ЖАНРЫ

Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:

"Ён хоча прычапiць мне вуха, - Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьцi не пачаставаўшы старшыню папяросай.
– А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлiчыў, шэфiк, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, iдэальна падыходжу яму ў якасьцi крынiцы канфiдэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. I шантажык на мяне ў выглядзе iнспэктара ёсьць, быццам у палiцыйным кiнафiльме... Не спадзяваўся я па iм таго. Не!"

– Збор плётак ды чутак уваходзiць у дзялянку маiх службовых абавязкаў, таварыш старшыня?
– Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбiць удар зьнянацку: "Абразiцца - i канцы ў воду!"

– Адкажу вам па-салдацку, - загаварыў ён зьмененым голасам.
– Абавязак радавога - ахоўваць свайго каманьдзiра ў бiтве.

– Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у армii. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукi тоўстыя кнiжкi мудрацоў, зь якiх, мiж iншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна - перамагае або стаецца пераможаным. I нiхто нiкому ня ў сiлах дапамагчы, бо дапамаганьне нiшто iншае, як захоп, прынамсi, часткi таго кагосьцi...

– Так, так... Позна ўжо. Пайшлi дамоў, пане Сумленевiч.

Разыйшлiся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скiнуўшы шапкi для кароткага паклону.

– Да пабачэньня, э...

– Да пабачэньня.

"Што сказала-б на ўсё гэта Кiра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па-свойму дацанiў мяне? Кiра, мая Кiрыца-палахлiлiвiца, адсекла-б: ён цябе баiцца! З боязi прапануюць сакрэтнае супрацоўнiцтва, каб... каб абясшкодзiць, во! Або... ну, што?" - Сьцяпан шчыльней захiнуўся плашчом.

13

Сьцяпана паслалi ў Бельск кантраляваць аддзел. На два днi. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але ранiцай накiравалi яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купiць бiлет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулi грошы - i Сумленевiч, пазяхаючы ад разгубленасьцi, пабег на стаянку таксi, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал - блiжэйшы цягнiк у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвiлiнаў - i ён пайшоў пешшу.

На алеi Першамая Сьцяпану пераступiў дарогу незнаёмец, якому - не адразу ўспомнiў сабе гэта - дапамагаў адкрыць рамесны варштат.

– Добры дзень, пане Сумленевiч!
– быў гэта малы бедны мужчына.
– Я й не падзякаваў вам за помач. Вы - добры чалавек. Кажу сваёй жонцы, што на сьвеце...

– Як вам працуецца?
– Сьцяпан: "Ну, канец: не пасьпею я на цягнiк!"

– Дзякую, можна жыць, - у яго, здаецца, былi штучныя зубы.
– Тады я, як убачыў вас, дык i падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказалiся вы благiм! Яксьцi вiдаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, iдзе вулiцаю баба. Прыгледзiсься да яе i, будзь я так здароў, не памылiсься: курва яна цi нэрвовая кабета?! Во, во...

– Прабачце, - таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступiў пот.
– Я на цягнiк...

– Мала ўчцiвых, такiх як вы, пане Сумленевiч...

Перабiў яго:

– Зараз учцiвым магчыма пабыць дома.

– Колькi разбою... Ах!
– хацеў ён хуценька выказацца.
– Пра нiшто iншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпiхнуў...

На шчасьце, цягнiк рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калiдоры, выцiраўся хустачкай ды пасьмiхаўся з самога сябе: "Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнiкам ды пунктуальнасьцi - i хопiць табе часу на многае..."

Вагонам кiдала.

Сьцяпану засела ў памяцi гэтая паездка. Не таму, што ён адкрыў у Бельску неахопны балаган i дзiцячую - каб не сказаць злачынную - бесклапотнасьць кiраўнiцтва тамашняга аддзелу.

Прывiталi яго там па-сьвяточнаму. Дырэктар даведваўся пра здароўе Сьцяпана; забываўся ён, стары, i зноўку распытваў... Пiлi чорную каву й ласавалiся шакаладкамi.
– Пры тваiм здароўi ня будзе грэху табе й чарачку сьцябнуць, - бесцырымонна запрапанаваў ён Сумленевiчу.
– Не кажы, што ня можаш, бо не паверу, - i прынёс ён балгарскага рому.
– Выпi, брацец, пагрэйся сабе з дарогi. А я падаб'ю табе каманьдзiроўку на ўсе днi, ды вяртайся ты здаровенькi да сваёй маладой жонкi... Чаго тут будзеш тырчэць стаўбуном?

Гэта ня быў жарт зь яго, дырэктара, боку.

– За выпiўку дзякую вам. Ня буду.

– Ром - гэта выпiўка? Э-э, кпiш ты цi дарогу напытваеш? Ну, давай... налiў ён толькi Сьцяпану, у паўшклянку.
– Я ўжо не магу, братка, адпiў сваё ў маладыя гады. Ох i даваў я па бутэльках! Каб ты тое бачыў...

– Не, - Сьцяпан перажываў, як кажуць, усё разам: злавалi яго бацькоўскi тон дырэктара, нахабства, а найбольш - безуважнасьць.
– Перастаньце, пане дырэктар. Мне час брацца за справу.

– Што? Хочаш нас кантраляваць?

– Для таго я й прыехаў.

– Хто цябе прыслаў?

– Старшыня.

– Эх, ня маеце вы чым займацца, - дырэктар устаў да недачыненых дзьвярэй: - Манька!
– i зноў расьсеўся.
– Манька!
– ён паўтарыў крык: нiхто не паяўляўся.

– Дзякую вам за пачастунак, - Сьцяпан зьняў зь вешалкi цёплае адзеньне, здагадваючыся, што дырэктар уступiў яму ў гэтым, неспадзяваным, сутыкненьнi.

Цераз парог пераступiла жанчына, аб якой можна было падумаць, што яе разбудзiлi.
– Чаго?!
– сказала яна адзiнюткае слова, на нiкога ня гледзячы.

– Завядзi, Маня, гэтага пана...
– дырэктар растлумачыў ёй, да каго.
– Ён зь Беластоку. Ну, давай, - ён чагосьцi шукаў у кiшэнi свайго пiнжака, перахiлiўшы галаву.

Адмiнiстрацыя памяшчалася ў вялiзным пакоi, у якiм, магчыма, некалi быў клюб. Сумленевiчу знайшлося месца за незанятым пiсьмовым сталом, што стаяў у куце, ла акна. ("Ужо другi тыдзень, як хварэе", - паведамiлi яму пра непрысутнага супрацоўнiка.) Працавалi тут, пераважна, жанчыны. Сэкцыяй паслугаў загадваў мужчына высокага росту.
– Вам, хвароба, патрэбна дакумантацыя?
– запытаў ён у Сьцяпана й, не чакаючы адказу, узяўся высоўваць шуфлядкi, запоўненыя паперамi, у якiх, быццам гнiлкi ў сене, то жаўцелi галоўкi цыбулi, то паблiсквалi камлi бутэлек, то чарнелi жмуты абгортак па бутэрбродах.
– Нешта, хвароба, знойдзем вам... Няма, во, дзе паставiць шафу, i трымаем мы пры сабе ўсенькую поскудзь, - корпаўся й корпаўся ён.
– Нядаўна, хвароба, справаздачу рабiў я й, во, усё параскiдалася. Трэба - у папкi, ды дзе iх набрацца?.. Грош iм цана, а не купiць iх, ня вымалiць...

Лёгка падаў сьнег. Пад хлеўчыкам дробны дзядок калоў дровы. Блiзка рагацела вядро, удараючы аб кругi студнi. I заўзята енчылi гусi, заглушваючы гультаяваты брэх. Праз панадворак праехала грузавая машына, нудна равучы, i Сьцяпан апрытомнеў ад зьдзiўленьня тым, што ён ня згледзеў, адкуль яна зьявiлася. Забзычэлi шыбы й на падваконьнiк упаў перасохлы кiт.

Было дрымотна.

– ...панна Лiза, дзе, хвароба, рахункi... Я й туды, я й сюды, во, мала шыю не скруцiўшы...

Дзяўчына, названая Лiзай, кленчыла над штабелiкам зьвязак з дакумантамi, складзеных на падлозе пад сьцяною. Яе закароткая сукенка агольвала кульшы моцных сялянскiх ног; неапэтычна абсоўвалiся зь iх панчохi. Адкiдаючы з вачэй доўгiя валасы, яна працавiта шукала патрэбнае. "Яны ненавiдзяць мяне!
– думаў Сьцяпан. Ён паправiў накiнутае на плечы палiто.
– Я парушаю iм рытм дня, наводжу на iх сумятню ў iмя чортведама чаго! Ярархiю ўгворана бязьдзейнiкам; Сумленевiч атрымоўвае грошы за перашкаджаньне iншым. Ды, наогул, адмiнiстраваньне, занатоўваньне зробленага, ёсьць гульня ў дзёньнiк жыцьця, непрыдатны, бо яно не паўтараецца, не пераходзiць яшчэ раз цераз пройдзенае..."

– А-а-а-га-га-га, маразеча!
– увайшоў той дзядок, скiнуў рукавiцы й запхнуў iх за пасак, якiм падперазаў сабе кажух. Дакрануўся ён рукамi да печкi: весела гарэлi палены.
– Ну, будзе чым палiць. Адкуль людзi й набралi, гэта, у Галадоўскiм лесе такой смалiны?!
– гаварыў ён па-беларуску й, як бы ад таго, кожны рупней узяўся за работу.
– Панi, - сказаў ён да белай бабы, якая гарбела над картатэкай, - якiясьцi чужыя прыяжджалi ўночы на наш склад. "Адмыкай, дзеду, шопу: будзем цымант браць", - казалi яны. А я iм: "Як-жа поначы мяшкi валачыць?" Кажу: "Удзень трэба". А яны мне: "Не п..., стары!" "А паперу вам начальнiк даў?
– пытаю ў iх.
– Я-ж тут стораж!" - "Нашто табе папера, - сказалi яны, - калi ты чытаць ня ўмееш..." (Баба чуйна зiркнула на Сьцяпана.) Я iм ключа ня даў, дык яны зьбiлi замок ламiшчам, набралi таго цыманту, колькi хацелi, ды паперлi зь iм кудысьцi. Нiчога я iм больш не гаварыў, бо зь iмi швагер начальнiка быў, значыць, дырэктара. Швагер шваграм, але падумаў сабе я, скажу вам, каб ведалi, хоць не першыня гэта...

Поделиться с друзьями: