Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Прыезджы з Міканорам укленчылі каля воза, перакусілі i зноў узяліся за косы. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам, не памагаў ніяк куранёўцам дайсці да нейкай разгадкі. Праўда, асоба самога прыезджага хутка была высветлена, бліжнія ад Міканора пазналі, а хто быў далёка — пачулі, што прыезджы не хто іншы, а старшыня райвыканкома Апейка; але сэнс загадкі акалічнасць гэта не толькі не праясніла, а як бы заблытала больш: чаго ён тут, дапаў аж да мокуцьскага балота; чаго не выказвае кіраўнічай сваёй справы, а махае Дамецікавай касой! Не было б ужо такога дзіва, каб ён, калі ўжо такі прыткі, дабраўшыся сюды, загадаў, як належыць начальству, сабраць усіх, загадаў бы памаўчаць i стаў бы гаварыць пра палітыку, пра тое, што трэба выконваць куранёўцам, каб не быць у даўгу перад дзяржавай; стаў бы, як друпя, расхвальваць калгасы, заклікаць ісці ў ix. Ён жа не загадваў, ён махаў i махаў касою, я к бы другога i клопату не было; таіў, што прывяло яго ў гэту дален…

Ранак быў сонечны, балота ўсё аж нібы зіхатліва дымілася; людзі толькі паглядвалі, гадалі, але не сгіыняліся — касілі, варушылі рады, як буслы, рупліва бялелі па ўсёй шырыні балота, на якім тырчала ўжо нямала стагоў. Сонца пякло, трава прывяла, хто-ніхто кінуў ужо касіць, a гарадскі госць усё махаў i махаў касою, як бы тое толькі i трэба было яму.

Першая не ўтрывала Сарока: павесіўшы касу на дубок, напрасткі цераз рады, цераз някошанае падалася да Міканоравага памочніка. Стала побач, уткнула рукі ў бокі, важна прасачыла, як ён робіць. Ведала — усе, хто можа бачыць, сочаць за ёй.

— Што, цётка, правяраеце, які касец? — хітравата зірнуў старшыня. Ён выцер далікатнай далонню твар: пот еў вочы.

— Касец — не сакрэт — спраўны! — адгукнуўся ў тон яму Міканор. — Наняў — не шкадую! Касец — маладзец!

— Касец — ігрэц! Ды вельмі ж стараецца!

— Марку ж трэба трымаць! Штоб не зганьбіцца зразу!

— Перад кім жа ето — такі старатлівы?

— Як — перад кім! Перад гаспадаром! Перад Міканорам, дзядзькам Дамецікам!..

— Касец — маладзец! Не сумнявайцеся, цётка!

Сарока пільна кальнула Апейку:

— Агіціруваць за калгас прыбуў?

Апейка ўткнуў кассё, зноў нібы стаіў усмешку:

— Да не ж! Бачыце ж! Памагці от Міканору трэба! Па службе ж чалавек заняты, а бацька — стары!.. — Улавіўшы хітры, мудры позірк жанчыны, з усмешкаю ж, нібы даверліва, схіліўся да яе: — Ну, і, прызнацца, зарабіць хачу! Зарплата малая!..

— Саўсім збяднеў — год не піў, два — не еў! У чым толькі душа дзержыцца! — Сарока кпіла таксама гулліва: разумела жаргы. — Што ж ето ўласць твая абяднела так?

— Ды ўлада тут ні пры чым! Дорага ўсё! — Апейка бачыў: за жартачкамі старая цікуе нешта, чакае; знарок сур’ёзна, заклапочана папрасіў: — Mo вам трэба помач?

Яна як бы i не здзівілася:

— Паможаш! З’арэш на далоньку, бяду навядзеш на Сарочыну галованьку! Скосіш на якую пятку, драбніцу — кулачкаю назавеш маладзіцу! Маўляў, батракоў наймае! Сем патоў спаганяе!..

— Вам, цётка, не страшно! — засмяяўся ад Сарочыных прымавак Апейка. — Вам зробім выключэнне: у вас асобыя ўмовы, вы — удава!

— Удава — сама сабе галава! А як зачнецца калекцівізацыя, дак не паглядзіце, скажаце: іксплуатацыя!

— Дак, можа, цяпер i мне эксплуатацыю прыпішуць? — жартам напалохаўся Міканор.

— Упішуць! Сама ў сельсавет пайду! Начальству ў вушы нагуду!

Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам i не ўведала! Неўзабаве за ёй наведаўся Андрэй Руды; курыў, разважаў аб вялікай палітыцы, асцярожна, дыпламатычна падступаўся таксама: якія важныя справы прывялі сюды старшыню райвыканкома. Гаманіў, мітусіўся Зайчык; маўчаў найбольш, уважліва, удумліва слухаў Чарнушка; гасцей за дзень перабыло ў Апейкі нямала. Ён усё пасмейваўся, запэўніваў: памагчы Міканору прыехаў i зарабіць трэба. Ён бачыў, што ніхто не верыць яму, i быў давольны той загадкавасцю, якая ўсё расла вакол яго i надавала яго візіту ўсё большую цікавасць. З гэтай загадкавасцю расло нібы i значэнне яго прыезду сюды.

Не было нічога дзіўнага ў тым, што надвячоркам, калі стала спадаць дзённая ліхаманка, людзей зноў пацягнула да Міканоравага агеньчыка. Пацягнула далёка не ўсіх, багата хто з гаспадароў непахісна прырос да сваіх вазоў, сваіх надзелаў, як нейкіх рубяжоў абароны насцярожана цікаваў здалёк, нібы чакаў варожага нашэсця. Агні, што чырванелі па ўсім балоце, нагадвалі Апейку табары часоў вайны; як калісьці пад Рэчыцаю або пад Мікашэвічамі… Перад боем…

Мабыць, нямала ад каго з тых, што сядзелі ў абароне каля вазоў, сышліся да Міканоравага агеньчыка жонкі. Жанчын якраз i было найбольш між тых, хто акружаў Апейку. Яны трымаліся разам, то гаманілі між сабой, то прыслухоўваліся да таго, што гаварылі мужчыны з начальнікам; найбольш Андрэй Руды, які дабіваўся нейкага "навучнага" падыходу…

— Дак скора ў калякціў нас пагоняць? — уламалася раптам, знарок недалікатна, Сарока.

Апейка заўважыў — на людзях яна як бы выхвалялася сваёй грубаватасцю: глядзіце, маўляў, якая я смелая!

Яна абрэзала Андрэя, абуранага яе некультурнасцю, знарок некультурна паўтарыла:

— Скора?

Апейка спакойна, зморана, з нейкай млявай усмешкай сказаў:

— Не скора.

— Не скора? — Сарока на момант разгубілася: не чакала такога.

Жанчыны захваляваліся.

— Не скора. — У цішыні, гатовай выбухнуць, дадаў: — Саўсім не будуць. Гнаць — не будуць.

— Няўжэ? — выказваючы ўсім мудрасць сваю, не паверыла Сарока. Не тое што не таіла, знарок выстаўляла: не верце ніхто; я не веру, i вы — не верце!

Жанчыны, гатовыя паспакайнець, насцярожана прымоўклі. Глядзелі на Апейку, чакалі.

— Не будзем. Самі прасіцца будзеце, прыйдзе пара!

— Aгe! — насмешліва адгукнулася Сарока.

Яе весела падтрымалі.

— Будзеце! — прарочая ўпэўненасць Апейкі прымусіла прыціхнуць.

— Ды мы шчэ паглядзім: прымаць ці не прымаць! — памог Міканор.

— Цётку Аўдоццю — адставіць трэба зразу! — падаў звонкі голас Хоня. — Штоб папапрасілася!

— А як не будзем прасіцца? — выскачыла наперад Сарокі гарачая Чарнушчыха.

— Папросіцеся! Пабачыце, дзе выгада, — папросіцеся! Кожны ж дабра сабе хоча!

Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман. Здавалася, ніхто нікога толкам не слухаў, усе гаварылі, часам крычалі, кожны выказваў сваё, перадуманае, гаворанае ўжо не раз, але неадступнае, балючае; сыпала нейкімі прымаўкамі Сарока, аж гарэла Чарнушчыха, круціўся, блазнаваў Зайчык. Апейка i не заікнуўся, каб перабіць галас, рынуцца абараняць, даказваць сваё, смактаў сабе папяросу з газеціны, змораны, абыякавы нібы. Гэта злавала i разам бянтэжыла; гоман то ўскідваўся люта, то ападаў без сілы — неўзабаве i зусім апаў.

Як апошні зык ветру, што прамчаў над лесам, было недавольнае, здзіўленае:

— Нашто ето ў калякціў усіх канешне?

На шчаках Чарнушчыхі палалі два неспакойныя кругі, вочы зырчэлі, дакаралі.

Андрэй Руды памог Апейку, тонам дасведчанага цярпліва растлумачыў:

— Калякціў — ето штоб нужду сялянскую адолець лаўчэй. Рычаг, так сказаць.

— Ты, Андрэй, памаўчы! Самі знаем — што рычаг!.. Не цябе пытаюць!

Апейка выпусціў з рота дым, збіў пальцам з папяросы агарак. Зірнуў спакойна i як бы не разумеючы.

Поделиться с друзьями: