Подых навальніцы
Шрифт:
У зале там-сям шумелі, раз-пораз выляталі крыкі: абураліся Галенчыкавай гаворкай, радаваліся ёй; Апейка не дзівіўся, проста адзначаў сабе: былі i такія, што радаваліся. Але большасць, прыкмячаў ён, маўчала; маўчала i чакала, што будзе яшчэ. Было штосьці i ў саміх прыкладах, i ў тым, як гаварыў Галенчык, нешта такое, што прымушала людзей слухаць, маўчаць, чакаць. Рукі Апейкі дрыжалі; важкае, тлумнае ўсё поўніла галаву, нецяргіліва ўздымала з табурэткі. "Няхай гаворыць, няхай выкладвае ўсё!.. — як бы загадваў ён сабе. — Спакайней, спакайней слухай! Трымайся з годнасцю: людзі глядзяць на цябе! Няхай бачаць, ты ведаеш: праўда твая! Трэба слухаць усё, запамінаць! Каб не прапусціць потым чаго-небудзь, адказваючы!.."
— Што гэта такое? Як гэта назваць? — уядаўся ў Апейку галасок. — Ёсць людзі, якія называюць гэта "дабратою". — Галасок быў поўны іроніі.— Вы, таварыш Кудравец, называеце гэта дабратою, a бальшавікі, сапраўдныя бальшавікі, называюць гэта інакш. Сапраўдныя бальшавікі называюць гэта — патураннем класава чуждаму ворагу. Змычкай з класава чуждым ворагам! Па сапраўднаму бальшавіцкаму азначэнню — гэта не што іншае, як скрыўленне класавай лініі бальшавіцкай партыі! IIa бальшавіцкаму азначэнню гэта не што іншае як правы ўхіл. Вот што гэта такое, калі глядзець глыбока i адкрыта!.. Правы ўхіл, з якім бальшавіцкая партыя пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна вяла i будзе весці бязлітасную барацьбу! — Галенчык ледзь не сарваў голас, але прымусіў замерці ўсю залу. Ён кіпеў гневам, у ім чулася вялікая сіла. Апейку раптам узяла кволасць: "А што, калi i Белы ці Беразоўскі так жа?!. Калі яны паддадуцца гэтаму?!." — ён хацеў знайсці слова, як назваць Галенчыка, але не знайшоў. Пачуў раптам ва ўсім целе нядобрую млоснасць. "Спакайней, спакайней трэба!" — нагадаў сабе. Але спакою не было…
— У чым прычына ўсяго гэтага? — гаварыў цішэй, хрыпавата, але з цвёрдасцю, настойлівасцю Галенчык. — Чаму Апенька такі "добры" — ці, па нашаму азначэнню, — такі няўстойлівы? Прычына тут простая. Шукаць доўга не трэба. Толькі сляпыя могуць не бачыць яе! Тут невыпадкова, i ў матэрыялах камісіі i ў некаторых выступленнях, касаліся асобы некаторых сваякоў Апенькі, у прыватнасці асобы яго брата Апенькі Савасцея! Падабаецца ці не падабаецца некаторым, мы не можам заплюшчыць вочы на тое, што сам Апенька, сам састаіць у родственнай сувязі з класава чуждымі элементамі! Ён звязаны з імі адным ланцугом. Таму ён i абараняе ix, сплош i радам служыць ім! Служыць i тайна i адкрыта!.. Яблыка падае не толькі блізка ад яблыні, але i блізка ад другога яблыка! Яны ляжаць радам! У гэтым i ўся прычына Апенькавай "дабраты"! І калі тут, у матэрыяле, які паступіў у камісію, пытаюць, ці можа такі чалавек займаць адказны савецкі пост, то я на гэта магу заявіць: не можа! — Галенчык адужаў гоман у зале, яшчэ цвярдзей заявіў: — Не можа!.. Я лічу, што камісія павінна таксама сур’ёзна узважыць усе даныя i зрабіць свае сур’ёзныя вывады пра тое, ці дастойны такі чалавек быць у бальшавіцкай партыі. Партыі, якая павінна быць у абстаноўцы бязлітаснай класавай барацьбы згуртаванай, як адзін чалавек, i непахіснай!.. Я асабіста лічу, што Апеньку ў такі адказны момант астаўляць у парты i не трэба! І, — заявіў ён праз гоман i крыкі,— галасаваць буду супроць!
У Апейкі грымела ў скронях. Цяпер, калі трэба была яснасць у думках, ён пачуў, што галава яшчэ налілася тым гарачым, важкім: абвалакло, заняволіла думкі. Толькі грыміць у скронях. Ды лезе непаваротлівае, упартае, нястрыманае: "Няўжо? Няўжо можа быць?.."
Астатняе было недзе за думкамі, апе ён чуў яго ўсёй істотай: няўжо могуць вычысціць? Усё раптам страціла рэальнасць, даходзіла да яго як штосьці незразумелае, недасяжнае розуму.
"Спакайней, спакайней трэба!.." — загадаў ён, але спакой не прыходзіў. Праз гарачую завалоку чуу ён гоман у зале, бачыў, як ускочыў нехта. Здзіўлена, голасна кінуў:
— Людзі, што ж ето ён плёў! Усё ж ето… Брахня ўсё ето! — ад стала — Белы, мабыць, — пачуўся звон алоўка аб графін. — Якое ж тут скрыўленне лініі!.. Поп прыходзіў, кулацкі сын! Ахвіцэр! Дак к яму ж усе прыходзяць! Усе к яму ідуць! Я пяць разоў была! Чаму ён не ўпамянуў! Дак якое ж тут скрыўленне!.. Па-мойму, савецкая ўлада такая i павінна быць! Як Іван Анісімавіч!.. Выгнаць з парціі! Вы чулі! Ды яму "дзякуй" трэба сказаць! Сказаць, штоб у парціі ўсе былі, як ён!
Жанчыне запляскалі; хтосьці крыкнуў: "Правільна!", "Маладзец!" — i на Апейку найшла неспадзяваная хваля расчуленасці.
Некалькі чалавек цягнулі рукі, прасілі слова; блізка ад сцэны з паднятай рукой стаяў Гайліс, чакаў дазволу, але Белы стукаў па графіне, пакуль не прыціхла.
— Таварышы, камісія абмяркуе таварыша Апейку ўсебакова i аб’ектыўна, — спакойна загаварыў ён. — Рашэнне наша будзе справядлівае. Я прашу весці сябе дысцыплінавана i вытрымана, каб камісія магла працаваць з поспехам… Слова мае таварыш Беразоўскі, член камісіі.
Беразоўскі, як i седзячы, калі стаў, таксама горбіўся, важкая галава выдавалася ўперад; у стол упіраліся моцныя кароткія рукі. Вочы глядзелі спадылба, i збоку здавалася, што яны нядобрыя, злыя, i сам ён здаваўся хмурным, жорсткім.
— Я хачу ўказаць тут на некаторыя маменты, — сказаў ён важка, глуха. — З каторымі я не згодны. Антон Аляксеевіч тут асвятліў так, што Апейка звязан з варожымі элементамі i састаіць у радстве з імі. Ён гаварыў пра брата Савасцея. І не сказаў, што ў Апейкі ёсць яшчэ брат i тры сястры. І што яны — беднякі ці маламоцныя сераднякі. І не атмеціў, што бацькі Апейкі зноў жа — самай што ні на ёсць пралетарскай крыві. Гэта ён упусціў. Па-другое, ты, Аляксеевіч, упусціў, што за ахвіцэра Апейка хадатайстваваў не сам, а таму, што к яму прыходзілі дзеці са школы. От што. Паслухай, потым скажаш! — не даў ён перабіць сябе Галенчыку. — І я папутно хачу сказаць — шчэ раз, што ахвіцэры таксамо — розныя былі. Я табе расказваў ужэ пра штабс-капітана Карабкова, каторы шчэ пры царском рэжыме агіціруваў нас за бальшавікоў. І пайшоў пад суд за ето. Або вазьмі Тухачэўскаго — зноў жа ахвіцэр, да шчэ i з дваран. A Ленін не пабаяўся назначыць яго камандуюшчым. Пастой, паслухай! Я ж цябе не перабіваў!.. А тут жа гэты Гарошко — хто? Не тое што не дваранін, a i селянін — бацько яго — не асаблівы. Серадняк. Вывучыў яго, выбіваючыся з сілы. У людзі хацеў вывесці. Вывучыў, зрабіў настаўнікам. І з-за таго Гарошку етаму i начапілі залатыя пагоны. От які гэто ахвіцэр! І зноў жа людзі, як ты чуў, гаварылі: супроць савецкай улады — нічого не рабіў. За савецкую ўладу гаварыў!.. Не пішы, паслухай ды падумай… Дак які ж гэто, як ты кажаш, закляты вораг!.. І к таму ж дзеці прасілі Апейку за яго! Так што тут твая крыціка — пустая! І пра хлопца таго, пра Глушака, папутно— тое ж скажу. Kani ён хоча жыць па савецкаму закону — няхай жыве! І правільно — што Апейко памог яму! Няхай жыве! Што ж яго, як тое кацяня: яно на бераг, задыханы ўжэ, лезе, а мы яго зноў у раку: тапіся! Тут зноў тваё ўпушчэнне! І папутно зноў адкажу пра самого Апейку. Ты няправільно стараешся завесці яго ў тупік! Няправільно! Ён, канешне, чалавек, не святы, ето правільно: жывучы на зямлі, усяго набярэшся. Як той куст пры пуцях — i пылу, i шлаку. Але ён, Апейко, — харошы чалавек. Бальшавік. Не перабівай, слухай! Аб етом гавораць усе факты, усе надзейныя людзі пацвердзілі гэто, з якімі мы гаварылі. А ты ўхапіўся за мацер’ял, каторы падкінуў, можа, які-небудзь прахадзімец. "Ці можа быць такі чалавек на савецкім пасту!" І яшчэ падпяваеш яму: "Не можа!"
— Я не падпяваю, — абурыўся Галенчык. — Я даказаў гэта пераканаўча!
— Нічога ты не даказаў! — загарэўся i Беразоўскі.— Нічога! — гаварыў, як лажыў важкія, чыгунныя пліты — Ты кажаш: "Не можа!" А я кажу: можа! І ў партыі — можа быць! Такая мая думка! От што!..
Апейка, які пасля Галенчыка не вельмі верыў У гэтага не зусім зразумелага, прытоенага маўчуна, слухаў яго i з раптоўнай уцехай i з вінаватасцю. От, чакаў ад яго паганага, не верыў, а ён — глядзі ты, цвёрда сказаў сваё слова. І якое слова, якое разумнае, цвярозае; Апейка быў поўны неспадзяванай удзячнасці. Раптам перастала біць у скроні, пасвятлела ў галаве. Пачуў сябе лягчэй: як бы ўбачыў наперадзе прагаліну…
Спакайней, з давер’ем слухаў Белага, які, відаць, хацеў ужо канчаць абмеркаванне.
— Час позні, таварышы. А мы хацелі б абмеркаваць яшчэ аднаго таварыша… Таму я яшчэ раз прашу: быць дысцыплінаванымі. Памагаць нам працаваць… Не шумець у зале… — Ён памаўчаў, i Апейка зразумеў: зараз пачне гаварыць пра яго. Белы загаварыў так жа роўна, спакойна, але разважліва: — Чыстка… Што такое — чыстка?.. Чыстка — здаецца — вельмі простае: чысціць… Бяры мятлу — лепей густую ды пацвярдзей — i мяці… Чысці, шаруй. Пакуль не стане чыста. Чым мятла цвярдзей, чым шаруеш цвярдзей, тым лепей… Проста… — Памаўчаў зноў, заявіў: — Проста i— няпроста!.. Проста — калі падлога, i няпроста — капі людзі! Няма такой мятлы, якая чысціла б проста людзей. Няма i — не будзе! От у чым закавыка! Тут штука — тонкая! Тут не размахнешся! Тут дзесяць разоў трэба прыгледзецца, вывучыць усё! Каб рашыць сйравядліва, па-бальшавіцку!.. Яно ж — i гаспадыня добрая, метучы, не асабліва размахнецца мятлой… Глядзіць, як бы са смеццем не вымесці i лыжкі ці лапця… А як жа камісія павінна глядзець, каб не аставіць у партыі смецця. І каб, — Белы загаварыў з націскам, — каб не вымесці таго, чаго вымятаць не трэба! Што патрэбна ў гаспадарцы, што трэба партыі бальшавікоў!.. От што такое, калі падумаць, чыстка! Вымесці смецце i аставіць усё добрае!.. Той, хто вымятае не толькі смецце, a i добрых партыйцаў, той робіць не меншае зло, чым той, хто пакідае смецце!.. От з гэтага давайце i паглядзім на ўсю гэту гісторыю з таварышам Апейкам… Давайце паглядзім, хто такі таварыш Апейка!.. Таварыш Беразоўскі гаварыў, хто яго бацькі. Правільна гаварыў. Тут карціна ясная, i няма чаго паўтараць тое, што вядома. Давайце паглядзім на жыццёвую дарогу самога Апейкі!.. Дзіця бедных бацькоў. Пастух, касец… Навабранец… Салдат у акопах… Чырвонаармеец… Тут вельмі важна, што ў Чырвонай Арміі ён не адбываў службу, a служыў, не шкадуючы сябе!.. Быў ранены!.. За савецкую ўладу чалавек праліў кроў!.. Для савецкай улады ён стаў камандзірам. Агітатарам!.. — Год за годам перабіраў Белы Апейкава жыццё, пакуль не падвёў да вываду: усё, чаго дабіўся Апейка, ён дабіўся, дзякуючы савецкай уладзе i таму, што па-сыноўняму служыў ёй. Само Апейкава жыццё, якое нядаўна пад недаверлівым, зняважлівым позіркам Галенчыка выглядала нікчэмным, бруднаватым, цяпер разгортвалася, як няхай i не выдатнае асабліва, адкрытае людскім вачам віднае ад краю да краю поле. — Такое жыццё таварыша Апейкі…— нібы падвёў рысу Белы. — На ім — адна вялікая, паганая пляма. Брат. Кулак. Родны брат — кулак!.. Кулак i па свайму етановішчу, i, як мы ведаем, па свайму духу. Скажу проста, такое сваяцтва насцярожвае i прымушае нас больш уважліва прыглядацца да таварыша Апейкі. І я тут разумею недаверлівасць таварыша Галенчыка, — раптам прыкра адгукнулася ў Апейку. Насцярожыла. — Я i сам з асаблівай увагай вывучыў гэтую частку Апейкавай біяграфіі. Гэта вельмі важна для высвятлення асобы таварыша Апейкі,— трывожыў Апейку Белы. — Па тым, якія адносіны ў Апейкі з братам, мы можам меркаваць, хто такі сам Апейка… Таварыш Галенчык сказаў, што з адной яблыні яблыка ад яблыка падае недалёка. Сказаў нават, што ляжаць радам… Гэта правільна. Што да яблык. Але людзі — не яблыкі. Людзі могуць быць i радам, i могуць быць па розныя бакі барыкад… Таму мы ўважліва праверылі, блізка ці далека адзін ад аднаго браты Апейкі. Праверылі, еў ці не еў Апейка, як тут пісалі, кулацкае сала. Я магу ўпэўнена сказаць цяпер: не еў. Браты, можна сказаць, ідуць зусім рознымі дарогамі… Але, разам з тым, камісія ўказвае таварышу Апейку, што ён вінаваты, што не спыніў своечасова брата. Што даў яму вырасці ў такога вырадка, у кулака!.. Гэта віна ёсць на таварышу Апейку, i мы ўказваем яму!..
"Вінаваты, век буду вінаваты! — падумаў Апейка. — Век будуць чапляць!" Узяло расчараванне: разумны чалавек, а гаворыць такое! Але Белы не цікавіўся яго пачуццямі, Белы спакойна, незласліва i бязлітасна вёў сваю гаворку, мераў усё сваёй меркай. Вось пачаў ужо новае: "А цяпер паглядзім, як праявіў сябе таварыш Апейка на рабоце. Работа — самая дакладная праверка бальшавіка…" Апейка не прапусціў слова да тых апошніх, якія сказаў Белы:
— І калі найлепш пра чалавека меркаваць па рабоце, па справах, то таварыш Апейка — наш, савецкі работнік. Бальшавік… Ca сваімі заслугамі перад партыяй… Такія людзі патрэбны партыі.
Калі Апейку далі слова, ён раптам пачуў, што не ведае, з чаго пачаць. У душы было яшчэ поўна трывогі, неастылага хвалявання. І разам з тым жыла надзея, адчуванне, што усё кончыцца добра. Адзін будзе супроць, але магло б быць i горш. Ён бачыў перад сабою твары: яснейшыя ў кругах святла, цьмяныя — далей. Твары, вочы, вочы, што чакалі. Што ж казаць? Можна гаварыць многа, але нашто? Беразоўскі i Белы сказалі… І трэба — падумаць, разабрацца ва ўсім. Але — гэта потым… Як цяжка гаварыць, капі столькі адразу асела ў галаве, столькі перажыта!.. Трэба коратка. Самае галоўнае…