Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рэвізор

Гогаль Мікалай

Шрифт:

Голас Бобчынскага. Вой! Пётра Іванавічу, Пётра Іванавічу, нагу адціснулі!

Голас Землянікі. Пусьцеце, пусьцеце, пусьцеце хоць із душою — зусім прыцісьлі.

Вымыкаюцца колькі воклічаў: «ай! вой!» Нарэшце, усе выбіраюцца, й пакой застаецца пусты.

Зьява ІІ

Хлестакоў адзін, выходзіць із заспанымі вачамі.

Хлестакоў. Я, здаецца, нішто сабе храпануў. Адкуль яны набралі такіх пехцяроў і пярынаў? аж учаўрэў. Здаецца, яны ўчора мне падсунулі чагосьці на сьнеданьні: у галаве дасюль стукаціць. Тутака, я бачу, можна з прыемнасьцяй праганяць час. Я люблю ветласьць, і мне, прызнаюся, больш падабаецца, калі мне дагаджаюць ад шчырага сэрца, а ня тое, каб дзеля інтарэсу… А дачка гараднічага вельмі нішто сабе, дый матуля такая, што йшчэ можна-б… Не, я ня ведаю, а мне, праўда-ж, падабаецца такое жыцьцё.

Зьява ІІІ

Хлестакоў і судзьдзя [13] .

Судзьдзя (уваходзячы й спыняючыся, сам сабе). Божа, Божа! вынясі шчасьліва; гэтак во каленцы й ломіць. (Уголас, выцягнуўшыся й прытрымваючы рукою шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: судзьдзя тутэйшага акруговага суда, калескі асэсар Ляпкін-Цяпкін.

Хлестакоў. Прашу сядаць. Дык самі тутака за судзьдзю?

13

У арыгінале тут і паўсюль далей да канца гэтай з’явы замест «Судья» — «Аммос Фёдорович».

Судзьдзя. Ад 816-га быў абраны на трохгодьдзе з волі дваранства й спраўляю службу да сяе пары.

Хлестакоў. А выгода, аднак-жа, быць за судзьдзю?

Судзьдзя. За тры трохгодзьдзі прадстаўлены да Валадзімера 4-е ступені з ухваленьня з боку начальства. (Набок). А грошы ў кулаку, а кулак-жаж увесь у вагні.

Хлестакоў. А мне падабаецца Валадзімер. Вось Ганна 3-е ступені ўжо ня гэтак.

Судзьдзя (высоўваючы пакрысе наперад сьціснуты кулак. Набок). Божухна-Бацюхна, ня ведаю, дзе сяджу. Быццам гарачае вугальле пад табою.

Хлестакоў. Што гэта ў саміх у руцэ?

Судзьдзя (зьбянтэжыўшыся й губляючы на падлогу асыгнацыі). Нічагуткі.

Хлестакоў. Як нічога? Я бачу, грошы выпалі.

Судзьдзя (калоцячыся ўсім целам). Аніяк не-а! (Набок). О, Божа! вось ужо я й пад судом! і карэта пад’ехала хапіць мяне!

Хлестакоў (падымаючы). Але-ж, гэта грошы.

Судзьдзя (набок). Ну, пэўнюсенька загінуў! Загінуў!

Хлестакоў. А ведаеце, пазычце іх мне!

Судзьдзя (пасьпешна). Як-жаж, як-жаж… зь вялікай прыемнасьцяй! (Набок). Ну, сьмялей, сьмялей! вывозь, Прачыстая Маці!

Хлестакоў. Я, ведаеце, у дарозе пратраціўся: тое ды сёе… Зрэшты, я самім із двара зараз-жа іх адашлю.

Судзьдзя. Дайце сьвет, як можна! і без таго гэта такі гонар… Пэўна-ж, слабымі маймі сіламі, шчырасьцяй і стараннасьцяй да начальства… пастараюся заслужыцца… (прыўздымаецца з крэсла, выцягнуўшыся й рукі па швох). Ня важуся больш турбаваць сваім тут быцьцём. Ці ня будзе ніякага загаду?

Хлестакоў. Якога загаду?

Судзьдзя. Я разумею, ці не дасьцё якога загаду тутэйшаму паветаваму суду?

Хлестакоў. Навошта-ж? Мне-ж няма цяпер да яго ніякае патрэбы. Не, нічога, шчыра дзякую [14] .

Судзьдзя (раскланьваючыся й выходзячы, набок). Ну, горад наш!

Хлестакоў (па ягоным выхадзе). Судзьдзя — слаўны чалавек!

14

Гэтай апошняй фразы ў арыгінале няма.

Зьява IV

Хлестакоў і паштмайстар (уваходзіць выцягнуўшыся, у мундзеры, прытрымліваючы шпагу).

Паштмайстар. Маю гонар рэкамэндавацца: паштмайстар, надворны раднік Шпёкін!

Хлестакоў. А, прашу ласкі. Я вельмі люблю прыемнае таварыства. Сядайце. Гэта-ж самі тутака заўсёды жывяцё?

Паштмайстар. Чыста так.

Хлестакоў. А мне падабаецца тутэйшы гарадок. Пэўна-ж, ня так модна — ну, што-ж? Гэта-ж не сталіца. Ці-ж ня праўда, гэта-ж не сталіца?

Паштмайстар. Чыстая праўда.

Хлестакоў. Гэта-ж толькі ў сталіцы бон-тон, і няма правінцыяльных гусей. Як саміх погляд, ці-ж ня так?

Паштмайстар. Так чыста! (Набок). А ён, аднак-жа, ані не ганарысты: пра ўсё распытваецца.

Хлестакоў. А гэта-ж, аднак, прызнайцеся, гэта-ж і ў маленькім гарадку можна пражыць шчасьліва?

Паштмайстар. Чыста так.

Хлестакоў. На мой погляд, чаго трэба? Трэба толькі, каб цябе паважалі, любілі шчыра, — ці-ж ня праўда?

Паштмайстар. Чыста справядліва.

Хлестакоў. Я, прызнаюся, рады, што самі аднаго погляду са мною. Мяне, пэўна-ж, назавуць дзіўным, ды ўжо ў мяне гэткі характар. (Пазіраючы ў вочы яму, кажа сам сабе). А ну, папрашу-ткі я ў гэтага паштмайстра пазычыць. (Уголас). Які дзіўны са мною выпадак: у дарозе чыста пратраціўся. Ці ня можаце самі пазычыць мне трыста рублёў?

Паштмайстар. Чаму-ж, чаму? За найвялікшае шчасьце. Восьдзе, будзьце ласкавы. Ад сэрца гатовы служыць.

Хлестакоў. Вельмі ўдзячны! А я, прызнаюся, сьмерць як ня люблю адмаўляць сабе ў дарозе, дый навошта? Ці-ж ня так?

Паштмайстар. Так чыста. (Устае, выцягваецца й прытрымлівае шпагу). Ня важуся больш турбаваць сваім тут быцьцём… Ці ня будзець якое заўвагі ў галіне паштовага кіраўніцтва?

Хлестакоў. Не, нічога!

Паштмайстар раскланьваецца й выходзіць.

Хлестакоў (адзін, раскурваючы цыгару). Паштмайстар, мне здаецца, таксама вельмі слаўны чалавек. Прынамся, прыслужлівы; люблю гэткіх людзей.

Зьява V

Хлестакоў і Лукаш Лукашовіч, які мала не выпіхаецца зь дзьвярэй. Адзаду ў яго чуваць мала ня ўголас: «Чаго баішся?»

Лукаш Лукашовіч (выцягваючыся не бяз дрыготкі й прытрымваючы шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: інспэктар школаў, тытулярны раднік Хлопаў!

Хлестакоў. А, прашу ласкі! Сядайце, сядайце! Ці ня хочаце цыгарачку? (Падаець яму цыгару).

Поделиться с друзьями: