Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Ён спрабаваў жартаваць. Але Хадоська чула, што гэта не смешкі, i ёй было пагана. І яшчэ чула яна, які ён дробны, бяссілы перад ёю, Міканор, якога так не любіў i пабойваўся яе бацька. Ён, праўда, не аддаў руку, калі яна хацела ўзяць, — знарок, з мужчынскага гонару, сціснуў дужэй. Абняў дужаю рукой. І ўсё ж Хадоська чула сябе мацнейшаю, варухнула непрыхільна плячыма, i ён нехаця выпусціў. Адышоў, закурыў папяросу.

— Не падабаюся, значыць?..

Яна не адказала. Тут пачулася бесклапотнае пасвістванне — хтосьці ішоў да ix; яшчэ да таго як той падышоў, абое ведалі ўжо: Хоня. Хоня бліжэй перастаў свістаць, паздароўкаўся ціха, стрымана.

Толькі калі Міканор адказаў, зарагатаў:

— А я думаў — бацько!..

Ён жартаваў, рагатаў, я к бы i заўважаць не хацеў, што Міканор сёння асабліва ж маўклівы. І тое, што Міканор хутка развітаўся, падаўся ў цемру, таксама зразумеў па-свойму. Стаў дурэць, хапаць за рукі, абдымаць, як хапаўся, абдымаў кожны раз, ледзь выпадала астацца ўдваіх i ўпоцемку. Яна вырывала рукі, выкручвалася, а ён — быццам так i трэба было: хапаўся зноў, туліў, смяяўся.

— Дак калі ж жаніцца будзем? — спытаў, можа, ужо дваццаты раз. Яна прамаўчала, але ён хоць бы трохі пакрыўдзіўся ці спахмурнеў; вясёла, бесклапотна, не першы раз пастрашыў: — Не маладая ж ужэ! Састарышся!.. Не возьме ніхто!

— Няхай не бярэ!.. — Яна бы i не думала смяяцца.

— Звякуеш адна!

— І звякую!.. Страх які!..

— Дурная! — сказаў ён цвёрда. Усё-ткі намогся, абняў яе, прытуліў. Яна паспрабавала вырвацца, але ён лагодна, весела ўтрымаў. Дужаючыся з ёю, з добраю насмешкай пацікавіўся: — Лепшага хочаш даждацца?.. — Лагодна ж, цвёрда заявіў: — Лепей за мяне не знайдзеш!

— Унё! Лепшы на ўвесь свет!

— Лепшы!.. — Ён сказаў так, нібы здзіўляўся, што Ў гэтым можна яшчэ сумнявацца. — Лепей не знайдзеш. Няма на ўсім свеце, ей-бо! Ніхто так любіць не будзе!..

— Усім вы так кажаце!

— Я? Я — нікому! Табе толькі! Знаеш жа!

Яна перастала ўжо рвацца, калі ў цемры пачулася нядобрае: "Г-тым!" Постаць была так блізка, што Хоня адразу сам выпусціў Хадоську, якая ўхапілася папраўляць касу. Хадоська з сорамам чакала: бацька бачыў i чуў усё. Момант маўчалі ўтраіх. Хоня першы выступіў: не павінаваціўся, а так, што не было чуваць i знаку разгубленасці, раптам сказаў задзірыста:

— Аддалі б вы Хадоську, дзядзько!

Бацька, абураны тым, што пабачыў, i не першы раз тым, як трымаецца з ім гэты нахаба, не зразу знайшоў, што адказаць.

— Ужэ ж гаварылі, нібыто!..

— Дак я, дзядзько, усе адно як забуў тое.

— Дак шчэ раз скажу, — даў волю гневу свайму Ігнат. — Не будзе маёй бацькоўскай згоды! І не надзейся!

— Упарты ж вы, дзядзько… — Хоня бы пашкадаваў Хадосьчынага бацьку: сказаў як старэйшы, разумнейшы.

— Ну, які ты жаніх! — аж закіпеў бацька. — Які ты жаніх! Ты не бачыш?

Хадосьцы не спадабалася гэта, самой захацелася запярэчыць: нашто казаць так. Хоня, калі б толькі ў гэтым клопат, жаніх непаганы — не тое што не горшы, а лепшы за другіх. Нашто казаць няпраўду? І наогул — які б ні быў ён, Хоня, не трэба казаць такое: не трэба крыўдзіць за нішто чалавека!

— Дзядзько, жаніх я цяперашнім часам, — у Хоневым голасе — усцешылася Хадоська — не было i знаку крыўды, — першы на ўсе Курані.— У яго ціхай гаворцы чуліся такія годнасць i ўпэўненасць, што Хадоську ўзяў нават гонар за яго. — Цяпер для такіх, як я, усё i робіцца.

— Яна ж з голаду апухне ў цябе! — кінуўся злосна бацька, i Хадосьцы зноў захацелася заступіцца за Хоню: Хоня не гультай i не трэба папракаць за беднасць…

— Дзядзько, скора будзе калгас. Я там буду першы багацей. Пабачыце. — Тут Хадосьцы здалося, што Хоня як бы аддзяліў сябе ад яе. Думкаю пашкадавала, папракнула: не трэба было пра той калгас. Але каб i хацела спыніць яго, мабыць, не змагла б: Хоня таксама, хоць i здаваўся спакайнейшы за бацьку, запаліўся ўжо спрэчкаю: не саступіць так сабе; i праўда, упартасць, непахіснасць чуліся, калі сказаў: — Пабачыце, дзядзько!.. — Ён, як бы ужо не цураючыся i прымірэння, дадаў разважліва: — А малыя — ужэ ж падрастаюць. Сястра — дак нявеста, можна сказаць…

— Не аддам! — коратка, як канчатковае, адрэзаў бацька.

Хоня момант маўчаў. Упарта ж, непахісна заявіў:

— Аддасце!

Бацька ад такога нахабства ашалеў:

— Не аддам!

Хоня, здалося, усміхнуўся.

— Аддасце!

Хадоська, слухаючы гэга, аж перастала дыхаць. Ужо не спачувала, a дзівілася Хоню, яго смеласці з бацькам, яго ўпэўненасці, што ўсё будзе так, як ён хоча i думае. Хадоську не абурала гэта, ёй нават прыемна было тады слухаць гэта. Потым ужо яна падумала, што Хоня дарэмна не саступіў: толькі раззлаваў бацьку.

Доўга пасля таго, як Хоня развітаўся, сышоў у цемру, бацька кіпеў, бурчаў: "Жаніх, жаніх!", "Аддасце…". Ён так лаяў Хоню, што Хадосьцы аж было шкода Хоні, аж хацелася не раз заступіцца за яго. Але яна не казала нічога, не хацела гаварыць попусту; у яе былі свае думкі пра Хоню i свая воля…

І ў гэту ноч не спалася ніяк. Не было адбою ад назол-камароў, ад думак. У думкі пра Хоню, пра Міканора, пра тое, што доля ўжо яе — звекаваць адной, раз i другі лезлі згадкі пра Ганну, пра Чарнушкаў паклон. Убачыла зноў Захарыху, бальніцу, Яўхіма.

Зноў запяклі думкі пра сваё малое, пра бяду, якой ужо не паправіць ніколі. З болем увайшла зноў непрыхільнасць не толькі да Яўхіма, a i да Ганны. У цвярозлівым одуме хацела стрымаць сябе: помніла — радавацца чужой бядзе — грэх; вінавата захрысцілася.

"Божачко, злая я, злая, — каялася з адчаем яна. — Што мне рабіць, парай, памажы мне, Божачко! Няма дабраты ў мяне. Не магу забыць, не магу!.."

Раздзел чацвёрты

1

Аднойчы ранкам на лузе паявілася таратайка.

Ледзь яна выкацілася на балота з лясной дарогі, адразу зацікавіла: далікатная, прыгожая, незвычайнаю была тут сярод адных вазоў: здалёк відаць было — прышыўся нехта чужы, нехта з начальства ці з упаўнаважаных. Праўда, побач з чужым, пазналі, спакойна хітаўся Міканор, але цікавасць ад гэтага не толькі не паменшыла, а стала вастрэй. Міканор сам цяпер быў начальства, хай сваё, невялікае, але ж начальства. Усё важнае, што прабівалася ў Курані, ішло цераз яго; нешта важнае, невядомае кацілася i цяпер, чулася, з гэтай гарадской каляскай…

Таратайка пракацілася па дарозе ўскрай балота, паўз самы лес i стала каля Міканоравага надзелу. Тут i Міканор i чужы сышлі з таратайкі, распрэглі каня, пусцілі пасвіцца. Шкода, невядома было, пра што там гаварыў прыезджы з Дамеціхаю, з Дамецікам, які падышоў з касою на плячы; затое бачылі ўсе: прыезджы скінуў гарадскі пінжак, верхнюю сарочку, забраў ці не сілаю ад Дамеціка касу i пайшоў сам да травы. Побач з ім падаўся таксама з касой Міканор, а па другі бок — Дамецік, нібы збянтэжаны.

Дайшоўшы да травы, прыезджы скінуў касу, памянташыў. Размахнуўся касою раз, другі, пайшоў роўна. Касіў звычна, упэўнена: відаць было, што браўся не першы раз. І ўсё ж, кожнаму відно было, прыезджы — не касец, i не толькі адтаго, што прыбыў на гарадской калясцы, a i па тым, як стаяў, дзівіўся на памочніка свайго Дамецік, як завіхалася ля агню са сняданкам Дамеціха. Вельмі ж борзда бегла потым да касцоў, гасцінна йрасіла аб нечым прыезджага. Звала, пэўна, падсілкавацца.

Поделиться с друзьями: