Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
– I што-ж вы хочаце?
– дапытвала далей бабульку Дзiчкоўская, падсядаючы да яе ўсё блiжэй i заглядаючы ёй прост у самыя вочы.
– Казалi мне, што ў вас мусiць быць тут такая дзяўчына - Валя Камоцкая.
– Ну, ёсьць. А што?
– хiтра вяла сьледства Дзiчкоўская.
– А каторая яна тут?
– ледзь усьмiхнулася бабулька.
– Бачаце, колькi вас тут! I ўсе разам жывяцё згодна?
– Ня скажам каторая. Адгадайце!
– перайшла на жарт Роза Шкляр.
Дзiчкоўская, пасур'ёзьнеўшы, перабiла Шкляр:
– Няма ў нас болей Валi Камоцкай, бабка! Была, але цяпер няма, i ня пытайцеся пра яе!
– А што - i з ёй нешта сталася нядобрае?.. Я нiчога... Я толькi хацела... Можа яна што ведае пра майго Мiколу... Сядзiць ён... Можа-ж чулi?
Бабулька выцерла на сваiх вачох сьлёзы. Дзяўчаты чулi, што Саланевiч арыштаваны, але чуткi так i засталiся чуткамi. Чамусьцi верылi, што як паехаў ён настаўнiчаць дык i настаўнiчае. А цяпер сама мацi гаворыць пра гэта. Незразумела было толькi, што-ж супольнага памiж Саланевiчам i Камоцкай.
– Ужо цэлы год ня пiша Мiкола. Можа ўжо, крый Божа, яго няма ў жывых. Аж тут дачулася я гэта во, што Мiкола напiсаў пiсьмо Корзюку Раману, кавалеру гэтай... як яе... дзяўчыны... Камоцкай. Я была ўжо на квацеры Корзюка, дык яго няма, а гаспадыня яго паслала мяне... прывяла мяне сюды i кiнула. Кажа, што можа яна, гэтая яго дзяўчына, што-кольвек ведае. Ён з ёю любiцца цi што, казала. Дык можа як папала ёй пiсьмо майго Мiколы.
– А як-жа вы ведаеце, што ваш сын напiсаў пiсьмо Корзюку?
– Хто вам сказаў?
– уставiла i сваё слова Лагоўская, паправiўшы пэнснэ на сваiм носе.
– А гэтага ўжо, мае даражэнькiя, я вам не магу сказаць, хто. Вам-жа ўсё роўна, хто? Даруйце мне старой i дурной! Мы ўжо столькi пыталiся людзей, што здурэць можна. Пiсалi i ў лагер той, дзе ён сядзiць, ды ня шлюць нiчога адтуль.
– А за што яго пасадзiлi?
– Хто-ж яго ведае, дзеткi. Ён-жа тут быў з вамi, дык можа вы i ведаеце, за што. Сказалi-б мне можа? Я нiкому не скажу... Ня можа быць, каб наш Мiкола ў чым правiнiўся. Не такi ён. Яблыка чужога не сарваў.
– За яблыкi, бабка, не бяруць.
– Хто-ж яго ведае. А толькi мы з сваiм старым занудзiлiся чыста. Як толькi ляжам спаць, дык i сьнiм абодвы свайго Мiколу. Пасылала я свайго старога i ў кэвэдэ - ня хоча. Кажа, што ўсё роўна нiчога ня скажуць... Пыталiся ўжо такiя, як мы! Выправiлася во сама. Кабеце, кажуць, лацьвей. Дык i мяне ня пушчаў, стары мой... не хацеў, каб iшла. Але як-жа я не пайду? I на той сьвет пайшла-б... Дык нiчога ня скажаце, даражэнькiя, пра майго Мiколу?
– старая паднялася з крэсла i падняла сваю клумку з падлогi.
– Нiчога ня ведаем, бабка. I рады-б, але нiчым дапамагчы вам ня можам, адказала за ўсiх Дзiчкоўская.
– Сядайце во, пачастуем вас гарбатай.
– Не, дзякую, дзеткi, пайду ўжо!
– Дзе-ж вы будзеце начаваць? Позна ўжо!
– На вакзале.
– Дзяўчаты, паложым яе ў нас!
– азвалася Ларыса, што сядзела ўвесь час моўчкi.
– Ложак гуляе.
– Як табе ня сорамна, Ларыса! Яшчэ не пасьпеў прастыць ложак, а ты ўжо ложыш на яго людзей, - - запярэчыла Дзiчкоўская.
– Ну як хочаце, - прымiрылася Ларыса.
Старая, падзякаваўшы за ўсё, i за тое, што маладыя не пагардзiлi ёю, выйшла з манастыра.
– А я дык нешта ня веру ёй!
– пасьпяшалася выказаць сваю думку Шкляр.
– А што-ж там ня верыць?
– пакрыўдзiлася Дзiчкоўская.
– Не разумею я ўсяго гэтага, - не здавалася Шкляр.
– I разумець няма чаго! Цi хiба ў цябе мацi няма?
– Мяне дзiвiць толькi адно, адкуль у нашай Валечкi такiя сувязi?
– усё яшчэ зьмяншальным iмём называла Лагоўская Валю.
Перад сном Ларыса зьняла з Валiнага ложку пакрывала, каб яно не бялелася ноччу, - Ларыса баялася гэтага пустога ложку побач, ён будзiў у ёй жаласьлiвыя пачуцьцi i мiстычны страх.
15
Назаўтра дзяўчаты выйшлi з манастыра на заняткi ўсе разам, як па камандзе, што рэдка здаралася раней. Звычайна, адныя з iх любiлi прыходзiць на заняткi за паўгадзiны да пачатку лекцыяў, iншыя, наадварот, выседжвалi да самага званка, якi быў добра чуцён з Галоўнага корпусу i служыў надзейным гадзiньнiкам для студэнтак. Сягоньня-ж нейкi нязвычайны настрой гнаў iх усiх раней. Пiлi гарбату адначасна, моўчкi, сьпяшаючыся. Можна было падумаць, што яны злуюцца адна на адну. Цяжка было вытлумачыць такiя iхныя паводзiны чым-небудзь iншым, як толькi фактам адсутнасьцi Валi. Страта была настолькi вымоўнай, што не дазваляла нават гаварыць аб ёй. Звычайна, ранiца ў манастыры - гэта час жартаў, звадыяшу i кпiн. Але не такая ранiца сягоньня!
У Галоўным корпусе хутка прайшлi паўз распранальнi - свае палiтончыкi дзяўчаты заўсёды пакiдалi дома, каб не стаяць у чарзе, - i накiравалiся проста ў сваю аўдыторыю. Зiрнулi направа - у канцы карыдору, каля канцылярыi дырэктара, стаяла вялiкая група студэнтаў - чыталi нешта на дошцы загадаў i абвестак. Дзяўчаты борзда павярнулi туды. Насустрач iм iшоў iхны выкладчык лiтаратуры прафэсар Пiятуховiч. Пазнаўшы iх, ён запытаўся:
– Куды-ж гэта вы? А на заняткi?
– Мы зараз-жа, на аднэй назе, выбачайце!
Тыя, што ўжо прачыталi навiны, адыходзiлiся, даючы магчымасьць падыйсьцi iншым. Даступiлiся й дзяўчаты - за кантррэвалюцыйную дзейнасьць загадам дырэктара выключаюцца з лiку студэнтаў Раман Корзюк i Валя Камоцкая. Ня то што нехта шкадаваў Корзюка або Камоцкую (сярод тых, хто прачытаў гэты загад, былi й такiя, каго гэта радвала), хутчэй страх за сябе самога западаў у душу кожнага: а што, калi звольняць i мяне? Ад часу забойства Кiрава гэта-ж ужо ня першы такi загад. I калi раней дошкай загадаў нiхто, звычайна, ня цiкавiўся, дык цяпер падыходзiлi да яе з страхам. Толькi невялiкая параўнаўча частка студэнтаў заставалася спакойнай i не турбавалася моцна за свой лёс: яна верыла, што тое, што пастанаўляе начальства, зьяўляецца адзiна правiльным, што калi яно нешта робiць, дык значыць так трэба, справядлiвасьць ягоных захадаў ня можа падлягаць сумлеву.
Цэлым гуртам дзяўчаты, на чале з Дзiчкоўскай, увалiлiся ў аўдыторыю. Пiятуховiч лекцыi яшчэ не пачынаў, чакаў, калi зьбяруцца ўсе - нязвычайнае зацiкаўленьне студэнтаў дошкай загадаў сягоньня ўпяршыню парушыла нармальны ход нутранога парадку iнстытуту.
Пiятуховiч, як выглядала, ведаў прычыну такога забурэньня i не сьпяшаўся з лекцыяй. Дзiчкоўская, сеўшы за стол побач Цыпiнай, шэптам запыталася ў яе, цi ведае яна пра сёньняшнiя навiны. Тая, ня гледзячы на яе, неахвотна адказала, што так. Цыпiна гатовая была слухаць лекцыю i не хацела, каб ёй хто перашкаджаў. Усю сваю ўвагу яна сканцэнтравала на прафэсары, чакала, калi ён загаворыць. Прафэсар Пiятуховiч меў сёньня лекцыю пра беларускi фальклёр. Найперш, як i заўсёды, ён паўтараў тэзы папярэдняй лекцыi, а потым пачынаў тэму наступнай лекцыi. Ён дакладна пачынаў заўсёды так: "Дарагiя сябры, паўторым тэзы папярэдняй лекцыi". Прыгадваў ён iх прыблiзна хвiлiнак з пяць. Наагул-жа ён лiчыўся добрым лектарам - гаварыў лягiчна, рабiў напрыканцы лекцыi высновы, i студэнтам лёгка было запiсваць свайго выкладчыка. А гэтая акалiчнасьць сама па сабе ўжо лiчылася вялiкай заслугай выкладчыка. Пiятуховiч паўтарыўшы, нарэшце, свае тэзы, прамовiў: Тэма-ж нашай сёньняшняй гутаркi Заплачкi.