Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

быў прыняты панамі-радай.

Б о н а (здзекліва). І ваша міласць пра гэта будзе зноў пісаць Радзівілам на мове дзікуноў, што жывуць за Нёманам...

Ж ы г і м о н т. Можна падумаць, што ваша вялікасць піша Радзівілам па-італьянску, якой яны, між іншым, цудоўна валодаюць. А то навошта б вам трымаць пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую... А ў дзікуноў, як пераканалася мая каралева, хапіла спрыту і розуму, каб стварыць законы, якіх яшчэ не ведаў свет. І, відаць, таму, што за Нёманам дзяржава ад мора і да мора. І хто б пісаў тым Радзівілам, каб не было Алелькавічаў і іншых, што спяць і бачаць Белую Русь уз'яднанай з Руссю Маскоўскаю.

Б о н а. Між іншым, Польшча...

Ж ы г і м о н т (перапыняе). Польшча нішто без Вялікага княства! Нішто!..

Б о н а. Санта Мадонна! Але і Вялікае княства без Польшчы...

Ж ы г і м о н т (перапыняе). А гэта яшчэ як сказаць...

Б о н а (занепакоена). Вы наважыліся пагадзіцца з прыняццем гэтых законаў?!.

Ж ы г і м о н т. Прымаць законы - яшчэ не азначае выконваць іх. Пісаць на мове Радзівілаў і Алелькавічаў - яшчэ не азначае паважаць іх мову і іх саміх. Абяцаць Гаштольду - яшчэ не азначае выконваць абяцанкі...

Б о н а ( з падвохам ). А як жа з сяброўствам?..

Ж ы г і м о н т. Такі падслухоўвалі?!.

Б о н а. Можна падумаць, што вы на гэта не разлічвалі...

Ж ы г і м о н т. Бо хацеў, каб яснавяльможная ведала, што кароль не толькі сабе знайшоў сябра, але і саюзніка каралеўству, пра якое каралеве варта было б думаць больш, чым пра свае амбіцыі.

Б о н а. Канцлер абвядзе нас вакол пальца, як рабіў гэта ўжо не раз!..

Ж ы г і м о н т. Канцлер Гаштольд непакоіцца за Вялікае княства, як і я непакоюся за Каралеўства Польскае. І мы, калі бывае трэба, водзім адзін аднаго не толькі вакол пальца, але і за нос. Тым не менш я давяраю Гаштольду, бо менавіта ён, Гаштольд, шукае збліжэння з Аўстрыяй і з Прусіяй, а не з Масковіяй. І не хто іншы, як ён, Гаштольд, у свой час схіліў вялікі сейм, каб той яшчэ пры маім жыцці зрабіў нашага сына Аўгуста маім пераемнікам. Такога яшчэ не ведаў свет!

Б о н а. Баста! Баста! Гэта я зрабіла Аўгуста наследнікам караля!

Ж ы г і м о н т (пасля паўзы, не слухаючы). Пад рукой Гаштольда дзяржава, паны-рада, вальнадумная шляхта. Іх пальцы на маёй шыі! І пра гэта яснавяльможная каралева таксама чула! І рана ці позна яны не толькі прымуць, але і надрукуюць свае законы. Лепш было б зрабіць гэта з нашае волі, з нашае ласкі і нашага блаславення.

Б о н а (катэгарычна). Ніколі! Ці пасля маёй смерці! Баста!

Ж ы г і м о н т. Кароль ці нават каралева могуць памерці. А каралеўства павінна жыць! Польшча павінна жыць! І яна будзе жыць. І добра, каб у міры і згодзе з Вялікім княствам...

Б о н а. І з Масковіяй...

Ж ы г і м о н т. І з Масковіяй, і з Турцыяй, і з Аўстрыяй, і з Венгрыяй, і з Чэхіяй, і з Прусіяй, і з імператарам Вялікай Рымскай імперыі. Інакш - пагібель! Каралеўская казна пустая, войска непаслухмянае, у дзяржаве разарэнне і мор, якіх яшчэ не было. І вам, яснавяльможная, варта было б памаліцца на Вялікае княства, якое стаіць заслонаю і ад маскавітаў, і ад татараў, і ад турак. І карона не зваліцца, калі каралева хоць для прыліку схіліць галаву перад тымі ж Радзівіламі, Гаштольдамі, Сапегамі ці Алелькавічамі. Дзякуй табе, Божа, што

яны яшчэ не адмаўляюць Ягелонам у сваёй дружбе і падтрымцы.

Б о н а. Але якой цаной вы купляеце іх дружбу?!.

Ж ы г і м о н т. Калі ўсё цаніць на грошы, можна чорту душу прадаць...

Б о н а (паднімае ўверх рукі). О Санта Мадонна!О Польшча?! O Rzeczpospolita?!

Ж ы г і м о н т. Не трэба заломваць рукі. Трэба раз і назаўсёды засвоіць, што ў Польшчы, не кажучы пра Вялікае княства, не прынята, каб камандавала жанчына.

Б о н а. А калі жанчына - каралева?..

Ж ы г і м о н т. Тым больш. Тут нават караля выбіраюць, які не заўсёды па сваёй волі выбірае каралеву... Усё! Баста!

Б о н а. Санта Мадонна...

Сцэна зацямняецца.

Д З Е Я Д Р У Г А Я

ІV

Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.

В а р т а ў н і к. Лічы, братачка, што табе пашанцавала: мальцы гатовы, Анэлька згодная, другога каня купіў, хоць і не такога, як канакрады звялі, але ехаць можна. (Вымае з-за пазухі свечку, запалкі, бутэлечку чарніла, гусінае пяро і аркуш паперы.) У самога пракурора пазычыў. Хацеў падзякаваць, ды пабаяўся, каб не дагналі. Напішы ім на памяць, каб шукалі ветру ў полі. А да раніцы наш і след прастыне.

С к а р ы н а. Рызыкоўны ты мужык, як я бачу!!.

В а р т а ў н і к. У нас у Полацку амаль усе такія: за дружбу - што ў вір, што ў балота!.. А Анэлька дык мяне яшчэ і разумным лічыць. А ёй пожна верыць, як мне!

С к а р ы н а. Тады канешне... А мальцам тваім - колькі?

В а р т а ў н і к. Што - колькі?..

С к а р ы н а. Гадоў колькі?..

В а р т а ў н і к. Семнаццаць.

С к а р ы н а. На двух?

В а р т а ў н і к. Чаму на двух? Кожнаму па семнаццаць. Мне Анэлька адразу двойнечку прэзентавала. А пастараешся, кажа, то мне і трох не цяжка. У Познані, маўляў, на гэта кожная здатная. Я табе, братачка, шчыра, па-зямляцку скажу, калі яшчэ не жанаты, то лепей жонкі за польку не знойдзеш. Без мух бабы! І калі ты да яе з ласкаю, то яна за табою...

С к а р ы н а (перапыняе). І ўсё ж уцякаць з Познані не будзем...

В а р т а ў н і к (разгублена). А што ж мы тады будзем?..

С к а р ы н а. «Насилию силою отпрение!»

В а р т а ў н і к (не разумее). Ты мне прасцей як-небудзь...

С к а р ы н а. За насілле адлуп дадзім. Змагацца будзем, каб перамагчы і Познань пакінуць паважанымі людзьмі, а не беглымі даўжнікамі.

В а р т а ў н і к. Ды разлічыўся я з усімі сваімі даўгамі!

Поделиться с друзьями: