Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ралля суровая

Мацяш Ніна

Шрифт:
БАЛАДА МАРЫ Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, — Ажно шчыміць і замірае сэрца Ва ўзбуджана-шчаслівай паняверцы Раскошу гэту бачыць блізка так. І рукі узлятаюць да яе, І пальцы чуюць трапятлівасць цела Але, зіхоткая, амаль нясмела Ірвецца птушка прэч і растае... Асірацела гойдаецца трон — Вечназялёны куст, што цуд той гушка Была такой вясёлкаваю птушка — Скуль на далоні чорнае пяро?
БАЛАДА ПАМЯЦІ Цвіла пяшчотным лёнам неба сінь. Жаданая, чаканая, уладная, Ішла — не ў госці йшла, а назусім Да чалавека Радасць Безаглядная. Ёй бачылася ўжо, як шумна ў дом Увойдзе гаспадыняй раным-раненька. ...Сурова заступіў дарогу дот, Аброслы мёртвым зеллем і крываўнікам.
ЧЭРВЕНЬСКАЯ БАЛАДА 1941 ГОДА ДНЯ 25-га

Памяці Юрыя Папова, дваццацігадовага стралка-радыста, камсорга 130 СБАП; памяці ўсіх лётчыкаў памянёнага палка, паўшых на Бярозаўшчыне ў першыя дні Вялікай Айчыннай.

Сівелі азёры з бяды і адчаю, Чарнелі ад гора крывавага дня. Крычала ў бяспамяцці, білася чайка: У небе гарэла яе чаяня... Пра што ён думаў у баі няроўным? Душыла хіжа свастыка зямлю, Расхлістаную, да пакуты родную... Пра што ён думаў у баі няроўным? Фашысцкія знішчальнікі, як восы, Па двое наляталі на яго. О неба, неба, стань ты смертаносным Для подлага захопніка твайго! І помстай адзываліся нябёсы За руйнаваны беларускі дом — Палалі танкі на шашы між сосен, З-пад ног чужынца вырываўся дол. Даруй, матуля! Некалі было Цябе згадаць бязвусаму салдату: Радзіму б засланіць сваім крылом!.. Падлічваць Перамога будзе страты... Сівелі азёры з бяды і адчаю, Чарнелі ад гора крывавага дня... ...Віецца з журбой непазбыўнаю чайка: У небе згарэла яе чаяня...
ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ Гарэзяць на падворку дзеці. Курыць туманам нізкім пожня. Усё звычайна ў гэтым свеце: І першы ўсхліп, і ўздых апошні — Як дым над комінам вясковым, Як тонкі месяца акрайчык. Спакон вякоў было такое: Смяюцца людзі, людзі плачуць. Ступае на каціных лапках Ноч зорна-жнівеньскае масці. Чаму ж ад кволай думкі зябка— Што згэтуль знічкай мне прапасці? Усё звычайна ў гэтым свеце, І першы ўсхліп, і ўздых апошні— Былі каб толькі вечна дзеці, І дым над комінам, і пожня! Ды як набыць бясстрашной сілы Без горычы, без наракання Сысці ў нябыт, а што любіла — Пакіыуць тут усё дазвання, Калі й надзеінка не свеціць, Што ўпэўніцца зноў будзе можна: Усё звычайна ў гэтым свеце— І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..
КРЫНІЦА У АРЭШНІКУ Ты з якога стагоддзя прабіўся, струмень? Так утульна з табой у гушчэзным арэшніку. Што аддаў ты зямлі, каб прыдбаць узамен Гэту сілу і гэту крышталёвасць бязгрэшную? Што ты хочаш паведаць, такі гаваркі, Моршчыш лоб, нібы сілішся ўспомніць штось важнае, Што? ...Раптоўна нямею, уражаная: Крутануў вір каменне. Лёгка. Быццам вякі.
ШЫПШЫНА Гляджу на куст шыпшынавы з тугою: Не ўбераглі яе калючкі цвету. Дзеля чаго ж яны тады на голлі? Маўчыць маё дасведчанае лета. Ажно да ўзлесся з сонечнай палянай Усеўладарна падступіла жыта. Нямала і ў мяне галін зламана Чужым і ўласным хапатлівым бытам... Спакой — не здзьмуць апоўдню й парушыны З ліста, ён і не сіліцца дарэмна. Я знаю: быць шыпшынаю шыпшыне, Пакуль зямлі трымаецца карэннем. І ўсё ж на куст гляджу, гляджу з тугою— Не ўбераглі яго калючкі цвету. Дзеля чаго яны тады на голлі? Маўчыць маё дасведчанае лета.
ВАСІЛЬКІ Як рана васількі завасільковелі, Ці гэта я спазняюся? Няўжо Мінулася вясна? Адна аскоміна Перапарэлых, выгарклых дажджоў... Спазняюся. Ва ўсім... І рассыпаюцца, І выпадаюць звёны спакваля, Як поры года з пачуццёвай памяці, Памкненняў, дружбы звёны... А ў палях Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені. Не знае глеба ленасці душы. Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне, Як вокліч лета, васілёк дрыжыць.
ЯЛІНА Не пытаю, яліна, чаму З боку поўдня пышней тваё голле: Неаднойчы і нада мной Сцюжа люта скуголіла. І зусім не пытаю, чаму Ты ніколі у поле не выйшла: Без сябрыны побач і я Не выжыла б.
ДЗЕНЬ ПЕРШАЙ СУСТРЭЧЫ Цік-такае гадзіннік. Беспаваротна падаюць секунды І несціхана ўсё глыбей, глыбей Дзень нашай першай стрэчы Засыпаюць. Гара секунд — Напластаванне друзу Быцця майго зямнога... Ды часам Дзень сустрэчы першай нашай Устрапянецца, павядзе крыламі, Дзівосны, несмяротны, быццам Фенікс, Устане з тлену часу І ўзіраецца Дапытліва, трывожна, недаўменна: Што сталася нядобрае са светам? Што ў ім увогуле не так, як трэба? Чаму Цяпер забараняць я мушу Уласнай песні, каб яна не смела Гучаць найлепшай нотай — Тваім імем?
ЧЭРВЕНЬСКІ ВЕЦЕР У зялёным плашчы наросхрыст Па гаях вецер чэрвеньскі ходзіць. Толькі блізкіх збліжае ростань. Толькі з блізкімі час у згодзе. Ох, які ты вымаклы, вецер! Травы ў пояс табе, разутаму... То дажджынка з ліста, ці з сэрца Ападае пяшчотны смутак?
* * * Не сніся мне. Навошта снішся мне? Усё між намі выяснена, вырашана, І пра ўгавор наш помню я і ў сне. Не сніся мне. А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч. Цябе маёй пяшчотай не абражу я. Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч. Не бойся стрэч. Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне. І я ў адказ — спакойна і нязмушана. Пра угавор наш помню я і ў сне... Не сніся мне.
ЛЯ ВОЗЕРА Зялёны бераг. І вада — зялёная. І вочы — як трава і як вада. ...Чаму вы, хвалі, хоць імкнеце ўдаль. Аднак усюды — берагоў палонныя? Дзе б ні стаяў над возерам, нязменна вы То гнеўныя, то ціхія — да ног... Зялёная вада. Пяску клінок. І вочы — зелянкавыя, праменныя.
* * * Калі яшчэ ён, новы ранак? — Дзень толькі-толькі што сышоў. На ўсходзе ж воблакам агняным Прадвесце сонца, не дажджоў.
У САДЗЕ Быццам не змяркае, не паўзмрок, А лістота ў садзе пагусцела. «Ты несправядлівая! — папрок, Як удар прыцэльны. — Жорстка ад слабых патрабаваць, Што пад сілу ўпэўненым і дужым». Патыхнула пыльная трава Заляжалым плюшам... Стрыманы, кароткі ветру ўздых Цішыню напятую парушыў, — І раптоўна дрэвы і кусты Калыхнуліся да дзвюх ігрушын, ПрыўзнялІся, каб хоць трохі стаць Вышай каля іх, высокіх самых: Там, на іх разгорнутых лістах Сонца вечаровае пісала.
Поделиться с друзьями: