Подых навальніцы
Шрифт:
— Загарэцца можа!
Сцяпан, усё з той жа пасмялеласцю, радаснасцю, стаў адразу расказваць, як недзе за Прыпяццю запаліўся апарат ад адной іскрачкі,— хата згарэла ўмомант, бы карабок запалак. Ганна ківала яму галавою, паказвала, што слухае, а сама была поўна адною думкаю: Васіля няма. Стараючыся не паказваць таго, яна нецярпліва лавіла галасы ў тым баку, дзе былі дзверы, адкуль уваходзілі. Разы два не вытрымлівала, азіралася. Глянуушы апошні раз на дзверы, яна неспадзеўкі ўбачыла Яўхіма: не ўседзеў дома, прыпёрся ўслед. Гэта было ёй як знак сваёй сілы, улады над ім, але ўцехі ні на міг не пачула яна.
Ён не падаў знаку, што бачыць яе, сеў наводдаль з мужыкамі. Цяпер увага Ганны стала як бы дваіцца — прыслухоўвалася, чакала Васіля i разам з тым увесь час непрыхільна помніла: Яўхім тут…
Ужо не Міканор, а Пракон з прыпека грозна прагуркатаў, што курыць няможна. Але хтосьці з дзядзькоў усё ж потай курыў; дым ад тытуню быў добра чуцён між пахаў поту, лазы з лапцяў, балотнай гразі, старых світ, якія поўнілі хату. Сцяпан з папрокам загаварыў: да чаго ж несвядомыя ў нас людзі, як малыя!
Мусіць, з-за гэтай гаворкі, Ганна не адразу заўважыла, калі ўвайшоў Васіль. Яна ўбачыла яго тады, як ён ужо стаў непадалёк са сваёй Маняю, шукаючы на падлозе вольнага i зручнага месца. Ён Ганну тады яшчэ не бачыў. Але Васіль, здаецца, пачуў на сабе яе позірк, няцямна азірнуўся. На момант ix вочы сустрэліся, i гэты момант так многа сказаў Ганне. Тое, што яна адкрыла, не ўсцешыла: Васіль адразу занепакоіўся нядобра, хутчэй адвярнуўся. У гэты час асабліва чулая, яна зразумела ўсё: "Не хоча i глядзець… Перадумаў… Кончано!.." У грудзях яе стала раптам тужліва, пуста.
"Перадумаў. Ну i няхай — перадумаў", — паспрабавала супакоіць сябе яна. Канешне, павінен быў перадумаць: жонка ў яго, i малое… І сама яна, Ганна, хіба ж вольная?.. Яна ўхваліла як бы з палёгкай: "І добра, што так… Не вярэдзіць душу абы-чаго…"
Але туга не адыходзіла. Ганна чула, разумела: яшчэ адна ўцеха, надзея яе, прапала. Умомант раптам не стала таго, чым цешылася, аб чым днямі i начамі трызніла-марыла, да чаго рвалася душою… З гэтым так цяжка было згадзіцца, што яна ўхайілася зноў за мару сваю, не паверыла таму, што так добра ўбачыла: "Не, не перадумаў. Ето так здалося толькі… Ето ён толькі перад людзьмі так… Кеб не плялі лішняго…"
Туга, трывога ўсё ж не ападалі. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў! Ёй зрабілася так прыкра, быццам яна знарок сама сябе ашукала: "Нагіляла, настроіла сабе бог ведае чаго, дурніца!.. Сама напляла i сама паверыла!.."
Яна зноў адчула сябе адзінокай, чужой сярод чужых. Нявесела было цяпер слухаць бесклапотны, са смехам гоман людзей, падумала горка: "Трэба було перціся сюды! Сядзела б лепей дома!.."
З гэтым настроем яна амаль не слухала, што казаў Міканор, які выйшаў к стану. Знайшоў калі ўгаворваць, каб уступапі ў калгас; самы час людзям думаць пра гэта. Нарэшце пачуў, што попусту гаворка, перастаў лезці ў душу людзям. Абыякава глядзела, як пад усхваляваныя воклічы дзяцей i покрыкі дарослых, якія загадвалі сціхнуць, на палатне заварушыўся, нібы ўладжваючыся ямчэй, белы квадрат. Ён то лез на столь, то апаўзаў так што на палатне тырчалі нечыя неслухмяныя віхры чарнелі шапкі, нават галовы. Гэтыя абрысы весялілі таго-сяго, асабліва малых, якія адзін за адным сталі высоўваць рукі, паказваць чорцікаў, дулі. Яны ўраз апалі, калi Андрэй Руды ад апарата пагразіўся:
— Штоб селі ўмент! А не — дак выганю ўсіх!
Белы квадрат пакоўзаўся, пакоўзаўся, супакоіўся, стаў.
Амаль адразу, калі святло ў хаце пагасла, белае акно на сцяне паявілася зноў, ужо ярчэйшае, — i ў цікаўнай цішыні, ззаду, ад дзвярэй, пачулася стракатанне. У белым акне задрыжалі, заскакалі, як бы ў полечцы, нейкія плямы, пісягі, нібы жывыя, выскачылі літары.
— Абрэк Заўр… — прачытаў уголас Сцяпан.
Яна не зразу мела нічога з гэтых слоў, ды i не дабівалася зразумець. Праз бяду сваю Ганна без якоганебудзь захаплення — зусім інакш, як усе, што аж анямелі, зачараваныя, — глядзела на дзівы, што паяўляліся, мяняліся i мяняліся ў белым дрыготкім акне. То лезла крыва, потырч зямля з камянямі, гipa якую Сцяпан казаў — горы, то ляпіліся адна на адной дзіўныя хаты без стрэх, то імчаў на чорным жарабцы адчайны чорны чалавек у вялікай кучомцы. Ён так грозна ляцеў са сцяны, што наперадзе нехта закрычаў ад страху. Ды i Ганне было не вельмі добра: усё здавалася — выскачыць са сцяны, з акна, паляціць на жарабцы па людскіх плячах ды галовах…
Непрыкметна, спакваля туга ціхла, але зусім не забывал ася: усё ж бачыла ўжо наперадзе няхай дзіўнага, але чалавека, жывога нібы i знаёмага. І чым больш уведвала пра яго, тым больш цікавіў ён, больш спачувала яму. Цікавасць i трывога аб ім дзіўна спляталіся з тугой аб сваёй бядзе, з тугой гipa нейкае нязнанае i заваблівае жыццё ў нязнаных, дзівосных кутках, куды, каб магла, паляцела б з радасцю, ад бяды, ад няпраўды, ад няўдачы сваёй…
З гэтым неспакоем сядзела яна i калі акно наперадзе зноў чыста забялела i заналілася ў хаце святло. Маратуга паляцець, уцячы кудысьці яшчэ пабольшала, запаліла, калі згадала Васілёў позірк, зноў вярнулася душою да таго, што з гэтага позірку зразумела. Яна, аднак, пастаралася адагнаць тугу сваю, стала прыглядацца, прыслухоўвацца да таго, што дзеелася вакол. Было відаць, багата хто быў як бы аглушаны бачаным, не мог ачомацца.
— Ядры яго маць! — выказаў захапленне Зайчык. — Зямля ў небо лезе!
— Які чорны, такі й праворны! — заявіла Сарока. — Цыган чысто!
— Салому са стрэх — нібыто — скармілі! Hi адной страхі!
Андрэй Руды папракнуў за цемнату людскую:
— Каўказ! Следавацельно, i горы. І каўказцы чорныя! І хаты такія! Сакля называецца. Аб етым неаднакратно пісаў Міхаіл Юревіч Лермантаў…
— Горы — нябось — не меншыя, як у Юравічах…
— Параўняў — та-скаць! Вераб’я з бугаём! На дзесяць вярстоў угару прэцца! Хрыбет!
— На дзесяць! Брашы!.. Як усе адно мераў хто!..
— Навукай даказано!
— От адчаянны, дзеткі, еты, што на кані! — зноў уплёў з захапленнем Зайчык.
— Адчаянны! І конік — нічого!.. Мне б такого!
— Умент бы ў Юравічы заскочыў!
— Дак ето — усё? — не то здзівілася, не то проста запыталася Грыбчыха. — Ці шчэ што пакажуць?
— Шчэ будзе! — супакоіў Сцяпан. — Самае цікавае!
Людзям была ахвота паглядзець гэтае цікавае, але той, што паказваў кіно, усё нешта стукаў у сенцах жалезнымі банкамі, мудрагеліў каля машыны. Ледзь дачакаліся, калі патухне зноў святло i задрыжыць-затрасецца белае акно на сцяне. І тут неспадзеўкі ўразіў яшчэ адзін цуд: горы раптам перавярнуліся, звіслі ca столі верхам уніз, неба i воблакі задрыжалі пад імі. І конь, як муха па столі, пабег дагары нагамі, i не чалавек ехаў на ім, а ён на чалавеку, на чорнай кашлатай шапцы. Ганна, як i ўсе людзі, была так здзіўлена тым, што бачыла дасюль, што i гэта ўзяла за дзіва, якое толькі не ведала, як разумець…
Дзеці ж адразу аж завішчалі ад радасці. Віск-смех ix стаў перадавацца дарослым, з якіх той-сёй, як i Ганна, стараўся яшчэ разабрацца, што ж дзеецца на сцяне, — смех, рогат усё дружнеў, дужэў. Неўзабаве ўся хата трэслася ад рогату, у якім на час зусім забылася адважная постаць чорнага конніка. Людзям было нават шкода, калі гэтае вясёлае відовішча на палатне раптам прапала, i вясёлы кіношнік, сам вельмі рады, што пацешыў людзей, стаў зноў корпацца каля машыны. Неўзабаве тыя ж горы i таго ж конніка ўсе ўбачылі як трэба — ён ехаў на кані, камяністай крывой дарогаю. Гэта было ўжо нібы не так цікава, але хутка гісторыя загадкавага каўказца зноў захапіла ўсіх…
У гэту ноч, засынаючы, Ганна бачыла то хаты, што ляпіліся адна на адну, то чорнага чалавека, які ляцеў на кані, цэліўся са стрэльбы, зноў i зноў бачыла Васіля, як стаяў з Маняю, як адвярнуўся ад яе, ад Ганны. Дзіўныя відовішчы кіно i тужлівай рэальнасці снляталіся, блыталіся: на момант убачыла сябе на кані ляціць, ляціць, аж дух займае. Легка, добра-добра шчаслівая, туліцца да адважнага чорнага конніка. Не, не да яго, да Васіля. Ляцяць, ляцяць удваіх з Васілём. Васіль, мілы мой!..
І тут жа абудзілася. Ледзь даўмела, дзе ляжыць, у памяць зноў унізалася: як убачыла Васіля, як ён адвярнуўся, i Ганна ледзь не застагнала. Каб адагнаць тугу, крыўду, боль, стала знарок згадваць тое, што бачыла ў кіно. Але i тут спакою не было. Душа балела па адважным конніку, марыла аб нейкіх адважных учынках, аб прасторы, аб волі. Паляцела б, не паглядзела б ні на што, — каб было з кім… Цудоўныя відовішчы, якія яшчэ жылі ў ёй, звалі, вялі яе ў свет цудаў. Але ўтрымаць у гэтым свеце не маглі доўга: зноў i зноў у мары яе ўрывалася згадка пра Васіля. Самая дарагая надзея гразілася цяпер самай горкай стратай…