з’яўлення ў сцэнарыі вялікай колькасці немцаў, якія замяняюць перакрэсленых аўтарам паліцаяў (колькасць якіх, адпаведна, адразу памяншаецца), што падчас прыводзіць да нестыкоўкі асобных планаў сцэнарыя. Так, напрыклад, на двор да Дзёмчыхі, згодна з першай рэдакцыяй, прыходзяць тры паліцаі (10-ы раздзел), аднак В. Быкавым выпраўлена — «несколько немцев» і праз тры абзацы: «немцы уже вошли в сени». Паліцаі тут нават не згадваюцца, аднак размову «немцы» вядуць на рускай мове, і нават вядома імя аднаго з іх — Стась (праўда, далей у гэтым жа раздзеле В. Быкаў не выправіў «паліцаяў» на «немцаў»). Таксама паспешліва ўпісаны ў эпізод «гер Будила», пазнейшая характарыстыка якога («здешний палач. Это был буйволоподобный двухметрового роста детина с обезьяньей мордой и длинными руками») выкрэслена, відаць, з той прычыны, каб прама не ўказваць на «тутэйшасць» ката. Новыя персанажы-немцы з’явяцца і ў далейшым (напрыклад, падчас допыту Сотнікава Партновым у канцылярыю ўвойдзе шэф СД і паліцыі бяспекі), хоць іх няма ў аповесці і не было ў першай рэдакцыі сцэнарыя. Гэтае, падчас нічым неапраўданае, умяшальніцтва ў драматургічны твор было б цяжка матываваць, калі б ні прыведзенае вышэй сведчанне І. Дабралюбава:
«…кто-то такой ловкий, гадкий, мерзкий лейбл приклеил: мол, это сценарий не о Великой Отечественной войне, а „о гражданской войне в период Отечественной“».
Відаць, менавіта наяўнасць паліцаяў і ўказвала цэнзарам на матыў грамадзянскай вайны ў сцэнарыі. Трэба думаць, з-за гэтага аўтар і пачаў «пазбаўляцца» ад паліцаяў. Заўважым, што яшчэ падчас падрыхтоўкі аповесці да друку і ў прыватнасці пры яе абмеркаванні на рэдкалегіі часопіса «Полымя» 17 жніўня 1970 г. І. Пташнікаў закінуў аўтару «Сотнікава» папрок, быццам у творы «занадта многа нашых. Мала немцаў», а А. Вялюгін адзначыў, што «ў Б[ыкава] змаганне з 3[-яй] сілай як у грамадзянскую вайну — быў Камінскі, быў Гіль […]». Але ў той раз падобныя прэтэнзіі не мелі сур’ёзных наступстваў, хаця П. Кавалёў і І. Пташнікаў, абагульняючы заўвагі па аповесці, звярталіся да яе аўтара: «Хацелася, каб Вы абавязкова паказалі больш галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў, а не мясцовую паліцыю: вядома, што паліцаі былі толькі фашысцкімі паслугачамі і г. д.». І хаця В. Быкаў побач з гэтым пунктам пазначыў алоўкам «болей немцаў», аднак колькасць немцаў ён павялічыў толькі ў сцэнарыі.
Што тычыцца заўваг кінацэнзараў, дык не выключана, што менавіта яны прымусілі пісьменніка пазбавіцца і ад аднаго з эпізадычных персанажаў: паліцая па прозвішчу Тарасюк (замест яго паўсюль упісаны паліцай Стась). Справа ў тым, што ў сцэнарыі (таксама як і ў аповесці) ёсць ужо адзін адмоўны персанаж з украінскім прозвішчам — усё той жа Стась Гаманюк. Пасля публікацыі ў 1966 г. у «Новом мире» аповесці «Мёртвым не баліць» В. Быкаву працяглы час ставілі ў віну «пространные намеки с попыткой противопоставить украинцев белорусам, утверждение, будто бы все украинцы чуть ли не с раскрытыми объятиями встречали гитлеровцев». І таму, па сведчанні былога прадстаўніка Галоўліта СССР У. Соладзіна (у 1961–1991 гг. узначальваў аддзел па кантролю грамадска-палітычнай і мастацкай літаратуры), «у прозе Васіля Быкава асабліва адсочваліся суадносіны „станоўчых“ і „адмоўных“ герояў па нацыянальных прыкметах: колькі і якіх рускіх, беларусаў, украінцаў». У. Соладзін прызнаваўся: «По „сигналу“, поступившему из украинского Лита, ЦК посадил наш Главлит „на подсчет украинских фамилий в повестях Василя Быкова. И что вы думаете, — сидели, считали!..“». І калі ў аповесці «Сотнікаў» галоўлітаўскія цэнзары ці не даглядзелі, ці проста пакінулі без ўвагі ўкраінскія прозвішчы адмоўных персанажаў, дык у кінасцэнарыі цэнзура, відаць, праявіла большую пільнасць: Тарасюк аўтарам быў выкраслены.
Сярод іншых істотных правак, зробленых В. Быкавым у сцэнарыі «Двое в ночи», вылучаюцца наступныя:
Стар. 160. Пролог. — «Пролог», трэба думаць, быў дапісаны Быкавым пазней, бо адрозніваецца шрыфтом асноўнага машынапісу; да таго ж парушана нумарацыя аркушаў — 1-ы раздзел, які ідзе пасля «Пролога» (памерам у два аркушы), пранумараваны, пачынаючы з адзінкі.
Стар. 164. — А ты откуда знаешь? […]
— Пройдет, конечно. Только бы до жилья дотопать. А то… Такой славный хуторок был! Ах, сволочи, сволочи!.. — Увесь гэты фрагмент, надрукаваны на іншай друкарскай машынцы, уклеены.
Стар. 165. — Вот, узнаешь? Гузаковский маслозаводик-то. Одни головешечки да кирпич.
— Это до меня еще.
— Ах, до тебя. Это мы с группой Лукашкина постарались. В декабре. И мост на Ислянке. В одну ночь — два объекта. Тих!.. Что такое?.. — Рукапісная ўстаўка (на асобным кавалачку паперы) замест закрэсленага ў машынапісе: «— Вот за пригорочком и Гузаки. Уж там что-нибудь… Тихо!»
Стар. 167. — Мы не полицаи, чтоб требовать водки. — Дапісана. Наступны сказ: «— Что ж, обойдемся без водки» закрэслены, відавочна, з-за таго, што гэты фрагмент (пачынаючы з фразы: «— Догадываешься, кто мы?») адзначаны алоўкам.
Стар. 169. — Это еще как посмотреть, — сказал старик. — Своим я не враг. — У машынапісе:
«— Смотря кому враг, — твердо сказал старик.
— Своим. Русским.
— Своим я не враг», але папраўлена.
Стар. 169. — Кто стрелял? Наши?
— В тот раз полицаи. Водки требовали.
— Нам водки не надо… Корова есть? — У машынапісе:
«— Кто стрелял?
— А такие, как вы. Водки требовали.
— Да-а… Корова есть?», але папраўлена, відаць, з-за таго, што дыялог адзначаны алоўкам.
Стар. 170. То полицаи, то немцы. — Дапісана.
Стар. 170. …к стенке вон ставят… — Дапісана ўверсе над закрэсленым: «водки требуют». Гэтая фраза жонкі старасты таксама адзначана алоўкам.
Стар. 173. Он не боялся умереть в бою, но он страшился своей беспомощности. […] У него было две обоймы патронов, девять пуль он пошлет по немцам, десятую пустит в себя. — Рукапісны тэкст уклеены.
Стар. 180. Несколько немцев… — Напісана замест закрэсленага ў машынапісе: «Трое полицаев».
Стар. 180. Снизу доносились голоса, немцы уже вошли в сени. — У машынапісе: «Снизу доносились голоса полицейских и Демчихи», але папраўлена.
Стар. 180. …и Рыбак испуганно покосился на него. — Далей зроблена дапіска (злева ад тэкста): «Рыбак: Держись! Держись, может еще пронесет. Кажется, они не за нами», але закрэслена алоўкам.
Стар. 181. — Яволь, гер Будила! — Дапісана. Стар. 181. …ярился Будила. […]
Только бы не обнаружил их тут — и не погубил детей и эту несчастную женщину. — Рукапісная ўклейка.
Стар. 182. С поднятыми руками они стояли возле дымохода, и Сотников кашлял — теперь можно было не сдерживаться. […]
Почему они забрались сюда, почему зашли в эту деревню, почему не погибли в поле, когда их было лишь двое? — Рукапісная ўклейка.
Стар. 182. Два полицая и немец шарили… — У машынапісе: «Два полицая шарили», але папраўлена.
Стар. 183. — Не переломают — за нас Германия, чмур! […] Из хаты вытащили Демчиху. — Рукапісная ўклейка.
Стар. 183. — Швейг! — гаркнул фельдфебель, и старший полицай подскочил к женщине. — Дапісана.
Стар. 184. Местечковой улицей они подъезжали к зданию СД и полиции. […]
Вдруг связанными руками он дернул из ее рта кляп. — Рукапісная ўклейка.