Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

М а к с і м Г р э к. Было каму, а падставы знайшліся.

С к а р ы н а. Хоць колькі слоў, Максім! Я так мала пра цябе ведаю. А чуткі такія супярэчлівыя... Колькі разоў меў памкненні знайсці цябе, ды бясконцыя войны Масквы з Вялікім княствам перашкаджалі. Толькі цяпер з перамірнымі гарантыямі ды падарожным лістом канцлера Гаштольда рызыкнуў па дарозе ў Маскву збочыць да Валакаламскага манастыра.

М а к с і м Г р э к. А мая рызыка ўсяго майго лёсу каштавала. Тут так і кажуць: загінуў Максім - і Бог з ім... У хуткім часе пасля нашага развітання ў Венецыі звярнуўся ў Ватапедскі манастыр на Афон-гары вялікі князь маскоўскі Васілій Інанавіч з просьбаю прыслаць у Маскву часова старца Саву, перакладчыка. З прычыны старасці Савы брація рашыла адправіць мяне як знаўцу многіх моў,

а таксама царкоўнай і філасофскай літаратуры. К таму часу я сапраўды быў на «ты» з багаццямі Вататапедскай бібліятэкі. А падарожжа ў такую загадкавую краіну, як Русь, вабіла незвычайна. У Маскве я быў прыняты вялікім князем і мітрапалітам з гонарам. Першай працай маёй быў пераклад Псалтыры, які заслужыў урачыстага адабрэння духоўнікаў і «сугубую мзду» князеву. Але дамоў па сканчэнні нягледзячы на мае настойлівыя просьбы адпусцілі толькі маіх спадарожнікаў з Афона. Я ж працягваў працу над перакладамі, зрабіў вопіс кніг надзвычай багатай велікакняскай бібліятэкі, выпраўляў, па даручэнні князя, богаслужэбныя кнігі - Трыодзь, Часасловец, святочную Мінею, Апостал. Прыгледзеўся тым часам да велікакняскага двара, асоб духоўных і маскоўскага быту і ўбачыў бязладдзе, што супярэчыла хрысціянскаму ідэалу. Не па маёй аскетычнай душы былі грубае распуства, ліхаімства, глыбокае невуцтва, забабоны... З Васіянам Касым і Берсенем Беклемішавым выкрывалі ўсё гэта бязлітасна і наклікалі гнеў мітрапаліта Данііла. Прыязныя ж сувязі з турэцкім паслом Скіндзерам, які,

відаць, быў ворагам Русі і хрысціянства, а таксама маё рэзкае неадабрэнне намеру вялікага князя парваць шлюб з жонкаю, канчаткова вырашылі мой лёс. У красавіку 1525 года, калі доктар Скарына ў Вільні ўзводзіў першы верставы слуп культуры і

асветы свайго народа, друкуючы Апостала - першую кнігу на сваёй зямлі,- у Маскве ў красавіку-травені таго ж года Сабор судзіць Максіма Грэка.

С к а р ы н а. Пра гэта да нас даходзілі чуткі.

М а к с і м Г р э к. Вінаватасць мая выводзілася з кніжных выпраўленняў, маёй выкрывальніцкай літаратурнай дзейнасці, маіх кананічных і дагматычных меркаванняў. Думкі ж мае адносна заганнасці славянскіх перакладаў богаслужэбных кніг былі прызнаны «елінскай герассю». І вось я шосты год ужо ў цямніцы Валакаламскага манастыра «обрацения ради н покояния и исправления» са строгай забаронай «сочинять и с кем-либо переписываться» Толькі таму ты і не атрымаў ад мяне горкай весткі, хоць я і ведаў, што ты ў Вільні.

С к а р ы н а. І ты змірыўся?! Прыняў свой лёс?!. Трэба ж змагацца! Скардзіцца! Біцца! Пісаць! Пратэставаць! Даваць здачы, не падстаўляць другую шчаку, калі цябе спляжылі па адной...

М а к с і м Г р э к. Цёмныя абрысы майго часу, Францыск. Свет жа маёй ісціны для вачэй, зацемненых невуцтвам, аказаўся вельмі рэзкім.

С к а р ы н а. Ты і сам аслеп ад цемры. Хіба не бачыш, што мяняюцца часы. Цемра не вытрымлівае промняў адраджэння чалавечнасці, культуры, асветы!

М а к с і м Г р э к. Вытрымлівае, і яшчэ як вытрымлівае... Усе скаргі мае і пратэсты трапляюць да мітрапаліта, а той адпісвае, што «узы твоя целуемъ, яко единого отъ святыхъ, пособити же тебе не можемъ». Згубіў надзею на выратаванне і сустрэчу з Радзімаю. Пацвердзіліся словы, што на Маскве гінуць за адзіную літару «аз». І мяне адсюль не выпусцяць хоць бы з тае прычыны, каб не раскрыў я перад праваслаўным светам невуцтва і забабоннасць цемнаты і маскоўскага духавенства

і велікакняскага двара. А за цябе я рад, што працівішся пакуль злу.

С к а р ы н а. Пры ўсім пры гэтым я не здраджваю свайму дэвізу: рабі іншым так, як ты хацеў, каб іншыя рабілі табе.

М а к с і м Г р э к. Рабі, дружа, як хочаш і як ведаеш, толькі не папракай Максіма Грэка. Чысціня намераў маіх не заплямлена. А тое, што аднялі волю... (Надоўга замаўкае.)

С к а р ы н а. Хіба мне папракаць цябе...

М а к с і м Г р э к. І не шкадуй. Раскажы лепш, што задумаў, з чым едзеш у гэты непрадказальны край.

С к а р ы н а. Дрэнь справы друкарскія ў родным краі, дружа Максіме. Кнігі мае пражскія нядобразычліўцы адносяць да лютэранскіх. Пераклады Святога Пісання на родную мову лічаць ерэтычнымі. А нядаўнія папскія эдыкты і наогул забараняюць друкаваць на якой бы то ні было мове, акрамя лаціны. Каралева Бона бачыць наша Вялікае княства паланізаваным і акаталічаным - якая тут ужо свая мова? Кароль Жыгімонт, праўда, глядзіць на рэчы больш цвяроза і ў такі поспех каралевы не верыць, хоць канцлера свайго Гаштольда ўсяляк стрымлівае ад друкавання кніг у княстве на роднай людзям мове. Сын караля, епіскап Вільні Ян, у якога я служу пісарам і лекарам, толькі і хацеў бы, каб я нічым іншым не займаўся. А я хачу

рабіць кнігі! Я ведаю іх вартасць для людзей!

М а к с і м Г р э к. І з гэтым ты едзеш у Маскву...

С к а р ы н а. З гэтым, Максім! З гэтым... Стагоддзямі ліецца кроў на межах народаў-суседзяў. Асвета, духоўнасць, узвышэнне, роўнасць перад адзіным Богам - толькі яны могуць спыніць братазабойствы, з'яднаць народы супраць татарскай,

турэцкай, нямецкай навалы, ад якой могуць загінуць і тыя і другія. Канцлер Гаштольд шукае саюзнікаў на захадзе. Кароль Жыгімонт імкнецца прыбраць да рук Белую Русь. Малая Русь яднаецца супраць Русі Вялікай.

М а к с і м Г р э к. Алелькавічы і паслалі цябе да маскавіцян?..

С к а р ы н а. Некалі яны фундавалі мае пражскія выданні. Сёння я бедны і голы, як царкоўная мыш. І ўсе мае спадзевы на Алелькавічаў.

М а к с і м Г р э к. Мне падабаецца ваша прымаўка: на спадзевах яешню не спражыш.

С к а р ы н а. Ёсць і яшчэ адна магчымасць. Князі Шамячыч і Старадубскі павінны былі майму другу і фундатару купцу Багдану Онкаву 900 коп шырокіх грошаў.

М а к с і м Г р э к. Ці не той самы Шамячыч, якога не так даўно загубіў вялікі князь з дапамогай мітрапаліта Данііла?..

С к а р ы н а. Той самы. І доўг яго Онкаву перайшоў на самога вялікага князя.

М а к с і м Г р э к. І ты задумаў спагнаць гэты доўг.

С к а р ы н а. Менавіта так. І кароль Жыгімонт на нашым баку.

М а к с і м Г р э к. Пара б табе, доктар, калі не памудрэць, то хоць бы пасталець.

С к а р ы н а. У крайнім выпадку мы пагодзімся дараваць доўг вялікаму князю, калі ён пагодзіцца на адкрыццё ў Маскве друкарні, у якой бы я мог рабіць кнігі як на патрэбу княскага двара і рускай праваслаўнай царквы, так і на вываз у свой беларускі край.

М а к с і м Г р э к. З паршывай авечкі хоць воўны касмыль.

С к а р ы н а. Хоць бы сабе і так...

М а к с і м Г р э к. Шчаслівы той, хто веруе. Толькі вера - гэта адно, а веда - другое. І раней, чым на Маскву ехаць, тое-сёе трэба было б пра яе норавы ведаць. А норавы тут трохі іншыя, чым, скажам, у Венецыі ці Празе, у Кракаве ці Вільні.

Поделиться с друзьями: