Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
– Хачу найперш зазначыць, што перад "органамi" я ня дрыжу, як вы, i не страхуюся перад iмi, я не баюся iх, бо ня маю грахоў i, значыцца, ставiцца да iх зьняважлiва або поўзаць перад iмi ў мяне няма нiякiх падставаў. Яны выконваюць сваю функцыю, як мы мусiм выконваць сваю. А вы, таварыш дырэктар, перадалi свае функцыi вашаму шэфу!
– Цi не даволi-б вам тут прыцiскаць мяне? Я не хлапчук вам, а, здаецца, трошкi старэйшы за вас бальшавiк! Вы, а не я стварылi штучную атмасфэру кантррэвалюцыi ў iнстытуце! Хто, як ня вы, з трыбуны нядаўна пагражалi й заклiкалi шукаць усюды ворагаў, знаходзiць iх там, дзе можа iх i няма. Вы наэлектрызавалi атмасфэру, расьпяклi яе да таго, што ў такiх умовах я й сапраўды не магу выконваць сваiх абавязкаў. I прызнаюся - я баюся НКВД таму, што вы туды ходзiце! Вы зайшлi калi-небудзь да мяне перад тым, як iсьцi туды? Не! Цяпер насьмiхаецеся, што я дрыжу. I калi гаварыць тут праўду перашкаджаеце працаваць мне - вы!
Дырэктар, раззлаваны, падняўся з крэсла i пачаў бегаць па сваiм габiнэце. Ад таго, што габiнэт быў занадта малым, усяго некалькi крокаў удоўжкi, дырэктар часта павяртаўся i выглядала, што ён топчыцца на месцы, натыкаючыся то на адну, то на другую сьцяну.
Сакратар партарганiзацыi спакойна назiраў за iм.
– Адно тое, што памiж намi няма паразуменьня, ужо пагражае нам абаiм. Прашу зразумець гэта. Што-ж тычыцца вашага закiду, скажу - я, як мага абараняю нашую ўстанову там! Прапаную - працаваць разам, пановаму.
Сакратар працягнуў руку Мэльцару. Той падаў сваю, i гутарка памiж iмi была ўжо больш лагоднай.
– Маю колькi канкрэтных прапановаў. Абавязкава - выкладаць пабеларуску! Чаму гэта важна? Наш шэф абвiнавачвае нас за нацыяналiстычныя настроi сярод нашай моладзi. Каб такiх настрояў ня было, мы павiнны задаволiць законныя нацыянальныя запатрабаваньнi беларускай моладзi. Мы працуем у больш складаных умовах, чым нашы расейскiя таварышы, дзе нацыянальнага пытаньня фактычна не iснуе. Далей - нашае, так сказаць, пагранiчнае палажэньне! Мы ў падсуседзях у капiталiстычнага сьвету. Гэты сьвет заўсёды будзе правакаваць, уплываць на нас i шкодзiць нам. Не забывайма Польшчы. Мы працуем там, у Заходняй Беларусi, i што тычыцца беларускага пытаньня мы мусiм быць у гэтым сэньсе прыкладам для нашых заходнiх братоў, прыцягальнай сiлай!
Сакратар партарганiзацыi на момант спынiўся i, пазiраючы ў вочы дырэктару, дадаў:
– Таварыш дырэктар, давайце працаваць так, каб у нас ня было нiводнага арыштаванага!
– Згода, калi гэта будзе залежыць толькi ад нас.
Дырэктар быў нямала зьдзiўлены хлапецкай наiўнасьцяй сакратара партарганiзацыi.
17
Неверагоднае бывае верагодным. Ёсьць людзi, якiя мала, а то й зусiм ня турбуюцца за свой лёс, iдуць наўпрасткi, куды iх вядзе iхнае хаценьне, i толькi дзiву даешся, як выносiць iх нейкая няведамая сiла з самых неверагодных абставiнаў. Гэта заюшаныя людзi, i можа найшчасьлiвейшыя ў сьвеце. Здаецца, што не яны самi аб сабе дбаюць, а нехта iншы вядзе iх, i яны праходзяць роўна гэтулькi, колькi iм адведзена. Падобных людзей нагадваў сабою i Раман Корзюк. Iдучы ў Польшчу, Корзюк ведаў, што ён не застанецца там, але ўсё-ткi йшоў, як-бы яго хто пхаў туды. Прывёўшы сям'ю ў Польшчу, ён лiчыў, што сваё заданьне ён выканаў, i, такiм парадкам, пачуваў сябе свабодным. Сям'я яго ўжо больш ня зьвязвала. I Корзюк захацеў, - ня вырашыў, а захацеў - пайсьцi назад. Гэтае хаценьне было нагэтулькi вялiкае, што нават аднае лiшняе гадзiны ён не хацеў заставацца ў Польшчы. Ён, канешне, i ня думаў складаць нейкую ахвяру на аўтар Польшчы, як таго дамагаўся польскi чын. Сваёй ахвярнасьцяй Корзюк не хацеў здабываць сабе ласкi. Польскi чын спадабаўся яму сваёй высокай iдэйнасьцяй, але ён-жа стаўся i вялiкiм дакорам для яго. Калi высокi польскi чын загаварыў аб гераiзме польскiх сыноў i дачок, якiя зьвеку гатовыя ахвяраваць сабой, каб толькi жыла iхная бацькаўшчына, Корзюка ашаламiла раптоўная думка: ён здраднiк свае радзiмы. Польскi чын, здавалася, хацеў i падказаць Раману гэткую думку, i не зрабiў гэтага толькi дзеля далiкатнасьцi. Нiколi раней Раману i ў голаў ня прыходзiла думка, што перабегчы - значыць, здрадзiць. Раман баяўся гэтага слова. Ён ня шукаў тут для сябе ратунку, ён ратаваў толькi iншых. А цяпер выходзiць, што ён уцёк, пабаяўся небясьпекi, уцёк дзеля сваёй собскай выгады, таму толькi, што яго абвiнавачваюць у нейкай кантррэвалюцыi, у прыналежнасьцi да арганiзацыi, аб iснаваньнi якой ён даведаўся толькi ад сьледчага. Не пасьпелi яму паказаць недарэчныя наганы, як ён адчуў сябе вiнаватым, злоўленым, пабаяўся арышту, паддаўся Кандраценю, пакiнуў навуку, пакiнуў усё, каб толькi зьберагчыся. Якi-ж ён кулак i дзе ягоная кулацкая шырыня, якой ён хвалiўся перад самiм сабою? Сабака, i той не пакiдае свае будкi, здыхае на двары гаспадара, а ня йдзе. А я пайшоў, схаваўся. Студэнт, называецца! Тое "пане студэньце", з якiм падкрэсьлена ветлiва зьвяртаўся да яго польскi чын, набыло цяпер для Рамана сэнс напамiнку пра абавязкi студэнта. Якi-ж я студэнт? Студэнт - гэта iдэальнае слова. Я плямлю яго. Студэнт i перабежчык-здраднiк у ваднэй асобе ня могуць зьмясьцiцца. Студэнт - гэта ўсё-ткi сымбаль рэвалюцыйнасьцi, а ня толькi аднэй панскай далiкатнасьцi. Студэнт - гэта Сiбiр, i Сiбiру сапраўдныя студэнты нiколi не баялiся.
Раману пашчасьцiла. Польскiя ўлады абыйшлiся з iм добра - адпусьцiлi яго. Нават паклапацiлiся аб тым, каб ён ня трапiў у рукi сваiм, перакiнулi ў Латвiю, каб ужо адтуль выпхнуць на ўсход. Чаму палякi абралi для яго такi шлях, Раману невядома было. Праваднiк-жа казаў, што летувiская гранiца сьцеражэцца ня так пiльна, летувiсы не бягуць у Савецкi саюз так, як бягуць беларусы з Польшчы. Дык для Раманавай бясьпекi i было вырашана пераходзiць мяжу там. Рамана ўсё-ткi зьдзiўляла, чаму так прыхiльна паставiлiся да яго палякi? Але й на гэтае Раманава недаўменьне даў адказ на дзiва гаваркi праваднiк, - Раман, мусiць, спадабаўся палякам, казаў ён, i яны спадзяюцца мець у яго асобе свайго чалавека за кардонам.
– Польская дэфэнзыва, пане мой, нiчым ня кiдаецца, - закончыў ён, сьмяючыся.
– Можа калi й пан спатрэбiцца нам.
Перажыў Раман i часiну сьмяротнага страху. Быў адзiн мамэнт, калi Раман падумаў, што праваднiк-паляк хоча з iм раськвiтацца. Патое, думаў ён, палякi й выдумалi такую вандроўку.
Зьлезьлi ноччу з цягнiка недзе на глухiм паўстанку. Да гранiцы, як казаў праваднiк, заставалася яшчэ з пару кiлямэтраў. Трэба было прайсьцi дужа камянiстую, глухую i дзiкую мясцовасьць. Нiякiх сялiбаў нiдзе ня было. Iшлi не гамонячы. Неўзабаве наткнулiся на нейкую будынiну. Зайшлi. Сьвятла ня было. Паляк прывiтаўся палетувiску. Яму адказала на гэтай-жа мове жанчына, па голасу - маладая. Раман нiчога ня мог разгледзець у цямрынi, застаючыся стаяць ля парогу. Пасьля кароткай гаворкi, жанчына затупацела, i хутка ў кутку засьвяцiлася газоўка. Раман аж аслупянеў: насупраць сябе ён пабачыў не жанчыну, а падлетка гадоў чатырнаццацi. Гэта так няпрыемна ўразiла Рамана, што яму ўсё здалося тут падазроным, няпэўным i небясьпечным. Агледзеўшыся, Раман заўважыў, што ў хаце няма нiводнага вакна, цi можа яму так здалося. У кажным разе адчуваньне было - быццам ты ў падвале. Праваднiк сiгнуў наперад i сеў за маленькi столiк, запрасiўшы й Рамана.
– Падай гарэлкi!
– зьвярнуўся праваднiк да падлетка ўжо папольску. Хочацца трохi выпiць.
Пiў паляк ня "трохi", а куляў чарку за чаркай, змушаючы пiць i Рамана. Але Раман адмаўляўся.
– Пi, кажу, усё роўна плацiць будзеш ты!
Раман не садзiўся, стаяў на сваiм месцы.
– Ня хочаш - ня трэба! Часу ў нас няма, - i паляк падняўся, коўтнуўшы напасьледак яшчэ адну чарчыну.
– Зыгмундзiк, дай пляшку на дарогу!
"Зыгмундзiк" паставiў пляшку на стол.
– Ну, плацi, браце! Ня так-жа я цябе вяду! Колькi каштуе?
"Зыгмундзiк" сказаў.
Раман выняў з кiшанi сваё партманэ i заплацiў злотымi.
Выйшлi.
– Я бачу ў пана досыць ладна грошай. Не пашкадавалi табе, - азваўся сур'ёзна, зусiм пацьвярозаму праваднiк, як-бы гарэлкi й ня нюхаў.
Рамана скалынула. "Прывёў сюды, каб ня весьцi далей".
– Пану злотыя больш не патрэбныя. Праз гадзiну пан будзе на тым баку.
Раману адлягло. Ранейшая думка яму здалася сьмешнай, ён нават засаромiўся свайго страху перад палякам. Аддаў усе грошы, якiя ў яго былi - i польскiя i савецкiя.
– Савецкiя грошы хай пан трымае сабе на дарогу. Яны мне нi да чога. Я ведаў, што ў пана яны ёсьць.
Навобмацак ён адзьдзялiў савецкiя грошы ад польскiх.
Калi паляк здаваў Рамана iншай асобе, недзе зусiм блiзка пракрычэлi пеўнi.
– Гэта на панськiм баку. Пан, можна сказаць, як дома, - азваўся лагодна паляк.
– I ехалi i йшлi сюды далёка так, каб пан цэлы быў i ў рукi не папаўся.
Аднэй сваёй рукой паляк узяў Рамана за плячо, другой, выцягнутай, паказваў:
– Вунь, бачыш агеньчык, што ледзьве колiць цямрыню, гэта хата пана Якуба, на тым баку ўжо. Як зойдзеце да яго, скажаце: "Вiтаньне, пане Якубе", i пан Якуб адвядзе пана на самую станцыю. Яшчэ й на Менскi цягнiк пасадзiць, як пан не пашкадуе савецкай паперчыны.
На гэтым паляк ветлiва разьвiтаўся з Раманам, i новы чалавек павёў яго проста на агеньчык хаткi "пана Якуба". Праз колькi маўклiвых i цiхiх хвiлiн яны былi ўжо ў "пана Якуба", - Раман гэтак i не заўважыў, дзе й калi была пярэйдзена iмi гранiца. Перакiнуўшыся колькiмi словамi з "панам Якубам", Раманаў праваднiк вярнуўся назад.
Калi Раман перадаў палякова "вiтаньне, пане Якубе", пан Якуб усьмiхнуўся i толькi сказаў: "Шэльма ён". Корзюк прабыў у "пана Якуба" гадзiны паўтары. "Пан Якуб" пачаставаў яго гарбатай з ромам i сказаў, што ён можа яшчэ здрымнуць да цягнiка. Стомленасьц, атупеласьць i абыякавасьць да ўсяго сьцiшылi Рамана i, седзячы за сталом, ён пачаў дзюбаць носам. Да чыгункi было тры кiлямэтры, i яны пасьпяшалiся.
Сваёй зямлi Раман цяперака баяўся. Яму здалося, што ён быў недзе шмат гадоў i глядзiць на свой край як-бы ўпяршыню, з трывогай i ўтрапеньнем на душы. Вакзал - невялiкая будынiна - глядзеў на Рамана няветлiва i запытальна.
У касу за бiлетамi стаяла колькi чалавек. У чаргу стаў i Раман. Адчынiлася вакенца, нешта сказаў касiр i вакенца зачынiлася. Незадаваленьне прайшло па людзёх. Праз якiх дзесяць хвiлiн вакенца зноў адчынiлася i пачаўся продаж бiлетаў. Зьявiўся аднекуль нi то ў форме НКВД, нi то ў форме пагранiчнiка чалавек i стаў каля саменькай касы, аблакацiўшыся на балясы. Ён аглядаў вачыма кожнага, хто адыходзiўся з бiлетам ад касы. Корзюк паволi прасоўваўся да вакна. "Пан Якуб" стаяў воддаль. "А можа гэта ён i выклiкаў яго сюды?" Раман нi разу не зiрнуў у бок чалавека ў форме, хоць яму i здавалася, што той назiрае за iм. "Гэта добра, што ў мяне саматканы пiджак". Ад напружаньня скура на iм аж шорхла. Нарэшце, ён падыйшоў да вакенца. Грошы ён не падрыхтаваў, як гэта рабiлi iншыя, i калi яму трэба было плацiць, ён пасьпешна i нязграбна пачаў вынiмаць iх з партманэ. Невядома якiм парадкам, зашалясьцела з партманэ на падлогу новенькая паперка польскiх злотых. Вiдаць, у свой час яе не намацаў праваднiк, i яна засталася ў Рамана. Чалавек у форме хацеў быў падняць яе, але Корзюк папярэдзiў яго i паклаў польскiя грошы ў партманэ.