ЖАНРЫ

Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:

– Надзвычайна... Надзвычайна. Мадэль патрапляе. Сьвядомая свайго заданьня мадэль, - як у трызьненьнi мармытаў Цiмошка.

Ён, абрадваны i ўсьцешаны, узьняўся з крэсла, пацiснуў руку Пушкiну i, паляпаўшы мадэль па плячы ў знак пашаны да яе, выйшаў з пакою.

Цiмошка прадаўжаў абход сваiх мадэляў. Змора яго ня брала, хоць ужо пачало шарэць у вокнах, наблiжалася сьвiтаньне - час, калi яму было цяжка ўстрымацца ад спакусы хоць на часiнку заснуць. У яго было вышэйшае заданьне - паставiць, выстраiць на сцэне перад аблiччам усёй Беларусi шарэнгу здраднiкаў, апрацаваных iм мадэляў, але такiх мадэляў, якiя-б не саромячыся, на ўвесь голас, як таго мы ад iх дамагаемся, заявiлi, куды i як яны хочуць пiхнуць нашую, iхную Беларусь.

Справа ад яго адчынiлiся дзьверы (выходзiў сьледчы) i Цiмошка пачуў нейкi жаласьлiвы стогн, ён адразу даўмеў, што гэта даводзяць да парадку якуюсь мадэль, абрадваўся i яму захацелася пабачыць яе. Увайшоў у пакой. На воддалi ад сьледчага сядзела мадэль, як ён адразу заўважыў - на войстрай ножцы перакуленай дагары табурэткi. Сьледчы загадваў ёй узьнiмацца i садзiцца, зноў узьнiмацца i садзiцца, i яна, акрываўленая паслухмяна выконвала каманду сьледчага, сударгава калоцячыся ад болю ўсiм целам. Цiмошку аж страсянула.

– У чым справа?
– зьвярнуўся ён да следчага-стажора.

– Ня прызнаецца.

– У чым не прызнаецца?

– Што хацеў забiць Варашылава, калi той прымаў парад войскаў Беларускай акругi. Я хачу даказаць сувязь нацдэмаў з камандармам першага рангу Ўбарэвiчам. Гэты апошнi дзеля нейкiх прычынаў хацеў збавiцца ад свайго вышэйшага начальнiка i падшукаў во гэтага сабе шэльму.

Сьледчы паказаў пальцам на мадэль.

– Творчая iдэя, - пахвалiў Цiмошка сьледчага-практыканта.
– Практыкуйцеся далей. Дамагайцеся прызнаньня i пацьверджаньня гэтага прызнаньня на судзе, публiчна. У вас у руках вельмi важная дэталь-мадэль. Але мадэль толькi тады мадэль, калi яе ўламаеш.

Цiмошка меў намер абыйсьцi гэтай начы ўвесь "нацдэмаўскi калiдор" i пасьпяшаўся да аднаго з "цэнтраўцаў" - да Кудзелькi - Мiхася Чарота пралетарскай мадэлi паводля свайго паходжаньня. Калi Цiмошка ўвайшоў у кабiнэт свайго сябры сьледчага Цiмахвеева, ён аж не паверыў сваiм вачам: за сталом, аблакацiўшыся на яго, драмала мадэль, штосэкунды дзюбаючы носам, як-бы кланяючыся свайму сьледчаму насупраць.

– Дужа-ж мiласьцiвы ты, браце мой - таго глядзi, ложак загадаеш прынесьцi, каб тваёй мадэлi было зручней спаць у нас.

Цiмошка кожнага арыштаванага нацдэма iнакш не называў, як толькi мадэляй.

– Хай адпачне нашая Кудзелька, я за ноч досыць яго накудзелiў.

I ўжо зусiм сур'ёзна:

– Кудзелька - Мiхась Чарот пайшоў на поўнае з намi супрацоўнiцтва. Ён забясьпечыць посьпех адкрытага працэсу нацдэмаў. Больш таго, ён дапаможа нам схiлiць да супрацоўнiцтва з намi i сваiх калегаў, што апынулiся ў нас. Ты ведаеш, нацдэмы Касянкоў - Зарэцкi, Дайлiдовiч - Алесь Дудар, Платон Галавач пакуль што неахвотна паддаюцца нашай апрацоўцы. Ты, як адказны за ўсю нацдэмаўскую кампанiю, мусiш i iх падцягнуць да агульнага назоўнiку.

– Падцягну. Падцягну. Ня турбуйся. Знойдзем сродкi падцягнуць i iх.

Перад тым, як пакiнуць пакой сьледчага, Цiмошку захацелася зiрнуць у вочы дрэмнай мадэлi. Ды неймаверна - мадэль храпла. Сьледчы Цiмахвееў даваў ёй, як прызвычаенай да алкаголю мадэлi, трохi коўтнуць i ў часе допыту, каб яна была больш лагоднай i згодлiвай. Вось i захрапла таму. Гэта нямала зьдзiвiла Цiмошку. Ён падыйшоў да мадэлi i - сонную - ткнуў у яе пальцам, ды яна не ўзьнялася, толькi перарвала на момант дыханьне, зацягнуўшыся хрыплым сьвiстам. Гэтак i не давялося Цiмошку зазiрнуць у вочы заслужанай мадэлi. Ён папярэдзiў Цiмахвеева, каб мадэль была сьвядомая сваёй ролi на судзе. З Дударам, Зарэцкiм, Галавачом - непаслухмянымi мадэлямi - ён будзе гаварыць асабiста.

Тымчасам ужо разьвiднелася, i Цiмошка, змораны сваiм начным абходам нацдэмаў, падаўся дахаты адпачыць.

30

Валя Камоцкая, выйшаўшы з турмы, не хацела вяртацца ў манастыр - яна хацела жыць адна, на прыватцы. Манастыр, з ягонымi насельнiкамi, у яе цяпер адпаў. Яна не змагла-б ужыцца з сваiмi колiшнiмi (так, цяпер ужо колiшнiмi) сяброўкамi, яны былi, здавалася, недзе ўжо ў мiнулым, перасталi iснаваць для яе. Яна i раней з iмi ня жыла ў згодзе, то было iнтэрнацкае, вымушанае сужыцьцё, цяпер немагчымае пасьля перавароту, перажытага ёю за тры месяцы сядзеньня ў адзiночнай камэры. Зрэшты, яна iшла да гэтага перавароту даўно, калi ёй кiнуўся ў вочы Раман i захапiў яе. Нi Ларыса, нi Оля Дзiчкоўская не змаглi прыручыць яго, хоць i бралi яго на прыцэл, "на мушку", паводля выразу Розы Шкляр. Валя Камоцкая пусьцiла ў ход усе свае здольнасьцi, каб авалодаць Корзюкам, адбiць яго ад Ларысы не таму, што яна ўжо яго гэтак кахала, а найболей, магчыма, таму, каб не пакiнуць яго iншым. Тут было хутчэй больш жаночага эгаiзму, чымся каханьня. У змаганьнi за Рамана, Камоцкая, можна сказаць, вырабiла ў сабе iншы, не ўласьцiвы ёй характар: сваёй уяўнай баявiтасьцяй, якая межавала з вульгарнасьцяй, сваёй настырнасьцяй, "арыгiнальнасьцяй" яна адказвала на такую-ж "арыгiнальнасьць" Рамана Корзюка, сваёй "нязгодай" адказвала на Раманаву "нязгоду". На самай-жа справе, пад "вульгарнасьцяй" Валi хавалася цiхая пяшчота, пад найгранай весялосьцяй засмучанасьць. Сваёй "вульгарнасьцяй" Камоцкая абараняла сваю душу ад вонкавага сьвету, засланялася ад яго, ня пушчала нiкога заглянуць у ейную душу. У гэтым змаганьнi за Корзюка i з самой сабой Камоцкая стамiлася, здалася, сьцiшылася, прыйшла да сябе самой, да сябе сапраўднай, да такой, якой яна была на самай справе. I ўласна, тут ня было перавароту, было толькi ўсьведамленьне сябе. Тры месяцы турэмнага жыцьця былi толькi завяршэньнем гэтага ўсьведамленьня, "перавароту". Аднак, з боку, для пабочнага вока яна магла здацца iншай, ня той ранейшай, якой яна была, а перароджанай, зламанай. Нават сьледчы не Палiтыка, а ўжо iншы, на ймя Беларус, што канчаў ейную справу быў зьдзiўлены лагоднымi паводзiнамi Камоцкай, розумам, якi яна нiбыта выявiла ў гутарцы зь iм. (Характарыстыка, дадзеная Камоцкай Палiтыкай была, на думку Беларуса, няправiльнай.) У гутарцы з Камоцкай Беларуса зьдзiвiла i iншая акалiчнасьць: Камоцкая баранiла не сябе, а Корзюка. Яна ня ведала яшчэ, што яе маюць выпусьцiць, для яе было загадкай, чаму ейная справа была перададзеная ў рукi iншага сьледчага з штучным, як ёй здалося, прозьвiшчам "Беларус".

"Беларус", старэйшы ўзростам чалавек, спакойны i, як здавалася, разважлiвы, пытаўся ў яе з нейкай бацькоўскай спагадай у голасе пра ўсё: пра бацькоў, чым яны займаюцца, у якiм яны веку, цi быў у iх дастатак, пра ейнае маленства, пра тое, як ёй падабалася праца настаўнiцы, нарэшце - цi хацела-б яна закончыць вышэйшую асьвету i стацца зноў настаўнiцай, не ў пачатковай школе, як раней, да паступленьня ў iнстытут, а ўжо ў сярэдняй школе. Зацiкаўленьне сьледчага ўва ўсiм гэтым, ягоная спагада выклiкала Камоцкую на шчырую, рашчуленую гаворку.

– Вы самi сабе напсавалi сваiмi сувязямi з Раманам Корзюкам i ягонай сям'ёй. Асаблiва сваiмi провадамi iх на хутар Баранкевiча. Вам хiба было няўцям, што хутар Баранкевiча - гэта шпiёнскае гняздо, - дапытлiва зазiрнуў Беларус у вочы Валi Камоцкай.

– Хутар той мне паказаўся падазроным i самой, але я хацела дапамагчы мацi i сястры Рамана, нi ў чым невiнаватым i пакiнутым жанчынам.

– Вашая спагадлiвасьць заслугоўвае пахвалы, але вам, савецкай студэнтцы, савецкай грамадзянцы, не да твару было апынуцца ў цянётах злачыннай шайкi-лейкi. Добра, што мы выцягнулi вас з гэтых цянётаў. Вы мусiлi-б у нас на сьледстве катэгарычна адмежавацца ад Рамана Корзюка, рашуча заявiць аб сваёй непрыналежнасьцi да справы Корзюкаў. Вы гэтага не зрабiлi, толькi бяз дай прычыны тармазiлi сваiмi паводзiнамi выясьненьне вашай справы. Вы не дапамагалi, шкодзiлi сьледству. Што-ж тычыцца Рамана Корзюка, вы мусiце заняць да яго выразную лiнiю. З iм вам можа яшчэ давядзецца сустрэцца ў абставiнах, ня вельмi прыемных для яго.

– Я не магу зьмянiць сваёй лiнii да яго, - заявiла Камоцкая.
– Мае асабiстыя дачыненьнi да яго, думаю, ня цiкавыя для вас... Пра ягоную-ж вiну... ён не вiнаваты.

– Я не вяду яго сьледства. Але ягоная сувязь з польскай дэфэнзывай вiдавочная. Перайшоўшы ў Польшчу, ён здрадзiў сваёй радзiме.

– Ён вярнуўся на сваю радзiму, - адказала Камоцкая.

– Так. Вярнуўся. Але ў якасьцi каго? Падумайце, для чаго польская дэфэнзыва вярнула яго да нас? Хiба-ж не для таго, каб, выбачайце, пабачыцца з вамi? Ды я не хачу тут займацца справаю Рамана Корзюка. Я выклiкаў вас ня ў сувязi з iм, цi можа меней за ўсё ў сувязi з iм.

– Мне крыўдна ўсё-ж... Раман не хацеў iсьцi ў Польшчу. Ён пайшоў быў туды ня хочучы... Абкруцiў яго Кандраценя, "дзядзька" ягоны. Якi ён дзядзька яму? Раман - ахвяра, але ён ня ведае гэтага, - у Камоцкай нечакана для сьледчага заблiшчэлi на вейках сьлёзы. У яе варухнулася жаласьць, страсянула ўсiм яе целам, яна зайшлася сьлязьмi, гатовая заплакаць наўзрыд. Камоцкая не магла супакоiцца, вусны ў яе сударгава дрыжэлi i толькi праз нейкi момант, выцершы даланёю сьлёзы, яна саўладала з сабою...

Поделиться с друзьями: