Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
Адылi гарэньне скончылася i змора адкiдала яе ў сон. Валя ня спала ўжо дзьве начы, арышт i допыт змучылi яе. Але недзе было легчы. Ложак з матрацам быў уцiснуты ў сьцяну i не адкладваўся. Валя легла на падлозе, паклаўшы пад бок свой плашчык - так ёй захацелася спаць! Турэмнiк зiрнуўшы праз "ваўчок":
– Удзень нельга спаць. Забараняецца.
Камоцкая паднялася з падлогi, устрывожаная, спалоханая й разьбiтая. Турэмная варта зьмянiлася. Адчынiлiся дзьверы - гэта быў час iсьцi ў прыбiральню. Там папалася ёй на вочы кiнутая скамечанай палавiнка беларускай газэты. Валя схавала яе пад свiтар i прынесла ў камэру. Мiж iншага, яна натрапiла ў ёй на артыкул "Нацдэмы - замежная агентура". З яго яна даведалася аб арыштах нацдэмаў у партыi, у дзяржаўных органах i ў грамадскiх установах. Прозьвiшчаў не падавалася. Гаварылася толькi, што нацдэмы зьвiлi сабе гняздо ня толькi ў культурных установах, але што яны мелi намер перакiнуцца i ў армiю. Валя чула пра "нацдэмаў" ня ўпяршыню, але дакладнага ўяўленьня аб iх ня мела. Сяды-тады выкладчыкi лаялi нацдэмаў, нават на занятках у iнстытуце, але ў чым iх галоўны грэх, дакладна не гаварылася. Як-бы там нi было, а гэтая навiна моцна яе ўзрушыла, сказаць-бы, нават абрадвала. Значыць, весялей! Асаблiва суцяшаў яе той факт, што артыкул не прамiнуў i настаўнiкаў: сярод iх былi нацдэмы таксама. Як нi як, i яна залiчае сябе да настаўнiцтва, ня гледзячы на тое, што працавала ў школе толькi адзiн год.
За ўвесь дзень яна выпiла толькi кубак гарбаты. Цясьцяны хлеб ляжаў на стале някранутым. Зупы, якую давалi на абед, яна не ўзяла - не магла сьцерпiць смуроднай рыбы ў ёй. Глядзеўшы ў высокае маленькае вакно, з якога да самай падлогi разорамi сьцякала вiльгаць, Валя магла бачыць толькi кавалачак неба, хоць яно было загароджана вялiкiм, чорным комiнам, што ўзьнiмаўся тут-жа адразу, ад вакна. За дзень яна перадумала столькi, што страцiла адчуваньне часу - ёй здавалася, што яна тут ужо цэлыя гады. Камоцкая вырашыла ня пiсаць бацьком. Яна не магла нават уявiць, як можна было напiсаць бацьком, што яна арыштаваная i сядзiць у турме. Камоцкая баялася, што мацi такой навiны не перажыве. Думаючы, Камоцкая забывалася пра сябе. Ходзячы па камэры, яна не ўсьведамляла сябе. Калi думала пра Рамана, дык бачыла сябе разам з iм нейкай iншай, iдэальнай, не такой, як у рэальнасьцi. Гэтае вiдзеньне сябе i Рамана ў жадана прывабнай пэрспэктыве давала Камоцкай насалоду, падтрымку й забыцьцё. Сваё першае быцьцё на стаянцы Валя перажывала зноў, з вялiкай жарсьцяй i самазабыцьцём. Ейная ўява малявала тую першую ноч у такiх фарбах i колерах, што яна паўставала перад ёй больш выразнай, чым сама рэальнасьць i даводзiла Камоцкую да экстазу. Адразу, як толькi яны апынулiся ў шалашы, Раман урачыстым тонам заявiў, што ён не адказвае за сябе i за ейную цэласьць. Тады страшныя, цяпер гэтыя словы гучаць у вушох, як дзiвосная музыка. Ягонага папярэджаньня яна баялася, хоць голас, якiм гэта было сказана, быў такiм пяшчотным i такiм прызыўным, што баяцца, здавалася, ня было чаго. I яна захацела выпрабаваць Раманаву станоўкасьць. Садзiлася яму на каленi, абнiмала, прытулялася. Раман вырываўся з ейных абдымкаў i казаў, калi яна ня хоча страцiць дружбы i ня быць паганкай, яна мусiць адыйсьцiся ад яго, або сядзець побач i расказваць яму што-небудзь надзвычайнае. Iнакш - скончыцца прыгожая казка, засаромяцца зоры i патухнуць! Бо сьвецяць яны, пакуль мы сьвецiмся, гараць, пакуль мы гарым. Ня тушы, Валя, зораў - некуды будзе йсьцi ў пацёмку! Глядзi, i праз нашую страху яны глядзяць! На нас! Яны прывялi нас сюды. Хай-жа праводзяць i адсюль! Ня губi казкi! Мы мусiм спраўдзiць, што мы вышэй за сябе. Чалавек заўсёды мусiць быць вышэй за сябе, iнакш - ён не чалавек. Зразумей, Валя, гэта было-б так звычайна для нас зараз легчы. Не сядзець, а легчы. Так-бы ўсе зрабiлi на нашым месцы. А ўся прыгажосьць якраз у тым, каб ня быць такiмi, як усе. Ты разумееш, Валечка? Цi сьвяцiлi-б нам зоры пасьля таго, калi-б мы паднялiся пасьля ляжаньня? Валечка, прыдумай казку, а то i я ня ўтрымаюся! Я раззлавалася i ўпiкнула Рамана, што з Ларысай ты не дэклямаваў-бы i сам прыдумаў-бы казку. Я ўцякла ад яго i стала пад сасной, каб ня легчы. Я хачу таксама стаяць! Я гордая таксама! Не хачу абнiмацца! З шалаша выхапiўся Раман i ўбачыў на маiх вейках зоры, што - я ўпэўненая - пералiвалiся, дрыжэлi, вабiлi. Я сама адчувала, што я была ў той час спакусьлiвай пазямному i прыгожай панябеснаму. I Раман падыйшоў да мяне, узяў i павёў мяне на мох. I над намi сьвяцiлiся зоры, i мы доўга ляжалi, i мы хацелi адзiн аднаго яшчэ болей. Так нарадзiлася яшчэ адна казка. Гэта была наша найвялiкшая казка ў сасновым бары. I мы назвалi яе сваiм, нiкому невядомым iмём - "трошачкi", хоць гэта й было ня "трошачкi".
Адчынiлiся дзьверы. Што гэта я? У камэру ўвайшлi начальнiк турмы i пракурор. Яны рабiлi свой чарговы абход. Пракурор, аглядаючы камэру, кiнуў вокам на хлеб i запытаўся, чаму Камоцкая ня есьць? Такое, нiбыта бацькоўскае пытаньне, прыхiльна наставiла Валю да пракурора. Пракурор, у форме НКВД, быў яшчэ малады чалавек, з дробнымi рысамi ў твары, з маленькай, бруднага колеру бародкай i маленькiмi сьвiнцовымi вачыма. Увесь ён быў падобны на рэвалюцыянэра царскiх часоў, якiх часта даводзiлася Валi бачыць на фатаграфiях i якiх яна лiчыла гуманнымi i вельмi энэргiчнымi людзьмi.
– Паводля якога артыкулу вы абвiнавачваецеся?
– запытаўся ён i падрыхтаваўся запiсваць у маленькi блакноцiк, якi ён трымаў у руках.
– Я ня ведаю, - адказала Камоцкая.
– Як так?
– зьдзiвiўся пракурор.
– Калi вы арыштаваныя?
– Учора.
– Былi на допыце?
– Так.
– Добра... Ваша прозьвiшча? Якiя скаргi, жалобы?
– запытаўся пабеларуску i парасейску пракурор, пры гэтым у беларускiм слове "скаргi" ён вымавiў гук "г" парасейску, цьвёрда.
– Нiякiх. Я хацела-б толькi, каб мяне перавялi ў агульную камэру.
– Гэта залежыць ад вашага сьледчага.
Пракурор i начальнiк турмы выйшлi, а за iмi глуха зачынiлiся абабiтыя зялезам дзьверы. Валя засталася зноў адна, але вярнуцца да сваiх ранейшых думак яна ўжо не магла.
Настала дзесятая гадзiна, ложак аўтаматычна адклаўся i зьняможаная Валя Камоцкая лягла спаць.
14
У манастыры аб арышце Валi Камоцкай даведалiся на наступны-ж дзень. Калi сьцямнела, прыехала НКВД за рэчамi. Забрала ўсе Валiны кнiгi, у тым лiку некалькi тамоў Ленiна, лiсты, фатаздымкi i нават канспэкты. Апiсалi ўсё гэта i зьвярнулiся да жыхарак манастыра з просьбай падпiсаць пратакол, але нiхто з прысутных, - а былi дома якраз усе, - не хацеў падпiсвацца, i толькi, пасьля некаторага ваганьня, згадзiлася прыкласьцi свою руку Роза Шкляр. Нiхто не хацеў, каб ягонае прозьвiшча фiгуравала ў НКВД. Дый самой Камоцкай было шкада, хоць ад таго, падпiшышся ты цi не, лёс Камоцкай, ведама, ня зьменiцца. Дармо, што Камоцкай у манастыры як-бы й ня любiлi, цяпер, калi з ёй такое сталася, кожны шкадаваў яе. Дый ня любiлi яе можа болей за праўду, якую яна гаварыла ў вочы, i за прасталiнейнасьць. Затое ў душы аддавалi ёй належнае за яе станоўкасьць, шчырасьць i адвагу. У асобе Камоцкай нельга было адмовiць чалавека з асаблiвай жыцьцёвай фiлязофiяй i цьвёрдым паглядам на рэчы. Гэтай сваёй якасьцяй яна выклiкала павагу нават у сваiх няпрыхiльнiкаў.
У хаце без Камоцкай стала неяк пуста. Ейны ложак, што стаяў каля сьцяны, здавалася, дакорлiва глядзеў на кажнага i як-бы абвiнавачваў у нечым. Над ложкам на сьцяне вiсеў у рамачках невялiчкi, вельмi стары партрэцiк яе бацькоў, якога людзi з НКВД ня ўгледзелi, або пасаромiлiся зьняць. З яго ўнiз глядзелi вочы пажылых людзей i як быццам шукалi кагосьцi i, не знайшоўшы, смуцiлiся бацькоўскай журбою. Ларыса смуцiлася, Дзiчкоўская маўчала, а Роза Шкляр з Аўсеевай рабiлi розныя здагадкi аб прычыне арышту Камоцкай i спрачалiся мiж сабой. Праўда, з пэўнасьцяй нiхто яшчэ ня мог сказаць, што Камоцкая арыштаваная (Цыпiна на занятках у iнстытуце нiкому не сказала, што Камоцкую павялi з ейнай кватэры). Дзяўчаты здагадалiся аб арышце Камоцкай толькi па тых гасьцёх, што нечакана завiталi да iх. У гасьцей Дзiчкоўская не пабаялася запытацца, што з Валяй i дзе яна зараз знаходзiцца. "Госьцi" нiчога на гэта не адказалi.
– Можа яна ўтапiлася цi што? Дык мы хоць аб гэтым хацелi-б даведацца.
– Тапельцамi мы ня цiкавiмся, - толькi ўсяго i буркнуў адзiн з гасьцей.
Лагоўская страту сяброўкi перажыла неяк адразу, у вадзiн мамэнт, i ўжо займалася сваiмi навукамi. Але агульная засмучонасьць i прыгнечанасьць не праходзiлi. Плян сьвяткаваньня Кастрычнiцкай рэвалюцыi не абмяркоўваўся, адкладваўся на пазьнейшае. Дзяўчаты хацелi запрасiць да сябе на сьвята колькi студэнтаў i павесялiцца. Прадбачалася выпiўка з закусонам. Пiсалiся ўжо iмёны хлапцоў, якiх варта было-б запрасiць, але згоды тут памiж дзяўчатамi ня было: тая хацела аднаго, iншая - другога. Чакалi ўсё Валю Камоцкую, калi яна, нарэшце, прыпляцецца з "блуду" i дапаможа iм вырашыць такое немалаважнае пытаньне, як хлапцоўскае пытаньне. Думалi, што Валя "сядзiць" у Корзюка, але чаму-ж-бы яна тады ня прыходзiла на заняткi? У кожным разе, да прыходу "гасьцей" нiхто ня думаў, што з Валяй сталася нешта сур'ёзнае. Аж тут во адбылося нешта нязвычайнае, непрадбачанае. "Госьцi" з НКВД пакiнулi ў манастыры за сабою цень трывогi, страху i няпэўнасьцi. Не пасьпеў манастыр як сьлед ажыць ад кiраўскiх дзён, як здарылася во нешта новае.
Але першае несамавiтае ўражаньне прайшло, наступiў позьнi вечар, кажны пачаў рабiць нешта сваё, рыхтавацца да заняткаў, i такiм парадкам, усталявалася як-бы нармальнае жыцьцё ў манастыры. Дзiчкоўская загнала ўсiх на ложкi i пачала працiраць падлогу. Яе чарод прыбiраць у пакоi прыпадаў на заўтра, але яна хацела ўсё зрабiць сягоньня нанач. Лагоўская абуралася, што мыцьцё пачалося цяпер, калi трэба ўжо спаць, падлога ня высахне добра, i трэба будзе дыхаць вiльготным паветрам усю ноч. Але Дзiчкоўская не зьвяртала на гэта нiякай увагi, шаравала падлогу яшчэ з большым iмпэтам, гаварыла, што нiчога нiкому ня станецца, а наўзьвер усяго яшчэ й дадала:
– Трэба-ж выгнаць паганы дух пасьля такiх адведзiнаў! Як ты думаеш? Iнакш - затхнёмся! Вось табе й ня мый! Дый сьвята на носе, апрача таго.
– Ну, тады мусiш выпалiць у печы!
– Калi ты прынясеш дровы!
Нехта пачаў стукаць у дзьверы. Дзiчкоўская адаткнула падол вясковага андарака, якi яна надзела на час мыцьця, падняла ўгору швабру i стала пад дзьвярыма з такiм разьлiкам, каб, калi яны адчыняцца на хату, яна засталася-б за iмi незаўважанай тым, хто ўвойдзе ў хату. Усе зразумелi яе намер, усьмiхнулiся i голасна гукнулi:
– Уваходзьце, калi ласка!
Дзьверы пачалi павольна адчыняцца i Дзiчкоўская нарыхтавалася з швабрай. "Вось зараз некага шлёпне. А можа гэта Валя?"
У дзьвярох паказалася незнаёмая жанчына, i Дзiчкоўская, сумеўшыся, хуценька апусьцiла швабру, адскочыўшыся ад дзьвярэй.
– Добры вечар у хату, галубкi!
– лагодна прывiталася нейкая бабулька. Можна ў вас пабыць хвiлiначку? Я вам не перашкоджу!
– А вы хто такiя, бабка?
– запыталася Дзiчкоўская.
– Праходзьце. Сядайце!
– i яна паставiла ёй крэсла каля стала.
Бабулька асьцярожна, каб не насьлядзiць падыйшла да стала i села на крэсла, паставiўшы на падлогу свой клунак. Усе зьлезьлi з сваiх ложкаў i паселi за сталом, разглядаючы незнаёмую. Чакалi, што яна скажа. Бабулька, абвёўшы ўсiх сваiм маладым паглядам, загаварыла:
– Я гэта прыехала сюды з Самахвалавiчаў. Я - мацi Мiколы Саланевiча, можа ведаеце?
Саланевiча ўсе ведалi тут, як былога студэнта. Насьцярожылiся i слухалi далей бабульку ў паношаным пальто, такiх-жа ботах i ў сукняным платку чырвонага колеру.