Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рэвізор

Гогаль Мікалай

Шрифт:

Унтэр-афіцэрыха. Унтэр-афіцэрская жонка Іванова.

Сьлесарыха. Сьлесарыха, тутэйшая мяшчанка, Хаўроньня Пётрава Пашлёпкіна, бацюхна мой.

Хлестакоў. Чакай, гавары перш адна, чаго табе трэба?

Сьлесарыха. Ласкі прашу, на гараднічага чалом б’ю! Нашлі на яго, Божа, усялякае зло, каб ні дзеткам ягоным, ні яму, зладзюгу, ні дзядзьком, ні цёткам ягоным ні ў чым аніякага прыбытку ня было!

Хлестакоў. А што?

Сьлесарыха. Дык-жа вось мужыку майму загадаў загаліць лоб у маскалі, і радоўка-ж на нас не прыпадала, зладзюга гэткі! ды й з закону нельга — ён жанаты.

Хлестакоў. Як-жа ён мог гэта зрабіць?!

Сьлесарыха. Зрабіў, зладзюга, зрабіў — пабі яго, Божа, і на тым, і на гэтым сьвеце! каб яму, калі й цётка ёсьць, дык і цётцы усялякае паскудзтва, і бацька калі жыве ў яго, дык каб і ён, гіцаль, спруцянеў ці падавіўся навекі, рыштанюга гэткі! Трэ было ўзяць краўцова сына, ён-жа й п’янчужка быў, ды бацькі багаты падарунак далі, дык ён і прысукаў да сына купчыхі Панцялейвае, а Панцялейва таксама падаслала жонцы палатна тры трубкі, дык ён да мяне. «Навошта, — кажа, — табе мужык — ён ужо табе не надаецца». Дык-жа я гэта ведаю — надаецца ці не надаецца: гэта мая рэч, зладзюга гэткі. «Ён, — кажа, — злодзей, хоць ён цяперачы і ня ўкраў, ды ўсёдна, — кажа, — ён украдзе, яго й бяз гэтага налета возьмуць у некруты». Дык-жа мне якаво бяз мужыка, рыштанюга гэткі! Я слабы чалавек, падлюга ты гэнкі! Каб усёй радні тваёй не давялося сьвету Божага аглядаць, а калі ёсьцека цешча, дык каб і цешчы…

Хлестакоў. Добра, добра! Ну, а ты? (Выпраўляе старую).

Сьлесарыха (выходзячы). Не забудзься, бацюхна мой! будзь ласкавы!

Унтэр-афіцэрыха. На гараднічага, бацюхна, прыйшла…

Хлестакоў. Ну ды што, чаго? Кажы ў кароткіх словах.

Унтэр-афіцэрыха. Адлупіў, бацюхна!

Хлестакоў. Як?

Унтэр-афіцэрыха. З памылкі, бацюхна мой. Дык-жа бабы нашыя шчапіліся на рынку, а паліцыя не дасьпела, дый хапанулі мяне, ды гэтак адляпартавалі: два дні сесьці не магла.

Хлестакоў. Дык што-ж цяперака рабіць?

Унтэр-афіцэрыха. Дык-жа рабіць, пэўна, няма чаго. А за памылку за гэтую загадай яму заплаціць штрах. Мне ад свайго шчасьця нямаш чаго адракацца, а грошы мне цяперачка вельмі здаліся-б.

Хлестакоў. Добра, добра! ідзеце, ідзеце, я загадаю.

Праз вокны высоўваюцца рукі з просьбамі.

Хлестакоў. Ды хто там яшчэ? (Падыходзіць да вакна). Ня хочу, ня хочу! Ня трэба, ня трэба! (Адыходзячы). Абрыдалі, ліха матары! Ня пушчай, Восіп!

Восіп (крычыць праз вакно). Пайшліце, пайшліце, ня час, заўтра прыходзьце!

Дзьверы адчыняюцца, і выстаўляецца нейкая постаць у фрызавым шынялі зь няголенай барадою, разьдзьмутаю губою й перавязанаю шчакою; за ёй у пэрспэктыве паказваецца колькі іншых.

Восіп. Пайшоў, пайшоў! Чаго прэшся! (Упіраецца першаму рукамі ў чэрава й выпіраецца разам зь ім у сходню, захлыснуўшы за сабой дзьверы).

Зьява XII

Хлестакоў і Мар'я Антонаўна.

Мар’я Антонаўна. Ах!

Хлестакоў. Чаго самі гэтак спалохаліся, спадарыня?

Мар’я Антонаўна. Не, я не спалохалася.

Хлестакоў (рысуецца). Дайце рады, сударыня, мне вельмі прыемна, што самі мяне ўзялі за такога чалавека, які… А ці адважуся спытацца ў саміх: куды самі наважылі былі йсьці?

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, я нікуды ня йшла.

Хлестакоў. Чаму-ж, прыкладам, самі нікуды ня йшлі?

Мар’я Антонаўна. Я думала, ці ня тут мамуленька…

Хлестакоў. Не, мне хацелася-б ведаць, чаму самі нікуды ня йшлі?

Мар’я Антонаўна. Я самім перашкодзіла. Самі займаліся важнымі справамі.

Хлестакоў (рысуецца). А ў саміх вочы лепшыя, чымся важныя справы… Самі аніяк ня можаце мне перашкодзіць, аніякім парадкам ня можаце: наадварот таго, самі можаце прынесьці прыемнасьць.

Мар’я Антонаўна. Самі гаворыце па-сталічнаму.

Хлестакоў. Для такое прыгожай асобы, як самі! Ці адважуся быць такім шчасьлівым, каб запрапанаваць самім крэсла? Але не, самім належыць ня крэсла, а трон.

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, я ня ведаю… мне так трэ было йсьці. (Села).

Хлестакоў. Які ў саміх прыгожанькі шалік.

Мар’я Антонаўна. Самі насьмешнікі, абы толькі пасьмяяцца каля правінцыяльных.

Хлестакоў. Як-бы я жадаў, спадарыня, быць саміх шалікам, каб аблягаць саміх лілёвую шыйку.

Мар’я Антонаўна. Я зусім не разумею, правошта самі кажаце; нейкі шалік… Сяньня якое дзіўное надвор’е.

Хлестакоў. А ў саміх губкі, спадарыня, лепшыя за ўсялякае надвор'е.

Мар’я Антонаўна. Самі ўсё гэнкае кажаце… Я-б у саміх папрасіла, каб самі мне напісалі лепш на ўспамін які вершык у альбом. Самі, пэўна, шмат іх ведаеце.

Хлестакоў. Для саміх, спадарыня, усё, што хочаце. Патрабуйце, які самім верш?

Мар’я Антонаўна. Які-небудзь, гэнкі — харошы, новы.

Хлестакоў. Ды што верш! Я багата іх ведаю.

Мар’я Антонаўна. Ну, скажэце-ж, які-ж самі мне напішаце?

Хлестакоў. Ды навошта-ж казаць! Я й бяз гэтага іх ведаю.

Мар’я Антонаўна. Я вельмі люблю вершы.

Хлестакоў. Ды ў мяне шмат іх усякіх. Ну, бадай, я самім хоць гэта. «О ты, што ў горы надарэмна клянеш на Бога, чалавек»… ну й іншае… цяперака не магу прыпамятаць, зрэшты, гэта ўсё дарма. Я самім лепш, заміж гэтага, прадстаўлю маё каханьне, якое ад саміх позірку… (Прысоўваючы крэсла).

Мар’я Антонаўна. Каханьне? Я не разумею каханьня… Я ніколі й ня ведала, што за каханьне… (Адсоўвае крэсла).

Хлестакоў [16] . Чаго ж самі адсоўваеце крэсла? Нам лепш будзе сядзець блізка адно да аднаго.

Мар’я Антонаўна (адсоўваючыся). Навошта-ж блізка? усёдна й далёка.

Хлестакоў (прысоўваючыся). Чаму-ж далёка? усёдна й блізка.

16

Далей у арыгінале «(придвигая стул)» — рэмарка не перакладзеная.

Поделиться с друзьями: