ЖАНРЫ

Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:

– Я дзейнiчаў паводля загаду з Менску.

– Значыць, пацьвярджаеце? Больш ад вас нам нiчога ня трэба.

Калегiя пакiнула салю суду для нарады. Падсудным прынесьлi турэмны паёк. Корзюк i начзаставы да пайка не дакранулiся. Раман з нейкай агiдай глядзеў, як елi паёк Кандраценя i Шаркевiч.

– Суд идет! Встать!
– зноў гукнуў, як i на пачатку, старшыня Калегii. Слухайце прыгавор Спэцыяльнай калегii Вярхоўнага суду БССР у справе забойства першага сакратара Заслаўскага райкому партыi Ленскага. Вiна забойцы Савосты Корзюка поўнасьцяй даказана ўсiмi матэрыяламi сьледства i паказаньнямi сьведкаў. Наш прыгавор кароткi. Зачытваю:

Именем Белорусской советской социалистической республики гражданин Савоста Игнатович Корзюк приговорен Специальной Коллегией Верховного суда БССР к высшей мере социальной защиты - расстрелу. Приговор окончателен и обжалованию не подлежит.

Судзьдзi пакiнулi салю суду.

Рамана Корзюка забраў канвой. Уначы ён быў дастаўлены цягнiком у Менск i пасаджаны ў камэру, дзе сярод iншых, сядзеў i былы мiнiстр замежных спраў ураду Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР) Аляксандр Цьвiкевiч.

32

Начальнiк беларускага НКВД Бэрман з скуры лез, каб хутчэй скончыць з падрыхтоўкай нацдэмаў да адкрытага суду над iмi. I ня так суду, як працэсу, суд звычайны яго не задавальняў, ён хацеў больш громкага рэзанансу - менавiта працэсу, можна сказаць, грамадзскага суду над iмi, што закончыўся-б гнеўным i агульным асуджэньнем iх, як ворагаў народу. Добра зладжаны нацдэмаўскi працэс рэабiлiтаваў-бы яго, Бэрмана, а разам з iм i ўсё беларускае НКВД у вачох самога Сталiна, якi ўсё яшчэ заставаўся незадаволеным работай унутраных органаў рэспублiкi.

Бэрман выклiкаў Цiмошку да сябе, каб канчальна высьветлiць з iм справу i вызначыць цьвёрдую дату нацдэмаўскага працэсу. Але Бэрман зноў наткнуўся на непадатлiвасьць Цiмошкi, на ягоную прынцыповую нязгоду адчыняць адкрыты працэс нацдэмаў. Цiмошка ня верыў, што ён удасца, ён хутчэй лiчыўся з правалам яго, пры тым на вачох грамадзскасьцi. Такога блямажу Сталiн нiкому не даруе зьляцiць не адна галава. Цiмошка таксама дапушчаў, што ягоныя мадэлi, апынуўшыся на людзскiх вачох, адчуўшы сябе як-бы на свабодзе, пачнуць адмаўляцца ад сваiх паказаньняў на допытах. Больш таго, у вадзiн голас закрычаць, што iх бiлi i катавалi i што каб збавiцца ад пакутаў, яны падпiсвалiся пад хлусьнёю, выдуманай сьледчымi. Апрача таго, на думку Цiмошкi, сярод арыштаваных нацдэмаў няма дастаткова папулярных, громкiх iмёнаў, якiя-б маглi прыкаваць да iх увагу грамадзкасьцi, выклiкаць у яе - няважна што: абурэньне да здраднiкаў цi сымпатыю i спачуваньне да iх.

– Ну, а хiба iмя Жылуновiча - Гартнага замала для гэтага?
– пярэчыў Бэрман Цiмошку.
– Як нiяк, Жылуновiч-жа першы былы галава беларускага ўраду, грамадскi дзеяч, вядомы пiсьменьнiк, нарэшце чалавек, якi меў гонар гутарыць, сустракацца з Сталiным. Адным словам, досыць вядомая асоба, каб быць вядучым на працэсе нацдэмаў.

– Але ўсё-ткi замалая для такой ролi, - стаяў на сваiм Цiмошка.

– А каго-б вы лiчылi больш адпаведнай асобай для такой ролi?

– Янку Купалу толькi. Але яго нельга чапаць: гэта ўжо, з другога боку, занадта вялiкае iмя для нашага экспэрымэнту. Тут мы страцiлi-б - грамадзкасьць была-б не на нашым баку, а потым - гэта i палiтычна было-б няправiльна, заганна: у Беларусi была-б падкошанай уся нашая нацыянальная палiтыка, казыраць нам было-б нечым. Разумееце? Сам Сталiн не дараваў-бы нам такой палiтычнай недасьпеласьцi. Карацей - я супраць адкрытага працэсу.

– Устрымаюся пакуль. А як наконт Зарэцкага i Дудара?

– Постацi недастатковыя, - кампэтэнтна адказаў Цiмошка.

– Тады застаецца ўсё-ж Жылуновiч - Цiшка Гартны.

– Я ўжо выказаў сваю думку адносна яго.

– Якi-ж выхад?.. Я баюся - вы ня хочаце супрацоўнiчаць са мною. Вы сабатуеце справу нацдэмаў - найбольш актуальную цяпер у нас. За правал нацдэмаўскага працэсу адказваць будзеце вы. У мяне складваецца ўражаньне - вы знарок тармозiце справу нацдэмаў. Вы што - на iхным баку? Урэшце, вы чэкiст цi не?
– разгневаны, узьняўся з-за стала Бэрман.

– Я - чэкiст. I не раўня вам, - адрэзаў Цiмошка.

– Пабачым...
– Бэрман нацiснуў кнопку.
– Вы свабодны. Можаце iсьцi.

Цiмошка, падазрона зiрнуўшы на Бэрмана, выйшаў.

Бэрман шукаў нейкага iншага выйсьця. Якога - ён сам сабе яшчэ добра не ўяўляў. Купалу браць на працэс (ён тут пагаджаўся з Цiмошкам) сапраўды не аплацiцца. Купала мае iмя, але характарам сваiм ён для працэсу, трэба пагадзiцца, не падыходзiць: нейкi сарамяжы, асьцярожны, палiтычна неразвiты. Склалася-б уражаньне, што ён - пакутнiк, якi ня ведае, за што яго судзяць. Быў-жа ён тут у нас. Усё, што мы пабачылi ў iм - гэта ягоную рашчуленасьць, псыхiчную няўстойлiвасьць, што можа прывесьцi - у часе ягонай большай пачуцьцёвасьцi - да нейкага непажаданага кроку - да самагубства. Нашто нам такая ахвяра?

Бэрману прыйшоў на думку калектыўны аўтарытэт: Гартны-Чарот-Зарэцкi. Ён паклiкаў да сябе сьледчага Пушкiна.

– Як Жылуновiч?

– Хворы.

– Што з iм?

– Баюся - прызнакi вар'яцтва.

– Сымулюе, мабыць?

– Ня думаю.

– Што-ж тады? З чым мы можам пачаць працэс? Далей нельга адкладваць. У Маскве чакаюць громкага нацдэмаўскага працэсу. Мы павiнны вызначыць канкрэтную дату працэсу. Хто на вашую думку (Бэрман больш не разьлiчваў на Цiмошку) з усiх арыштаваных падыходзiў-бы найбольш для галоўнай ролi на працэсе - Гартны, Чарот, Зарэцкi?

– Нiводзiн з iх. Яны мала вядомыя палiтычна. Нам патрэбны для галоўнай ролi не пiсьменьнiкi, а палiтык. Пiсьменьнiкi - у дадатак. I я бачу такога палiтыка, - усьцешаны сваёю думкай, усьмiхаючыся, ласкава пазiраючы ў вочы Бэрману, нiбы iнтрыгуючы яго, - спакушаў Пушкiн Бэрмана.

– Хто ён, гэты палiтык?

– Чарвякоў, Аляксандр Рыгоравiч.

– Як гэта ня прыйшло мне ў голаў раней - надзвычайная, адзiна правiльная, адзiна магчымая iдэя, - радаваўся Бэрман.
– Сапраўды - маеце слушнасьць Чарвякоў постаць дастатковая, калярытная - у мiнулым эсэр, цяпер старшыня Цэнтральнага Выканаўчага камiтэту Беларусi, прэзыдэнт, можна сказаць.

Да таго-ж - не забывайма - Чарвякоў - душа нацдэмаў, - ушчаў Пушкiн. Чарвякоў пад iхным уплывам, у згодзе з iмi, праводзiць iхную нацыяналiстычную палiтыку, варожую рабочаму класу.

– Вы ня ўзялi-б на сябе абавязак скампанаваць сцэнарый працэсу, паводля якога мусiў-бы праходзiць працэс? Я ўпаўнаважваю, загадваю вам гэта зрабiць як найхутчэй. У трохдзённы тэрмiн. У гэтую пятнiцу пакладзеце гэты сцэнарый мне на стол. Цiмошка, не захаваю ад вас, адхiлены i будзе пакараны за зрыў кампанii. Згода?

– Я зраблю ўсё магчымае, - запэўнiў Пушкiн Бэрмана.

Пушкiн быў рады свайму новаму абавязку, а найболей магчымасьцi насалiць Цiмошку, якога ён ненавiдзеў у душы, усяк маскуючы сваю няпрыхiльнасьць да яго. Пушкiн выстаўляў сябе сябрам Цiмошкi i быў з iм на ты. У Пушкiна быў свой плян: заняць у Бэрмана месца Цiмошкi, як стратэга ў нацдэмаўскай справе.

Бэрмана трывожыла толькi адно: цi апрабуе Масква, у прыватнасьцi Калiнiн, ордэр на арышт Чарвякова - усё-ж гэта фiгура ўсесаюзнага значэньня. Але сама iдэя ўзначаленьня нацдэмаўскага працэсу Чарвяковым падабалася Бэрману, i ён загадаў сваiм падначаленым узьняць, схаваныя дасюль матэрыялы аб дзейнасьцi Чарвякова з тым, каб яны былi гатовыя да партыйнай чысткi, якую Чарвякоў, як i ўсе члены партыi, мусiць неўзабаве прайсьцi.

Поделиться с друзьями: