Подых навальніцы
Шрифт:
— А-а! — сказаў Яўхім злавесна-радасна. — От хто!
Васіль прамаўчаў. Пачуў, як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Думкамі рыхтаваўся да бойкі. "Як толькі рынецца, крутнуцца ўбок i даць самому! Па сківіцы, па п’янай пысе!.." Але не ўправіўся i варухнуцца, як ад лютага, пудовага кулака загуло ў галаве, пачуў моцны ўдар па назе. Ледзь устаяў. Сляпы ад болю i крыўды, кінуўся на Яўхіма, з усёй сілы сунуў кулаком у твар. Трапіў, здаецца, у нос — Корч аж енкнуў. Васіль умомант адскочыў к плоту, ухапіўся за кол… Хітнуў, стараючыся вырваць… Кол паддаваўся туга. Але Васіль ірваў яго… Яўхім стаяў упоцемку нерухома. Чамусьці не кідаўся біцца. Заскрыпеў зубамі, шкадуючы, з адчаем, вылаяўся.
— Не бойся! — неспадзеўкі прасіпеў. Хвіліну маўчаў. Зноў гатоў быў, чуў Васіль, люта кінуцца на яго, учапіцца ў горла i стрымліваў сябе з адчаем.
— Не тут ето рабіць. Заб’ю, міліцыя ўхопіць зразу! — прасіпеў з нястоеным шкадаваннем, са злосцю. — У цюрму неахвота… Ці ў лес бегці. Жызнь губіць. З-за етакаго… Але — знай, — голас стаў важкі, грозны. — Знай, смярдзючы ўдод, будзе мамент! Я падлаўлю!
— Сам пра сябе падумай! Штоб цябе не падлавіў хто!
— Будзе ўдобны мамент — кішкі выпушчу! Па адной выцягну! Есці сваё застаўлю!.. Не пападайся ў пустом месцы адзін! Знай!
Васіль чуў: забіць можа, зарэзаць. Як плюнуць. Але не паддаўся гонарам.
— Напужаў!
— Пасмяешся патом! — грозна прадказаў Яўхім.
Пастаяў крыху, як бы для таго, каб Васіль падумаў, важка пасунуўся ў цемру.
Раздзел шосты
1
Усе Дзятлікавы пільна сачылі за тым, што рабілася з Васілём i Маняю. Між ix не было чалавека, якога б гэта не трывожыла. У гэтым быў цяпер самы вялікі клопат i самы вялікі неспакой.
Hi на адзін дзень не ўціхаў неспакой у Валодзі. Усё што ён лавіў слыхам, што бачыў, чула вярэдзіла яго, узварушвала важкія, непадсільныя думкі. Як i тады, калі ён упершыню даведаўся, што Васіль хоча жыць з Ганнаю, тайна згаварыўся з ёю, калі пабачыў Маніны слёзы, свет мучыў яго нядобрай, нязменнай нязладнасцю. Гэтая нязладнасць не толькі не прападала з днямі, а яшчэ нібы больш паказвала, якая яна вялікая i моцная. Колькі Валодзя ні думаў, усё не выходзіла так, каб усім было добра. Усё ішло да таго, каб жыць утраіх хіба — i з Маняю, i з Ганнай. Але цяпер відаць ужо было, што калі б i ўзяўся Васіль карміць абедзвюх, дык усё адно нічога б не склеілася. Маня толькі i ведала, што клясці Ганну. Доўга Васіль цярпеў бы, слухаючы век гэту кляцьбу! А то ж, гіэўне, кляцьбою адною i не абышлося б. Канешне ж, пры такім жыцці ці адна, ці другая век чаплялася б за косы. Крыку на ўсё сяло было б век. Толькі i аставалася б сядзець ды разбараняць ашалелых…
Не было ніякага ладу i ў Валодзевых думках i пачуццях. Хоць Васіль быў i вінаваты ва ўсім, хоць ад гэтага Валодзьку было няёмка i сорамна за яго, за тое, што ён i сустракаўся тайна, i згаворваўся тайна кінуць жонку, было Валодзьку разам з тым i шкода Васіля. Што ні кажы, a Васіль усё ж такі — брат, i хоць, бывала, брат гэты не вельмі ласкава абыходзіўся з Валодзькам, a ўсё ж такі не вельмі добра на душы, калі бачыш, што брат твой сам невясёлы, можна сказаць — няшчасны. Што там ні казала Маня, а Валодзьку часта шкода было i Ганну, якая таксама ж мучылася з паганым сваім Карчом i не з радасці ж вялікай хацела к Васілю жыць перайсці; шкода было — i заўсёды чамусьці i няёмка, i сорамна, — хоць Валодзя i сам толкам не ведаў — чаму Мабыць, таму, што Ганна усе ж — чужая жонка, венчаная ў царкве з другім, што бегала к Васілю тайна, хоць Васіль венчаны з другой; сустракаліся тайна, не па закону, не па закону цалаваліся, хоць чужыя. З гэтым зноў i зноў улазіла спакуслівае: усё ж добра было б, каб Ганна перайшла, стала сваячкай, каб сваяком стаў i Хведзька. Яны, праўда, i так амаль ужо сваякі з Хведзькам, калі ўжо ў Васіля з Ганнаю было такое; а усё ж такі лепей было б, каб парадніліся саўсім, на закону…
Шкадаваў Валодзька i Маню. Маню дык ён толькі шкадаваў: што ні думай, яна самая няшчасная. Васіля ўсё ж любіць Ганна, i Васіль Ганну таксама любіць; яны могуць пашкадаваць адно аднаго. А Маня як сірата, Васіль i глядзець на яе не хоча, гаварыць не хоча з ёю. Шкода Маню. Адтаго маркота i жаль бяруць, калі бачыш, як яна горбіцца іншы раз пры калысцы. І хочацца неяк суцешыць, каб ёй не было так горка, — неяк памагчы ёй.
Валодзька не адкручваўся, як раней, калі матка загадвала иазабаўляць малое, якое само чамусьці ляжаць ціха не магло. Калі ў хаце нікога не было, а Алёшка пачынаў гарланіць на усю хату, то Валодзька i без чыіх там загадаў падыходзіў да калыскі, забаўляў ці гушкаў хлопчыка. Не тое што кніжку, a i забавы цікавыя свае кідаў, каб супакоіць Алёшку. Іншы раз ён агукаў, як матка, i крывіўся смешна, паказваў рожкі i калі Маня была ў хаце; калі ёй было не да Алёшкі. Валодзьку хацелася, каб яна пахваліла яго: вось які ён, сказала б, добры, як памагае ёй, але яна нібы i не заўважала. І нават — Валодзька здзівіўся — зіркнула неяк нелагодна, быццам i недавольна была, што ён памагае. Знарок падышла да калыскі, адштурхнула яго, стала карміць малога, хоць той i не хацеў есці. А то вось, калі Валодзька ўзяўся забаўляць Алёшку, раптам кінула паласкаць пялёнкі ў начоўках ды так злосна рынулася да Валодзькі, што таго страх узяў.
— Чаго лезеш?! — закрычала, аж трасучыся ўся. Вочы яе былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. — Чаго чапаеш?!
Валодзьку здалося, што яна зараз ухопіцца за віхор яму. Ці ўчэпіцца злымі зубамі.
— Я пазабаўляць… хацеў…— Ён з асцярогі адступіўся ад калыскі, не зводзячы з Мані вачэй.
— Пазабаўляць! Ідзі забаўляй сучак па завуголлях! Забаўляка!.. Пазабаўляць хацеў!.. — Закрычала грозна: — Штоб не чапаў! Штоб блізко да яго не падыходзіў!
— Не б-буду… Я толькі…— хацеў ён растлумачыць, апраўдваючыся, але яна перарвала:
— Штоб блізко не падступаў!..
— Не буду…
З таго разу Валодзю было i шкода яе i боязна…
Дзед Дзяніс не кідаўся так, як Валодзя. Не было ўжо ў дзеда i збянтэжанасці, i абурэння, якія гналі яго з поля першы дзень, калі на дзеда абваліў неспадзяваную навіну Андрэй Руды. Дзед не кіпеў ужо, быў аж надзіва стрыманы i роўны. Быў ён яшчэ — нібы больш строгі i разважны. Худы, касцісты, з важкім чырвоным носам, хадзіў ён у дублёным кажусе i па двары, i па хляве ўжо нібы не так старэча, з нейкай дужасцю ў хадзе, з асаблівай годнасцю даваў загады, найбольш матцы; паводзіў сябе не як якая-небудзь дзесятая спіца ў коле, а як першы ў сям’і, гаспадар. Матка, беручы яго загады, хоць іншы раз i аглядвалася асцярожліва на Васіля, ківала дзеду згодна, слухалася. Васілю дзед амаль не загадваў, рэдка казаў i заўвагі, але гэта не мяняла значэння: дзед нібы паказваў, што не хоча звязвацца з гэтым неслухам. І што яму мала клопату, што думае гэтае дзіця. Трэба сказаць, што Васіль, хоць i не бегаў па дзедавых загадах, нічым не пярэчыў, што дзед, праўда, — старшы, не так сабе ўзяў гэта — кіраваць усімі.
Такое было не першы раз. І раней, калі ў сям’і ці ў гаспадарцы ішло што-небудзь крыва, дзед не глядзеў ціха са свайго сціплага месца ззаду, дзед выходзіў наперад i браўся за лейцы сам. У такія моманты дзед нібы згадваў, што ён не для таго тут, каб кашляць на печы ды дыміць люлькаю; бачыў нанава, што ён, а не маладыя стрыкуны гэтыя, самы сталы тут. Адзін сталы i адзін разважны. Момант нібы зваў дзеда ўзняцца над усімі, весці ўсіх, i дзед адгукаўся на кліч, уздымаўся i вёў іншых. Ці дзіва, што дзед станавіўся такі раздумлівы i паважны, што i хадзіў, i дзейнічаў з такой годнасцю…
Дзед Дзяніс не таіў, а знарок паказваў, што яму не падабаюцца ні Васілёў учынак, ні непарадак у гаспадарцы i ў хаце. Ён амаль не гаварыў ира гэта, не дакараў Васіля словамі: тое, як недавольны, дзед выказваў моўчкі. Нядобра зіркалі маленькія, выцвілыя вочы з-пад нейкіх натапыраных, кусцістых броваў, густа, непрыязна дыміла люлька; i кашаль пры Васілю быў ужо не той дабрадушны, як нядаўна, а нелагодны, злы нават. Яшчэ больш пра тое, што думае дзед пра Васілёў учынак, гаварылі сур’ёзнасць i строгасць, з якімі дзед гаспадарыў на двары, у хляве.
Усё ж ад гэтага не лягчэла. Маўчанне яшчэ нібы дадавала злога, i з кожным днём усё больш. Дзеду бачылася, што неслух гэты не разумее яго маўчання! Заўважаць не хоча! Усё нецярплівей жавалі сухія губы люльку, усё злей калолі вочкі з-пад натапыраных броваў.
— За розум пара ўжэ брацца! — не ўтрываў, нядобра павялеў дзед. Голас быў нацяты; відаць было, накіпела дзеду, але ён яшчэ стрымліваў сябе.
Васіль на дзедавы словы адно матнуў галавою — як ад назольнага авадня. Адвярнуўся нават.