Рэвізор
Шрифт:
Мар’я Антонаўна (адсоўваецца). Ды навошта-ж гэта?
Хлестакоў (прысоўваючыся). Ды гэта-ж самім здаецца толькі, што блізка, а самі ўявеце сабе, што далёка. Які-б я быў шчасьлівы, спадарыня, каб мог прытуліць саміх у свае абдымкі.
Мар’я Антонаўна (глядзіць у вакно). Што гэта, так як быццам-бы паляцела? Сарока ці іншая якая птушка?
Хлестакоў (цалуець яе ў плячо й глядзіць у вакно). Гэта сарока.
Мар’я Антонаўна (устае ў вабурэньні). Не, гэта ўжо занадта… Нахабства такое!..
Хлестакоў (утрымваючы яе). Даруйце, спадарыня: я гэта зрабіў ад каханьня, чыста ад каханьня.
Мар’я Антонаўна. Самі ўважаеце мяне за гэткую правінцыялку… (Намагаецца йсьці).
Хлестакоў (усё ўтрымваючы яе). Ад каханьня, праўда-ж, ад каханьня. Я так толькі, пажартаваў, Мар’я Антонаўна, ня злуйце! Я гатовы на каленах прасіць у саміх дараваньня. (Падае на калены). Даруйце-ж, даруйце! Самі бачыце, я на каленах.
Зьява XIII
Ганна Андрэеўна (пабачыўшы Хлестакова на каленах). Ах, які пасаж!
Хлестакоў (устаючы). Ах, ліхенька!
Ганна Андрэеўна (дачцы). Гэта што значыць, спадарыня, гэта што за абыходкі такія?
Мар’я Антонаўна. Я, мамуленька…
Ганна Андрэеўна. Пайшла прэч адсюль! чуеш, прэчкі, прэч! і ня важся паказвацца на вочы.
Ганна Андрэеўна. Прабачце, я, прызнаюся, прыведзеная ў такое зьдзіўленьне…
Хлестакоў (набок). А яна таксама апэтытная, вельмі нішто сабе. (Кідаецца на калены). Спадарыня, самі бачыце, я чэзну ад каханьня.
Ганна Андрэеўна. Як, самі на каленах? Ах, устаньце, устаньце! Тутака падлога зусім ня чыстая.
Хлестакоў. Не, на каленах, найначай на каленах, я хачу ведаць, што такое мне суджана, жыцьцё ці сьмерць.
Ганна Андрэеўна. Ды дазвольце, я йшчэ не разумею зусім значаньня словаў. Калі ня мыляюся, самі робіце дэклярацыю што да мае дачкі.
Хлестакоў. Не, я закахаўшыся ў саміх. Жыцьцё маё на валасінцы. Калі самі не ўкарануеце сталае каханьне маё, дык я ня годны земнага быту. З полымем у грудзёх прашу рукі саміх.
Ганна Андрэеўна. Але дазвольце зазначыць; я ў некаторым родзе… я ў замужы!
Хлестакоў. Гэта дарма! Для каханьня няма розьніцы; і Карамзін сказаў: «Законы засуджаюць». Мы пададзёмся пад засень струмянёў… Рукі саміх, рукі прашу.
Мар’я Антонаўна. Мамуленька, татуля сказалі, каб самі… (Пабачыўшы Хлестакова на каленах, скрыквае). Ах, які пасаж!
Ганна Андрэеўна. Ну, што ты? да чаго? навошта? Што за пуставейства такое! Раптам убегла, як кошка ўчадзеўшы. Ну, што ты знайшла такога дзіву годнага? Ну, што табе ўзманулася? Праўда-ж, як дзіцянё якое трохгоднае. Не падобна, не падобна, ані не падобна, каб ёй было васямнаццаць год. Я ня ведаю, калі ты будзеш разважнейшая, будзеш захоўвацца, як прыстойна добра ўзгадаванай дзеўчыне; калі ты будзеш ведаць, што такое добрыя правілы й саліднасьць у вабыходках!
Мар’я Антонаўна. Я, праўда-ж, мамулечка, ня ведала…
Ганна Андрэеўна. У цябе вечна нейкі падвей гуляе ў галаве; ты бярэш прыклад із дачок Ляпкіна-Цяпкіна. Што табе глядзець на іх! Ня трэба табе глядзець на іх. Табе ёсьць прыклады іншыя — перад табою маці твая. Вось якія прыклады ты павінна пераймаць.
Хлестакоў (хапае за руку дачку). Ганна Андрэеўна, не спраціўцеся нашай шчаснасьці, багаславіце сталае каханьне!
Ганна Андрэеўна (ізь зьдзіўленьнем). Дык самі ў ёй?
Хлестакоў. Пастанаўляйце — жыцьцё ці сьмерць?
Ганна Андрэеўна. Ну вось бачыш, дурніла, ну вось бачыш: дзеля цябе, гэткае дрэні, госьць меў ласку стаяць на каленах; а ты раптам убегла, як вар’ятка. Ну вось, праўда-ж, варта, каб я знарок адмовіла: ты нягодная гэткага шчасьця.
Мар’я Антонаўна. Ня буду, мамуленька, праўда-ж, наўперад ня буду.
Зьява XV
Гараднічы. Ня буду, ваша дастойнасьць! не загубеце! не загубеце.
Хлестакоў. Што із самімі?
Гараднічы. Там купцы жаліліся вашай дастойнасьці. Гонарам прысягаюся, і на палавіцу няма таго, што яны кажуць. Яны самыя ашукваюць і абмерваюць народ. Унтэр-афіцэрыха наманілі самім, быццам-бы я яе адлупцаваў; яна хлусіць, дальбог, хлусіць. Яна сама сябе адлупцавала.
Хлестакоў. А праваліся скрозьдоньня унтэр-афіцэрыха — мне не да яе!
Гараднічы. Не давайце веры, не давайце веры! Гэта такія хлусы… Ім вось гэткае дзіця ня дасьць веры. Яны ўжо й па цэлым горадзе знаныя за хлусоў. А што да зладзюжніцтва, адважуся далажыць: гэта такія зладзюгі, якіх сьвет не спараджаў.
Ганна Андрэеўна. А ці ведаеш ты, якім гонарам абдорвае нас Іван Аляксандравіч? Ён просіць рукі нашае дачкі.
Гараднічы. Куды! куды! з глузду зьехала, матухна! Майце ласку ня гневацца, ваша дастойнасьць, яна крыху з прыдуркам, гэткасамая была й маці ейная.
Хлестакоў. Але, я запраўды прашу рукі. Я закахаўшыся.
Гараднічы. Не магу даць веры, ваша дастойнасьць.
Ганна Андрэеўна. Ды калі кажуць табе?
Хлестакоў. Я ня жартам самім кажу… Я магу ад каханьня дацца з розуму
Гараднічы. Ня важуся даць веры, ня годны такога гонару.
Хлестакоў. Але, калі самі ня згодзіцеся аддаць рукі Мар’і Антонаўны, дык я, ліха ведае, што гатовы!