ЖАНРЫ

Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:

– Каштоўнае не паддаецца малатку...

– Уставай, Сьцяпанка, есьцi, - зьявiлася Кiра.
– Атулiся пледам i сядзь. Паабедаеш у пасьцельцы.

– Каб ты ведала, Кiра, як я гiджуся ежаю!

– Перамагайся! Табе трэба мацавацца.

– Калi пагляджу я на цябе, дык робiцца мне лягчэй. Ты - маё лякарства!

– Ах, чым ужо я не была ў цябе: мышкаю, хмурынкай, iскаркай, пчолкай, шчасьцейкам... Аптэкаю - першы раз, - яна падала Сьцяпану грэбень.
– Ну, варушыся, Сьцёпа, прыгладзь свае кудлачы.

Расол з курыцы ды катлетка па-венску былi, несумненна, смачнымi. Каб пракаўтнуць iх, Сцьпан дапамагаў сабе, зазвычай, аналiзам памылак герояў у кнiжках, якiя чытаў у дзяцiнстве... Палкоўнiк наладзiў засаду ля пераходу цераз Патамак. Ён зрабiў-бы лепш, застаючыся ў крэпасьцi. Праўда, Вялiкае Вока меў магчымасьць аблажыць гарнiзон Джона, каб голадам прымусiць яго здацца ў палон; харчоў хапiла-б яму не больш як на тыдзень, ну, на два, калi браць пад увагу конскае мяса. Першае, што павiнен быў зрабiць палкоўнiк, гэта выкапаць у крэпасьцi калодзеж - блiзка галоўнага збудаваньня. З вадою можна доўга пражыць! Далей - карыстаючыся разьмяшчэньнем над затокай Патамаку - была ў Джона магчымасьць арганiзоўваць рыбную лоўлю невадам, узьвесьцi шырокае памосьце, абгароджанае частаколам... Рыба штодзень, безумоўна, надакучае, але, калi-б нарыхтоўваць зь яе ўсялякiя стравы з дадаткам канiны, тады атрымалася-б няблага. Шчупачок, скажам, печаны на ражне, жоўценькi, гм, смакавiты пальчыкi аблiзваць! Або акунькi. Драбязу найлепш смажыць, а вялiкiя рыбiны кiдаць у юшку.

– Еш, Сьцяпан, - заклапочана загаварыла цешча, што ўвiхалася ля плiты. Усё еш.

– Ем...

...Iньдзейцы сушаць конскае мяса: рэжуць яго ў вузэнькiя палосы. Сухое, яно не псуецца. Каб пячы, трэба спачатку памачыць яго?

Вялiкае Вока не стрываў-бы доўга пад крэпасьцю: зямля ля падножжа гораднi аказалася-б усыпанай касьцямi рыбак! Чырванаскурыя ваяўнiкi, босыя, адбягалiся-б прэч пад агнём са стрэльбаў, адпаўзалiся-б, ня могучы ступiць нагою... Ах, адбылася-б разьня... Трупы гнiюць, шыраць заразу. Спатрэбiлiся-б перамовы зь Вялiкiм Вокам, каб дазволiць яму забраць тую трухляцiну, ага. А што было-б, калi-б ён здагадаўся?..

– Катлетка смачненькая, - падселася да Сьцяпана Кiра.
– Чаму ты не ясi? Ну, хоць кавалачак...

– Не падганяй мяне, Кiра. Я зьем, - Сьцяпан: "Калi-б я быў на месцы палкоўнiка Джона..." - Кажу табе, што зьем, значыць - зьем!

– Не надакучвай ты яму, - бессэнсоўна заступiлася за яго цешча.
– Хворы... Слабы...

– Я налью яму гарбаты, - падхапiлася Кiра.
– Моцнай, iндыйскай.

– Хочаш змарнаваць чалавека! Вунь, з павiдлам трэба!
– цешча паставiла слоiк з чорнымi парэчкамi.

Кiра рэзка адказала матцы.

Ёй усё часьцей здаралася спрачацца са старою. "У яе гэта ад гаспадынiнскай ролi, - заключыў аб жонцы Сьцяпан.
– Незайздроснае служэньне мужу нават жыцьцярадасную жанчыну пераўтварае ў мэлянхалiчнае стварэньне. Перакрэсьлiвае яе значнасьць. Яна стаецца неабходным дадаткам да кватэры, мэблi, пасьцелi, мараў... Каханьне, i тое ня можа тут нiчога зьмянiць. Наадварот, зацьмяняючы ўсьведамленьне аб'ектыўнага становiшча, закончваецца яно гвалтоўным выбухам скаргаў на мужа ды жалю да яго. Страсьць - толькi эпiзод жаданьня, iмя якому Мець. (Чорныя парэчкi, чуў Сьцяпан, узмацняюць нэрвы.) Прэм'ера яснасьцi выклiкае шок. Няўжо быў я сьведкам рэпэтыцыi таго ў Кiры?" - Сьцяпан страсануў крышынкi з пледу.

– Дзякую вам. Я лягаю хварэць далей.

– Смакчы глюкардыямiд, - сказала Сьцяпану цешча.
– Гэта ўзмоцнiць тваё сэрца, - яна высыпала на плед некалькi цукерынак прафiляктычнага леку, - вось, дастала ў знаёмай...

Кiра вымывала ў кухнi гаршчок.

– Не пашкодзiла-б дастаць па знаёмстве крыху шчасьця на жыцьцё, - сказаў Сьцяпан. I не адумаўшыся: - Ну, каб хоць дзе-небудзь пазычыць яго!

Кожная зь iх зразумела яго па-свойму.

"Калi сапраўды яно так, што застуда наганяе нэрвозную ўзбуджанасьць, дык мне яшчэ далёка да выздараўленьня, - практыкаваўся Сьцяпан.
– Я-ж, фактычна, у чужой хаце, а пляту такiя глупствы! I нашто мне гэта?! У чымсьцi падобны я да Кiры? У зносiнах са старшынёй? Ён-жа прапанаваў мне своеасаблiвы шлюб! Цi-ж ня так? Будзь маёй, э, сакрэтнай каханкай, мiлы Сумленевiч. Э, не пашкадуеш таго, - перакрыўляў яго Сьцяпан.
– Божа мой, дай мне сiлу памяняць працу! Або нагоду дзеля гэтага. Го-го, лёс паказвае хвiгу... Умееш, Сумленевiч, толькi прасiць, кажа лёс. Прэч, баязьлiвец! Уцякай, бо сабакаў нацкую на цябе. Ну!.."

Пошукi новай працы. Лёгка сказаць сабе, што пакiну багну, у якой засеў па заднiцу, i вылезу на сухое месца. Неяк аднаго разу Сьцяпан выцягваў з кляткi цешчыну курыцу: падчапiў, дурную, рыдлёўкай ды ўдала выкiнуў на бераг. Яна, выратаваная, паляжала на баку, а потым, як бы сама ня верачы ў шчасьлiвую ёй падзею, села й разглядалася. Калi, мокрая й абясьсiлелая, урэшце падыйшла да iншых курэй на падворыку, тыя пачалi дзюбаць яе, бедную, i праганяць. Слабую й гiдкую! Яна хавалася ад iх, пераважна, у лапухох, што буйна расьлi мiж платамi; куры няхутка прынялi яе назад у чараду. Няўдалiца так i хадзiла збоку ад усiх, быццам у кожную хвiлю чакаючы ўдараў...

Зьмянiць працу. Ад чагосьцi трэба пры гэтым адмовiцца. Нешта - тут прайграць. У нечым камусьцi паддацца. Перабегчы з адной дарогi на другую, цераз аблагi або кустоўе, калечачыся й марнуючы адзеньне, са страхам... Зь iмклiвасьцю, якая, апроч адноўленай надзеi, наўрад цi да чаго наблiжае. Як паварот з бурлiвага возера ў затоку, каб зь iншага напрамку дасягнуць намечанае далёкае; мо' ўздоўж чаротаў i парослых лесам страмiзнаў, абаплываючы паўвостраў Высмалы...

Рабi што хочаш, а й так выйдзе на тое, што перайшоў ты на багацейшы заробак, дзеля якога трэба будзе апусьцiць хвост - пераканаесься - вельмi нiзка. Стаўкай будзе - выявiцца гэта табе - магчымасць звычайнага фiзычнага iснаваньня з хiлымi аздобамi накшталт асабiстага гонару або ўласнага, выключна ўласнага, пачуцьця годнасьцi.

"Залiшне я палохаюся?" - Сьцяпан дастаў зь бiблiятэчкi кнiжку, якую забываў прачытаць: "Мiкалай I i яго часы". За акном буркаў голуб, на выгнутай галiне сьлiвы. Адзiнокi, ён прылятаў сюды аднекуль з Садовай? З-за майстэрнi шапнiка, пагорбленага скнары, у якога дачка ўцякла з паручнiкам, як казалi, на чэскую гранiцу...

Голуба Сьцяпан бачыў ня раз; ён у чымсьцi быў яму патрэбны...

Не чыталася Сьцяпану.

I, наогул, замаркоцiўся ён.

У ваглядзе ўжо пяройдзенага ёсьць салiдная адлегласьць, што дазваляе назiраць за прадметам цi зьявай - поўнасьцю. Сьцяпана неспакоiла ўласная нецярплiвасьць у суадносiнах з асобамi, зь якiмi ён сутыкаўся на службе. У некаторай ступенi спалучаў ён гэта са сваiм становiшчам, з тым, што ня меў патрэбы змагацца за тое, што называлася нiштаватымi ўмовамi быту. Не даходзiў да яго непасрэдны сэнс намёкаў старшынi наконт матэрыяльнай карысьцi супражжа зь iм, i мёртвага зацiску, уладнага, у выпадку супрацiўленьня...

Бясстрашша Сумленевiча, незразумелае ў супастаўленьнi зь мiзэрнасьцю прадмету разнагалосься, падказвала залiшне здагадным яго сябром iснаваньне ў iм не дэшыфраванай мэты, дзеля якой уяўляўся ён iм гатовым на ўсё! Прытым застрахаванай, вiдаць, надзейнай зарукай...

"Яшчэ ня позна мне паправiцца?" - Сумленевiч выразьней учуваўся ў характар свайго падыходу да штатных абавязкаў у каапэратыве, з тоенай прыемнасьцю канстатуючы iхную, у немалой меры выгодную, функцыю. Меў ён на тое доказы ў выглядзе падтрымкi яго пачынаньням, якую дэкляравалi якраз супрацоўнiкi ня толькi пазбаўленыя рэальных уплываў, але, што найгоршае ў найгоршым, i волi да барацьбы. Алькаголiкi-пачаткоўцы. Сэнтымэнтальныя. Спадзявалiся пагрэцца каля яго?

Гэта паказвала на наяўнасць памылкi, да таго-ж асноўнай, што, магчыма, меў ён справу з незразуменьнем самога сябе. Са стварэньнем, вiдаць, несур'ёзных праблемаў, якiя зацiкаўлялi яго - мо' й выключна яго?
– перш за ўся настроем i пачуцьцёвай абалонкай, бы ў людзей, сьпiхнутых у бок, што страцiлi здольнасьць цэльна аналiзаваць навакольнае...

У неталерантнасьцi да заганных паводзiнаў блiзкiх яму асобаў, Сумленевiчу не давала супакоенасьцi нешта процiлеглае, падобнае да зьдзiўленьня, аднак безназоўнае. Непараўнальнасьць iмкненьняў з дасьведчанасьцю, неперавараная ўпэўненасьць у тым, што адзiнка падлягае дзеяньню безасабовых утварэньняў, акалiчнасьцям? У Сьцяпана былi веды па гэтаму пытаньню; не хапала яму непаўторнага, свайго, матэрыялу, якi можна ўзяць са сьвету, каб самому ўспрыняць праўду аб iм, няхай i агульнавядомую...

Поделиться с друзьями: