Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

З думкамі гэтымі мяшаліся клопатныя, клопаты забягалі далека аж пад восень, пад зіму: была ці не была ўжо арцель, а думак-турбот давала!..

Апейка, які таксама блізка бачыў, як атухаў агонь, жыў зусім іншым настроем. Апейку было легка, радасна. Праўда, i ў руках, i ў нагах, ва ўсім целе была змора, але, можа быць, якраз гэтая змора i давала найбольш радасці. Даўно не рабіў ён з такім смакам: з той пары, як лёс закінуў яго на вайну, Апейка ўведаў добра, што такое радасць махаць касой, лажыць пракос свежай травы; радасць гэту не раз спазнаваў ён i пазней, калі стаў вучыцца, а потым — настаўнічаць. Пасля школьнага тлуму заўсёды з ахвотай браў ён касу, аддаваўся звыкламу калісьці, цяпер ужо нячастаму занятку, які налівае рукі, ногі маладою дужасцю. Цяпер касы не трымаў ён асабліва доўга, асабліва весела ж было яму, калі павёў Дамецікаваю касою па траве. Пасля валасной мітусні, бясконцых паездак, часта няўдалых сходаў цешылі вочы i сэрца тут каса, i вільготна-вясёлая трава, i лагодны павеў ветру, i сонечная бяскрайняя сінь. Цешыла дужасць у руках, цешыла працоўная еднасць з Дамецікам, з Міканорам, з усімі, хто касіў, насіў копы, складваў стагі. Адчуванне гэта жыло потым ля агню, жыло i цяпер, калі ён ляжаў адзін у начным поцемку.

Перабіраючы тое, што казаў людзям, аглядваючы сябе збоку крытычным, нібы чужым вокам, Апейка таксама не чуў прыкрасці. Не так, як Міканор, — ён лічыў, што ў асноўным усё было добра: гаварыў дзелавіта, перавагі калгаснага жыцця паказваў на фактах зразумелых, даходпівых; бачыў сам: слухалі не абы-як, верачы. Канешне, практычны вынік — невялікі пакуль, але аб выніках можна меркаваць будзе пазней. Важна, каб людзі думалі, думалі правільна, каб сэрцы i галовы ix усведамлялі, што змены неабходны, што ix трэба не баяцца, a імкнуцца да ix. Што партыя хоча толькі дабра тым, хто жыве сваім мазалём… Урэшце ж, самае важнае i самае цяжкае — тое, што трэба не толькі звесці ix у адну сям’ю, але i навучыць думаць, адчуваць інакш! Трэба змяняць душы, псіхалогію ix: уласнік павінен стаць калектывістам! От у чым найбольшы сэнс! І тут — ясна — галоўнае: пераконваць людзей! Цярпліва, доказна, па-ленінску! І няхай вынік пакуль невялікі, кірунак усё ж быў правільны! A вынік канчатковы пакажа час!..

Лёгкасць i радасць былі яшчэ адтаго, што ён бачыў над сабою неба. Не столь нудную, а высокае, з зоркамі далёкімі, бяссоннымі, неба. Ён даўно не бачыў ix так: даўно не спаў на лузе. Адтаго ён быццам раптам вярнуўся ў маленства: быў ужо не старшынёй райвыканкома, пажылым дзядзькам з безліччу клопату i абавязкаў, а малым, што прыгнаў пасвіцца на ноч кабылу. От яна, не інакш, захрапла, яго кабыла. За яе няма чаго трывожыцца вельмі: спутаў добра — от i ляжыць ён, ціхі, лёгкі, пазіраючы адно на зоры. Праўда, у цішыні яго ёсць нейкі смутак: мусіць, адтаго, што чуе, што ён не пастух малы усё ж, што маленства — далека. Што, думае, даўно не быў у той хаце маленства, што матка, мусіць, даўно глядзіць-выглядвае, што даўно не сядзеў з бацькам, не меркаваў аб дамашніх клопатах. Захацелася раптам пабачыць такі родны лазовы плот, пайсці сцежкай паўз вербы да ракі…

Зоры. Збоку, наводдаль, чарнелі хмары, часам на ix трапяталі чырвона зарніцы; а тут былі толькі зоры, i было ціха, i цёпла, i душна. Можа, адтаго, што было душна, i не спалася; а можа, не заплюшчваліся вочы больш адтаго, што там, у высокай недасяжнасці, не спалі, глядзелі зоры. Ад ix было дзіўна маркотна: зоры трывожылі сваёй недасяжнасцю, вечнасцю; яны нібы далучалі самога да нечага недасяжнага, вечнага. Душу таміла адчуванне раптоўнай афомністасці, бясконцасці свету, дробнай, мімалётнай прыналежнасці да гэтага вечнага…

Колькі от так ляжыць на гэтым лузе, на іншых лугах! Колькі не спяць, думаюць — аб чым мяркуюць, на што спадзяюцца? Колькі ляжала, гадала тут, спадзявалася — з таго дня, як прыйшлі людзі на гэтае мокрае, травяністае балота? Якія радасці i якія няшчасці бачыў гэты луг, як ступіў тут чалавек? Векавечныя, нязменныя з незапомных часоў тут толькі купіны, векавечныя поцемкі, векавечнае неба, векавечныя зоры. Дзесяткі, сотні гадоў чаргаваліся вятрамі ды цішаю, спёкаю ды сцюжай. Мяняліся тыя, што прыходзілі сюды з граблямі, з косамі. У турбоце, у знямозе старэлі дужыя хлопцы i маладзіцы, прыходзілі на змену новыя, такія ж дужыя, поўныя надзей, каб аддаць тут дужасць, маладосць сваю. Цэлыя таварыствы, пакаленні цэлыя змяняліся, як трава скошаная — маладой, сакавітай; нязменна, неўміруча высілася толькі неба — сіняе, хмарнае, з зорамі.

Колькі ж тут думак перадумана, між гэтых сівых зараснікаў, колькі надзей памерла, колькі расчаравання i злосці сатлела! Людзі думалі, ірваліся душою, а жыццё ішло сваёй мернай, важкай хадою, абыякавае, бязлітаснае да людскіх мар i стогнаў! Ішло, пакуль аднойчы не павярнулі яго, не перайначылі хаду: мокрае балота бачыла тады, мабыць, натоўпы нібы незнаемых, ахмялелых людзей; яго кроілі нанава, спрачаліся, радаваліся, браліся загрудкі. Калі перакроілі, аціхла, i ўсё як бы зноў пайшло роўнай, вечнай дарогай, з тымі ж клопатамі, неспакоем, з тым жа імкненнем.

Упершыню, як прыйшлі сюды людзі, даводзіцца ім думаць такое, пра што тут, мабыць, ніколі i не снілі. Жыць арцеллю адной, адной сям’ёй, аддаць усё нажытае, панішчыць усё звыклае, праверанае гадамі, зладжанае бацькамі i дзядамі! Ёсць чаго думаць: ніколі нікому не выпадала ламаць галаву над такой загадкай, трывожыцца такой трывогай, чуць такі неспакой перад заўтрашнім.

Тут у высокі лад думак увайшла зямная клонатнасць: згадалася нядаўная справаздача ў акружкоме, на якой казалі ім i запісалі, што калектывізацыя ў раёне ідзе слаба. Хоць было трохі крыўдна, што ў Мазыры быццам бачыць не хацелі ўсяго, што яны тут рабілі, як ім тут цяжка, Апейка не спрачаўся ні тады, ні цяпер: як бы там ні было, зрабілі i праўда небагата. Няхай не таму, што пусцілі на самацёк, як там гаварыў хто-ніхто, a зрабілі-такі небагата. Праўда, бяда тут не толькі ў працэнтах, на якія ўжо аж лішне націскалі на бюро. Бяда ў тым — i гэта асабліва трывожыла Апейку i цяпер, i ўсе дні да гэтага, — што з тых адзінаццаці калгасаў, якія ёсць, большасць ледзь ліпяць. Бяда, вядома, што яны малалікія, а яшчэ горш, што ледзь не ў кожным няма добрага ладу. І прычына найбольшая ў тым, што мала дзе — кіраўнікі як трэба: не ўмеюць, не могуць кіраваць! Арганізацыя працы ў большасці — кепская, кепская дысцыпліна! Кепскі ўлік!.. Не хапае добрых кіраўнікоў, не хапае рахункаводаў! Не хапае вопыту!..

Заплюшчыўшы вочы, засынаючы ўжо, Апейка падумаў, што трэба ўсе гэтыя дні, пакуль лета, аддаць калгасам — памагчы ўмацавацца ім. Падумаў з надзеяй пра восень: увосень людзі з’едуцца з лугоў, з палёў, спадзе працоўная гарачка. Увосень павінны рушыць хутчэй. Хутчэй, шырэй… А пакуль — больш увагі новым калгасам!.. І — дадому, к бацькам… выбраць час, наведацца… Пачуў, як пырхнуў недзе конь, i здалося — маленькі зноў, прыгнаў пасвіцца кабылу. І яшчэ дайшло — бліснула недзе недалёка. Бліснула i загрымела, туга, працавіта…

5

Раніцай неба было без адной хмурынкі. Край яго над лесам густа пунсавеў, так што здавалася, вось-вось загарыцца лес. Вышэй ад лесу пунсовасць слабела, паступова пераходзіла ў ружовасць, якая ахоплівала паўнеба. Усё на лузе: кусты, лужы, копы, пракосы — таксама ружавела. Увесь луг як бы дыміўся.

Яшчэ да таго, як выйшла сонца, Апейка i Міканор каля воза перакусілі тым, што падала, просячы выбачэння ў госця, Дамеціха. Падзякаваўшы Дамецісе за сняданак, Апейка, у расхрыстанай сарочцы, з закасанымі рукавамі, з яшчэ больш ружовай, чым звычайна, лысінай, што свяцілася праз рэдзенькае светлае валоссе, дастаў з воза касу, неяк хітравата зірнуў на Міканора:

— Дык што ж, можа, твая праўда — пачнем сягоння? Паспрабуем па-новаму, па-калгаснаму, а?

— Канешне, не трэба адкладуваць! — адразу ўхапіўся Міканор.

— Адкладваць не трэба, але трэба рабіць з толкам. Я прапаную, — Апейка глядзеў усё з хітрынкай, — улічваючы абстаноўку — пераходную форму. Касіць будзем так, быццам косім кожнаму, але — разам, калектыўна. І капіць будзем кожнаму, калектыўна. А як ты мяркуеш?

— Можна i так, — сказаў прыкметна халадней Міканор.

— Дык — з каго пачнем?

— Да ўсё адно. З Зайчыка можна.

— З Зайчыка, — падтрымаў i Дамецік, што сачыў за гаворкай збоку.

— Што ж, давай з Зайчыка.

З косамі цераз плячо ўдвух: адзін у крамных штанах i ў ботах, a другі, як i ўсе вясковыя, у зрэб’і, у лапцях, пачоўгалі па мокрай траве, цераз накошу, зайшлі да Хоні, які ўжо браўся касіць.

— Куды ето выправіліся, як на заработкі? — Хоня, у расхрыстанай сарочцы, з кепачкай на макаўцы, весела бліснуў цікаўнымі, жвавымі вачыма.

Поделиться с друзьями: